Перайсці да зместу

Ігнат Цярэнцьевіч Буйніцкі

Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых
З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Ігнат Буйніцкі)
Ігнат Цярэнцьевіч Буйніцкі
Род дзейнасці акцёр, рэжысёр, тэатральны дзеяч
Дата нараджэння 10 (22) жніўня 1861(1861-08-22)
Месца нараджэння фальварак Палівачы, Празароцкая воласць (цяпер Глыбоцкі раён), Дзісенскі павет
Дата смерці 9 (22) верасня 1917(1917-09-22) (56 гадоў)
Месца смерці Палачаны, Маладзечанскі раён
Месца пахавання
Грамадзянства
Бацька Тарквіній (Тарквіній-Тэафіл) Буйніцкі (1824—1896)
Маці Клацільда Гласка
Жонка 1) Францішка Бжазоўская (1869—1899); 2) Марыя Мацееўна Аношка (1863—1937).
Дзеці 4 дачкі
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах

Ігна́т Цярэ́нцьевіч Буйні́цкі (10 (22) жніўня 1861, в. Палівачы Празароцкай воласці, цяпер Глыбоцкі раён — 9 (22) верасня 1917) — беларускі акцёр, рэжысёр, тэатральны дзеяч, стваральнік нацыянальнага прафесійнага тэатра, удзельнік літаратурнага жыцця.

Яшчэ пры жыцці яго называлі бацькам беларускага тэатра[1]. Ігнат Буйніцкі ўпершыню вывеў «мужыцкі» танец на сцэну, як выканаўца і пастаноўшчык паказаў невычарпальныя магчымасці і прыгажосць беларускіх народных танцаў. Як драматычны акцёр выступаў пераважна ў характарных ролях, умела выяўляў гумар і тонкую іронію. У сваёй музычна-тэатральнай дзейнасці ён працягваў развіваць на больш высокім прафесійным узроўні традыцыі тэатра В. Дуніна-Марцінкевіча[1].

Належаў да шляхецкага каталіцкага роду Буйніцкіх гербу «Лебедзь», які яшчэ ў XVIII — пачатку XIX ст. адносіўся да сярэднезаможных у Полацкім ваяводстве ВКЛ і Віцебскай губерні Расійскай імперыі. Аднак бацька Ігната — Тарквіній-Тэафіл Буйніцкі — ужо быў збяднелым шляхціцам[2]. Бацькам Тарквінія Буйніцкага і дзедам Ігната Буйніцкага быў Зігфрыд-Гіяцынт Буйніцкі. Маці Ігната — Клацільда Гласка — таксама была збяднелай шляхцянкай і адносілася да шляхецкага каталіцкага роду Гласкаў[2], які яшчэ ў XVIII — пачатку XIX ст. адносіўся да сярэднезаможных у Полацкім ваяводстве ВКЛ і Віцебскай губерні Расійскай імперыі. І Буйніцкія, і Гласкі сустракаюцца сярод шляхты Полацкага ваяводства ВКЛ яшчэ з XVI ст., дзе займалі земскія пасады і мелі маёнткі. Імя па бацьку будзе пісацца ў афіцыйных дакументах Расійскай імперыі на праваслаўны манер як «Цярэнцьевіч».

Пасля заканчэння чатырохкласнага рэальнага вучылішча ва Улацлаўку Варшаўскай губерні[3], Ігнат Буйніцкі скончыў Рыжскае землямернае вучылішча (паводле звестак Язэпа Дылы — Віленскае землямерна-таксатарскае вучылішча[4]), вучыўся ў прыватнай драматычнай студыі ў Вільні[5]. Працаваў каморнікам на Навагрудчыне, Магілёўшчыне, Полаччыне, Ашмяншчыне: вырашаў пытанні продажу зямлі сялянам[6]. Пасля працы Буйніцкі ішоў на вячоркі, адкуль вяртаўся з запісамі песень, замалёўкамі народных строяў і арнаментаў[7].

Зямлю ў Палівачах Буйніцкі набыў, узяўшы крэдыт у банку[6]. У Празароках ён арганізаваў крэдытнае таварыства, дзе сяляне пад невялікі працэнт маглі атрымаць пазыку[8].

