Перайсці да зместу

Забойства Саламона Міхоэлса

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Забойства Саламона Міхоэлса было здзейснена 12 студзеня 1948 года ў Мінску.

Сусветна вядомы тэатральны рэжысёр і яўрэйскі грамадскі дзеяч Саламон Міхоэлс быў забіты па прамым загадзе Іосіфа Сталіна супрацоўнікамі Міністэрства дзяржаўнай бяспекі СССР. Забойства было замаскіравана пад няшчасны выпадак — гібель у аўтакатастрофе. Разам з Міхоэлсам быў таксама забіты тэатразнаўца і агент МДБ Уладзімір Голубаў, які ўдзельнічаў у выкраданні Міхоэлса. Абставіны здзяйснення злачынства сталі вядомыя пасля смерці Сталіна ў 1953 годзе, аднак крымінальная справа не ўзбуджалася і пакарання ўдзельнікі забойства не панеслі.

Перадгісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Ведаючы пра ўзмацненне антысемітызму Сталіна і яго нянавісці да сваякоў Надзеі Алілуевай (другая жонка Сталіна, якая скончыла жыццё самагубствам), міністр дзяржаўнай бяспекі Віктар Абакумаў сфальсіфікаваў сіянісцкую змову, нібыта накіраваную супраць савецкага лідара і яго сям’і. З канца 1946 года ён рэгулярна накіроўваў Сталіну інфармацыю аб кантактах яго дачкі Святланы і зяця Рыгора Марозава з Ісаакам Гальдштэйнам, нібыта падасланым да іх яўрэйскім нацыяналістам Міхоэлсам з мэтай збору асабістай інфармацыі пра правадыра па заданні амерыканскай разведкі[1].

З Міхоэлсам Гальдштэйн быў знаёмы праз свайго сябра Захара Грынберга, члена Яўрэйскага антыфашысцкага камітэта, які ўзначальваў Міхоэлс. Той сапраўды абмяркоўваў з Гальдштэйнам яго кантакты з дачкой Сталіна і яе мужам, паколькі разлічваў праз сваякоў інфармаваць кіраўніцтва краіны аб праблемах у становішчы савецкіх яўрэяў[2].

10 снежня 1947 года пасля дакладу Абакумава Сталіну была арыштаваная сястра Надзеі Яўгенія Алілуева. Затым былі арыштаваныя іншыя сваякі Алілуевых і іх знаёмыя. 16 снежня ад Яўгеніі былі атрыманы паказанні супраць Гальдштэйна, і 19 снежня ён быў арыштаваны[3].

23 снежня Абакумаў прысутнічаў на сустрэчы са Сталіным у Крамлі. Разам з імі былі Молатаў, Малянкоў, Берыя, Жданаў, Кузняцоў, Вазнясенскі, Касыгін, міністр унутраных спраў Круглоў і міністр фінансаў Звераў. Гісторык Генадзь Кастырчанка мяркуе, што на гэтую сустрэчу Абакумаў прынёс выбітае ў Гальдштэйна прызнанне ў змове[3].

27 снежня быў арыштаваны Захар Грынберг[4]. Далей з дапамогай сістэматычных збіванняў следчыя МДБ дамагліся ад Гальдштэйна і Грынберга агавора Міхоэлса. 9 студзеня 1948 года пратаколы допытаў былі прадстаўлены Сталіну[5].

Рашэнне Сталіна[правіць | правіць зыходнік]

27 снежня 1947 года Сталін правёў вечарам сакрэтную сустрэчу з Абакумавым і яго намеснікам генерал-лейтэнантам Агальцовым. Яна праходзіла без старонніх і працягвалася даўжэй звычайнага — з 20:20 да 21:35. Пасля Абакумаў і Агальцоў далі паказанні, што падчас гэтай гутаркі Сталін даручыў ім забойства Міхоэлса і распарадзіўся аб інсцэніроўцы аўтакатастрофы[6][7]. Даведаўшыся ад Абакумава аб маючай адбыцца паездцы Міхоэлса ў Мінск, Сталін 6 студзеня 1948 года пацвердзіў па тэлефоне ўказанне забіць Міхоэлса і інсцэнаваць смерць у аўтакатастрофе[8]. Ускосна змест гэтай размовы пацвердзіла дачка Сталіна Святлана Алілуева[9].

