Забалацце (Хойнікі)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Населены пункт
Забалацце
Краіна
Вобласць
Раён
Каардынаты
Першая згадка
1811 год
Забалацце на карце Беларусі ±
Забалацце (Хойнікі) (Беларусь)
Забалацце (Хойнікі)
Забалацце (Хойнікі) (Гомельская вобласць)
Забалацце (Хойнікі)

Забалацце, Забалаць — гістарычная мясцовасць Хойнікаў, размешчаная ў паўночнай частцы места.

Назва[правіць | правіць зыходнік]

Забалацце на карце Мінскай губерні А. К. Фіцінгофа. 1846 г.
Забалацце на ваенна-тапаграфічнай карце Мінскай губерні Ф. Ф. Шуберта 1850 года, з праўкамі 1865-1868 гг.
Забалацце на Спецыяльнай карце Еўрапейскай Расіі І. А. Стрэльбіцкага. 1871 г.
Забалацце на карце, складзенай у 1924-26 гг.

Назву Забалацце паселішча атрымала праз сваё месцазнаходжанне адносна мястэчка Хойнікі за балотам, частка якога ператварылася ў вужар (ужар). Так на Палессі людзі называлі выгаралае тарфяное балота, залітае вадой[1][A].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

У шляхецкай рэвізіі 1811 года хойніцкую вёску Забалаць з 61-й душой[B] прыгонных сялян, прыналежную да фальварка Linterny дзедзіцтва абозных Прозараў, трымаў у арэндзе па кантракту Ваўжынец Балашэвіч, ротмістр Берасцейскага павета[2]. Гэта, падобна, — найранейшая звестка пра паселішча ў пісьмовых крыніцах.

Надалей асобна, як вёска, Забалацце згадвалася хіба ў дакументацыі мясцовага ўжытку. Скажам, як у метрычных кнігах Астраглядаўскага парафіяльнага касцёла, дзе найчасцей сустракаліся прозвішчы яе жыхароў Гапоненкаў (бясспрэчныя лідары), Слесарэнкаў, Купрэйчыкаў, Худзенкаў, Самкоў, Караткевічаў, Стасенкаў, Дубінскіх, Снігіроў[C]. Ды яшчэ ў «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засведчана, што 84 асобы мужчынскага і 81 жаночага пола з ліку жыхароў Забалацця належалі да Астраглядаўскай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі[4]. У асноўнай жа масе тэкставых дакументаў больш шырокага прызначэння ўпаміны аб паселішчы ажно да савецкіх часоў адшукаць пакуль не ўдавалася. На планах Хойнікаў 1864 і 1886 гадоў на самым іх ускрайку пазначаная вуліца Забалоцкая (Забалацкая)[5] альбо Забалотная (Забалатная), а яшчэ далей за ёй раскінуліся «усадебные земли крестьян м. Хойник» [6]. Што праўда на ўсіх збольшага падрабязных старых картах Забалацце паказанае побач з Хойнікамі, а не як частка мястэчка.

Пасля другога ўзбуйнення БССР з 8 снежня 1926 года вёска Забалацце — цэнтр сельсавета Хойніцкага раёна Рэчыцкай акругі БССР. З 9 чэрвеня 1927 года ў складзе Гомельскай акругі. У запісцы пад назвай «Сведения о польских населённых пунктах Гомельского округа», пазначанай 1929 годам, згаданае і Забалацце, у якім налічвалася 130 каталіцкіх альбо «польскіх» сем'яў. Згодна з «Арыентыровачным плянам калектывізацыі польскіх вёсак на Гомельшчыне 1929/1930 году», у Забалоцьці[D] меркавалася арганізаваць машыннае, малочнае і жывёлагадоўчае таварыствы[7]. На той час у вёсцы існавала створаная бальшавікамі ячэйка «польсекции ЦСББ» з 12 чалавек. 13 снежня 1933 года пастановай паседжання Тройкі пры ПП ОГПУ па БССР жыхары Забалацця і Хойнікаў Караль Крывенчык[E], Віктар Ермалкевіч і Пётр Кунцэвіч за нібыта ўдзел у ПОВ, «ставившей своей целью свержение Соввласти, путём поднятия вооружённого восстания», асуджаныя да 5 гадоў, а Яўхім Смольскі і Уладзіслаў Гапоненка[F] да 8 гадоў ИТЛ. Шпіёнская гісторыя мела працяг. У ліпені-жніўні 1938 года Палескім УНКВД БССР были арыштаваныя 12 чалавек – «участники шпионско-повстанческой организации, активные костёльники, бывш. бандиты, пособники белополяков...» – Смольскі А. Р., Жыляк В. В., Гапоненка М. Ю., Гапоненка С. М., Сенажэнскі А. К., Караткевіч Н. Л, Самок А. А., Купрэйчык Б. І. (усе з Забалацця), Кунцэвіч П. І. (ужо адбыў тэрмін на Беламорканале), Наляговіч С. С., Цішкевіч А. Л. (Настолле), Шаціла І. М. (Хойнікі). П. І. Кунцэвіч і М. Ю. Гапоненка былі расстраляныя[8], А. Р. Смольскі памёр у зняволенні, а і астатнія больш ніколі не вярнуліся[9].

