Закупы
За́купы — катэгорыя залежнага сялянства ў Кіеўскай Русі і Вялікім Княстве Літоўскім.
Паводле Рускай праўды (падрабязная рэдакцыя), закупамі станавіліся збяднелыя сяляне, якія бралі ў феадала грашовую пазыку («купу») і мусілі працаваць у ягонай гаспадарцы, пакуль не аддадуць яе. Пан у адносінах да закупаў мог ужываць розныя прымусы: біць «про дело», ператвараць у халопаў пры спробе ўцёкаў ці за крадзеж. Супроць поўных халопаў, закупы маглі звярнуцца ў суд са скаргай на пана, за дазволу пана пайсці на пошукі грошай. У выпадку продажу закупаў у халопы без законных падстаў пан плаціў штраф 12 грыўняў, а доўг скасоўваўся і закуп станавіўся вольным[1].
У Вялікім Княстве Літоўскім XIV—XVI стагоддзяў закупамі былі збяднелыя сяляне, якія бралі ў феадала грошы ў доўг і за гэта закладалі сваю асобу ў няволю да крэдытора на час, пакуль не адпрацуюць доўг на гаспадарцы ў пана або пакуль не вернуць яго. Закупамі станавіліся таксама злачынцы, якіх суд прагаворваў да штрафаў, але яны былі не здольныя аплаціць і таму выдаваліся пацярпелым «головой» і «шеей», або «горлом» у часовую няволю «на выробок» (да адпрацоўкі доўгу-штрафу». Таксама маглі быць іншыя неплацежаздольныя даўжнікі, незалежна ад прычын доўгу. Закуп да разліку не меў права пайсці ад крэдытора. У выпадку адмовы працаваць, плаціць доўг або ўцёкаў закуп выдаваўся крэдытору да поўнага разліку. Пры гэтым сума доўгу, якая пагашалася працай («выпуст»), спачатку вызначалася дагаворам, а потым — Статутамі ВКЛ 1529, 1566 і 1588 гадоў. З сярэдзіны XVI стагоддзя з запрыгоньваннем асноўнай масы сялянства і істотным абмежаваннем яго праваздольнасці закупніцтва як форма часовай няволі паступова знікла[1].
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Спірыдонаў М. Закупы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1996. — С. 396. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.