Дзясятая пяцігодка Беларускай ССР
Дзясяты 5-гадовы план развіцця народнай гаспадаркі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі на 1976—1980 гады .
Планы
[правіць | правіць зыходнік]План намячаў павышэнне нацыянальнага даходу, аб’ёму прамысловай прадукцыі, эфектыўнасці і якасці вытворчасці; ставіў задачу выраўноўвання ўзроўняў эканамічнага развіцця асобных рэгіёнаў рэспублікі, паскоранае развіццё малых і сярэдніх гарадоў. У сельскай гаспадарцы прадугледжвалася стварэнне кармавой базы для жывёлагадоўлі.
Вынікі пяцігодкі
[правіць | правіць зыходнік]За гады пяцігодкі ўведзена ў дзеянне 45 буйных прадпрыемстваў, у т.л. Гродзенскі завод сінтэтычнага валакна, 4-ы Салігорскі калійны камбінат, Пінскі завод кавальска-прэсавых аўтаматызаваных ліній. На шэрагу прадпрыемстваў праведзена рэканструкцыі і пашырэнне магутнасцей. У 1980 годзе на долю прамысловасці прыпадала 65% валавога грамадскага прадукту, больш за палову нацыянальнага даходу. Больш хуткімі тэмпамі развіваліся хімічная, нафтахімічная, машынабудаўнічая галіны прамысловасці. Іх удзельная вага ў агульным аб’ёме вытворчасці вырасла з 35% у 1975 годзе да 43% у 1980 годзе. У аграрным сектары ўпор рабіўся на будаўніцтва буйных жывёлагадоўчых комплексаў, рэканструкцыю і расшырэнне існуючых ферм. Да канца пяцігодкі ў рэспубліцы працавалі 32 буйныя малочныя комплексы. Павысілася механізаванасць сельскагаспадарчай працы. У той жа час тэндэнцыі замаруджвання тэмпаў эканамічнага росту, якія пачалі праяўляцца з канца 1960-х гадоў, у 10-й пяцігодцы ўзмацніліся. Так, сярэднегадавьм тэмпы прыросту нацыянальнага даходу за пяцігодку склалі 5,2% супраць 8,3% у 1970—1975 гг., прадукцыі прамысловасці адпаведна 7,2% і 10,4%, валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі 1,5% і 2,6%, уводу ў дзеянне асноўных фондаў 4,1% і 5,7%, рэальных даходаў на душу насельніцтва 3,8% і 4,9% і інш.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Юнцэвіч, А. Пяцігадовыя планы развіцця народнай гаспадаркі БССР // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2001. — 591 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0214-8. — С. 23.
- Гиоргидзе, З. И., Геращенко, Л. Ф. Белоруссия за десять пятилеток / З. И. Гиоргидзе, Л. Ф. Геращенко; Академия наук БССР, Институт экономики. — Минск: Наука и техника, 1982. — 152 с.
- Эканамічная гісторыя Беларусі і замежных краін: Матэрыялы для самастойнай працы: Для студэнтаў і курса дзеннага і завочнага формаў навучання. — Мінск: ВП «Экаперспектыва», 1997. — 118, [2] с.