Кастырчанка адзначае таксама, што ў ноч забойства адбылося пасяджэнне Палітбюро. Ён лічыў, што Сталін азнаёміў удзельнікаў нарады з інфармацыяй аб забойстве, прадставіўшы яго як акт дзяржаўнай адплаты, паколькі яшчэ 10 студзеня начальнік асабістай канцылярыі Сталіна Паскрэбышаў разаслаў сябрам і кандыдатам у члены Палітбюро падрыхтаваныя Абакумавым пратаколы допытаў з абвінавачваннямі Міхоэлса ў шпіянажы[10].

Падрыхтоўка[правіць | правіць зыходнік]

Агальцоў распавядаў пасля міністру дзяржбяспекі БССР Цанаве, што спачатку Міхоэлса меркавалася забіць у Маскве, але ён рэдка заставаўся адзін, і гэты план быў адпрэчаны[11].

Пісьменнік Аляксандр Баршчагоўскі і гісторык Жарэс Мядзведзеў меркавалі, што выбар Мінска як месца правядзення аперацыі быў зроблены ў МДБ, і менавіта таму тэатразнаўца і негалосны агент МДБ Уладзімір Голубаў угаварыў Міхоэлса ехаць у Мінск замест Ленінграда. Аднак з імі не згодны Генадзь Кастырчанка, бо ў матэрыялах расследавання забойства, праведзенага Берыяй у сакавіку 1953 года, гэтая версія абвяргаецца. Паводле гэтых матэрыялаў, рашэнне аб правядзенні забойства менавіта ў Мінску прымалася пасля таго, як стала вядома аб маючай адбыцца паездцы Міхоэлса[11].

План і склад удзельнікаў аперацыі былі ўзгоднены са Сталіным. Кіраўніком быў прызначаны генерал Агальцоў[12]. Удзельнікамі аперацыі акрамя яго былі:

  • начальнік аддзела «2-З» (аддзела, які курыраваў выкарыстанне ў аператыўных мэтах устаноў, звязаных з замежнікамі) 2-га Галоўнага ўпраўлення МДБ СССР Фёдар Шубнякоў[13];
  • два супрацоўнікі дыверсійнага аддзела «ДР» МДБ СССР палкоўнік Васіль Лебедзеў і старшы лейтэнант Барыс Круглоў;
  • сакратар Агальцова маёр Аляксандр Косыраў;
  • маёр МДБ Беларусі Мікалай Паўзун.

Шубнякоў, Лебедзеў, Круглоў і Косыраў разам з Агальцовым выехалі з Масквы на машыне 8 студзеня. Паўзун быў прыкамандзіраваным да групы супрацоўнікам беларускага МДБ[14][15].

Заручыўшыся пацвярджэннем загаду Сталіна, Абакумаў напярэдадні выезду ў Мінск правёў інструктаж удзельнікаў аперацыі, патэлефанаваў у Мінск Цанаве і паведаміў, што МДБ Беларусі трэба будзе выканаць важнае рашэнне ўрада і асабістае ўказанне Сталіна[12].

Прыбыўшы ў Мінск і не заязджаючы ў Рэспубліканскае МДБ, група маскоўскіх аператыўнікаў размясцілася на дачы Цанавы. Першыя 3 дні Лебедзеў, Круглоў і Шубнякоў назіралі за Міхоэлсам і адпрацоўвалі варыянты будучага забойства[3].

Высветлілася, як пісаў пасля Шубнякоў, што Міхоэлса заўсёды атачала вялікая група мясцовай інтэлігенцыі, ён часта карыстаўся аўтамашынай Савета міністраў БССР, і яго суправаджалі работнікі апарата Камітэта па справах мастацтваў. Таму было вырашана зладзіць непрыкметнае выкраданне артыста, выкарыстоўваючы ўплыў Голубава-Патапава. Для гэтага Шубнякоў сустрэўся з агентам і даручыў яму ўгаварыць Міхоэлса наведаць нейкага выдуманага асабістага сябра, які пражывае ў Мінску[3].

Ход падзей[правіць | правіць зыходнік]

2 студзеня 1948 года Міхоэлс атрымаў камандзіровачнае пасведчанне, а 7 студзеня выехаў з Масквы ў Мінск цягніком разам з Голубавым-Патапавым[14]. Ім трэба было пабываць на спектаклях мінскіх тэатраў, вылучаных на суісканне Сталінскай прэміі. Спектакляў было два: опера Яўгенія Цікоцкага «Алеся» з Ларысай Александроўскай у галоўнай партыі і «Канстанцін Заслонаў» Аркадзя Маўзона ў Беларускім драматычным тэатры імя Янкі Купалы з Барысам Платонавым у галоўнай ролі. Прагляды гэтых пастановак былі прызначаныя на 10 і 11 студзеня[16].

