Аляксандр Рыгоравіч Чарвякоў

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Аляксандр Рыгоравіч Чарвякоў
Alaksandar Čarviakoŭ.jpg
сцяг
1-ы Старшыня Прэзідыума ЦВК СССР ад БССР
30 снежня 1920 — 16 чэрвеня 1937
Папярэднік: пасада зацверджаная
Пераемнік: Міхаіл Стакун
сцяг
Старшыня ЦВК БССР
1920 — 16 чэрвеня 1937
сцяг
Старшыня СНК БССР
1920 — 1921
Пераемнік: Іосіф Адамовіч
сцяг
1-ы Народны камісар замежных спраў БССР
1920 — 1923
Папярэднік: пасада зацверджаная;
Вінцас Міцкявічус-Капсукас як народны камісар замежных спраў Літбела
Пераемнік: пасада скасаваная;
Кузьма Кісялёў
 
Партыя: Камуністычная партыя (бальшавікоў) Беларусі
Адукацыя: Віленскі настаўніцкі інстытут (хрысціянскі) (1915)
Аляксандраўскае ваеннае вучылішча (1916)
Нараджэнне: 8 сакавіка 1892
в. Дукорка, Расія
Смерць: 16 чэрвеня 1937
Мінск, БССР, СССР

Аляксандр Рыгоравіч Чарвякоў (8 сакавіка 1892, в. Дукора Ігуменскага пав. Мінскай губ., цяпер Пухавіцкі раён — 16 чэрвеня 1937, Мінск) — беларускі і савецкі дзяржаўны дзеяч, партыйны дзеяч РКП(б) і КП(б)Б.

Адзін са стваральнікаў БССР. У 1920-24 старшыня ЦВК і СНК БССР, у 1924-37 старшыня ЦВК БССР. З пачатку 1930-х гадоў А. Р. Чарвякова абвінавачвалі ў адыходзе ад партыйнай лініі. Скончыў жыццё самагубствам. Рэабілітаваны ў 1957 годзе.

Біяграфічныя звесткі[правіць | правіць зыходнік]

Скончыў Віленскі настаўніцкі інстытут (1915).

Прызваны ў армію, вёў у вайсковых гуртках і арганізацыях рэвалюцыйную прапаганду. 3 мая 1917 член РСДРП(б). Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі бальшавіцкага кірунку, якая існавала з восені 1917 да красавіка 1918, калі на яе аснове была створана беларуская секцыя РКП(б) пры Пецяргофскім райкоме РКП(б). Удзельніх Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Петраградзе (1917). У лютым—маі 1918 камісар Беларускага нацыянальнага камісарыята. 3 ліпеня 1918 у Чырвонай Арміі: камісар дывізіі, начальнік аддзела Усерасійскага бюро камісараў. Адначасова ўваходзіў у кіруючае ядро Беларускіх секцый РКП(б).

1.1.1919 у ліку 5 членаў Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі падпісаў у Смаленску Маніфест аб абвяшчэнні Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі (ССРБ). У 1919 камісар асветы ССРБ, намеснік наркома асветы Літоўска-Беларускай ССР. Член ЦВК Літоўска-Беларскай ССР (1919).

Пасля ўварвання польскіх легіёнаў на тэрыторыю Беларусі ў палітаддзеле Заходняга фронту, начальнік палітаддзела Гомельскага ўмацаванага раёна, асобнай Гомельскай крапасной брыгады. У 1920 начальнік аддзела РВС Заходняга фронту, старшыня Мінскага губернскага ваета-рэвалюцыйнага камітэта, ВРК ССРБ. 31.7.1920 ад імя ЦК КП(б)ЛіБ разам з прадстаўнікамі ЦК Бунда, Беларускай камуністычнай арганізацыі, Цэнтральнага бюро прафесійных саюзаў Мінска і Мінскай губерні падпісаў Дэкларацыю аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. Удзельніх мірных перагавораў з Польшчай у Рызе (кастрычнік 1920).

У 1920—24 старшыня ЦВК і СНК БССР, з 1924 старшыня ЦВК БССР і адзін са старшынь ЦВК СССР з 1922. Удзельнічаў у падрыхтоўцы ўтварэння СССР, распрацоўцы 5-гадовых планаў развіцця народнай гаспадаркі і культуры СССР і БССР, Канстытуцый СССР і БССР. Вялікую ўвагу аддаваў умацаванню і развіццю беларускай савецкай дзяржаўнасці, нацыянальнай культуры, асветы, ліквідацыі непісьменнасці. Аўтар прац па гісторыі барацьбы беларускага народа за савецкую ўладу, эканамічным і культурным становішчы беларускай рэспублікі.

Член ЦБ КП(б)Б у 1920—24, ЦК і Бюро ЦК КП(б)Б у 1924—37. Член ЦВК БССР у 1919—37 і яго Прэзідыума, ЦВК СССР і яго Прэзідыума з 1922.

У канцы 1920 — пач. 1930-х г. А. Чарвякоў быў абвінавачаны ў тым, што падзяляе праваапартуністычныя погляды М. Бухарына, затушоўвае вядучую ролю прамысловасці, найперш цяжкай, у сацыялістычнай перабудове вёскі падмяняе пралетарскі характар Кастрычніцкай рэвалюцыі дробнабуржуазным; ідэалізуе беларускія дробнабуржуазныя партыі, з'яўляецца прыхільнікам тэорыі «ўступак» нацыянальнай інтэлігенцыі. Рабіўся вывад аб тым, што ў яго прамовах і артыкулах сфармулявана цэлая сістэма праваапартуністычных і нацыянал-апартуністычных пог-лядаў. Пад націскам крытыкі на партыйных пленумах, пасяджэннях Бюро ЦК, у прэсе ён вымушаны быў прызнаць наяўнасць зробленых памылак і абяцаў выправіць іх практычнай працай.

Асабліва жорстка А. Чарвякова крытыкавалі на XVI з'ездзе КП(б)Б (10—19.6.1937). Ад яго патрабавалі тлумачэнняў, чаму ў час праверкі партыйных дакументаў не выкрыў ні аднаго «ворага народа», каб назваў носьбітаў варожых ідэй у КП(б)Б, дзяржаўным апараце, асяроддзі інтэлігенцыі. Абвінавачвалі ў тым, пгго ён з'яўляецца ідэйным натхняльнікам і кіраўніком нацыянал-апартуністычнай плыні ў партыі, намякалі на вяршэнства ў антысавецкім падполлі ў БССР. Дэлегаты патрабавалі выказаць Старшыні ЦВК палітычны недавер. Не вытрымаўшы паклёпу, А. Чарвякоў у перапынку з'езду застрэліўся ў сваім службовым кабінеце.

Творы[правіць | правіць зыходнік]

  • За Савецкую Беларусь. Мн., 1927;
  • …Я ніколі не быў ворагам: Выбраныя артыкулы і прамовы; Успаміны сучаснікаў. Мн., 1992.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Платонаў Р. Чарвякоў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2003. — 616 с.: іл. ISBN 985-11-0276-8.
  • Якутов В. Александр Червяков: Документальная повесть. — Мн., 1986.