Перайсці да зместу

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі (2006)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
< 2001   2010 >
Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі
19 сакавіка 2006 года
Яўка: 83,86%
Кандыдат: Аляксандр Лукашэнка Аляксандр Мілінкевіч Сяргей Гайдукевіч
Партыя: самавылучэнне самавылучэнне ЛДПБ
Галасоў: 5 501 249
(82,97 %)
405 486
(6,12 %)
230 664
(3,48 %)
Кандыдат: Аляксандр Казулін
Партыя: БСДП
Галасоў: 147 402
(2,23 %)

Вынік выбараў: Аляксандр Лукашэнка абраны Прэзідэнтам Беларусі
Палітыка
Беларусь

Артыкул — частка серыі:
Палітычная сістэма
Беларусі

Канстытуцыя Беларусі


Прэзідэнт Беларусі


Савет Міністраў


Нацыянальны сход


Судовая сістэма



Адміністрацыйная сістэма


Выбары

  • Палітычныя партыі
  • Рэферэндумы:
  • Парламенцкія выбары:
  • Прэзідэнцкія выбары:

Прэзідэ́нцкія вы́бары ў Белару́сі прайшлі 19 сакавіка 2006 года. Выбары прэзідэнта Беларусі праводзіліся ў трэці раз. На папярэдніх двух у 1994 і 2001 гадах перамогу атрымаў Аляксандр Лукашэнка, ён жа атрымаў перамогу і на гэтых выбарах.

Перадвыбарчае становішча

[правіць | правіць зыходнік]

15 снежня 2005 года Лукашэнка сустрэўся з расійскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным у Сочы, дзе заявіў: «Вы ведаеце, што мы напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, ведаеце, што вакол нашай краіны адбываецца, таму я хачу Вас таксама праінфармаваць у гэтым плане. І Вы мне абяцалі сёе-тое расказаць». Наступныя тры гадзіны перамоў праходзілі за зачыненымі дзвярыма[1]. На наступны дзень Палата прадстаўнікоў прызначыла датэрміновыя прэзідэнцкія выбары на 19 сакавіка 2006 года. Паводле тэрміну яны мусілі адбыцца ў ліпені[2].

Гэтыя выбары сталі трэцімі прэзідэнцкімі з часу здабыцця Беларуссю незалежнасці ў 1991 годзе. Лукашэнка атрымаў дазвол на трэці тэрмін пасля правядзення 17 кастрычніка 2004 года рэферэндуму, што зняў канстытуцыйнае абмежаванне прэзідэнцтва двума тэрмінамі. Паводле Канстытуцыі са зменамі 1996 года прэзідэнт валодаў настолькі шырокімі паўнамоцтвамі, што тыя прадухілялі падзяленне ўлады[3]. Працягласць двух штогадовых скліканняў Нацыянальнага сходу абмяжоўвалася 170 днямі. Тым часам, прэзідэнцкія дэкрэты, выдадзеныя ў часе перапынку працы НС, набывалі сілу закона. Пры пярэчанні гэтых дэкрэтаў закону яны мелі над ім пераважную сілу.

За перадвыбарчыя гады абласныя арганізацыі шэрагу апазіцыйных партый пазбавілі ўліку і зачынілі па прычыне неадпаведнасці патрабаванню аб пераўліку пад юрыдычным адрасам[4][5]. Паводле вынікаў парламенцкіх выбараў 2004 года апазіцыйныя партыі не мелі ніводнага дэпутата ў 110-мясцовай Палаце прадстаўнікоў. Таксама абмяжоўвалася дзейнасць няўрадавых аб’яднанняў. У 2005 годзе пазбавілі ўліку 68 НУА. З 1284 заявак таго ж года на ўтварэнне новых НУА Міністэрства юстыцыі задаволіла толькі 61 (5 %)[4].

