ЕўраБеларусь

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Міжнародны кансорцыум «ЕўраБеларусь»
Дата заснавання 2007
Дата роспуску 2019
Тып грамадскае аб’яднанне
Сайт eurobelarus.info

Міжнародны кансорцыум «ЕўраБеларусь» — аб’яднанне дзеячаў і арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі і шэрагу еўрапейскіх краін, якія ставілі за мэту стымуляванне і падтрымку праеўрапейскага развіцця Беларусі як паўнапраўнага суб’екта еўрапейскіх адносін на ўсіх магчымых узроўнях. Дзейнічаў у 2007—2019 гадах.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Група «Разам»[правіць | правіць зыходнік]

У снежні 2004 года ўзнікла грамадзянская ініцыятыва лідараў і актывістаў беларускіх недзяржаўных арганізацый (НДА), якія напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2006 года выступілі з прапановай аб неабходнасці дасягнення адзінага бачання і разумення ролі апазіцыйных палітычных партый і прадэмакратычных грамадскіх арганізацый у будучай палітычнай кампаніі, а таксама выпрацоўкі агульнай стратэгіі дзеянняў падчас яе. З гэтай мэтай імі было ініцыявана правядзенне арганізацыйна-дзейнаснай гульні[ru] (АДГ) пад кіраўніцтвам метадолага Уладзіміра Мацкевіча. Падчас падрыхтоўкі да мерапрыемства грамадзянская ініцыятыва прыняла назву — група «Разам». Ад пачатку ў яе ўваходзіла да 20 лідараў беларускіх НДА (у тым ліку маладзёжных, адукацыйных, сацыяльных, экалагічных), якія, збольшага, раней не супрацоўнічалі з палітычнымі партыямі ў межах палітычных кампаній[1][2][3].

Арганізацыйна-дзейнасная гульня з назвай «Распрацоўка пераможнай палітычнай стратэгіі для Беларусі: сцэніраванне, праектаванне і праграмаванне» адбылася 27 сакавіка — 3 красавіка 2005 года ў Кіеве (Украіна). Яе вынікам стала выпрацоўка стратэгічнай прапановы (т. зв. «Стратэгія-2006»), якая ўяўляла сабой паслядоўны план дзеянняў усіх дэмакратычных сіл па актывізацыі грамадства і ажыццяўленні негвалтоўнай змены палітычнага рэжыму ў сітуацыі выбарчай кампаніі 2006 года[2][3][4][5].

«Стратэгія-2006» была прэзентавана ўлетку 2005 года, і група «Разам» паставіла сабе за мэту спрыянне аб’яднанню апазіцыйных палітычных сіл з нагоды рэалізацыі гэтай стратэгічнай прапановы — у прыватнасці, была пасярэднікам у перамовах паміж Уладзімірам Мацкевічам як галоўным распрацоўшчыкам стратэгіі і Аляксандрам Мілінкевічам як патэнцыйным адзіным кандыдатам у прэзідэнты ад дэмакратычных сіл[2][6]. Па выніках перамоў у жніўні 2005 года «Стратэгія-2006» была ўхвалена Аляксандрам Мілінкевічам, але не прынята да дзеяння яго камандай[5][6]. Такім чынам, яшчэ да абрання Аляксандра Мілінкевіча адзіным кандыдатам у прэзідэнты на Кангрэсе дэмакратычных сіл у кастрычніку 2005 года, не дасягнуўшы пастаўленай мэты, група «Разам» фактычна спыніла сваё існаванне[7][8].

Заснаванне кансорцыума і разгортванне дзейнасці[правіць | правіць зыходнік]

Утварэнню Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь» папярэднічаў працяг шчыльнага супрацоўніцтва Уладзіміра Мацкевіча і аднаўлённага ім пасля кіеўскай АДГ Агенцтва гуманітарных тэхналогій (АГТ) з шэрагам лідараў НДА, якія ўтваралі былую групу «Разам». Супрацоўніцтва, у прыватнасці, разгортвалася ў такіх сферах, як паляпшэнне якасці жыцця і развіццё мясцовых супольнасцей, грамадзянская адукацыя і, нарэшце, арганізацыя дзеянняў грамадзянскай супольнасці ў працэсах еўрапеізацыі Беларусі[1][5]. Адным з супольных дзеянняў будучых удзельнікаў «ЕўраБеларусі» ўвосень 2006 года было стварэнне грамадскай ініцыятывы ў падтрымку акцыі «Пост-галадоўка» па абароне будынка Царквы хрысціян поўнага Евангелля «Новае жыццё» (Мінск), якая разгортвалася паводле схем «Стратэгіі-2006»[5][7][9].

Заснаванне Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь» як некамерцыйнага аб’яднання юрыдычных і прыватных асоб адбылося ў 2007 годзе[10][11] — у сітуацыі, калі пачалося назірацца паляпшэнне адносін паміж Беларуссю і Еўрапейскім Саюзам[12] і як след разумення лідарамі НДА, якія да таго часу ўжо мелі вялікі досвед міжнароднага супрацоўніцтва, неабходнасці ўзмацнення важкасці голасу і ўплыву НДА на ўзроўні беларускага грамадства і еўрапейскіх структур[13].

Першапачаткова кансорцыум быў створаны ў якасці інфраструктурнага кампанента праекта некамерцыйнай арганізацыі «Еўрапейскі Дом» (Det Europæiske Hus, Данія) з тэхнічнай мэтай развіцця інтэрнэт-пляцоўкі EuroBelarus.Info па заканчэнні рэалізацыі праекта «Падтрымка развіцця патэнцыялу і сеткавага ўзаемадзеяння мясцовых органаў улады і грамадскіх аб’яднанняў у Рэспубліцы Беларусь», фундаванага Еўрапейскай камісіяй[10].

Заснавальнікамі кансорцыума былі Улад Вялічка[14], Таццяна Пашавалава[15] і Лінэ Фрыдэнсберг Петэрсэн[16].

У сярэдзіне 2008 года асноўнае кола заснавальнікаў кансорцыума вырашыла пашырыць праграму дзейнасці і запрасіла да супрацоўніцтва шырэйшы спектр арганізацый, якія падзяляюць ідэю праеўрапейскага развіцця Беларусі як паўнапраўнага суб’екта еўрапейскіх адносін[10].

У пачатку 2009 года адбылася серыя сустрэч з мэтай фармавання бачання, місіі і праграмы дзейнасці «ЕўраБеларусі». У тым жа годзе падчас сустрэчы ў Літве была вызначана новая пашыраная структура кансорцыума[10][17].

У 2010 годзе, як вынік развіцця супрацоўніцтва ў межах Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь», яго ўдзельнікі прынялі ў якасці доўгатэрміновай праграмы сваёй дзейнасці распрацаваную Уладзімірам Мацкевічам праграму культурнай палітыкі, у якой ставіцца на мэце пераўтварэнне Беларусі ад савецкай рэспублікі да сучаснай незалежнай еўрапейскай дзяржавы[11][12][18].

З 2012 года Міжнародны кансорцыум «ЕўраБеларусь» быў сталым сябрам Асацыяцыі агенцтваў мясцовай дэмакратыі[en] (Association of Local Democracy Agencies, ALDA)[19].

У 2019 годзе «ЕўраБеларусь» спыніла існаванне як кансорцыум.

Кіраўніцтва і структура[правіць | правіць зыходнік]

Кіраўніком Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь» з’яўляўся Улад Вялічка[14] (да 2014 года займаемая ім пасада называлася «старшыня», у 2014—2019 гадах — «генеральны дырэктар»[20]).

З 2011 года кансорцыум меў выбарны орган — Раду. Першым яе кіраўніком цягам пяці гадоў быў Уладзімір Мацкевіч[20].

Арганізацыі-удзельнікі кансорцыума[21]:

  • Міжнародная няўрадавая арганізацыя «EuroBelarus» — зарэгістраванае ў 2009 годзе ў Літве міжнародная некамерцыйная арганізацыя[22];
  • Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі — беларускі незалежны аналітычны цэнтр (англ.: think tank), заснаваны Міжнароднай НДА «EuroBelarus» у 2010 годзе[21][23];
  • Агенцтва гуманітарных тэхналогій (Беларусь) — нефармальны філасофска-метадалагічны гурток, які аб’ядноўвае калег і вучняў філосафа і метадолага Уладзіміра Мацкевіча, у межах якога вядзецца сумесная работа па развіцці канцэптуальных і метадалагічных ідэй праграмы культурнай палітыкі для Беларусі і гуманітарных тэхналогій[24];
  • Грамадскае аб’яднанне «Цэнтр сацыяльных інавацый» (Беларусь);
  • Грамадскае аб’яднанне «Адукацыйны цэнтр „ПОСТ“» (Беларусь);
  • Фонд развіцця прававых тэхналогій (Украіна)/Асветніцкая ўстанова «Цэнтр прававой трансфармацыі» (Беларусь);
  • Грамадскае аб’яднанне «Экадом» (Беларусь);
  • Асветніцкае грамадскае аб’яднанне «Фонд імя Льва Сапегі» (Беларусь);
  • Грамадскае аб’яднанне «Беларуская арганізацыя працоўных жанчын» (Беларусь);
  • Грамадскае аб’яднанне «Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-калясачнікаў» (Беларусь);
  • Ліберальны саюз адукацыі дарослых (Liberal Oplysninger Forbund, Данія);
  • «Еўрапейскі Дом» (Det Europæiske Hus, Дания);
  • Фонд SEED (The SEED Foundation, Нідэрланды).

У ліпені 2011 года створана Служба інфармацыі «ЕўраБеларусі», і сайт EuroBelarus.Info да 2017 года дзейнічаў як інфармацыйны рэсурс, які асвятляе тэматыку развіцця беларускай грамадзянскай супольнасці і беларуска-еўрапейскіх адносін[11][12].

Пачынаючы з лютага 2012 года ў Вільнюсе (Літва) дзейнічаў офіс Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь»[25][26].

Місія і задачы[правіць | правіць зыходнік]

У якасці місіі Міжнароднага кансорцыума «ЕўраБеларусь» заяўляў: стымуляванне і падтрымка праеўрапейскага развіцця Беларусі як паўнапраўнага суб’екта еўрапейскіх адносін на ўсіх магчымых узроўнях, а таксама развіццё, фарміраванне і прасоўванне пазіцыі грамадзянскай супольнасці як роўнага, кампетэнтнага і прадстаўнічага суб’екта ў беларускім грамадстве і беларуска-еўрапейскім супрацоўніцтве на аснове ідэй і прынцыпаў праграмы культурнай палітыкі і Еўрапейскай Хартыі актыўнай грамадзянскасці (European Charter of Active Citizenship)[11].

У ліку асноўных задач «ЕўраБеларусі» называлася:

  • Умацаванне і развіццё сферы публічнай палітыкі (public policy) у Беларусі, якая павінна фарміравацца з удзелам грамадзянскай супольнасці на прынцыпах кампетэнтнасці, адкрытасці, празрыстасці і грамадскага кантролю;
  • Павышэнне якасці інфармацыйнага і аналітычнага забеспячэння прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці Беларусі, а таксама іх мясцовых і міжнародных партнёраў;
  • Арганізацыйнае развіццё суб’ектаў грамадзянскай супольнасці, іх актыўны і ўсвядомлены ўдзел у працэсах дэсаветызацыі, беларусізацыі і еўрапеізацыі;
  • Развіццё камунікатыўных пляцовак і іншых відаў платформ, накіраваных на абмеркаванне праблематыкі беларуска-еўрапейскіх адносін і актыўнай грамадзянскасці ў Беларусі і Еўропе[11].

Дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

За час свайго існавання Міжнародны кансорцыум «ЕўраБеларусь» рэалізаваў шэраг ініцыятыў у фармаце публічных слуханняў, канферэнцый, круглых сталоў, інфармацыйных кампаній і кампаній па прасоўванні грамадскіх інтарэсаў[11].

Ад самага абвяшчэння ініцыятывы ЕС «Усходняе партнёрства» ў 2009 годзе кансорцыум браў актыўны ўдзел у дзейнасці Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства[en] (ФГС УП), з’яўляўся ініцыятарам стварэння Беларускай нацыянальнай платформы ФГС УП[11]. Прадстаўнікі «ЕўраБеларусі» двойчы займалі пасады кіраўнікоў Форума (Улад Вялічка — у 2010—2011 гадах, Андрэй Ягораў — у 2014—2015 гадах)[20], а таксама ўвесь час уваходзілі ў склад Кіруючага камітэта ФГС УП[27]. У студзені 2016 года Улад Вялічка ў другі раз быў абраны сустаршынёй Кіруючага камітэта ФГС УП[20].

Кансорцыум належаў да ліку арганізатараў Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі[28], Міжнароднай PhD-праграмы (дактарантуры) для Беларусі[29], Біржы арганізацыйнага развіцця[30] ды інш.

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б Мацкевич В. Современное состояние гражданского общества [Электронный ресурс] // EuroBelarus.Info. — Веб-сайт Службы информации «ЕвроБеларуси». — 29.07.2010. — Дата доступа: 09.01.2016. — Режим доступа: http://eurobelarus.info/news/archive/2010/07/29/vladimir-matskevich-sovremennoe-sostoyanie-grazhdanskogo-obschestva-.html, свободный. — Загл. с экрана.
  2. а б в Стратегия-2006 / В. Мацкевич [Электронный ресурс] // Дыярыюш Рушэньня. Журнал движения. — Веб-сайт Владимира Мацкевича. — 25.06.2005. — Дата доступа: 09.01.2016. — Режим доступа: http://worvik.org/news/2005/07/25/29 Архівавана 5 верасня 2017., свободный. — Загл. с экрана.
  3. а б Чавусаў Ю. Як выбіралі адзінага кандыдата-2006 [2]: стратэгія, тактыка, планаваньне [Электронны рэсурс] // Наше мнение. — Вэб-сайт экспертнай супольнасці Беларусі. — 05.12.2012. — Дата доступу: 09.01.2016. — Рэжым доступу: http://nmnby.eu/news/analytics/5019.html, вольны. — Загал. з экрана.
  4. «Разам» шукала пераможную стратэгію // Бюлетэнь Асамблеі НДА. — 2005. — Чэрвень. — С. 43 [Электронны рэсурс] // Kamunikat.org. — Беларуская інтэрнэт-бібліятэка. — Дата доступу: 09.01.2016. — Рэжым доступу: http://kamunikat.fontel.net/pdf/biuleten/2005/czervien.pdf Архівавана 5 сакавіка 2016., вольны. — Загал. з экрана.
  5. а б в г Хронология разворачивания программы Культурной политики в Беларуси [Электронный ресурс] // EuroBelarus.Info. — Веб-сайт Службы информации «ЕвроБеларуси». — Дата доступа: 09.01.2016. — Режим доступа: http://eurobelarus.info/news/society/1994/01/01/chronology.html Архівавана 7 ліпеня 2014., свободный. — Загл. с экрана.
  6. а б Нам необходим реальный политический субъект. Интервью с Ириной Сухий [Электронный ресурс] // Дыярыюш Рушэньня. Журнал движения. — Веб-сайт Владимира Мацкевича. — 24.08.2005. — Дата доступа: 09.01.2016. — Режим доступа: http://worvik.org/news/2005/08/24/43 Архівавана 5 верасня 2017., свободный. — Загл. с экрана.
  7. а б Мацкевич В. Возвращаясь вновь и вновь… (Снова о Стратеги. Всем критикам «разам») [Электронный ресурс] // EuroBelarus.Info. — Веб-сайт Службы информации «ЕвроБеларуси». — 06.04.2011. — Дата доступа: 09.01.2016. — Режим доступа: http://eurobelarus.info/news/archive/2011/04/06/vladimir-matskevich-vozvraschayas--vnov--i-vnov-snova-o-strategi--vsem-kritikam--razam-.html, свободный. — Загл. с экрана.
  8. Мацкевич В. Диалог про НГО [Электронный ресурс] // Дыярыюш Рушэньня. Журнал движения. — Веб-сайт Владимира Мацкевича. — 03.11.2005. — Дата доступа: 09.01.2016. — Режим доступа: http://worvik.org/news/2005/11/03/118 Архівавана 5 верасня 2017., свободный. — Загл. с экрана.
  9. Андрей Егоров: Причины успеха акции «Пост-голодовка» [Электронный ресурс] // EuroBelarus life. — Канал Службы информации «ЕвроБеларуси» в YouTube. — 30.04.2011. — Дата доступа: 09.01.2016. — Режим доступа: https://www.youtube.com/watch?v=5Ihr0zNtsBM, свободный. — Загл. с экрана.
  10. а б в г Гісторыя [Электронны рэсурс] // EuroBelarus.Info. — Вэб-сайт Службы інфармацыі «ЕўраБеларусі». — Дата доступу: 09.01.2016. — Рэжым доступу: http://eurobelarus.info/news/archive/2007/08/17/g--storyya.html, вольны. — Загал. з экрана.
  11. а б в г д е ё Консорциум [Электронный ресурс] // EuroBelarus.Info. — Веб-сайт Службы информации «ЕвроБеларуси». — Дата доступа: 09.01.2016. — Режим доступа: http://eurobelarus.info/consortium/, свободный. — Загл. с экрана.
  12. а б в Столярова О. Истории успеха: Влад Величко: «Большинство до сих пор воспринимает третий сектор, как некое сообщество благотворительных деятелей» [Электронный ресурс] // Orgconsulting.by. — Веб-сайт Биржи организационного развития. — 27.12.2013. — Дата доступа: 09.01.2016. — Режим доступа: http://orgconsulting.by/news/id/2867/ Архівавана 5 сакавіка 2016., свободный. — Загл. с экрана.
  13. Тамковіч А. Л. Улад Вялічка // «Арытмія, альбо Код супраціву» / А. Л. Тамковіч. — Смаленск, 2012. — С. 118 [Электронны рэсурс] // EuroBelarus.Info. — Вэб-сайт Службы інфармацыі «ЕўраБеларусі». — Дата доступу: 09.01.2016. — Рэжым доступу: http://eurobelarus.info/news/archive/2007/08/17/g--storyya.html, вольны. — Загал. з экрана.
  14. а б Улад Вялічка [Электронны рэсурс] // EuroBelarus.Info. — Вэб-сайт Службы інфармацыі «ЕўраБеларусі». — 12.11.2007. — Дата доступу: 15.01.2016. — Рэжым доступу: http://eurobelarus.info/news/archive/2007/11/12/ulad-vyal--chka.html, вольны. — Загал. з экрана.
  15. Таццяна Пашэвалава [Электронны рэсурс] // EuroBelarus.Info. — Вэб-сайт Службы інфармацыі «ЕўраБеларусі». — 08.11.2007. — Дата доступу: 15.01.2016. — Рэжым доступу: http://eurobelarus.info/news/archive/2007/11/08/tatstsyana-pashevalava.html, вольны. — Загал. з экрана.
  16. Лінэ Петэрсэн [Электронны рэсурс] // EuroBelarus.Info. — Вэб-сайт Службы інфармацыі «ЕўраБеларусі». — 08.11.2007. — Дата доступу: 15.01.2016. — Рэжым доступу: http://eurobelarus.info/news/archive/2007/11/08/l--ne-petersen.html, вольны. — Загал. з экрана.
  17. ЕвроБеларусь [Электронный ресурс] // Methodology.by. — Веб-сайт Агентства гуманитарных технологий. — 27.09.2010. — Дата доступа: 09.01.2016. — Режим доступа: http://methodology.by/?page_id=20. — Загл. с экрана.
  18. Культурная политика [Электронный ресурс] // EuroBelarus.Info. — Веб-сайт Службы информации «ЕвроБеларуси». — Дата доступа: 09.01.2016. — Режим доступа: http://eurobelarus.info/cultural-policy/, свободный. — Загл. с экрана.
