Кіеўская Русь

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гістарычная дзяржава
Кіеўская Русь
Русь
Герб
Герб
Карта Кіеўскай Русі пасля смерці Яраслава ў 1054 г.
Карта Кіеўскай Русі пасля смерці Яраслава ў 1054 г.
882 — 1240

Сталіца
Мова(ы) старажытнаруская мова і старажытнарускі ізвод царкоўнаславянскай мовы[d]
Афіцыйная мова старажытнаруская мова
Рэлігія славянскае язычніцтва[d], хрысціянства і праваслаўе
Грашовая адзінка куна[d], грыўна[d] і нагата[d]
Плошча
  • каля 1 330 000 км² (1000)
Насельніцтва
  • 5 400 000 чал. (1000)
Форма кіравання манархія
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Усходнеславянскія княствы

Кіеўская Русь, або Кіеўская дзяржава (гіст. Русь, Руская зямля) — усходнеславянская раннефеадальная дзяржава са сталіцай у горадзе Кіеве[1]. Склалася на працягу Х ст. Захоўвала адноснае адзінства да 30-х гадоў XII ст. Займала тэрыторыю ад Прычарнаморскіх стэпаў да Паўночнай Дзвіны, ад Днястра і Заходняга Буга да Волга-Окскага міжрэчча.

Гісторыя, дзяржаўнасць[правіць | правіць зыходнік]

Нараджэнне Кіеўскай Русі — працяглы працэс гісторыі ўсходніх славян. У VII—X стст. існавалі дадзяржаўныя тэрытарыяльна-палітычныя аб'яднанні (племянныя саюзы) дулебаў (потым іх месца занялі бужане і валыняне), палян, драўлян, дрыгавічоў, харватаў, ціверцаў, улічаў, севяран, вяцічаў, радзімічаў, крывічоў (іх заходняя галіна — палачане), ільменскіх славен. Паводле звестак летапісаў, гэтыя ўсходнеславянскія аб'яднанні (княжанні) мелі свае гарады-цэнтры: у палян Кіеў, у ільменскіх славен Ноўгарад, у крывічоў Полацк і Смаленск, у дрыгавічоў Тураў, у севяран Чарнігаў, у драўлян Іскарасцень (Корасцень).

Інтэграцыйныя тэндэнцыі ў славян выходзілі за межы этнапалітычных аб'яднанняў. Так, наўгародскія славене і крывічы разам з фінскім племем весь стварылі паўночны саюз княжанняў. Аналагічны працэс на базе княжання палян працякаў у Сярэднім Падняпроўі.

Старонка з кароткай рэдакцыі "Рускай праўды"

Каля 850 ва Усходняй Еўропе з'явіліся варагі, якія, паводле летапіснага падання, называліся руссю (адсюль назва дзяржавы — Русь). Іх з'яўленне не мела вырашальнага значэння для ўзнікнення ўсходнеславянскай дзяржаўнасці, але паскорыла яго. Паўночны саюз княжанняў у 862 запрасіў правіць у Ноўгарадзе варага Рурыка. Яго пераемнік варажскі князь Алег (879—912) у 882 авалодаў Кіевам, забіўшы князёў Аскольда і Дзіра, пашырыў уладу на многія ўсходнеславянскія і некаторыя неславянскія тэрыторыі. Князь Ігар (912—945) ажыццявіў два паходы (у 941 і 944) на Царград (Канстанцінопаль), у 943 — на Каўказ. У 945 яго забілі драўляне, якія паўсталі супраць празмернага збірання даніны. Удава Ігара Вольга, княгіня кіеўская (945—964) у 956 жорстка расправілася з драўлянамі, аднак усталявала нормы даніны, час і месцы (пагосты) яе збору. Сын Ігара і Вольгі князь Святаслаў Ігаравіч (964—972) значна пашырыў межы дзяржавы, разграміў Хазарскі каганат, Волжска-Камскую Булгарыю, перамог ясаў і касогаў, далучыў да Кіеўскай Русі вяцічаў.