І. Буйніцкі з дочкамі Вандай (злева) і Аленай
І. Буйніцкі з дачкой Вандай у час выступлення на Першай беларускай вечарынцы ў Вільні. 1910 г.
Станіслаў-Ян Грушэцкі і жонка Анатолія-Іаланта (малодшая дачка Ігната Буйніцкага)

Ажаніўся Ігнат Буйніцкі зусім маладым са збяднелай шляхцянкай Францішкай Бжазоўскай (1869—1899), ад гэтага шлюбу ў яго было чатыры дачкі: Ванда-Ігнаціна (нар. 13 красавіка 1890), Гелена-Герменгільда (нар. 16 сакавіка 1892), Людвіга (нар. 19 сакавіка 1894), Леанціна-Эміліана (нар. 1898). У 1899 годзе жонка Буйніцкага памерла і ён ажаніўся зноў — са збяднелай шляхцянкай з Магілёва Марыяй Аношка (1863—1937). Ад гэтага шлюбу нарадзіліся яшчэ дзве дачкі: Яўгенія (нар. 20 снежня 1900) і Анатолія-Іаланта (нар. 1903)[9]. Другая жонка кінула Ігната Буйніцкага, сказаўшы: «Здурнеў пан Ігнат, я не магу глядзець на тыя мужыцкія танцы»[10]. Дачка ад другога шлюбу Анатолія-Іаланта была шлюбам за Станіславам-Янам Грушэцкім (капітан Войска Польскага, адзначаны Крыжам Храбрых)[11][12].

У час Першай сусветнай вайны ў 1917 адправіўся на Заходні фронт[13], быў на вайсковай службе ў Маладзечне. Па сведчанні музыкі трупы Яна Голера, Буйніцкі памёр на сцэне ў час рэпетыцыі (з роту пайшла кроў), займаючыся салдацкай мастацкай самадзейнасцю[13]. Быў пахаваны на мясцовых могілках[13].

Паводле іншай, не пацверджанай версіі, ён заразіўся тыфам і памёр у гарачцы ў шпіталі каля мястэчка Гарадок, быў пахаваны на салдацкіх могілках ля вёскі Палачаны, а потым дачка Алена перавезла яго прах у родныя Палівачы[10]. «Антон Луцкевіч ва ўспамінах піша, што калі дочкі Ванда і Гэля прывезлі астанкі бацькі ў 1918 годзе ў Палевачы на цягніку, каб пахаваць яго ў трох соснах, як гэтага хацеў сам дзядзька Ігнат, то на станцыю не прыйшоў ні адзін жыхар. Магчыма, час тады быў такі, цьмяны»[14].

У 1975 годзе, між іншым дзякуючы намаганням Уладзіміра Караткевіча, перазахаваны ў Празароках на цэнтральнай плошчы[13], на магіле ўстаноўлены помнік (скульптар І. Міско, архітэктар М. Бурдзін)[15].

Сядзіба Ігната Буйніцкага, якая знаходзілася за чыгуначным пераездам Палівачы, не захавалася[16].

Уласная трупа

[правіць | правіць зыходнік]
Афіша Першай беларускай трупы
Абвестка аб спектаклі «Модны шляхцюк» (1910 г.)
Сцэна са спектаклю «Па рэвізіі» М. Крапіўніцкага
Абвестка аб спектаклі «Па рэвізіі» (1911 г.)

У 1907 г. у сваёй сядзібе ў Палівачах (каля Празарокаў) заснаваў самадзейны тэатр, дзе спачатку прымалі ўдзел яго сваякі. У ім удзельнічала 8 акцёраў, і чалавек прыблізна 16 танцораў. Перад канцэртамі былі рэпетыцыі, якія праводзіў сам Буйніцкі[17]. Тэатр даваў канцэрты і спектаклі ў Палівачах, Празароках і навакольных вёсках. Вывучаў беларускія песні, танцы, народнае адзенне.

У Вільні 12 лютага 1910 г. тэатр Буйніцкага па адмысловым запрашэнні рэдакцыі «Нашай Нівы» прыняў удзел у прадстаўленні, якое ўвайшло ў гісторыю пад назвай «Першая беларуская вечарынка ў Вільні». Выступленне танцавальнай трупы Буйніцкага мела на гэтай вечарыне каласальны поспех. Разам з новымі драматычнымі акцёрамі і спевакамі трупа стала прафесійнай і атрымала назву «Першая беларуская трупа» або «Тэатр Ігната Буйніцкага».

