Усходняе партнёрства

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Усходняе партнёрства
англ.: Eastern Partnership
     Еўрапейскі Саюз
     Краіны Усходняга партнёрства
Арганізатар Сцяг ЕС Еўрапейскі саюз
Тып арганізацыі праект European External Action Service
Афіцыйныя мовы мовы ЕС
Заснаванне
Дата заснавання 26 мая 2008
Член у Сцяг Арменіі Арменія
Сцяг Азербайджана Азербайджан
Сцяг Беларусі Беларусь
Сцяг Грузіі Грузія
Сцяг Малдовы Малдова
Сцяг Украіны Украіна
Афіцыйны сайт
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Усхо́дняе партнё́рства (англ.: Eastern Partnership) — праект Еўрапейскага Саюза, скіраваны на паглыбленне адносін з 6 краінамі былога СССР.

Ідэя праекта[правіць | правіць зыходнік]

Праект «Усходняе партнёрства» ініцыянаваўся пачаткова Польшчай і Швецыяй.

Сумесная ініцыятыва аб’ядноўвае Еўрапейскі Саюз (ЕС), краіны — члены ЕС і шэсць краін «Усходняга партнёрства» — Арменію, Азербайджан, Беларусь, Грузію, Малдову і Украіну. Гэта ініцыятыва з’явілася як асаблівае усходняе прадаўжэнне Еўрапейскай палітыкі суседства, якая прадугледжвае наладжванне як двухбаковых, так і шматбаковых адносін. Свой падыход да «Усходняга партнёрства» ЕС вызначыў як арыентаваны на вынікі. У сувязі з гэтым Еўрапейскі саюз вылучыў 20 ключавых задач, якія павінны быць рэалізаваны да 2020 года. Яны ў прыватнасці датычацца такіх сфер, як эканамічнае развіццё і рыначныя магчымасці, умацаванне інстытутаў і належнае кіраванне, мабільнасць і кантакты паміж людзьмі, транспартныя зносіны, энергаэфектыўнасць, навакольнае асяроддзе і змяненне клімату, узаемадзеянне з арганізацыямі грамадзянскай супольнасці, узмацненне барацьбы за гендарную роўнасць і супраць дыскрымінацыі[1]

Гісторыя праекта[правіць | правіць зыходнік]

Абвяшчэнне праекта міністрам замежных спраў Польшчы пры ўдзеле Швецыі адбылося 26 мая 2008 года. Міністр замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі выказаў меркаванне, што на ўсходзе ёсць еўрапейскія суседзі і ўсе яны маюць права аднойчы ўступіць у ЕС. Міністр замежных спраў Швецыі Карл Більт ў сваю чаргу адзначыў, што прыйшоў час паглядзець на ўсход, каб убачыць, што Еўропа можа зрабіць для ўмацавання дэмакратыі[2].

З моманту заснавання «Усходняга партнёрства» адбыліся саміты ў Празе (2009), у Варшаве (2011), у Вільнюсе (2013), у Рызе (2015), Брусэлі (2017).[3]

Першы саміт краін-удзельніц праграмы «Усходняе партнёрства» адбыўся 7 мая 2009 года ў Празе, з удзелам Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны. Была прынята сумесная дэкларацыя па пытанням «Усходняга партнёрства» і адбылося яго афіцыйнае заснаванне.

У маі 2010 года на варшаўскім саміце Польшча прапанавала стварыць у рамках праграмы «Усходняе партнёрства» так званы «гурт сяброў» і запрасіла Расію ўдзельнічаць у гэтай структуры.

Першае пасяджэнне міністраў замежных спраў у рамках Усходняга партнёрства прайшло 9 снежня 2009 года ў Бруселі. У ліпені 2012 года Еўрапейскі парламент заклікаў міністраў замежных спраў абмеркаваць на сустрэчы ў Бруселі сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.

Саміт «Усходняга партнёрства» 22 мая 2015 года.