У Мінску 8 студзеня Міхоэлс і Голубаў у суправаджэнні сакратара партарганізацыі Камітэта па справах мастацтваў СССР Іларыёна Барашкі, які прыехаў у Мінск тым жа цягніком, прыбылі ў гасцініцу «Беларусь», дзе ў гонар Міхоэлса быў у той жа вечар дадзены банкет, уладкаваны адміністрацыяй драматычнага тэатра[17][7].

9 студзеня, паводле справаздачы Цанавы ў Маскву, пасланаму раніцай пасля забойства, Міхоэлс і Голубаў глядзелі ў тэатры пастаноўку «Тэўе-малочнік», а затым «з удзельнікамі пастаноўкі да 4 гадзін раніцы п’янствавалі ў рэстаране "Зара"»[7].

12 студзеня ўвечары ў прысутнасці рэжысёра Віктара Галоўчынера ў нумары пачуўся тэлефонны званок. Голубаў зняў слухаўку і, пагаварыўшы, сказаў, што тэлефануе яго аднакашнік па інстытуце і запрашае на вяселле — абавязкова разам з Міхоэлсам[18].

Прыкладна ў 20 гадзін Міхоэлс і Голубаў выйшлі з гасцініцы і адправіліся на выдуманую ўрачыстасць да «інжынера Сяргеева». Прыкладна ў 21 гадзіну яны падышлі да машыны, за рулём якой сядзеў Круглоў. У машыне знаходзіўся Шубнякоў, які прадставіўся Сяргеевым. Міхоэлс і яго спадарожнік селі ў машыну, пасля чаго іх адвезлі на дачу Цанавы ў Сцяпянцы[17].

Прыкладна ў 22 гадзіны Шубнякоў далажыў Агальцову аб прыбыцці. Той стэлефанаваўся з Абакумавым, а апошні — са Сталіным. Санкцыя на ліквідацыю была атрыманая.

Канкрэтныя дэталі забойства ў розных крыніцах апісваюцца па-рознаму. Шубнякоў пісаў, што для стварэння ўражання, што Міхоэлс і Галубоў патрапілі пад колы, быўшы п’янымі, іх прымусілі выпіць па шклянцы гарэлкі[19]. У запісцы Цанавы ад 13 студзеня 1948 года сцвярджаецца: «У страўніку ў ежы ў Міхоэлса алкаголь не знойдзены. У Голубава вельмі слабы пах алкаголю»[7]. У паказаннях следству напісана, што яны былі раздушаныя грузавіком на дачы Цанавы. Шубнякоў распавядаў, што ахвяры былі забітыя ўдарамі дубінкі па галаве[9].

Затым целы адвезлі ў горад і кінулі на адной з вуліц недалёка ад гасцініцы, інсцэніраваўшы трапленне пад колы грузавіка[20]. Непасрэднымі выканаўцамі забойства, па словах Агальцова, былі Лебедзеў, Круглоў і Шубнякоў[3].

Целы былі выяўленыя ў 7 гадзін 10 хвілін 13 студзеня на дарозе каля трамвайнай лініі, якая вядзе з вуліцы Свярдлова на вуліцу Гарбарная (цяпер Ульянаўская). Целы былі хутка апазнаныя, паколькі дакументы загінулых знаходзіліся ў кішэнях іх адзення[21][22].

Раскрыццё[правіць | правіць зыходнік]

Падчас чысткі ў МУС у лістападзе 1951 года Шубнякоў быў арыштаваны. Пасля выхаду на волю 18 сакавіка 1953 года ён напісаў рапарт аб забойстве Міхоэлса на імя Лаўрэнція Берыі, які стаў пасля смерці Сталіна кіраўніком аб’яднанага МУС-МДБ[9][23].

2 красавіка Берыя накіраваў у Прэзідыум ЦК КПСС сакрэтную дакладную запіску. Яна была адрасавана Георгію Маленкову, які старшыняваў на пасяджэннях Прэзідыума. У запісцы ўтрымлівалася інфармацыя аб праверцы матэрыялаў «Справы лекараў», якая выявіла фальсіфікацыю абвінавачванняў у адрас Міхоэлса. Арыштаваны раней Абакумаў на допыце паведаміў, што забойства Міхоэлса праводзілася па прамым указанні Сталіна і ажыццяўлялася Цанавай, Агальцовым і Шубняковым. Агальцоў і Цанава пацвердзілі паказанні Абакумава[7].