Найвышэйшага росквіту Кіеўская Русь дасягнула ў часы княжання Уладзіміра Святаславіча (980—1015) і яго сына Яраслава Мудрага (1019—1054). Каля 980 Уладзімір захапіў Полацк, забіў полацкага князя Рагвалода, а князёўну Рагнеду Рагвалодаўну прымусіў стаць сваёй жонкай. Пры ім амаль завершана аб'яднанне ўсходнеславянскіх зямель, умацавана дзяржаўнае кіраванне, уведзена хрысціянства як дзяржаўная рэлігія (988—989). Ён ажыццявіў паходы на яцвягаў, далучыў да Кіеўскай Русі так званыя Чэрвенскія гарады па Заходняму Бугу. Пры Яраславе ўзмацніліся гандлёвыя, палітычныя і культурныя сувязі з Паўночным Прычарнамор'ем, Візантыяй, Блізкім Усходам, Сярэдняй Азіяй, з прыбалтыйскімі, скандынаўскімі і нямецкімі землямі, з Польшчай, Венгрыяй, Францыяй. Пачалося складанне зборніка законаў — так званая Руская праўда. Аднак у канцы яго княжання намеціліся княжацкія міжусобіцы і распад Кіеўскай Русі на самастойныя дзяржаўныя ўтварэнні.

Прычынамі распаду Кіеўскай Русі былі: далейшае развіццё феадалізму, узмацненне мясцовай знаці, эканамічнае і палітычнае ўзмацненне асобных княстваў, якія імкнуліся выйсці з-пад улады кіеўскага князя. У першай чвэрці ХІ ст. ад Кіева аддзяліўся Полацк, спрабавалі аддзяліцца Ноўгарад, Тураў. Значныя намаганні па спыненні міжусобнай барацьбы і аб'яднання сіл Русі супраць полаўцаў прыклалі князь Уладзімір Усеваладавіч Манамах (1113—1125) і яго сын Мсціслаў Уладзіміравіч (1125—1132). У 1116, 1119 Манамах учыніў паходы супраць менскага князя Глеба Усяславіча і захапіў яго ў палон. У 1127 Мсціслаў арганізаваў вялікі паход на Полацкую зямлю з мэтай яе падпарадкавання.

Пасля смерці Мсціслава Кіеўская Русь распалася на самастойныя княствы, найбольшыя з іх: Кіеўскае княства, Чарнігаўскае княства, Смаленскае княства, Тураўскае княства, Уладзіміра-Суздальскае, Галіцкае, Валынскае і іншыя княствы, Наўгародская рэспубліка. Улада над імі кіеўскіх князёў стала намінальнай. Самастойным княствам-дзяржавай працягвала заставацца Полацкае княства.

Адасобленыя княствы не змаглі процістаяць у 1230-я гг. навале мангола-татараў і большасць іх трапіла ў працяглую няволю. Заходнія землі Кіеўскай Русі ўвайшлі ў Вялікае Княства Літоўскае.

Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]

У ІХ—ХІ стст. князі Кіеўскай Русі збіралі даніну са свабодных абшчыннікаў. Падчас палюддзя князь з дружынай з'яўляўся ў назначаным месцы і атрымліваў даніну з мясцовага насельніцтва. Збіранне даніны архаічным спосабам, большасць сярод сялян свабодных абшчыннікаў, якія плацілі гэту даніну, значная доля рабскай працы (рабамі напачатку былі ваеннапалонныя) пацвярджаюць, што ў Кіеўскай Русі ў Х—ХІ стст. не было феадальнага грамадства, але ўжо існавалі асобныя яго элементы. У Кіеўскай Русі не склалася ў развітой форме іерархічная структура зямельнай уласнасці — «феадальная лесвіца», характэрная для заходнееўрапейскага феадалізму. Са зборніка законаў Руская праўда вынікае, што ў Кіеўскай Русі доўга існавалі перажыткі родаплемяннога ладу. Смерды былі паўсвабоднымі княжацкімі даннікамі, чэлядзь і халопы — рабамі. У другой пал. ХІ — 1-й пал. XII ст. ўтвараецца вотчына, заснаваная на ўласнасці на зямлю, што складала аснову панавання феадалаў. Збяднелыя абшчыннікі ператвараліся ў феадальна залежных сялян і станавіліся закупамі. Эканоміка Кіеўскай Русі была шматукладнай. Да пач. XIII ст. гаспадарка значна феадалізавалася, але гэты працэс не быў завершаны.