Другое выступленне трупы Ігната Буйніцкага адбылося 22 лютага 1910 года на этнаграфічным вечары, прысвечаным культурам народаў Паўночна-Заходняга краю. У вечары прымалі ўдзел хоры, якія выконвалі расійскія, украінскія, літоўскія, польскія і яўрэйскія песні. Польскі кампазітар Людамір Міхал Рагоўскі адмыслова для беларускай часткі выступлення напісаў музыку на словы верша Янкі Купалы «А хто там ідзе?», які пазней стаў неафіцыйным гімнам трупы[4]. Апрача песень на вечары паказвалі і народныя танцы ў выкананні трупы Ігната Буйніцкага.

Пасля неаднаразовых поспехаў беларускіх спектакляў Ігнат Буйніцкі ў канцы лета 1910 года нарэшце атрымлівае ад губернскіх уладаў дазвол на гастрольную паездку. Перад адпраўкай у падарожжа, рэжысёр са значнай часткай акцёраў прыязджае да сябе ў Палівачы, каб па-сур’ёзнаму падрыхтаваць гастрольны рэпертуар[4]. У 1910—1913 г. тэатр гастраляваў па Беларусі (Мінск, Слуцк, Полацк, Дзісна, Свянцяны, Паставы, Нясвіж, Ляхавічы), двойчы выступаў у Пецярбургу (1911, 1912), а таксама ў Варшаве (1913)[7][8].

Большасць спектакляў Буйніцкі ставіў самастойна. У рэпертуары групы налічвалася больш за дзясятак танцаў («Лявоніха», «Юрка», «Верабей», «Мяцеліца», «Гняваш», «Мельнік», «Антошка», «Чобат», «Качан», «Чабор», «Полька» і інш.)[18]. Музычнае суправаджэнне ладзіў традыцыйны «траісты ансамбль» — цымбалы, скрыпка, дуда. Вядомы імёны выканаўцаў-музыкантаў, якія выступалі ў гастролях трупы — І. Голер, І. Маскаленка (цымбалы), А. Шульга (дуда), Франак Голер (скрыпка) [19].

Адначасова І. Буйніцкі старанна адбіраў для сваіх выступаў народныя песні. У гэтым яму дапамагаў кампазітар Л. Рагоўскі і хормайстар трупы Я. Феакцістаў. Напрыклад, хорам выконваліся такія песні, як «Дуда-весялуха», «Ах ты дзьмі», «Падушачка», «За гарамі, за лясамі», «Ох ты дуб», «Прыляцелі гусі», «Ды куды ж ты, дуб зялёны» і іншыя[1][19].

І. Буйніцкі падтрымліваў свой тэатр уласнымі сродкамі. У рэпертуары тэатра акрамя танцаў і песень былі невялікія сцэнкі, пастаноўкі п’ес «Па рэвізіі»[1] і «Пашыліся ў дурні»[1] Маркі Крапіўніцкага, «Хам»[1] і «У зімовы вечар»[1] паводле Элізы Ажэшка, «Міхалка» братоў Далецкіх, «Сватанне» Антона Чэхава, «Модны шляхцюк»[1] Каруся Каганца, Янкі Купалы, Альберта Паўловіча і інш. У большасці гэта былі пастаноўкі І. Буйніцкага, таксама ён іграў у ролях[20].

І. Буйніцкі меў сяброўскія і творчыя кантакты з Янкам Купалам, Якубам Коласам, Элізай Ажэшкай, Змітраком Бядулем, Цёткай (якая сама ўдзельнічала ў спектаклях трупы як актрыса).

Тэатру ўвесь час даводзілася пераадольваць прыдзіркі цэнзуры і ўсялякія перашкоды мясцовых уладаў, якія бачылі ў дзейнасці трупы пагрозу вялікадзяржаўнай палітыцы царызму. У сваёй кнізе заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь А. П. Цыхун піша, што з-за выкарыстання беларускай мовы на афішах вечароў з удзелам трупы Буйніцкага артысты мелі праблемы з царскай паліцыяй[21]. Царскія ўлады непрыхільна ставіліся да паказу са сцэны твораў на беларускай мове, асабліва на вострыя сацыяльныя тэмы і часта забаранялі спектаклі[1].