Прававыя ўмовы

[правіць | правіць зыходнік]

Выбары праводзіліся паводле Выбарчага кодэксу ад 2000 года, што абмяжоўваў грамадзянскія правы і агітацыю і не прадухіляў умяшання ў галасаванне і падлік галасоў[6]. Артыкул 13 ВК забараняў назіральнікам знаходзіцца ля сталоў выдачы бюлеценяў, што замінала вызначыць колькасць выбаршчыкаў у спісе ўчастка і выдадзеных ім бюлеценяў, а таксама сачыць за падлікам галасоў. ЦВК забараніў выкарыстанне кандыдатамі на агітаванне ўласных прыватных сродкаў і прамых ахвяраванняў[6]. Падчас 5 дзён датэрміновага галасавання ўчастковыя выбарчыя камісіі працавалі ў складзе 2 чалавек[7]. Для правядзення правамоцных выбараў у адзін тур патрабаваўся ўдзел 50 % выбаршчыкаў, уключаных у спісы, і набор адным з кандыдатаў больш, як паловы пададзеных галасоў[8].

Паводле закону «Аб масавых мерапрыемствах» у рэдакцыі ад 1997 года на правядзенне публічнага сходу патрабаваўся дазвол мясцовага органа ўлады. Заяўка на сход мусіла падавацца за 15 дзён да прапанаванай даты яго правядзення. У 2005 годзе ў Крымінальны кодэкс былі ўнесены папраўкі, паводле адной з якіх першая частка 193-га артыкула КК стала прадугледжваць крымінальную адказнасць з пазбаўленнем волі тэрмінам да 2 гадоў за ўдзел у незарэгістраваным або ліквідаваным грамадскім аб’яднанні або партыі.

Падрыхтоўка і правядзенне

[правіць | правіць зыходнік]

Правядзеннем прэзідэнцкіх выбараў займаліся Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, 165 тэрытарыяльных выбарчых камісіяў і 6586 участковых выбрачых камісісяў. 41 УВК працавала на ўчастках пры дыпламатычных прадстаўніцтвах Беларусі за мяжой.

ЦВК працавала на сталай аснове і складалася з 12 асоб, першую палову з якіх прызначыў Лукашэнка, другую — ускосна абіраемы Савет Рэспублікі[9]. Тэрмін паўнамоцтваў ЦВК, які складае 5 гадоў, сканчаўся ў студзені 2007 года.

Сярод ТВК было 7 абласнога ўзроўню (з Мінскам), 6 гарадскіх і 152 раённыя выбарчыя камісіі. Амаль кожная з іх налічвала па 13 членаў. Склад ТВК на сваіх супольных паседжаннях, праведзеных да 28 снежня 2005 года ўключна, вызначылі мясцовыя заканадаўчыя і выканаўчыя органы ўлады. З 2124 прызначаных было[10]:

  1. 44,8 % самавылучэнцаў;
  2. 23,4 % ад рабочых калектываў;
  3. 19,6 % ад грамадскіх аб’яднанняў;
  4. 9,6 % чыноўнікаў мясцовых органаў кіравання;
  5. 2,6 % ад палітычных партый, у тым ліку 2,2 % (47 асоб) ад праўладнай Камуністычнай партыі.

Мясцовыя органы выканаўчай улады прызначылі членаў УВК да 1 лютага 2006 года. З прызначаных было:

  1. 49,3 % самавылучэнцаў (грамадзяне, вылучаныя шляхам падачы заявы);
  2. 35,4 % ад рабочых калектываў;
  3. 10,1 % ад грамадскіх аб’яднанняў;
  4. 5 % чыноўнікаў мясцовых органаў кіравання;
  5. 0,2 % ад партый.

Большасць вылучаных апазіцыяй прадстаўнікоў у склад выбарчых камісіяў не дапусцілі.

Улік вылучэнцаў

[правіць | правіць зыходнік]
Аляксандр Лукашэнка

Вылучэнне праводзілася ініцыятыўнымі групамі колькасцю не менш як у 100 выбаршчыкаў, што мусілі звярнуцца ў ЦВК за рэгістрацыяй не менш як за 85 дзён да выбараў цягам 7 дзён з часу іх абвяшчэння. Для рэгістрацыі вылучэнца патрабавалася цягам 30-дзённага тэрміна, што пачынаўся за 80 дзён да выбараў, сабраць і падаць за яго 100 000 подпісаў выбаршчыкаў. 27 снежня 2005 года ЦВК зарэгістравала 8 ініцыятыўных груп:

Аляксандр Мілінкевіч
  • 5135 — за Аляксандра Мілінкевіча, вылучэнца ад апазіцыйнага Кангрэса дэмакратычных сіл, што адбыўся ў кастрычніку 2005 года.
  • 2354 — за Зянона Пазняка, старшыню КХП-БНФ. З красавіка 1996 года пражывае ў ЗША. Паводле закону кандыдат мусіў пражыць у Беларусі 10 перадвыбарных гадоў, аднак у 2001 годзе Канстытуцыйны суд дазволіў яму балатавацца. Пасля прыпынення пракуратурай крымінальнай справы супраць Пазняка за артыкулы, надрукаваныя ў газетах «Свабода» і «Пагоня»[11], за ўлік яго ініцыятыўнай групы прагаласавала 7 членаў ЦВК, супраць — 5. Адмовіўся ад удзелу ў выбарах 26 студзеня[12].
  • 143 — за Сяргея Скрабца. Адмовіўся ад удзелу ў выбарах 26 студзеня на карысць Казуліна.
  • 1151 — за Валерыя Фралова, дэпутата Палаты прадстаўнікоў 2-га склікання і генерала. Адмовіўся ад удзелу ў выбарах 1 лютага на карысць Казуліна, не сабраўшы дастатковай колькасці подпісаў.

Дастатковую колькасць подпісаў у ТВК падалі:

  1. Гайдукевіч;
  2. Казулін;
  3. Лукашэнка;
  4. Мілінкевіч.

Праверка пададзеных подпісаў доўжылася 15 дзён. З 27 студзеня да 11 лютага вылучэнцы мусілі падаць у ЦВК дэкларацыі аб даходах і маёмасці за сябе і блізкіх сваякоў. 17 лютага ЦВК зарэгістравала 4 кандыдатаў.

Улік выбаршчыкаў

[правіць | правіць зыходнік]

Зводнага спісу выбаршчыкаў на ўзроўні вышэйшым за ўчастак не існавала[13]. УВК удакладнілі спісы выбаршчыкаў, атрыманыя ў мясцовых органаў кіравання, да 4 сакавіка 2006 года. 9 сакавіка сакратар ЦВК абвясціў аб уліку 7 020 000 выбаршчыкаў. Аднак выніковую колькасць выбаршчыкаў, што склала 7 153 978 чалавек, абвясцілі толькі адначасна з вынікамі выбараў 23 сакавіка.

Перадвыбарнае агітаванне

[правіць | правіць зыходнік]
Агітацыйны стэнд у Мінску

17 лютага 2006 года распачалося афіцыйнае перадвыбарнае агітаванне[14], дагэтуль забароненае паводле ВК. Тэлеканал «АНТ» трансліраваў канцэрты і іншыя мерапрыемствы кампаніі «За Беларусь!», падчас якіх чыноўнікі заклікалі галасаваць за Лукашэнку. Астатнім вылучэнцам дазволілі скарыстаць толькі бясплатны эфірны час. Чыноўнікі агітавалі за Лукашэнку і абмяжоўвалі агітацыю за апазіцыйных кандыдатаў — Казуліна і Мілінкевіча[15][16]. Ужываліся пагрозы звальнення і арышты членаў іх ініцыятыўных груп. Таксама ажыццяўлялася запалохванне журналістаў няўрадавых газетаў[17]. Мясцовыя органы ўлады канфіскоўвалі апазіцыйныя ўлёткі і штрафавалі за іх распаўсюджванне, а таксама заміналі сходам апазіцыі. Да 18 сакавіка 8 з 30 давераных асоб Аляксандра Мілінкевіча знаходзіліся пад вартаю або ў зняволенні, у тым ліку старшыня Партыі Беларускага народнага фронту Вінцук Вячорка і старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Такія ж захады ўжылі да 80 удзельнікаў перадвыбарнай кампаніі Казуліна. Апазіцыйных агітавальнікаў, да таго ж, прыгняталі частымі спыненнямі для абшуквання[18].