З 20 лютага 1938 года Забалацце апынулася ў складзе Палескай вобласці з цэнтрам у Мазыры, з 8 студзеня 1954 года — у Гомельскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года да Забалацкага сельсавета далучана тэрыторыя скасаваных Карчоўскага і Небытаўскага сельсаветаў[10]. 16 красавіка 1959 года населеныя пункты Забалацце, Першамайск і Чырвоная Ніва перададзены ў адміністрацыйнае падпарадкаванне Хойніцкага пасялковага савета, цэнтр сельсавета перанесены ў вёску Небытаў, сельсавет перайменаваны ў Небытаўскі[11].

У 1972 годзе вёска Забалацце далучаная да места Хойнікі пад назвай вуліца Сялянская.

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Сёння мясціна паміж вуліцамі Пралетарскай і Сялянскай у Хойніках.
  2. Сказана, што колькасць падданых прыведзеная паводле найноўшай рэвізіі, дык тут, відавочна, улічаныя і жанчыны.
  3. Прычым, гэта назіраецца і для першай, і для другой паловы XIX ст. Гл., напрыклад, запісы 1835-37, 1840-51, 1876 гадоў[3]
  4. Так запісана ў арыгінале дакумента.
  5. Старшыня касцёльнага камітэта пры капліцы ў 1929 г.
  6. Сакратар касцёльнага камітэта.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Яшкін І. Я. Слоўнік беларускіх мясцовых геаграфічных тэрмінаў. Тапаграфія. Гідралогія. – Мінск: ВД Беларуская навука, 2005. С. 664
  2. НГАБ у Мінску. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 3
  3. НГАБ. Ф.937. Воп.4. Спр. 134. Ф. 1089. Воп. 1. Спр. 1, 2, 3. Ф. 1115. Воп. 1. Спр. 42
  4. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 382
  5. Мястэчка Хойнікі на плане 1864 г.
  6. Мястэчка Хойнікі на плане 1886 г.
  7. Пичуков В. П., Старовойтов М. И. Гомельщина многонациональная (20 — 30 е гг. XX в.). Выпуск I. — Гомель, 1999. С. 213, 214
  8. Андрей Лебедев, Виктор Пичуков, кс. Славомир Лясковски. Костёл на Гомельщине (20 – 30-е годы XX в.). – Варшава– Люблин– Гомель: Instytut Europy Środkowo-Wschodniej, 2009. C. 58 – 59, 245, 278, 395 – 397
  9. Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Хойніцкага раёна / Рэд. кал. М. А. Ткачоў [і інш.]; маст. А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн імя Петруся Броўкі, 1993. — 384 с. : іл. — ISBN 5-85700-092-0. (далей: Памяць) С. 71 – 76
  10. Указ Президиума Верховного Совета БССР от 16 июля 1954 г. Об объединении сельских советов Гомельской области // Сборник законов Белорусской ССР и указов Президиума Верховного Совета Белорусской ССР: 1938—1955 гг. — Мн.: Изд. Президиума Верхов. Совета БССР, 1956. — 347 с.
  11. Рашэнне выканкома Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 16 красавіка 1959 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1959, № 5.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]