Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь — дзяржаўны і палітычны акт аб аднаўленні Беларускай ССР на асновах, вызначаных у Маніфесце Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі 1 студзеня 1919 года. Прынятая 31 ліпеня 1920 года на сумесным пасяджэнні Менскага губернскага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта з шэрагам палітычных партый і прафсаюзных арганізацый Менскай губерні.

Дэкларацыю падпісалі Вільгельм Кнорын, Аляксандр Чарвякоў і Івар Смілга (ад КП(б)ЛіБ), Аляксандр Крыніцкі (прафсаюзныя арганізацыі Менскай губерні), Усевалад Ігнатоўскі (Беларуская камуністычная арганізацыя), Арон Вайнштэйн (Бунд). Прадстаўнік Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р) Яўсей Трафімаў адмовіўся падпісаць Дэкларацыю праз тое, што ў ёй не былі зафіксаваны патрабаванні аб уключэнні ў склад Беларусі Віцебскай, Магілёўскай, Смаленскай губерняў, аб абвяшчэнні беларускай мовы дзяржаўнай, аб стварэнні самастойнага беларускага войска і інш.

Прыняцце Дэкларацыі было абумоўлена вызваленнем Беларусі ад польскай акупацыі ў часе польска-савецкай вайны і фактычным скасаваннем Літбел ССР. У сувязі з міжнародным становішчам (мірны дагавор РСФСР з Літвой 12 ліпеня 1920 года; наступленне Чырвонай Арміі на Варшаву і інш). Дэкларацыя дакладна не акрэслівала граніц савецкай Беларусі. «Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь, — гаварылася ў ёй, — вызначае сваю заходнюю мяжу па этнаграфічнай мяжы паміж Беларуссю і буржуазнымі дзяржавамі, якія прымыкаюць да яе». Паводле Дэкларацыі да склікання з’езда Саветаў БССР уся ўлада ў рэспубліцы перадавалася Ваенна-рэвалюцыйнаму камітэту БССР, адмяняліся ўсе законы і пастановы польскай акупацыйнай улады.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Каминский, Н.И., Карпачев, А.М. К вопросу о провозглашении Белоруссии независимой Советской социалистической республикой // Исторический архив. – 1957. – № 3. – С.
  • Шумейко, М. Именем рабочих и крестьян // Политический собеседник. – 1991. – № 7. – С.