Узнікненне і рост гарадоў[правіць | правіць зыходнік]

На тэрыторыі Кіеўскай Русі ў ІХ—Х стст. летапісы называюць каля 20 гарадоў. Да пач. XIII ст. ёсць звесткі пра 271 горад. Буйныя гарады з'яўляліся адміністрацыйнымі, эканамічнымі і культурнымі цэнтрамі асобных зямель, княстваў ці валасцей, былі крэпасцямі і адыгрывалі вялікую ролю ў абароне ад варожых нашэсцяў. У гарадах Кіеўскай Русі былі развіты гандаль (спачатку з далёкімі краінамі) і рамяство, асабліва ў XII — пач. XIII ст., калі тут знаходзіліся двары феадалаў, засноўваліся цэрквы і манастыры. Сацыяльны склад насельніцтва гарадоў вызначаўся разнастайнасцю: купецтва, рамеснікі, баяры, князі, дружыннікі, духавенства. Пры дварах феадалаў знаходзіліся чэлядзь і халопы. У этнічных адносінах пераважалі мясцовыя жыхары, было нямала выхадцаў з іншых славянскіх племянных княжанняў і прадстаўнікоў неславянскага насельніцтва. Жыхары гарадоў былі звязаны з сельскай гаспадаркай, мелі агароды, гадавалі жывёлу. Малыя гарады доўга захоўвалі аграрна-гандлёвы ці аграрна-рамесніцкі характар.

"Залатыя вароты" ў Кіеве

Буйнейшым горадам усходняга славянства быў Кіеў. Спачатку на высокім беразе Дняпра існаваў куст протагарадскіх славянскіх паселішчаў. У ІХ—Х стст. Кіеў сфарміраваўся як сапраўдны горад, у XII—XIII стст. ён налічваў да 40 тыс. жыхароў. У другой пал. XII ст. пасля распаду Русі ўтварылася Кіеўскае княства, да якога адносіліся гарады Вышгарад, Белгарад, Канеў, Родзень, Іскарасцень і інш. Буйнейшымі гарадамі Галіцка-Валынскага княства былі Галіч, Перамышль, Уладзімір, Львоў. Найважнейшым горадам на шляху «з варагаў у грэкі» быў Ноўгарад. У 1136 ён стаў своеасаблівай сярэдневяковай рэспублікай. У Наўгародскай зямлі былі гарады Пскоў, Ладага, Ізборск, ва Уладзіміра-Суздальскай — Растоў, Белавозера, Суздаль, Уладзімір (на Клязьме). Упершыню пад 1147 у летапісе названа Масква. У ІХ—XII стст. на тэрыторыі Беларусі вядомы гарады: Полацк (862), Віцебск (974), Тураў (980), Ізяслаў (Заслаўе, канец Х ст.), Бярэсце (1019), Копысь (1059), Браслаў (1065), Менск і Орша (абодва 1067), Друцк, Лукомль, Лагойск (усе 1078), Пінск (1097), Барысаў (1102), Слуцк (1116), Клецк (1127), Гародня (1127), Крычаў (1136), Прупой (Слаўгарад, 1136), Гомель (1142), Рагачоў (1142), Брагін (1147), Давыд-Гарадок (сярэдзіна XII ст.), Мазыр і Мсціслаў (абодва 1156), Чачэрск (1159) і інш.

Дзяржаўна-палітычны лад[правіць | правіць зыходнік]

Кіеўская Русь складалася з розных тэрытарыльных адзінак. Яны называліся воласць, зямля, вобласць. У другой чвэрці ХІІ ст. некаторыя з іх сталі княствамі-дзяржавамі: Чарнігаўскае, Смаленскае, Наўгародскае, Суздальскае і інш. Кіеўскай Руссю кіраваў князь кіеўскі пры дапамозе ваеннай дружыны. Пэўную ролю ў вырашэнні важных пытанняў адыгрывала княжацкая рада з баяр і старэйшых дружыннікаў — баярская дума. У некаторых гарадах існавала веча — народны сход. Да адміністрацыі належалі пасаднікі, тысяцкія, агнішчане, цівуны, мечнікі, вірнікі, ратайныя старасты. Кульмінацыйным пунктам развіцця Кіеўскай Русі было княжанне Уладзіміра Святаславіча. Ён часова падпарадкаваў сваёй уладзе Полацк, раздаў воласці-княствы сваім шматлікім сынам. Адносіны яго дзяцей да бацькі нагадвалі васалітэт. Сыны кіеўскага князя глядзелі на свае ўладанні як на вотчыны. Першым пачаў імкнуцца да поўнай самастойнасці тураўскі князь Святаполк Уладзіміравіч, потым Яраслаў Мудры, які княжыў у Ноўгарадзе. Калі ён пераехаў у Кіеў, то падзяліў тэрыторыю Кіеўскай Русі з братам — тмутараканскім князем Мсціславам і прызнаў самастойнасць Полацкага княства. Пасля смерці Мсціслава (1036) уладу на ўсходнеславянскіх землях захоўвалі толькі 2 княжацкія галіны — Яраслаў Мудры ў Кіеве і праўнук Рагвалода Брачыслаў Ізяславіч у Полацку.

У той час, калі ўсе землі на тэрыторыі Кіеўскай дзяржавы пераходзілі паводле старшынства да нашчадкаў Яраслава, Полацк устойліва знаходзіўся ў руках мясцовага княжацкага роду (гл. Ізяславічы). Полацкія князі намагаліся пашырыць свае ўладанні ў першую чаргу за кошт тэрыторый, здаўна заселеных крывічамі. Асабліва вызначаўся ў гэтым Усяслаў Брачыславіч (1044—1101). Перыядычныя спробы кіеўскіх князёў прымусіць Полацк і Менск падпарадкавацца ўладзе Кіева прыводзілі да ваенных сутычак. Працэс распаду Кіеўскай Русі пасля смерці Яраслава Мудрага ўзмацніўся. Кожнае ўладанне яго сыноў Яраславічаў стала падзяляцца на ўдзелы. Княствы-землі падзяліліся паміж прадстаўнікамі адной дынастыі. Любецкі з'езд 1097 пацвердзіў прынцып валодання валасцямі («отчннамн») паводле формулы «няхай кожны (князь) трымае зямлю свайго бацькі». Для новага этапу гісторыі Кіеўскай Русі характэрны вельмі заблытаныя адносіны паміж прадстаўнікамі дынастыі Рурыкавічаў, якія варагавалі паміж сабой і змагаліся за кіеўскі трон, што фармальна лічыўся велікакняжацкім.

Этнічнае развіццё[правіць | правіць зыходнік]

У выніку інтэнсіўнага асваення славянамі значнай часткі Усходне-Еўрапейскай раўніны ў VIII—IX стст. склаліся этнічна блізкія супольнасці славянскага насельніцтва, якія ў летапісе названы княжаннямі. Продкі ўсходніх славян, якія рассяліліся ў Прыпяцкім Палессі, асімілявалі балцкія плямёны. У выніку гэтага на тэрыторыі, якую займалі прыдняпроўскія балты, узніклі ўсходнеславянскія плямёны — дрыгавічы, крывічы, радзімічы — продкі сучасных беларусаў. На тэрыторыі, дзе раней жылі іранскамоўныя (скіфа-сармацкія) плямёны, узніклі паляне, севяране, улічы і інш. — продкі сучасных украінцаў. У другой пал І-га тыс. адбывалася асіміляцыя фіна-ўгорскіх плямён, якая прывяла да ўзнікнення наўгародскіх славен, вяцічаў, часткова верхняволжскіх крывічоў — продкаў сучасных рускіх. У летапісных запісах XII ст. тая частка ўсходніх славян, якая жыла вакол Кіева, Пераяслаўля, Чарнігава, лічылася Руссю. Першапачаткова толькі гэта тэрыторыя называлася Рускай зямлёй. 3 пач. XIII ст. назва Русь пашырылася на ўсіх усходніх славян. Але тады не было адзінай мовы, якой бы карысталася ўсё насельніцтва Кіеўскай Русі. У гутарцы крывічоў, наўгародцаў, кіян існавалі пэўныя адрозненні, але жыхары розных краёў Кіеўскай Русі маглі без асаблівых цяжкасцей разумець адзін аднаго. 3 часам у мове развіваліся асаблівасці, якія пазней акрэслілі спецыфіку беларускай, украінскай і рускай моў. У XII ст. ўзнікла назва Украіна (з асновы «край»), якая потым дала назву ўкраінскаму народу.

Царква і культура[правіць | правіць зыходнік]

Сафійскі сабор у Кіеве, сучасны выгляд

Прыняцце хрысціянства ў Кіеве ў 988 па візантыйскім абрадзе мела значныя вынікі ў землях усіх усходніх славян. На чале царквы на Русі стаяў мітрапаліт, які назначаўся канстанцінопальскім патрыярхам. Усходнеславянская царква была часткай візантыйскай «грэка-праваслаўнай» царквы. Яе структура адпавядала структуры свецкай улады. У канцы Х ст. ўзнікла Кіеўская мітраполія, пачалі стварацца царкоўныя акругі — епархіі (епіскапіі): каля 992 — Полацкая, у 1005 — Тураўская. Усходнеславянская царква кіравалася канонамі (правіламі і пастановамі) візантыйскай царквы. Драбленне Кіеўскай Русі выклікала і драбленне царкоўнай арганізацыі. Епархіі ўсё больш адасабляліся ад мітраполіі, хоць культавае адзінства захоўвалася. Кіеўскі мітрапаліт ставіў епіскапаў на кафедры, першапачаткова сам выбіраў кандыдатаў з грэкаў, якія прыязджалі на Русь, а зрэдку і з слав. манахаў. Пазней выбранне кандыдата стала правам мясцовай свецкай улады. Епіскап быў у сваёй епархіі вышэйшым прадстаўніком царквы. Духавенства падтрымлівала свецкую ўладу і клапацілася пра ўласныя царкоўныя выгоды. Царква атрымлівала ад князёў дзесятую частку дзяржаўных даходаў, мела і значныя зямельныя ўладанні. Яна адстойвала прагрэсіўную на той час ідэю неабходнасці моцнай княжацкай улады. Свецкія ўлады ў сваю чаргу аказвалі садзейнічанне царкве. У выніку большасць духавенства далучалася не да пакрыўджаных, бедных і пакутных, а да багатых і моцных. Царква зрабіла моцны ўплыў на развіццё новай феад. культуры.

Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку

Найбольш важнай галіной мастацтва была архітэктура. Разам з хрысціянствам з Візантыі ў гарады ўсходніх славян прыйшлі мураванае дойлідства і манументальны жывапіс. Мураваная архітэктура прадстаўлена пабудовамі культавага характару — саборамі і цэрквамі. Мураваныя будынкі ўзводзіліся найбольш у Кіеве. Усходнеславяская архітэктура ХІ ст. прадстаўлена помнікамі манументальнага дойлідства Кіева, Ноўгарада, Полацка, у кожным з іх пабудаваны Сафійскі сабор. У XII ст. ўзнік і пашырыўся новы тып царкоўных будынкаў. Аслабленне княжацкай улады, распад вялікіх княстваў на дробныя адбіліся на развіцці архітэктурных формаў. Замест грандыёзных збудаванняў, якія ўзводзіліся ў ХІ ст. ў буйных гарадах, з'явілася значная колькасць будынкаў невялікіх памераў, з адным купалам (Міхайлаўскі Залатаверхі сабор у Кіеве, Полацкі Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр, царква Спаса-на-Нярэдзіцы ў Ноўгарадзе, Успенскі і Дзмітрыеўскі саборы ва Уладзіміры на Клязьме). У наваколлі гарадоў размяшчаліся манастыры з цэрквамі і саборамі. Ва ўдзельных княствах узнікаюць самастойныя архітэктурныя школы (кіеўская, наўгародская, полацкая, уладзіміра-суздальская і інш.). Разам з культавым будаўніцтвам развівалася свецкая архітэктура (княжацкія палаты і інш.).

Высокага ўзроўню дасягнула манументальнае мастацтва — мазаіка, фрэска (Кіеў, Ноўгарад, Полацк). Значнае месца адводзілася выявам святых (вобраз Хрыста, выявы апосталаў, евангелістаў), распаўсюджанай была кампазіцыя «Еўхарысція». Развіваўся іканапіс. Скульптура (каменныя абразкі, рэльефы) паводле свайго характару была блізкая да разьбы па дрэве. Пашырэнне адукацыі і пісьменнасці абумовіла развіццё мастацтва афармлення рукапісных кніг мініяцюрамі, застаўкамі, канцоўкамі, ініцыяламі.

У дэкаратыўна-прыкладным мастацтве пашыраны ювелірныя вырабы (бранзалеты, колты, завушніцы, дыядэмы, грыўні), перагародчатыя эмалі, розныя прылады (чашы, абклады для кніг і абразоў), керамічныя вырабы (посуд, глазураваныя размаляваныя пліткі). Шэдэўр усходнеславянскага мастацтва — крыж Ефрасінні Полацкай, зроблены ў 1161 майстрам-ювелірам Л. Богшам у Полацку.

У ХІ ст. ў Кіеўскай Русі пачалося летапісанне. У пачатку XII ст. была створана «Аповесць мінулых гадоў» — гісторыка-мастацкі твор усходняга славянства.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Греков Б. Киевская Русь. [6 изд.] М., 1953;
  • История СССР с древнейших времен до наших дней. Т. 1. М., 1966;
  • Толочко П. Древняя Русь: Очерки соц.-полит. истории. Киев, 1987;
  • Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і Новагародскі перыяды. Мн., 1990;
  • Фроянов Н. Древняя Русь: Опыт исследования истории соц. и полит. борьбы. М.; СПб., 1995;
  • Штыхаў Г. Кіеўская Русь // ЭГБ у 6 т. Т. 4. Мн., 1997.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]