З-за матэрыяльных цяжкасцей і ўціску царскіх уладаў у 1913 г. дзейнасць трупы была спыненая[13].

Прафесійны тэатр

[правіць | правіць зыходнік]

У 1914 г. Буйніцкі паспрабаваў стварыць новую трупу, аднак 1-я сусветная вайна перашкодзіла здзейсніць гэту задуму. У пачатку 1917 г. Буйніцкі з’явіўся ініцыятарам арганізацыі прафесійнага тэатра ў Мінску — Першага беларускага таварыства драмы і камедыі, з якога пачаўся Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа. Сённяшні Купалаўскі тэатр быў заснаваны на базе Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. Ствараў таварыства Ігнат Буйніцкі. Прыязджаў у Мінск ужо ў ваеннай форме. На працягу многіх гадоў у тэатры існаваў артэфакт — світка Буйніцкага, у якой ён выступаў. Яе перадавалі акцёру, які лепш за ўсіх выконваў ролі, якія граў сам Ігнат. Пазней світка знікла.

Буйніцкі-выканаўца

[правіць | правіць зыходнік]
Першая беларуская вечарынка ў Вільні. 1910 год.

Буйніцкі быў узорам добрага артыста для сваіх калег, выходзіў на сцэну ў драматургічных творах, дэкламаваў вершы, танцаваў, спяваў сола і ў хоры (меў лёгкі бас-барытон)[7]. Буйніцкі адрозніваўся тэмпераментным выкананнем беларускіх народных танцаў.

Выступаў у ролях бытавога і характарнага плану: Антон, Мірановіч («Пашыліся ў дурні», «Па рэвізіі» Крапіўніцкага), Ігнась («Модны шляхцюк» Каганца), Аляксей («У зімовы вечар» Ажэшкі)[20]. Відавочна, што ён быў сінтэтычным акцёрам. Любіў асабліва дэкламаваць. І паэзію, і прозу. Але перавагу аддаваў гумарыстычным творам[22]. Ігра Буйніцкага вызначалася жыццёвай і бытавой дакладнасцю, глыбокай самабытнасцю, тонкім гумарам[23].

Паводле ўспамінаў Ядзвігі Іванаўны Радзевіч, удзельніцы трупы, Буйніцкі быў ветлівы, прывабны, росту сярэдняга і сярэдняй паўнаты, голас яго быў бліжэй да барытону, размаўляў з калегамі па-беларуску[17]. Яшчэ адзін удзельнік трупы, І. Голер адзначаў[17], што «Ігнат Буйніцкі быў сярэдняга росту, чорнавалосы, з сівымі скронямі. Танцаваў заўсёды „з сэрцам“. Акцёрам танцы паказваў сам, музыкам мелодыі таксама напяваў сам. Займаўся з трупай стала і ўзімку, і ўлетку.»

Значэнне працы Буйніцкага

[правіць | правіць зыходнік]

Дзейнасць Буйніцкага ажыццяўлялася ў складаны і супярэчлівы перыяд беларускага адраджэння, калі грамадскае жыццё Беларусі бурліла, утвараючы магутны стваральны струмень, які падхапляў створаную народам спадчыну: музычную, літаратурную, тэатральную і перамолваў усё гэта, надаючы выніку стройную форму, скончанасць і цэласнасць.

І. Буйніцкі быў яскравым прадстаўніком свайго часу, яго асабісты талент і выдатныя здольнасці яго паплечнікаў дапамаглі вывесці аматарскую трупу на высокі прафесійны ўзровень. Яго творчасць сведчыць пра з’яўленне новай тэндэнцыі — прафесіяналізацыі народных традыцый[19]. І. Буйніцкі збіраў фальклорны матэрыял, пераймаў сялянскія песні і танцы. У нескладаным сцэнічным афармленні выкарыстоўваліся элементы беларускага народнага выяўленчага мастацтва, акцёры выступалі ў беларускіх нацыянальных касцюмах. Буйніцкі беражліва ставіўся да захавання вытокавай харэаграфіі, імкнуўся не мяняць узор танцу.

