Дуда Ігната Буйніцкага

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Дуда Ігната Буйніцкага — дуда, падораная Ігнатам Буйніцкім кампазітару Людаміру Міхалу Рагоўскаму.

Пазнака, зробленая Беларускім музеем імя Івана Луцкевіча ў Вільні.

У публікацыі «Нашай Нівы» з 1910 года (3 снежня, № 49) чытаем, што пасля заканчэння сімфанічнага канцэрта кампазітара і дырыжора Людаміра Міхала Рагоўскага ў Вільні (12 лістапада) у знак падзякі за ўклад у развіццё беларускай музыкі «яму былі дадзены на ўспамін… ад арганізатараў беларускага тэатру — беларуская дуда». Дуду дарыў Ігнат Буйніцкі. Па словах даследчыцы Ірыны Шумскай, калі ў 1911 годзе Міхал Рагоўскі пераяжджаў з Вільні ў Парыж, то ахвяраваў падораныя інструменты (апрача дуды рэдакцыяй Нашай Нівы дырыжору была падораная таксама колавая ліра) ў калекцыю Івана Луцкевіча, якая стала пазней асновай Беларускага музея ў Вільні. Пасля ліквідацыі беларускага музея ў 1944 годзе дуда засталася ў фондзе аднаго з літоўскіх музеяў, пад нумарам LNM EM95[1].

Праз некалькі дзён пасля арышту апошняга дырэктара Янкі Шутовіча, быў прызначаны новы дырэктар — Юозас Пятруліс, а таксама ліквідацыйная камісія, у склад якой увайшлі намеснік народнага камісара асветы М. Мешкаўскене (старшыня), прадстаўнік ЦК дацэнт гісторык Альбінас Даўкша-Пашкявічус і дырэктар музея Акадэміі навук Літоўскай ССР кандыдат навук К. Мякас. Камісія падзялілі ўвесь збор на чатыры часткі. Гэтая рабочая група па ліквідацыі музея вызначыла, што прадметы, якія адносяцца да літоўскага (летувіскага) і адначасова беларускага народаў, пакідаюць у Літве. Беларусі перадалі, адпаведна, тое, што тычылася выключна беларусаў, і частку таго, што наогул не адносілася да двух народаў. Большасць экспанатаў засталася ў Літве або трапіла ў Маскву. З усіх інструментаў, якія былі ў калецыі Беларускага музея ў Літве засталася толькі дуда. Колавая ліра 1809 года, падораная Рагоўскаму падчас таго самага канцэрту, трапіла ў Беларусь і захоўвалася ў зборах Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, адкуль была перададзена Нацыянальнаму музею гісторыі і культуры Беларусі (зараз Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь) у 1957 годзе. У Беларусь таксама вярнуліся цымбалы, пастушыныя ражкі і іншыя традыцыйныя інструменты[2]. У савецкай прэсе перадача была прадстаўленая як «Дар белорусскому народу».

Радавод дуды пацвярджаецца таксама фотакартачкай «Беларускі аддзел на выставе народнага промысла ў Вільні ў 1913 года» з выдання «Wilno i Ziemia Wileńska. Zarys monograficzny.» T. 1. — с. 250. 

«Беларускі аддзел на выставе народнага промысла ў Вільні ў 1913 года»

Прыналежнасць да фонду Беларускага музея імя Івана Луцкевіча выдае надпіс зроблены на мяху: «Беларускі Музэй. Le Musée Blancruthenien à Vilna». У выдадзеным літоўцамі каталазе з фотаздымкам дуды Ігната Буйніцкага віднее надпіс «Vetove nenurodyta», што азначае «Месца не пазначана». Як і большасць беларускіх дуд, якія захоўваюцца ў літоўскіх музеях, дуда Ігната Буйніцкага прадстаўляецца як «літоўская дуда». Той самы падыход абраны ў адносінах да «Глыбоцкай дуды» з вёскі Верацеі і да «Мядзельскай дуды» з вёскі Брусы, якія падпісаныя «Дуда канец XIX — пач. XX ст, Усходняя Літва».