Агальцоў быў арыштаваны 3 красавіка, а Цанава 4 красавіка 1953 года[24]. Абакумаў быў расстраляны 19 снежня 1954 года па-за сувяззю з гэтай справай. Цанава памёр у турме ў снежні 1955 года, а Агальцова выпусцілі пасля арышту Берыі. Крымінальная справа супраць удзельнікаў забойства не распачыналася, і суда над імі не было[25][26][3].

Да 15-й гадавіны падзеі (1963) звесткі пра забойства Міхоэлса былі ўпершыню адданыя галоснасці ў савецкім друку[27].

У культуры[правіць | правіць зыходнік]

Забойству Міхоэлса былі прысвечаны мастацкія кнігі братоў Вайнер «Пятля і камень у зялёнай траве»[28] і Віктара Левашова «Забойства Міхоэлса»[29].

Меркавана, вядомы верш Мікалая Забалоцкага «Жураўлі» ў алегарычнай форме апісвае гібель Міхоэлса[30].

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. Костырченко, Тайная политика Сталина 2003, с. 376.
  2. Костырченко, Тайная политика Сталина 2003, с. 376—377.
  3. а б в г д е Костырченко, Дело Михоэлса (начало) 2003.
  4. Костырченко, Тайная политика Сталина 2003, с. 381—383.
  5. Костырченко, Тайная политика Сталина 2003, с. 383—385.
  6. Костырченко 2010, с. 153—154.
  7. а б в г д Иоффе 2006.
  8. Костырченко 2010, с. 155—166.
  9. а б в Жирнов Е. Посмертная автокатастрофа // Коммерсантъ-Власть : журнал. — Коммерсантъ, 27.01.1998. — С. 38. Архівавана з першакрыніцы 15 студзеня 2014.
  10. Костырченко 2010, с. 159—160.
  11. а б Костырченко 2010, с. 155.
  12. а б Костырченко 2010, с. 156.
  13. Шубняков, Фёдор Григорьевич (руск.). Архівавана з першакрыніцы 16 студзеня 2017. Праверана 14 студзеня 2017.
  14. а б Костырченко 2010.
  15. Повзун Николай Федорович (руск.). 100 лет на охране государственной границы. Государственный пограничный комитет Республики Беларусь. Архівавана з першакрыніцы 15 ліпеня 2022. Праверана 12 жніўня 2022.
  16. Басин Я. З. Год 1948, или Смерть Короля Лира // Мишпоха. — Витебск, Февраль 1999. — № 5.
  17. а б Костырченко 2010, с. 158.
  18. Борщаговский 1994, с. 24.
  19. Костырченко 2010, с. 158—159.
  20. Костырченко 2010, с. 159.
  21. Медведев 2003, с. 17.
  22. Оперативная информация министра внутренних дел СССР советскому руководству о смерти С. М. Михоэлса (руск.). Фонд Александра Яковлева. Архівавана з першакрыніцы 20 ліпеня 2014. Праверана 6 жніўня 2013.
  23. Убийство Михоэлса и начало «разработки» ЕАК госбезопасностью (руск.). Зарубежье (1 студзеня 2008). Архівавана з першакрыніцы 24 сакавіка 2016. Праверана 3 жніўня 2013.
  24. Медведев 2003, с. 21.
  25. Медведев 2003, с. 26.
  26. Клейн Б.. Реванш сталинистов (руск.)(недаступная спасылка). Каскад. Архівавана з першакрыніцы 5 кастрычніка 2013. Праверана 3 жніўня 2013.
  27. Л. Е. Лурье. Выдающийся художник-реалист. Памяти С. М. Михоэлса // Советская Литва (Вильнюс), 1963, 13 января
  28. Вайнер А. А., Вайнер Г. А. Вступительная статья Разгона Л. Э. «Ничего, кроме правды…» // Петля и камень в зеленой траве. — М.: «ИКПА», 1990. — 416 с. — 20 000 экз. — ISBN 978-5-85202-027-7.
  29. Костырченко, Дело Михоэлса (окончание) 2003.
  30. Бар-Селла З., Каганская М. Летят журавли… // Лехаим. — март 2012. — № 3(239).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]