З. Абрамовіч так апісвае выступленне танцавальнай групы ў спектаклі[19]:

" Дуда і скрыпка падаюць тэмп… Мелодыя нарастае, а Буйніцкі, узяўшыся ўбокі і злёгку сагнуўшыся, вядзе нас за сабой без усялякай рысоўкі, «запальвае» нас танцам, у якім няма нават намёку на якую-небудзь стылізацыю "

З. Бядуля ў адным з артыкулаў адзначаў, што Буйніцкі, надаючы танцам асаблівую жвавасць і бойкасць, свядома не мадэрнізуе іх ніякімі новымі рыскамі, пакідаючы іх сырым этнаграфічным матэрыялам[24].

Імкненне да этнаграфічнай рэгіянальнай дакладнасці праяўлялася ў выбары касцюмаў, тыпу арнаменту, колеравых спалучэнняў, у роспісах заднікаў, куліс, харэаграфічнай лексіцы[19]. Пры гэтым разнастайнасць творчых форм, якія аб’ядноўвала трупа ў адным выступленні: п’еса, танцы, дэкламацыя вершаў і харавыя спевы — не выглядалі стракатым калейдаскопам дзякуючы таму, што звязальнай тэмай кожнага вечара была народная, фальклорная аснова творчага матэрыялу[19]. Буйніцкі стварыў выдатны сімбіёз народнай і прафесійнай творчасці[19].

Творчая назіральнасць, цудоўныя музычныя даныя дазволілі І. Буйніцкаму этнаграфічна дакладна фіксаваць стылістыку народнага танца і ствараць яркія, дынамічныя, фальклорна-праўдзівыя танцавальныя сюіты-дывертысменты, якія сталі вытокамі нацыянальнага балетнага мастацтва[19]. Ён шырока прапагандаваў музычную творчасць народа, яго песні і танцы, імкнуўся да стварэння сінтэтычнага тэатра, у якім, акрамя драматычнага мастацтва, былі б прадстаўлены харавыя спевы і народная харэаграфія[1]. Важным значэннем яго дзейнасці стала магчымасць азнаёміць з беларускай нацыянальнай культурай шырокае кола людзей самых розных сацыяльных груп[19].

І. Буйніцкі нястомна прапагандаваў беларускі тэатр, арганізоўваў аматарскія гурткі[20]. Акрамя тэатральнай дзейнасці, ён прымаў удзел і ў іншых формах грамадскага жыцця, напрыклад, уваходзіў у склад праўлення Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны[25].

Трупа Ігната Буйніцкага пасля выступу ў Спортынг-Палацы ў Пецярбургу, у 1912 годзе.

Ігнат Буйніцкі і беларуская дуда

[правіць | правіць зыходнік]

Буйніцкі быў родам з аднаго з найбольш дударскіх рэгіёнаў Паазер’я. Па ўспамінах аднавяскоўцаў, мясцовыя музыкі (з цымбаламі, скрыпкай і дудой) заўжды віншавалі Буйніцкага на Вялікдзень[26]. Дуда была знакавым інструментам Глыбоцкага краю, а адным з моцных цэнтраў яе бытавання былі Палівачы.

Ігнат Буйніцкі ўпершыню ў гісторыі вывеў беларускую дуду на тэатральную сцэну і зрабіў яе візітоўкай свайго тэатра. Пра скокі пад дуду пісалі на плакатах-анонсах трупы. Дудар Адам Шульга прымаў актыўны ўдзел у гастролях тэатра ў Вільні, Варшаве і Пецярбургу.

Для Буйніцкага дуда была не проста адным з трох інструментаў у традыцыйнай капэлі, але сімвалам беларускай культуры ў цэлым, сінонімам беларускай даўніны і народнасці. У публікацыі «Нашай Нівы» з 1910 года (3 снежня, № 49) чытаем, што пасля заканчэння сімфанічнага канцэрта кампазітара і дырыжора Людаміра Міхала Рагоўскага ў Вільні (12 лістапада) у знак падзякі «яму былі дадзены на ўспамін…. ад арганізатараў беларускага тэатру — беларуская дуда»[27]. Па словах даследчыцы Ірыны Шумскай, калі ў 1911 годзе Міхал Рагоўскі пераязджаў з Вільні ў Парыж, то пакінуў падораныя інструменты ў фонды калекцыі Івана Луцкевіча, якія сталі асновай для створанага пазней беларускага музея. Пасля ліквідацыі музея ў 1944 годзе дуда трапіла ў фонд літоўскага музея, дзе захоўваецца па сённяшні дзень. Паходжанне дуды з беларускага музея пацвярджае надпіс на мяху дуды.