Імаверна што дуду Ігната Буйніцкага рабіў той сам майстар, які зрабіў дуду Адама Шульгі з трупы Ігната Буйніцкага. Абодва інструменты маюць падобную даўжыную ігравых і бурдонных трубак, формы ражкоў, інкрустацыю волавам дакладна ў тых самых месцах.

Выявы дуды публікаваліся ў часопісах Sygnały nr. 75 за 1939, а таксама ў публікацыях этнографа і музыколага Іны Назінай.

Дуда Ігната Буйніцкага і іншыя народныя інструменты былі ў фондзе калецыі Івана Луцкевіча яшчэ ў 1912 годзе, калі экспанаты знаходзіліся ў рэдакцыі Нашай Нівы — пра гэта піша пісьменнік Змітрок Бядуля, апісваючы свой візіт у рэдакцыі: «На сьценах вісяць абразы беларускіх даўнейшых князёў, старасьвецкія беларускія вопраткі, шаблі, шэломы і панцыры XVI сталецьця. Рожныя тканіны народнай беларускай творчасці, паясы слуцкія, дываны, разьба рожная. Музыкальныя інструменты — дуда, цымбалы, труба пастырская, жалейка».

Дуда Ігната Буйніцкага згадваецца таксама ў цыкле «Падарожжа» («Родны край», 25.03.1933) паэта Міхася Машары, напісанага з нагоды наведвання Беларускага музея. Міхаць Машара пісаў:

"

XVII

Пакой другі… На першым пляне,

На столе лапці і гаршкі

(Хаця і сёньнека сяляне

Яшчэ ад лапцяў не ўцяклі).


Там на сьцяне дуда, цымбалы

Спакойна ціхімі вісяць;

Іх час прайшоў,

І сэрцаў сьмелых і удалых

Яны ўжо больш не весяляць.

"
Перабор дуды і ражок

Ігнат Буйніцкі быў родам з аднаго з найбольш дударскіх рэгіёнаў Паазер’я. Па ўспамінах аднавяскоўцаў, мясцовыя музыкі (з цымбаламі, скрыпкай і дудой) заўжды віншавалі Буйніцкага на Вялікдзень. Дуда была знакавым інструментам Глыбоцкага краю, а адным з моцных цэнтраў яе бытавання былі Палівачы. Ігнат Буйніцкі упершыню ў гісторыі вывеў беларускую дуду на тэатральную сцэну і зрабіў яе візітоўкай свайго тэатру. Пра скокі пад дуду пісалі на плакатах-анонсах трупы. Дудар Адам Шульга прымаў актыўны ўдзел у гастролях тэатра ў Вільні, Варшаве і Пецярбургу. Для Буйніцкага дуда не была проста адным з трох інструментаў у традыцыйнай капэлі, але сімвалам беларускай культуры ў цэлым, сінонімам беларускай даўніны і народнасці. Ігнат Буйніцкі зрабіў важкі ўнёсак у захаванне і развіццё традыцыі беларускай дуды. Гэты ўнёсак заўважалі і ягоныя сучаснікі. Янка Купала ў прысвечаным Ігнату Буйніцкаму вершы напісаў: «Важна рэй Ігнат Буйніцкі/Ў танцах нашых водзіць… Пад дуду і пад цымбалы/Топне, прысьпявае…/Сьцеражыцеся, ўсе людзі:/Беларус гуляе!».

Дакладная копія дуды Ігната Буйніцкага. Майстар Сяргей Чубрык. 2023 год.

Майстрам і дударом Сяргеем Чубрыкам была выкананая дакладная копія дуды. Гэта ўжо трэцяя ў шэрагу копія (або рэпліка), зробленая майстрам на аснове дуд з Глыбоцкага краю. Першай працай (2018 год) была дуда з паштоўкі з дударом з Дзісенскага павета. Другой была дакладная копія Глыбоцкай дуды (2019 год) (з вёскі Верацеі на Глыбоччыне) з мехам з барсука. У 2023 годзе з’явілася дакладная копія дуды Ігната Буйніцкага. Праца выкананая на падставе даследвання і прамой працы з музейным арыгіналам. Першая публічная прэзентацыя дуды адбылася на міжнародным з’ездзе дудароў у Італіі[1].

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б «Дудары Глыбоцкага краю» В. Воранаў
  2. Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 18 лістапада 2021. Праверана 27 кастрычніка 2021.