28—29 лістапада 2013 года адбыўся Вільнюскі саміт Усходняга партнёрства Прадстаўнікі Грузіі і Малдовы парафіравалі Пагаднення аб асацыяцыі з Еўрапейскім Саюзам. Устрымаліся ад яго падпісання Арменія і Украіна. Рашэнне Кабінета Міністраў Украіны аб прыпыненні працэсу падрыхтоўкі заключэння Пагаднення аб асацыяцыі з Еўрапейскім Саюзам, якое было прынята за тыдзень да Вільнюскага саміту, а таксама паўторная вусная адмова ўкраінскага прэзідэнта Віктара Януковіча падпісаць Пагадненне аб асацыяцыі з Еўрапейскім Саюзам і Пагадненне аб паглыбленай і ўсёабдымнай зоне свабоднага гандлю ЕС з Украінай ужо ў ходзе Вільнюскага саміту Усходняга партнёрства[4] паклалі пачатак масавым пратэстам у краіне (т.зв. «Еўрамайдана»).

21—22 мая 2015 года ў Рызе (Латвія) адбыўся саміт Усходняга партнёрства — з удзелам Украіны, Беларусі, Малдовы, Арменіі, Грузіі і Азербайджана.

Чарговы саміт ініцыятывы «Усходняе партнёрства» адбыўся ў Бруселі 24 лістапада 2017 года. Па выніках саміту прынята сумесная дэкларацыя, у якой удзельнікі пацвярджаюць высокую важнасць «Усходняга партнёрства» ў якасці асаблівага вымярэння еўрапейскай палітыкі суседства. У дакуменце гаворыцца аб развіцці і ўмацаванні адносін паміж Еўрасаюзам і краінамі-партнёрамі. Пры гэтым пацвярджаецца суверэннае права кожнай дзяржавы самастойна вызначаць узровень і мэты ў адносінах з ЕС. Асобная ўвага ўдзелена бяспецы і стабільнасці ў рэгіёне. У прыватнасці, удзельнікі саміту заклікалі аднавіць намаганні для мірнага вырашэння канфліктаў на базе прынцыпаў і норм міжнароднага заканадаўства. У дэкларацыі таксама гаворыцца аб развіцці ў эканамічнай і сацыяльнай сферах, удасканаленні транспартных сувязей, узаемадзеянні ў энергетыцы, па пытаннях экалогіі, развіцця міжасобасных кантактаў, уключаючы адукацыю, культуру, навуку, маладзёжнае асяродззе[5].

Па выніках саміту прадстаўнікі Ерапейскага Саюзу падкрэслілі, што ў краін-удзельніц праграмы «Усходняга партнёрства» ў агляднай будучыні няма перспектывы на ўступленне ў Еўрапейскі Саюз[6]. Кіраўнік Еўракамісіі Жан-Клод Юнкер заявіў, што пытанне ўключэння краін «Усходняга партнёрства» ў склад Еўрапейскага Саюзу не стаіць на парадку дня, і цяперашняя сустрэча не з’яўляецца «самітам пашырэння ЕС»[7]. Палітыкі Еўрапейскага Саюзу, акрамя таго, далі зразумець, што ў краін-удзельніц «Усходняга партнёрства» няма неабходнасці рабіць выбар паміж добрымі адносінамі з Еўрапейскім Саюзам і супрацоўніцтвам з Расійскай Федэрацыяй[8]. На саміце ў Бруселі таксама стала вядома, што Украіна не атрымае да канца 2017 г. чаканыя ёй 600 мільёнаў еўра фінансава-інвестыцыйнай дапамогі ад Еўрапейскага саюзу, а толькі атрымала абяцанні правесці ў 2018 г. еўрапейскую інвестыцыйную канферэнцыю адносна т.зв. «новага „плана Маршала“» па пытанні фінансавай дапамогі для Украіны[9].

13-14 траўня 2019 года ў Бруселі прайшоў юбілейны саміт «Усходняга партнёрства», адбыліся імпрэзы ў гонар 10-годдзя праграмы. У сувязі з самітам у Брусель прыбылі лідары ўсіх краін партнёрства, акрамя прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі (краіну на сустрэчы прадставіў міністар замежных спраў Уладзімір Макей)[10].

Асноўныя прыярытэты да 2020 года[правіць | правіць зыходнік]

Еўрапейская камісія прапанавала 20 ключавых прыярытэтаў да 2020 году, якія зафіксаваныя ў дакуменце «Eastern Partnership — Focusing on key priorities and deliverables». [11]

Асноўнымі прыярытэтамі адносін паміж краінамі Усходняга партнёрства і ЕС з’яўляюцца:

  1. Эканамічнае развіццё і магчымасці рынку[12] Мэта Еўрапейскага Саюза — падтрымліваць краіны Усходняга партнёрства ў напрамку да разнастайнасці, прыцягваць інвестыцыі і ствараць новыя працоўныя месцы. Каб гэта атрымалася, неабходна паляпшаць нарматыўную базу для бізнес-супольнасці, накіравацца на распрацоўку стратэгіі для малых і сярэдніх прадпрыемстваў і ў далейшым выкарыстоўваць стратэгіі ў працэсе прыняцця рашэнняў; стварыць працоўныя месцы на мясцовым узроўні.
  2. Умацаванне інстытутаў і добрае кіраванне.[12] Умова гэтага прыярытэту тычыцца барацьбы з карупцыяй, узмацнення дзяржаўнага кіравання і садзейнічання эфектыўнаму кіраванню рэформ для паляпшэння бізнес-ассяроддзя, эканамічнага росту і грамадскіх падзей; падтрымкі супрацоўніцтва ў галіне бяспекі, у прыватнасці, для вырашэння канфліктаў, прадухлення крызісных сітуацый, грамадзянскай абароны ад новых пагроз.[13]
  3. Сувязь, энергаэфектыўнасць, змяненне клімату і навакольнага асяроддзя.[12] Мэтай гэтага прыярытэту з’яўляецца паляпшэнне транспартных узаемасувязяў паміж Еўрапейскім Саюзам і краінамі Усходняга партнёрства і ўнутры саміх краін партнёрства; садзейнічанне новым магчымасцям у эканамічным развіцці; рэгіянальная эканамічная інтэграцыя і мабільнасць людзей, дзеянні ў энергетыцы і клімату, дапамога партнёрам Усходняга партнёрства стаць менш спрыяльнымі да знешніх рызыкаў і дапамагчы ім у развіцці устойлівай эканомікі, што магло б спрыяць прыцягненню інвестыцый і садзейнічаць устойліваму развіццю, паляпшэнню энергаэфектыўнасці, згрупаваную разам з выкарыстаннем аднаўляльных крыніц энергіі і скарачэннем выкідаў парніковых газаў. Рэгуляванне змены клімату ўключае ў сябе меры, накіраваныя на жыццё і здароўе насельніцтва, меры па зніжэнні ўздзеяння неспрыяльных умоў надвор’я. [13]
  4. Мабільнасць і міжасобасныя адносіны.[12] Упор дадзенага прыярытэту накіраваны на развіццё прадпрымальніцтва і рэгуляванне па мадэрнізацыі працэсу, працаўладкаванне і развіццё; спрыяльнасць працаўладкавання моладзі, садзейнічанне абмену паміж людзьмі і правядзенню даследванняў і інавацыйнага супрацоўніцтва. Наступная мэта — лібералізацыя візавага рэжыму, мабільнасць інтэграванага кіравання межамі партнёрства.[13]

Эканамічнае супрацоўніцтва[правіць | правіць зыходнік]

Беларускі журналіст Васіль Іваноў у 2011 г. звярнуў увагу на тое, што Еўрапейскі інвестыцыйны банк і Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця гатовыя падтрымліваць інвестыцыйныя праекты ў краінах-удзельніцах «Усходняга партнёрства»: для гэтага ЕІБ стварыў адмысловы фонд памерам больш 1,5 млрд еўра, а ЕБРР плануе вылучыць каля 3,7 млрд еўра для рэалізацыі праектаў у сферы энергетыкі, тэлекамунікацый і інфраструктуры. Акрамя гэтага, 4 красавіка 2011 года ў Брусэлі быў запушчаны праект «East Invest», накіраваны на прадастаўленне пазык малым і сярэднім прадпрыемствам. Для рэалізацыі праекта Еўрапейская Камісія і Еўрапейская Асацыяцыя Гандлёва-прамысловых палат падпісалі кантракт на суму 8,75 млн еўра. У ім удзельнічаюць 85 гандлёвых партнёраў і кансалтынгавых арганізацый, большасць з якіх — патэнцыйныя інвестары з краін-членаў ЕС[14].

Парламенцкае і культурнае супрацоўніцтва[правіць | правіць зыходнік]

У межах Усходняга партнёрства створана Парламенцкая асамблея Еўранэст, якая аб’ядноўвае прадстаўнікоў Еўрапарламента і парламентаў краін-удзельніц праекта, а таксама Праграма ЕС і Усходняга партнёрства «Культура і крэатыўнасць».

Беларусь і «Усходняе партнёрства»[правіць | правіць зыходнік]

Нацыянальная платформа Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства была заснавана ў ліпені 2010 года. Першапачаткова яна разглядалася як самастойны суб'ект з цэнтралізаванай сістэмай прыняцця рашэнняў. Аднак частка ўдзельнікаў платформы, у першую чаргу прадстаўнікі кансорцыума «ЕўраБеларусь», выступалі за пашырэнне функцый і задач платформы за рамкі праекта Усходняга партнёрства, каб выкарыстоўваць узніклы патэнцыял для кансалідацыі грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных рэформ. З-за абвастрэння супярэчнасцяў у бачанні будучыні платформы шэраг арганізацый нават выйшлі з яе. З-за цэнтралізаванага працэса прыняцця рашэнняў у рамках платформы так і не былі створаны рабочыя групы, каб уцягнуць асобныя НДА ў праекты па рэфармаванні той ці іншай сацыяльнай сферы[15].

30 верасня 2011 г. Беларусь адмовілася ад удзелу ў саміце «Усходняга партнёрства» ў Варшаве ў знак пратэсту супраць рашэння арганізатараў не запрашаць на гэтую сустрэчу прэзідэнта А. Лукашэнка і асуджэння палітычных рэпрэсій у краіне.

Галоўнай тэмай саміта «Усходняга партнёрства» ў ліпені 2012 г. у Бруселі была Беларусь. Афіцыйны Мінск на саміце прадстаўляў міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў. На прэс-канферэнцыі перад самітам міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі, каментуючы сітуацыю ў Беларусі, пацвердзіў гатоўнасць Еўрасаюза да дыялогу, падкрэсліўшы, аднак, што збліжэнне Беларусі з Еўропай залежыць ад самой Беларусі. У рамках саміту была прынята кароткая дэкларацыя, якая пацвярджае мэты і напрамкі работы «Усходняга партнёрства», вызначаныя ў ранейшых дэкларацыях[16].

Асноўныя падзеі ў адносінах з Беларуссю накіраваны на паэтапнае супрацоўніцтва праз нядаўна створаную групу Каардынацыя ЕС-Беларусь, якая адлюстравана ў адзiнай структуры падтрымкі і ахоплівае перыяд 2017—2020 гг.[17]

17 лістапада 2017 г. міністр замежных спраў Германіі Зігмар Габрыэль у Мінску афіцыйна запрасіў, каб беларускую дэлегацыю ў Брусель на саміт «Усходняга партнёрства» ўзначаліў прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей тады выказаў пазіцыю Беларусі: «Мы хочам мець нармальныя адносіны і з Усходам, і з Захадам, разумеючы, што мы знаходзімся на стыку гэтых двух геапалітычных гульцоў. Еўрапейскі Саюз для нас з’яўляецца другім [пасля Расіі] па значнасці гандлёва-эканамічным партнёрам. Адтуль да нас ідуць інвестыцыі, сучасныя тэхналогіі. Таму мы проста абавязаны мець нармальныя адносіны з Еўрапейскім Саюзам, уключаючы Германію, якая з’яўляецца членам ЕС»[18]. 24 лістапада 2017 г. міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, які замест Аляксандра Лукашэнкі ўзначаліў беларускую дэлегацыю, у Брусэлі заявіў, што падагульняючая дэкларацыя саміту «Усходняга партнёрства» 2017 г. адпавядае чаканням Беларусі, накіравана ў будучае і не змяшчае канфрантацыйнай рыторыкі[19]. Уладзімір Макей адзначыў, што Беларусь з’яўляецца членам ЕАЭС і лічыць для сябе неабходным развіваць гэты саюз, бо ўжо адчувае выгоду ад свайго ўдзелу ў ЕАЭС, але адначасова разлічвае на тэхналагічнае і гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва з Еўрапейскім Саюзам[20].

У сваім Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу 24 красавіка 2018 года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «Нам трэба максімальна выкарыстоўваць канструктыўны патэнцыял „Усходняга партнёрства“». Паводле яго слоў, «Усходняе партнёрства» павінна быць нацэлена на рэалізацыю канкрэтных праектаў, працаваць на пераадоленне раздзяляльных ліній, узмацненне еўрапейскай і еўразійскай інтэграцыі[21].

Падчас візіту ў Мінск (Беларусь) 21—22 чэрвеня 2018 г. еўракамісар Ёханес Хан заўпэніў, што галоўная мэта "Усходняга партнёрства" — стварыць пояс стабільнасці і росквіту. А беларускі міністр замежных спраў Уладзімір Макей у сваю чаргу выказаўся, што ў адносінах паміж Беларуссю і Еўрасаюзам ёсць бар’еры ва ўзаемным гандлі, праблемы з транзітам беларускіх сельскагаспадарчых тавараў праз тэрыторыю Еўрасаюза, а Беларусі хацелася б выйсці на рынак Еўрасаюза са сваімі якаснымі і канкурэнтаздольнымі таварамі[22].

Каментуючы візіт еўракамісара Ёханеса Хана ў Мінск (Беларусь) 21—22 чэрвеня 2018 г., беларускі эксперт Дзяніс Мельянцоў (каардынатар праграмы «Знешняя палітыка Беларусі» экспертнай ініцыятывы «Мінскі дыялог») адзначыў, што прабіцца на рынкі Еўрапейскага Саюзу няпроста нават для вытворцаў тых краін, якія падпісалі з Еўрасаюзам пагадненні аб зоне свабоднага гандлю (Украіна, Малдова), бо ёсць кватаванне, а для Беларусі, якая не мае з Еўрасаюзам нават базавага пагаднення аб эканамічным супрацоўніцтве, гэта яшчэ складаней, у тым ліку з-з мытных тарыфаў, еўрастандартаў і павольнага рэагавання бюракратычнага апарату Еўрасаюза[23].

На фоне палітычнага крызісу 28 чэрвеня 2021 Беларусь заявіла аб прыпыненні ўдзелу ў ініцыятыве «Усходняе партнёрства», звязаўшы гэта «з уведзенымі Еўрапейскім Саюзам беспрэцэдэнтнымі абмежавальнымі мерамі ў дачыненні да Беларусі»[24].

Ацэнкі праекта[правіць | правіць зыходнік]

На думку прэзідэнта Рады ЕС Дональда Туска «Усходняе партнёрства» дапамагло ўмацаваць і паглыбіць адносіны паміж усходнімі суседзямі Еўрасаюза[25].

Існуюць разыходжанні паміж заходнімі і расійскімі ацэнкамі «Усходняга партнёрства». Першыя ў 2009 г. насілі пераважна пазітыўны характар[26]. Іх сутнасць зводзілася да таго, што пры граматным выкарыстанні заключаных у праграме магчымасцяў краіны-удзельніцы могуць атрымаць значныя выгады як у эканамічным, так і сацыяльна-палітычным планах[26]. У расійскім палітычным і экспертна-аналітычным асяроддзі ў 2009 г. пазітыўныя ацэнкі праграмы практычна цалкам адсутнічалі[26]. Аднак і усходнія, і замежныя эксперты сыходзіліся ў 2009 г. у адным: у агляднай будучыні варта чакаць актывізацыі расійскай і заходнееўрапейскай дыпламматыі на ўсходнееўрапейскім кірунку[26].

Міністр замежных спраў Расійскай Федэрацыі Сяргей Лаўроў адзначыў у 2009 г., што расійскі бок задавальняе імкненне развіваць праграму «Усходняга партнёрства» ў адпаведнасці і ў згодзе з Расіяй, каб пазбегнуць канфрантацыі і не ставіць усходнееўрапейскія краіны перад выбарам[27]. Пастаянны прадстаўнік Расіі пры ЕС Уладзімір Чыжоў[ru] у 2009 г. выказаў меркаванне, што расійская пазіцыя не зводзіцца да таго, каб процідзейнічаць «Усходняму партнёрству», «каб тое, што робіцца ў рамках гэтай ініцыятывы, не было накіравана супраць расейскіх інтарэсаў, на штучны адрыў гэтых краін ад супрацоўніцтва з Расіяй»[28].

Беларускі эканамічны аглядальнік Васіль Іваноў у 2011 г. адзначыў, што Усходняе партнёрства мае больш палітычны складнік («праграма лаяльнасці» да Еўрапейскага саюза) і па стану на 2011 г. праект Усходняе партнёрства для Еўрапейскага союза прыярытэтам не з’яўляецца, а аб’ём вылучаных для яго функцыянавання сродкаў з бюджэту ЕС — параўнальна невялікі: у прыватнасці, да 2013 г. для развіцця шматбаковага супрацоўніцтва з усімі краінамі ў рамках Усходняга партнёрства Еўрапейскім саюзам было вылучана 350 млн еўра.[29]

Міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў у 2012 г. адзначыў, што «„Усходняе партнёрства“ — гэта вельмі важная праграма, але нам трэба, каб яна была дзейснай і сапраўды дэмакратычнай»[30].

Еўрапейскі камісар па пытаннях гандлю і еўрапейскай палітыкі суседства Беніта Ферэра-Вальднер[ru] у 2012 г. адзначыла вялікі крок наперад за кароткі час існавання «Усходняга партнёрства»: падпісанне пагадненняў аб асацыяцыі, якія значна пашыраць аб’ём супрацоўніцтва і ўключаць палажэнні аб свабодным гандлі; вынікі намаганняў аб спрашчэнні візавага рэжыму, якія ў доўгатэрміновай перспектыве вядуць да бязвізавых рэжымаў з краінамі «Усходняга партнерства»; заснаванне на шматбаковым узроўні тэматычных платформ для стымулявання супрацоўніцтва з ЕС; сумеснае кіраванне межамі; падтрымка развіцця малых і сярэдніх прадпрыемстваў; стварэнне Форума грамадзянскай супольнасці[31].

Прэм’ер-міністр Малдовы Юрые Лянкэ[ru] падчас саміта «Усходняга партнёрства» ў Вільнюсе ў 2013 г. выказаў меркаванне, што гэта стадыя інтэграцыі з ЕС вельмі важная для Малдовы, бо яна дае дарогу двухбаковым адносінам, якія, на яго думку, прывядуць краіну ў ЕС[32].

На думку расійска-беларускага палітолага Кірыла Коктыша, выказанай у 2015 г., менавіта праект «Усходняе партнёрства» стаў тым праектам, які разваліў Украіну і з якога пачаўся ў 2014 г. распад тэрыторыі ўкраінскай дзяржавы[33]. Кірыл Коктыш лічыць, што Еўрапейскі Саюз будзе з таго часу імкнуцца не асацыяваць «Усходняе партнёрства» з сабой, а, хутчэй, будзе прадстаўляць яго як асобны ад Еўрасаюза праект[34].

Паводле ацэнкі расійскага эканаміста Міхаіла Хазіна ў студзені 2016 г., зона свабоднага гандлю Украіны з Еўрапейскім Саюзам не мае выгод для Украіны. Для Украіны было б лепш, каб зона свабоднага гандлю для Украіны была ўсё ж такі з Расіяй, а не з Еўрасаюзам, бо (пры ўсіх умовах свабоднага гандлю) што-небудзь прадаць у Еўрасаюз немажліва. На рынках Еўрасаюза існуюць квоты, абмежаванні, і самае галоўнае — нетарыфныя абмежаванні: еўрастандарты (даўжыня бананаў, круглявасць памідораў, вырошчванне прадуктаў у «правераным асяроддзі» і г.д.), якія значна ці цалкам абмяжоўваюць мажлівасці збыту замежных тавараў у краінах Еўрасаюза[35].

Украінскі бізнесмен-міліярдэр Юрый Касюк у студзені 2016 г. заявіў, што зона свабоднага гандлю Украіны з Еўрасаюзам не запрацавала з пачатку 2016 г., як меркавалася, бо ніякага адкрыцця рынкаў краін Еўрасаюза для ўкраінскай прадукцыі не адбылося: было падпісана шмат дакументаў аб выключэннях і абмежаваннях для экспарту ўкраінскіх тавараў у краіны Еўрасаюза — і таму гэтая зона свабоднага гандлю толькі ў адзін бок: толькі ў бок вольнага продажу тавараў краін Еўрасаюза на рынку Украіны[36].

31 студзеня 2016 г. міністр замежных спраў Польшчы Вітольд Вашчыкоўскі заявіў, што праграма «Усходняе партнёрства» не заслугоўвае высокай ацэнкі і пацярпела фіяска, бо не давала краінам-членам «Усходняга партнёрства» перспектывы членства ў Еврапейскім саюзе, а толькі статус буфернай зоны паміж Расіяй і Еўрапейскім саюзам[37]. Вашчыкоўскі адзначыў, што «перакананне, што добрую ўсходнюю палітыку можна весці праз ЕС, з’яўляецца міфам»[38].

Вольфганг Бюхеле, генеральны дырэктар хімічнага канцэрна «Dax Group Linde» (Германія) і кіраўнік «Усходняга камітэта нямецкай эканомікі» (Ost-Ausschuss, Ост-камітэт), 9 чэрвеня 2016 г. заявіў, што завышаныя чаканні постсавецкіх краін ад Асацыяцыі з ЕС з’яўляюцца «палітычнымі пралікамі» праграмы «Усходняга партнёрства»[39]. Падобныя выказванні Вольфганга Бюхеле выклікалі неадкладнае здзіўленне і расчараванне ў пасла Украіны ў Германіі Андрэя Мельніка.

Паводле ацэнкі расійска-беларускага палітолага Кірыла Коктыша, выказанай экспертам 5 студзеня 2017 г., разлікі Украіны атрымаць выгоды ад Асацыяцыі з Еўрапейскім Саюзам не апраўдаліся, а Еўрапейскі Саюз, наадварот, у дачыненні да Украіны сваёй галоўнай мэты дасягнуў: эканоміка Украіны ператварылася ў «набор запчастак» для эканомік краін Еўрапейскага Саюза[40]. Кірыл Коктыш адзначае, што асноўная траекторыя эканамічнага развіцця Украіны пасля Еўрамайдана (20132014) з’яўляецца цалкам выразнай: дэіндустрыялізацыя Украіны з ператварэннем у аграрную краіну[41].

30 студзеня 2018 г. прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на перагаворах з еўракамісарам па еўрапейскай палітыцы суседства і перагаворах аб пашырэнні ЕС Ёханесам Ханам заявіў, што нельга дапусціць, каб ініцыятыва «Усходняе партнёрства» стала чыста палітызаванай арганізацыяй. Ён выказаў пажаданне, каб «Усходняе партнёрства» было больш прыземленым, практыка-арыентаваным. Паводле яго слоў, у рамках «Усходняга партнёрства» неабходна развіваць тыя праекты, якія цяпер актуальныя, у тым ліку ў сферах энергетыкі, транспарту, лагістыкі[42]. А міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заўпэўніў 30 студзеня 2018 г. Ёханеса Хана, што Беларусь гатова на падпісанне дакумента аб прыярытэтах партнёрства паміж ЕС і Беларуссю для развіцця гандлёвага абароту паміж Беларуссю (членам Мытнага Саюзу) і краінамі ЕС[43].

Выказваецца меркаванне, што Расійская Федэрацыя ўспрымае «Усходняе партнёрства» як недружалюбную ініцыятыву, якая ствараецца супраць Расіі[44].

25 мая 2018 г. праграмны дырэктар па Беларусі Фонду імя Конрада Адэнаўэра (Германія) Вольфганг Зендэр прызнаў, што ёсць крытычныя выказванні наконт ролі «Усходняга партнёрства», але аб’ектыўна сутнасць ініцыятывы ў тым, што яе пагадненні арыентаваны на самі краіны-ўдзельніцы. «Усходняе партнёрства» было прыдумана не на шкоду Расіі. Гэта не інструмент для таго, каб штурхаць краіны «Усходняга партнёрства» да Еўрапейскага Саюза. Гэта інструмент падтрымкі краін-удзельніц у пытаннях інфраструктуры, у падтрыманні і развіцці ўзроўню жыцця[45].

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. blr.belta.by
  2. 'Eastern Partnership' could lead to enlargement, Poland says. EUobserver (27 мая 2008). Праверана 31 сакавіка 2017. (англ.)
  3. http://collections.internetmemory.org/haeu/content/20160313172652/http://eeas.europa.eu/top_stories/2015/infographics_eastern_partnership_riga_summit_en.htm Архівавана 2 мая 2017.
  4. Янукович не стал подписывать соглашение об ассоциации. Таймер, 29.11.2013 Архівавана 29 лістапада 2014.
  5. blr.belta.by
  6. Странам «Восточного партнерства» членство в ЕС не обещают(недаступная спасылка)
  7. Странам «Восточного партнерства» членство в ЕС не обещают(недаступная спасылка)
  8. Странам «Восточного партнерства» членство в ЕС не обещают(недаступная спасылка)
  9. Порошенко хотел «больше Европы», а получил от ворот поворот Архівавана 28 лістапада 2017.
  10. svaboda.org
  11. EU identifies 20 key deliverables for 2020 for the Eastern Partnership
  12. а б в г EU identifies EaP PLUS as one of the milestones of the 20 key deliverables for the Eastern Partnership by 2020(недаступная спасылка)
  13. а б в https://ipn.md/en/integrare-europeana/81283
  14. Восточное партнерство и Таможенный союз: плюсы и минусы для Беларуси(недаступная спасылка). Белорусский бизнес (19 кастрычніка 2011). Архівавана з першакрыніцы 21 студзеня 2022. Праверана 31 сакавіка 2017. (руск.)
  15. Арцёменка, А. (Дэ)кансалідацыя грамадзянскай супольнасці ў Беларусі: зніжэнне патэнцыялу да салідарнага дзеяння, дэпалітызацыя і каштоўнасны разнабой / Алена Арцёменка // ARCHE Пачатак. — 2015. — № 4 (137). — С. 65—66.
  16. Беларусь в центре внимания саммита «Восточного партнерства». Хартыя '97 (23 ліпеня 2012). Праверана 31 сакавіка 2017. (руск.)
  17. Дакумент  Eastern Partnership — Focusing on key priorities and deliverables. Архівавана 9 студзеня 2017.
  18. Вице-канцлер Германии: Мы должны вместе рекламировать Беларусь как площадку для международного бизнеса Архівавана 19 лістапада 2017.
  19. blr.belta.by
  20. Макей: Упрекать нас в том, что мы стремглав бежим в ЕС, могут только маргинальные ущербные люди Архівавана 9 лютага 2021.
  21. president.gov.by
  22. Хан: "Восточное партнерство" ставит цель создать пояс стабильности
  23. Лукашенко признался комиссару Хану, что опасается повторить путь СССР Архівавана 23 ліпеня 2018.
  24. nn.by
  25. svaboda.org
  26. а б в г «Восточное партнёрство»: вызов российской дипломатии в Восточной Европе С. 209 (руск.). Вестник Воронежского государственного университета (18 жніўня 2009). Праверана 4 мая 2017.
  27. Польша приглашает Калининградскую область РФ в программу «Восточное партнерство» ЕС. ИА «Regnum» (6 мая 2009). Праверана 31 сакавіка 2017. (руск.)
  28. Владимир Чижов: «Южный поток» надо сделать приоритетным проектом ЕС. Независимая газета (18 мая 2009). Праверана 31 сакавіка 2017. (руск.)
  29. Восточное партнерство и Таможенный союз: плюсы и минусы для Беларуси(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 21 студзеня 2022. Праверана 6 мая 2017.
  30. Саммит Восточного партнерства: ЕС не уступает, Минск обижается(недаступная спасылка). Радыё Свабода (24 ліпеня 2012). Архівавана з першакрыніцы 3 снежня 2013. Праверана 31 сакавіка 2017. (руск.)
  31. Мнение: Восточное Партнерство — история большого успеха. Дело (8 снежня 2012). Праверана 31 сакавіка 2017. (руск.)
  32. Молдавия парафировала соглашение с ЕС. Интернет-газета «Фонтанка» (29 лістапада 2013). Праверана 31 сакавіка 2017. (руск.)
  33. Восточное партнерство развалило Украину(недаступная спасылка) // МГИМО
  34. Восточное партнерство развалило Украину(недаступная спасылка) // МГИМО
  35. Персонально Ваш // echo.msk.ru
  36. Украинский миллиардер: Зона свободной торговли Украины с ЕС не заработала
  37. Витольд Ващиковский: «Восточное партнерство» потерпела фиаско
  38. Витольд Ващиковский: «Восточное партнерство» потерпела фиаско
  39. Германия — Украина — Россия: ситуация перед Петербургским экономическим форумом // eadaily.com
  40. Украинской экономике угрожает новый майдан
  41. Украинской экономике угрожает новый майдан
  42. belta.by
  43. sb.by
  44. svaboda.org
  45. blr.belta.by

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]