2 сакавіка пры спробе рэгістрацыі на зладжаны ўрадам[18][19] 3-ці Усебеларускі народны сход гвалтоўна затрымалі Казуліна. Прысутных журналістаў таксама збілі. Да таго ж, стралялі па аўтамабілі члена перадвыбарнага штаба Казуліна Юрыя Радзівіла. Падчас затрымання Казуліна звінавацілі ў двух правапарушэннях, што падпадалі пад Крымінальны кодэкс.

На прэс-нарадзе 16 сакавіка старшыня КДБ, генеральны пракурор і міністр унутраных спраў заявілі, што апазіцыя рыхтуе сілавы захоп улады ў дзень выбараў, а ўдзельнікі пратэстаў у той дзень будуць лічыцца тэрарыстамі паводле артыкула 289 Крымінальнага кодэксу. Лукашэнка ў тэлезвароце 17 сакавіка пагражаў прыхільнікам апазіцыі пераследам. Яго перадвыбарчы штаб таксама пагражаў дабрабыту выбарцаў, што бралі ўдзел у недазволеных агітацыйных сходах апазіцыі[18].

Усё агульнакраёвае электроннае вяшчанне знаходзілася ва ўладанні дзяржавы. У перадвыбарныя гады зачынілі шэраг няўрадавых выданняў. Не выдавалася ніводнай незалежнай штодзённай газеты. 3 сакавіка міліцыянты затрымалі ўвесь тыраж «Народнай волі» ў 250 000 асобнікаў. 13 сакавіка смаленская друкарня па палітычнай прычыне[20] скасавала дамову на выданне гэтага выдання, а таксама газетаў «Таварыш» і «БДГ». 14 сакавіка тыраж «Народнай волі» зноў затрымалі. 17 сакавіка гэты захад ужылі да 190 000 асобнікаў «Таварыша». У выніку дадзеныя газеты аднавілі сваё выданне толькі пасля выбараў. Журналістаў затрымлівалі і арыштоўвалі пры выкананні службовых абавязкаў.

Старшыня ЦВК забараніла прыватным газетам друкаваць перадвыбарную рэкламу, аднак пазней не пярэчыла друку перадвыбарнай праграмы Лукашэнкі[21]. 8 лютага ЦВК прыняла пастанову аб наданні права апублікаваць кожнаму кандыдату па 5 машынапісных старонак тэксту агітацыйных матэрыялаў у 7 дзяржаўных газетах і запісаць на дзяржаўных тэлебачанні і радыё па дзве праграмныя заявы працягласцю да 30 хвілін. Агітацыйныя выступленні трансліраваліся з 21 лютага па 6 сакавіка. Аднак БТ выразала частку першага тэлезвароту Казуліна за абвінавачанні Лукашэнкі і яго двух сыноў. 6 сакавіка дзяржаўнае радыё адцэнзуравала радыёзвароты Казуліна і Мілінкевіча[22]. З выступлення першага выразалі 7 хвілін крытыкі Лукашэнкі, а другога — 1 хвіліну. Да таго ж, праграму Мілінкевіча не надрукавалі ва ўрадавых газетах. 2 і 3 сакавіка ўсе ўрадавыя тэлеканалы ў прамым эфіры трансліравалі выступ Лукашэнкі на зладжаным урадам 3-м Усебеларускім народным сходзе. 9 сакавіка на «АНТ» выйшла гутарковая перадача «Выбар». Яе паказвалі ў запісе, аднак прапаноўвалі прагаласаваць тэлефанаваннем за ўпадабанага кандыдата. Пры гэтым перад заканчэннем перадачы вядучы заявіў, што па выніках апытання Лукашэнка атрымаў 78 % галасоў.

Да 17 сакавіка 2006 года ЦВК атрымаў 231 скаргу. Для іх разгляду з 18 студзеня не праводзілася ніводнага паседжання. На большасць з іх адказала старшыня ЦВК. Напярэдадні выбараў мясцовыя суды выносілі абвінаваўчыя прысуды за несанкцыяваныя сустрэчы з выбаршчыкамі прадстаўнікам апазіцыйных кандыдатаў у парадку паскоранага судаводства.

На паседжанні 23 сакавіка ЦВК адхіліла скаргі Казуліна і Мілінкевіча з патрабаваннем прызнаць выбары несапраўднымі. 5 красавіка Вярхоўны суд таксама адхіліў іх заявы[23].

У ТВК і УВК зарэгістравалі каля 32 тысяч назіральнікаў, большасць з якіх ад супрацоўнікаў урадавых прадпрыемстваў, прыхільных Лукашэнку грамадскіх аб’яднанняў і чыноўнікаў. На папярэдніх выбарах незарэгістраваная грамадзянская ініцыятыва «Партнёрства» каардынавала дзейнасць каля 3 тысяч назіральнікаў. Аднак 21 лютага супрацоўнікі КДБ правялі ператрусы па ўсёй Беларусі кватэраў шэрагу членаў «Партнёрства», а таксама сядзібаў ініцыятывы[24]. КДБ таксама арыштавала 4 лідараў «Партнёрства»[25], што перашкодзіла арганізацыі шырокага назірання за выбарамі. 23 лютага КДБ абвінаваціў іх у кіраўніцтве незарэгістраванай арганізацыяй, пасля арышту ў падрыхтоўцы сілавога захопу ўлады.

Сваіх назіральнікаў выставіў Беларускі Хельсінкскі камітэт. Праваабарончы цэнтр «Вясна», пазбаўлены рэгістрацыі ў 2003 годзе, у адрозненні ад папярэдніх выбараў назіранне за выбарамі не праводзіў. Перадвыбарчыя штабы Гайдукевіча і Лукашэнкі заявілі аб выстаўленні больш як 20 тысяч назіральнікаў ад кожнага[26].

Галасаванне і падлік галасоў

[правіць | правіць зыходнік]

Кіраўнікі ўрадавых прадпрыемстваў загадвалі сваім супрацоўнікам прагаласаваць датэрмінова з 14 да 18 сакавіка пад пагрозаю звальнення[27]. Студэнтаў таксама прымушалі прагаласаваць датэрмінова. У выніку яўка на датэрміновым галасаванні склала 31 %, што істотна перавысіла паказчык папярэдніх выбараў 2004 года ў 17 %. Паводле дадзеных ЦВК да заканчэння галасавання прагаласавала 92,6 % выбаршчыкаў. На 8 % участкаў адносна падліку галасоў у выбарчыя камісіі падалі афіцыйныя скаргі. Заканадаўства не надзяляла назіральнікаў правам атрымліваць афіцыйную копію пратакола аб выніках галасавання. ВК таксама не прадуледжваў апублікаванне дадзеных аб выніках галасавання выбарчымі камісіямі ўсіх узроўняў.