  19. Members [Electronic resource] // Association of Local Democracy Agencies. — ALDA website. — Access date: 09.01.2016. — Access mode: http://www.alda-europe.eu/newSite/members.php Архівавана 30 снежня 2015., free. — Title screen.
  20. а б в г Имена [Электронный ресурс] // EuroBelarus.Info. — Веб-сайт Службы информации «ЕвроБеларуси». — Дата доступа: 09.01.2016. — Режим доступа: http://eurobelarus.info/names/ Архівавана 5 мая 2015., свободный. — Загл. с экрана.
  21. а б Организации-участники [Электронный ресурс] // EuroBelarus.Info. — Веб-сайт Службы информации «ЕвроБеларуси». — Дата доступа: 09.01.2016. — Режим доступа: http://eurobelarus.info/consortium/organizers/ Архівавана 4 лютага 2016., свободный. — Загл. с экрана.
  22. Tarptautinė visuomeninė organizacija EuroBelarus [Elektroninis išteklius] // InfoKatalogas.lt. — Interneto svetainė. — Prieiga data: 09.01.2016. — Prieiga režimas: http://www.infokatalogas.lt/tarptautine-visuomenine-organizacija-eurobelarus-302418019/ Архівавана 5 верасня 2017., nemokama. — Pavadinimas ekranas.
  23. Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі [Электронны рэсурс] // Цэнтр еўрапейскай трансфармацыі. — Вэб-сайт ЦЕТ. — Дата доступу: 09.01.2016. — Рэжым доступу: http://cet.eurobelarus.info/by/about/, вольны. — Загал. з экрана.
  24. АГТ-ЦСИ [Электронный ресурс] // Methodology.by. — Веб-сайт Агентства гуманитарных технологий. — 27.09.2010. — Дата доступа: 09.01.2016. — Режим доступа: http://methodology.by/?page_id=14, свободный. — Загл. с экрана.
  25. В Вильнюсе открылся офис организаций «ЕвроБеларусь» и «Форум Сюд» [Электронный ресурс] // Delfi. — Информационный интернет-портал. — 21.02.2012. — Дата доступа: 09.01.2016. — Режим доступа: http://ru.delfi.lt/news/live/v-vilnyuse-otkrylsya-ofis-organizacij-evrobelarus-i-forum-syud.d?id=55771637, свободный. — Загл. с экрана; В Вильнюсе открылся офис «ЕвроБеларуси» [Электронный ресурс] // EuroBelarus.Info. — Веб-сайт Службы информации «ЕвроБеларуси». — 21.02.2012. — Дата доступа: 09.01.2016. — Режим доступа: http://eurobelarus.info/news/society/2012/02/21/office.html, свободный. — Загл. с экрана.
  26. Контакты [Электронный ресурс] // EuroBelarus.Info. — Веб-сайт Службы информации «ЕвроБеларуси». — Дата доступа: 09.01.2016. — Режим доступа: http://eurobelarus.info/contacts/, свободный. — Загл. с экрана.
  27. Паводле вэб-сайта Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства: http://eap-csf.eu/.
  28. Арганізатары [Электронны рэсурс] // Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі. — Вэб-сайт Кангрэса. — Дата доступу: 09.01.2016. — Рэжым доступу: http://icbs.palityka.org/arhanizatary/, вольны. — Загал. з экрана.
  29. Пра праграму [Электронны рэсурс] // Міжнародная PhD-праграмы для Беларусі. — Вэб-сайт праграмы. — Дата доступу: 09.01.2016. — Рэжым доступу: http://phd.palityka.org/pra-phd/ Архівавана 5 сакавіка 2016., вольны. — Загал. з экрана.
  30. О проекте [Электронный ресурс] // Orgconsulting.by. — Веб-сайт Биржи организационного развития. — Дата доступа: 09.01.2016. — Режим доступа: http://orgconsulting.by/about/ Архівавана 22 лютага 2016., свободный. — Загл. с экрана.