Копія дуды Ігната Буйніцкага. Майстар Сяргей Чубрык. 2023 год.

Ігнат Буйніцкі зрабіў важкі ўнёсак у захаванне і развіццё традыцыі беларускай дуды. Гэты ўнёсак заўважалі і ягоныя сучаснікі. Янка Купала ў прысвечаным Ігнату Буйніцкаму вершы напісаў: «Важна рэй Ігнат Буйніцкі/Ў танцах нашых водзіць… Пад дуду і пад цымбалы/Топне, прысьпявае…/Сьцеражыцеся, ўсе людзі:/Беларус гуляе!»[28][29].

Памяць і прызнанне землякоў

[правіць | правіць зыходнік]

Буйніцкаму прысвячалі вершы Янка Купала[30], Змітрок Бядуля, Віталь Гарановіч, Алесь Жыгуноў, Уладзімір Караткевіч[31], Антон Бялевіч, Пятрусь Макаль, Навум Гальпяровіч, аповесць «Апошняя дзея» прысвяціла яму Ірына Жарнасек[8][32]. Мастак Я. М. Ціхановіч у 1983 годзе намаляваў партрэт Буйніцкага, збоку прыпісаўшы радкі купалаўскага верша[33].

Помнік на магіле І. Ц. Буйніцкага ў в. Празарокі
Экспазіцыя, прысвечаная дзейнасці трупы Ігната Буйніцкага і мясцовай музычнай традыцыі

У в. Празарокі ў будынку сярэдняй школы створаны музей заснавальніка беларускага тэатра (адкрыты ў 1982 г.), дзе прадстаўленыя афішы спектакляў, здымкі трупы, лісты Зоські Верас і Зыгмунта Абрамовіча, успаміны празароцкіх старажылаў. У скверы — магіла Ігната Буйніцкага і помнік яму (устаноўлены ў 1976 г.; скульптар І. Міско, архітэктар М. Бурдзін)[20][34]. Вялікую ролю ў перапахаванні і ўшанаванні памяці пра Ігната Буйніцкага адыграў пісьменнік Уладзімір Караткевіч. Менавіта Уладзімір Караткевіч разам з тэатразнаўцам Уладзімірам Няфёдам адшукалі занядбаную магілу Буйніцкага ў 1975 годзе і паспрыялі яе перанясенню ў Празарокі, дзе тады ж адкрылі помнік[29].  

Насупраць помніка Ігнату Буйніцкаму ў 1994 годзе пачалі ўзводзіць будынак музея-сядзібы. У 1998 годзе будаўніцтва прыпынілі, да гэтага часу паспелі закласці фундамент і часткова ўзвесці сцены. З таго часу даўгабуд плошчай амаль 400 квадратных метраў муляе вочы чыноўнікам. Прадаць незавершаны будынак спрабавалі яшчэ ў 2009 годзе, таксама за адну базавую велічыню (35000 рублёў), аднак пакупнікоў не знайшлося. Было прынята рашэнне разабраць спаруду, калі недабудаваны музей-сядзібу не выкупяць да 2012 года[35].

У Мінску ў гонар Буйніцкага названы вуліца і завулак, у Маладзечне — вуліца, у Глыбокім — вуліца і глядзельная зала гарадскога цэнтра культуры[8].

З 1992 года прысуджаецца прэмія імя І. Ц. Буйніцкага ў галіне тэатральнага мастацтва[6].

У 2007 годзе быў выпушчаны канверт з арыгінальнай паштовай маркай у гонар стагоддзя з часу стварэння першага тэатра ў Беларусі пад кіраўніцтвам Ігната Буйніцкага. 16 жніўня 2011 года Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь увёў у абарачэнне памятныя манеты «І. Буйніцкі. 150 гадоў».

У 2018 годзе Ігнату Буйніцкаму быў прысвечаны міжнародны фэст дударскіх рэгіёнаў Дударскі рэй, які праходзіў на Глыбоччыне. Удзельнікі фэсту ўсклалі кветкі на магіле Ігната Буйніцкага ў Празароках. У трупе Ігната Буйніцкага быў дудар Адам Шульга[36].