Падзеі пасля выбараў

[правіць | правіць зыходнік]
19 сакавіка
Намётавы гарадок на Кастрычніцкай плошчы. 21 сакавіка

Увечары 19 сакавіка Казулін і Мілінкевіч заявілі прысутным на Кастрычніцкай плошчы Мінска 10 тысячам чалавек (усяго ў мітынгу паўдзельнічала каля 30 тысяч чалавек), што выбары не адпавядалі волевыяўленню народа, бо іх сфальсіфікавалі. Яны таксама запатрабавалі правядзення дэмакратычных выбараў 16 ліпеня 2006 года. Пасля ўдзельнікам было прапанавана прайсці да плошчы Перамогі, дзеля ўскладання кветак да помніку. Было таксама прапанавана на наступны дзень зноў прыйсці на плошчу. 20 сакавіка некалькі тысяч чалавек зноў сабраліся на плошчы разам з кандыдатамі ў прэзідэнты. Былі ўсталяваныя некалькі намётаў. Больш за 100 ўдзельнікаў і ўдзельніц акцыі пратэсту, уключаючы членаў штабоў кандыдатаў, былі затрыманы міліцыяй. 21 сакавіка Казулін адмовіўся працягваць удзел у акцыі пратэсту і заклікаў усіх пакінуць Кастрычніцкую плошчу і прыйсці на дэманстрацыю ў Дзень Волі (25 сакавіка). Але гэты заклік не быў падтрыманы іншымі. Аляксандр Мілінкевіч заявіў, што застанецца з моладдзю.

Нягледзячы на затрыманні, дэманстрацыя пратэсту працягвалася на плошчы 5 дзён, пакуль з 3:00 да 3:15 раніцы 24 сакавіка міліцыянты не ліквідавалі намётавы гарадок. 460 чалавек, якія знаходзіліся там, былі арыштаваны міліцыяй. Лукашэнка заявіў, што сам факт правядзення падобных акцый сведчыць пра дэмакратычнасць беларускага грамадства. За ўдзел ва ўсіх паслявыбарчых пратэстах затрымалі больш як 500 чалавек, у тым ліку Казуліна і блізкага сваяка Мілінкевіча. Толькі 27 сакавіка суды Мінску вынеслі абвінаваўчыя заключэнні ў дачыненні больш як 200 асоб. Многім з іх адмовілі ў праве на прадстаўніка ў судзе. Органы пракуратуры засведчылі звыш 500 арыштаў і затрыманняў, у тым ліку 21 замежнага грамадзяніна, а таксама вынясенне 392 абвінаваўчых прысудаў. 30 сакавіка Казуліна пасля вынясення абвінавачання паводле двух артыкулаў КК зняволілі, а Беларуская асацыяцыя журналістаў заявіла аб затрыманні, арышце і пакаранні 44 журналістаў, у тым ліку 13 замежных грамадзян, падчас разгону ўдзельнікаў пратэсту[28].

Паводле ЦВК з 7 153 978 выбаршчыкаў у выбарах узялі ўдзел 6 630 653 (92,6 %)[29], што прагаласавалі наступным чынам[30]:

Брэсцкая вобласць Віцебская вобласць Гродзенская вобласць Гомельская вобласць Магілёўская вобласць Мінск Мінская вобласць Разам:
Гайдукевіч 1,9 % 5,3 % 2,1 % 3,2 % 4,9 % 5,1 % 2,0 % 3,5 %
Казулін 2,1 % 2,2 % 1,9 % 1,9 % 1,6 % 3,9 % 2,5 % 2,3 %
Лукашэнка 82,6 % 82,9 % 83,8 % 90,3 % 88,5 % 70,7 % 81,0 % 82,6 %
Мілінкевіч 5,8 % 4,5 % 6,3 % 3,1 % 4,0 % 10,1 % 7,3 % 6,0 %

Апазіцыя і некаторыя міжнародныя назіральнікі адзначалі шматлікія парушэнні на працягу перадвыбарнай кампаніі і выбараў. ЗША адмовіліся прызнаваць вынікі выбараў. Згодна АБСЕ, выбары не адпавядалі стандартам дэмакратычных выбараў.

Сам А. Лукашэнка прызнаўся перад замежнымі журналістамі 26 лістапада, што вынікі выбараў былі сфальсіфікаваныя, дзеля «еўрапейскіх паказчыкаў»[31].

  • 17 лютага 2006: пасведчанні кандыдатаў у прэзідэнты атрымалі Гайдукевіч, Казулін, Лукашэнка і Мілінкевіч. Распачалася агітацыйная кампанія.
  • 12—21 лютага 2006: рэгістрацыя кандыдатаў у прэзідэнты
  • 28 студзеня — 11 лютага 2006: падача дакументаў у ЦВК для рэгістрацыі кандыдатаў у прэзідэнты
  • 29 снежня 2005 — 27 студзеня 2006: збор подпісаў для вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты
  • 27 снежня 2005: Цэнтральная выбарчая камісія зарэгістравала 8 ініцыятыўных груп для вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты
  • 16 снежня 2005: Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прызначыла дату выбараў
  1. (руск.)Сообщение пресс-службы Президента России 16-12-2005 «О встрече Президента России В. В. Путина с Президентом Белоруссии А. Г. Лукашенко, Сочи, Бочаров Ручей, 15 декабря 2005 года» // Сайт МЗС Расійскай Федэрацыі. Дата доступу: 7 мая 2010
  2. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь ад 15.03.1994 г. са змяненнямі і дапаўненнямі ад 1996 г. і 2004 г. (Артыкул 81) Архівавана 21 снежня 2012. // Сайт «Заканадаўства Рэспублікі Беларусь на беларускай мове». Дата доступу: 4 жніўня 2010.
  3. Выніковая справаздача Місіі БДІПЧ АБСЕ па назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі 19 сакавіка 2006 г. Старонка 5 // Сайт АБСЕ. 7 чэрвеня 2006.
  4. а б Выніковая справаздача Місіі БДІПЧ АБСЕ па назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі 19 сакавіка 2006 г. Старонка 6 // Сайт АБСЕ. 7 чэрвеня 2006.
  5. Альгерд Невяроўскі. Партыя працы ліквідаваная рашэннем Вярхоўнага суда Беларусі(недаступная спасылка) // Радыё «Свабода». 3 жніўня 2004.
  6. а б Выніковая справаздача Місіі БДІПЧ АБСЕ па назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі 19 сакавіка 2006 г. Старонка 7 // Арганізацыя па бяспецы і супрацы ў Еўропе. 7 чэрвеня 2006.
  7. Выніковая справаздача Місіі БДІПЧ АБСЕ па назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі 19 сакавіка 2006 г. Старонка 9 // Арганізацыя па бяспецы і супрацы ў Еўропе. 7 чэрвеня 2006.
  8. Выбарчы Кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 11 лютага 2000 г. (Артыкул 79. Устанаўленне i апублікаванне вынікаў выбараў прэзідэнта) Архівавана 4 кастрычніка 2006. // Сайт «Заканадаўства Рэспублікі Беларусь на беларускай мове». Дата доступу: 4 жніўня 2010.
  9. Выніковая справаздача Місіі БДІПЧ АБСЕ па назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі 19 сакавіка 2006 г. Старонкі 9—10 // Сайт АБСЕ. 7 чэрвеня 2006.
  10. Выніковая справаздача Місіі БДІПЧ АБСЕ па назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі 19 сакавіка 2006 г. Старонка 10 // Арганізацыя па бяспецы і супрацы ў Еўропе. 7 чэрвеня 2006.
  11. Інфармацыйная камісія КХП-БНФ. Афіцыйна зарэгістраваная ініцыятыўная група Зянона Пазняка // Сайт Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ. 27 снежня 2005
  12. Зянон Пазняк. Паведамленне ў ЦВК // Сайт Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ. 27 студзеня 2006
  13. Выніковая справаздача Місіі БДІПЧ АБСЕ па назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі 19 сакавіка 2006 г. Старонкі 12—13 // Арганізацыя па бяспецы і супрацы ў Еўропе. 7 чэрвеня 2006.
  14. Выніковая справаздача Місіі БДІПЧ АБСЕ па назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі 19 сакавіка 2006 г. Старонка 14 // Сайт АБСЕ. 7 чэрвеня 2006.
  15. Выніковая справаздача Місіі БДІПЧ АБСЕ па назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі 19 сакавіка 2006 г. Старонкі 14—15 // Арганізацыя па бяспецы і супрацы ў Еўропе. 7 чэрвеня 2006.
  16. Крымінальны пераслед грамадзян Беларусі па палітычных матывах падчас прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2006 г. // Праваабарончы цэнтр «Вясна». 13 сакавіка 2006.
  17. Выніковая справаздача Місіі БДІПЧ АБСЕ па назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі 19 сакавіка 2006 г. Старонка 15 // Сайт АБСЕ. 7 чэрвеня 2006.
  18. а б в Выніковая справаздача Місіі БДІПЧ АБСЕ па назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі 19 сакавіка 2006 г. Старонка 17 // Арганізацыя па бяспецы і супрацы ў Еўропе. 7 чэрвеня 2006.
  19. Указ прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 21 Архівавана 17 жніўня 2011. // Звязда. № 10 (25599), 17 студзеня 2006 г.
  20. Выніковая справаздача Місіі БДІПЧ АБСЕ па назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі 19 сакавіка 2006 г. Старонка 18 // Арганізацыя па бяспецы і супрацы ў Еўропе. 7 чэрвеня 2006.
  21. Выніковая справаздача Місіі БДІПЧ АБСЕ па назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі 19 сакавіка 2006 г. Старонка 19 // Арганізацыя па бяспецы і супрацы ў Еўропе. 7 чэрвеня 2006.
  22. Беларускае радыё цэнзуравала выступы Казуліна і Мілінкевіча(недаступная спасылка) // Радыё «Свабода». 6 сакавіка 2006
  23. Выніковая справаздача Місіі БДІПЧ АБСЕ па назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі 19 сакавіка 2006 г. Старонкі 28—29 // Сайт АБСЕ. 7 чэрвеня 2006.
  24. КДБ сканфіскаваў аргтэхніку ў актывістаў «Партнёрства» і ў Магілёве(недаступная спасылка) // Радыё «Свабода». 21 лютага 2006
  25. Зміцер Дрыгайла. Галоўная задача КДБ(недаступная спасылка) // Наша Ніва. 24 лютага 2006
  26. Выніковая справаздача Місіі БДІПЧ АБСЕ па назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі 19 сакавіка 2006 г. Старонкі 23—24 // Сайт АБСЕ. 7 чэрвеня 2006.
  27. Выніковая справаздача Місіі БДІПЧ АБСЕ па назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі 19 сакавіка 2006 г. Старонка 24 // Арганізацыя па бяспецы і супрацы ў Еўропе. 7 чэрвеня 2006.
  28. Выніковая справаздача Місіі БДІПЧ АБСЕ па назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі 19 сакавіка 2006 г. // Арганізацыя па бяспецы і супрацы ў Еўропе. 7 чэрвеня 2006
  29. (руск.)Сведения о явке избирателей. Выборы президента Республики Беларусь 19 марта 2006 года Архівавана 5 мая 2010. // Сайт ЦВК. Дата доступу: 7 мая 2010
  30. (руск.)Cведения об итогах выборов президента Республики Беларусь. Выборы президента Республики Беларусь 19 марта 2006 года Архівавана 5 мая 2010. // Сайт ЦВК. Дата доступу: 7 мая 2010
  31. Лукашенко: Последние выборы мы сфальсифицировали (руск.)(недаступная спасылка). www.tut.by. TUT.BY (23 лістапада 2006). Архівавана з першакрыніцы 26 лістапада 2020. Праверана 28 мая 2018.