У Глыбокім дзейнічае народны тэатр фальклору «Цярэшка», праграмы якога заснаваны на імкненні захаваць пераемнасць традыцый  першага  беларускага тэатра  І. Ц. Буйніцкага. Кіруе гуртом Наталля Нікіфаровіч[37].

Цікавыя факты

[правіць | правіць зыходнік]

Стрыечны прапраўнук Ігната Буйніцкага Максім Буйніцкі  (руск.) вядомы як кінарэжысёр[38].

Зноскі

  1. а б в г д е ё ж з і Игнат Буйницкий — «бацька беларускага тэатра» Архівавана 10 мая 2015. (руск.)
  2. а б Няфёд, У. Ігнат Буйніцкі — бацька беларускага тэатра : вачыма сучаснікаў і ў памяці нашчадкаў… С. 22.
  3. Герасімчык В., Бацька беларускага тэатра
  4. а б в Дыла Я. Першы прафесійны тэатр // Творы. — Мн.: Маст. літ., 1981. — С. 299. — 351 с.
  5. Ігнат Буйніцкі // Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі: У 3 т. Т. 1: Ад вытокаў — да пачатку XX стагоддзя / Бел. ун-т культуры; Уклад., рэд. тэкстаў, уступ. арт. і камент. А. В. Сабалеўскага. — 2-е выд., пашыр. і ўдаклад.. — Мн.: Беларуская навука, 1997. — С. 417. — 444 с. — ISBN 985-08-0064-X
  6. а б в Набыў гаспадарку дзеля сцэны Архівавана 11 студзеня 2012.
  7. а б в Сёньня спаўняецца 145 гадоў Ігнату Буйніцкаму
  8. а б в г 22 жніўня — 150 гадоў з дня нараджэння Ігната Буйніцкага Архівавана 25 снежня 2021.
  9. Няфёд, У. Ігнат Буйніцкі — бацька беларускага тэатра : вачыма сучаснікаў і ў памяці нашчадкаў… С. 23.
  10. а б 20 нечаканых фактаў пра Ігната Буйніцкага
  11. Людвика Оношко. Оношко: воспоминания, фотографии (руск.)(недаступная спасылка). onoszko-ludwika (1 снежня 2012). Архівавана з першакрыніцы 23 кастрычніка 2021. Праверана 23 кастрычніка 2021.
  12. Stanisław Jan Gruszecki (польск.)(недаступная спасылка). Timenote.info. Архівавана з першакрыніцы 23 кастрычніка 2021. Праверана 23 кастрычніка 2021.
  13. а б в г д Буйницкий Игнат Терентьевич, биография Архівавана 21 чэрвеня 2012. (руск.)
  14. https://m.nashaniva.com/articles/175543/?mo=11b19a769e04c20b4875906ec5578085bc3a08b0
  15. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1985. — Віцебская вобласць. — 496 с., іл.
  16. «Беларуская вечарына ў стылі Ігната Буйніцкага», прысвечаная 150-годдзю з дня нараджэння акцёра і тэатральнага дзеяча, адбудзецца 15 верасня ў Дзяржаўным музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры (Музычны зав., 5) у Мінску
  17. а б в В Глубокском музее открыта выставка, посвящённая 150-летию Игната Буйницкого (руск.)
  18. Алексютович Л. К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Под ред. М. Я. Гринблата. Мн., «Вышейш. школа», 1978. 528 с. с ил.
  19. а б в г д е ё ж з Э. Алейнікава. Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага. Мастацтва: вучэб. дапам.-хрэстаматыя па сусв. маст. культуры для 10 кл. агульнаадукац. шк. з бел. мовай навучэння / Аўт.-укл. Г. В. Наполава — Мн.:Піан, 1998. — 360 с.: іл.
  20. а б в г т. 5. Биографический справочник. Мн: Издательство «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. 29 с.
  21. Цыхун, А. П. Акадэмік з вёскі Лаша Я. Ф. Карскі: краязнаўча-біяграфічны нарыс/рэд. канд. гіст. нав. А. У. Богуш, канд. філал. нав. І. І. Крамко.-Гродна, 1992.-76 с.
  22. Бацька беларускага тэатра(недаступная спасылка)
  23. БУЙНІЦКІ ІГНАТ ЦЯРЭНЦЬЕВІЧ(недаступная спасылка)
  24. З. Бядуля. Як стварыць беларускі балет? — «Савецкая Беларусь», 1922, 24 лістапада
  25. Туронак Ю. Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі. — Мн., 2006. ISBN 985-6530-40-7
  26. Эвеліна Шчадрына. Ды пытання музычна-інструментальнага суправаджэння велікоднях святкаванняў(недаступная спасылка)
  27. https://www.svaboda.org/a/27937897.html
  28. s:Ігнату Буйніцкаму
  29. а б «Дудары Глыбоцкага краю» В. Воранаў
  30. Ігнату Буйніцкаму
  31. ШЛЯХІ ІГНАТА БУЙНІЦКАГА Архівавана 12 верасня 2014.
  32. Ігнату Буйніцкаму ад землякоў
  33. Любіць Радзіму-шанаваць родную мову
  34. Магіла Буйніцкага
  35. https://www.tio.by/info/novosti/9321/
  36. https://blr.belta.by/culture/view/glybotski-festyval-dudarski-rej-prysvjatsili-ignatu-bujnitskamu-68022-2018/
  37. https://glubokoe.ucoz.net/publ/5_urok_abradavyja_tradycyi_glybochchyny/1-1-0-20
  38. Витебский курьер  (руск.) «10 интересных фактов про Игната Буйницкого» (руск.)
  • Сабалеўскі, А. В. Хрэстаматыя па гісторыі беларускага театра і драматургіі. т. 1. — Мн., 1975. С.308-326
  • Алейнікава, Э. Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага. Мастацтва: вучэб. дапам.-хрэстаматыя па сусв. маст. культуры для 10 кл. агульнаадукац. шк. з бел. мовай навучэння / Аўт.-укл. Г. В. Наполава — Мн.: Піан, 1998. — 360 с.: іл.
  • Алексютович, Л. К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Под ред. М. Я. Гринблата. — Мн.: «Вышейш. школа», 1978. — 528 с. с ил.
  • Няфёд У. І. Беларускі тэатр. Нарысы гісторыі. — Мн., 1959. С. 84-105
  • Театральная энциклопедия. Том 1 / Глав. ред. С. С. Мокульский — М.: Советская энциклопедия, 1961. — 1214 стб. с илл., 12 л. илл.
  • Буйніцкі І. Ц. // Новыя кнігі. — 2001. — № 5. — С. 5-7.
  • Буйніцкі Ігнат Цярэнцьевіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва : у 5 т. / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.]. — Мн., 1994. — C. 117—118.
  • Гарановіч, В. Ігнату Буйніцкаму : верш / В. Гарановіч // Народное слова. — 2002. — 19 студз. — С. 5.
  • Да стагоддзя з дня нараджэння І. Ц. Буйніцкага // Беларускае мастацтва. Мн., 1962, в. 3;
  • Ігнат Буйніцкі — заснавальнік беларускага тэатра // Русецкі, А. У. Мастацкая культура Віцебскага Паазер’я / А. У. Русецкі, Ю. А. Русецкі. — Мн., 2005. — С. 249—260.
  • Іпатава, В. Натхняе і сёння / В. Іпатава // Краязнаўчая газета. — 2006. — № 3 (жніўня). — С. 2-3.
  • Зінкевіч, А. І гарэць той славе… / А. Зінкевіч, У. Барыла // Веснік Глыбоччыны. — 2001. — 29 верас. — С. 1-2.
  • Команава, Т. Ён быў заснавальнікам беларускага тэатра / Т. Команава // Культура. — 2001. — 29 верас. — 5 кастр. — С. 3.
  • Марціновіч, А. Важна рэй вадзіў Буйніцкі / А. Марціновіч // Беларуская думка. — 2001. — № 8. — С. 75-83.
  • Няфёд, У. Ігнат Буйніцкі — бацька беларускага тэатра : вачыма сучаснікаў і ў памяці нашчадкаў / У. І. Няфёд. — Мн., 1991. — 124 с.
  • Няфёд, У. Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага / У. Няфёд // Гісторыя беларускага тэатра : у 3 т. — Мн., 1983. — Т. 3. — С. 428—450.
  • Подлипский, А. Основатель белорусского театра / А. Подлипский // Народнае слова. — 2000. — 28 сак. — С. 6.
Відэа: