Замак Глубака
Замак | |
Замак Глубака | |
---|---|
Zámek Hluboká | |
![]() Замак Глубака | |
49°03′03″ пн. ш. 14°26′31″ у. д.HGЯO | |
Краіна |
![]() |
Горад | Глубака-над-Влтавай |
Архітэктурны стыль | неаготыка |
Заснавальнік | Вацлаў I |
Першае згадванне | 1285 |
Дата заснавання | XIII стагоддзе |
Сайт |
zamek-hluboka.cz (чэшск.) (англ.) zamek-hluboka.eu |
![]() |
Замак Глу́бака (чэшск.: Zámek Hluboká) — замак у Паўднёвай Чэхіі, пабудаваны ў псеўдагатычным стылі. Знаходзіцца ў г. Глубака-над-Влтавай за 140 км на поўдзень ад Прагі.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Замак быў заснаваны ў сярэдзіне XIII стагоддзя дваранінам Чэхам з Будзеёвіцаў на скале вышынёй 83 метра над ракой Влтавай недалёка ад мястэчка Подградзі і пабудаваны ў гатычным стылі. Яго першапачатковая назва — замак Фраўэнберг. Пазней ён неаднаразова перабудоўваўся, набываючы то рэнесансныя, то барочныя рысы. За першыя 400 гадоў існавання, з XIII па XVII стагоддзі, замак змяніў 26 гаспадароў[1].
Замак у гатычным стылі быў пабудаваны ў канцы XV стагоддзя Вілемам II з Пернштэйна. Пазней замак перайшоў ва ўласнасць караля Фердынанда I Габсбургскага, які ў 1562 годзе прадаў яго панам з Градца. У 1571—1587 гадах Адам II з Градца (1549—1596) правёў вялікую рэканструкцыю замка ў рэнесансным стылі, якой кіраваў італьянец Бальтазарэ Маджы. Акрамя Маджы ў рэканструкцыі бралі ўдзел італьянскія архітэктары Вінчэнца Вагарэлі і Даменіка Бенедэта Камета.
У 1660 годзе замак стаў уласнасцю роду Шварцэнбергаў. Менавіта з гэтай фамілій замак абавязаны сваім сучасным абліччам. У XIX стагоддзі замак падвергся значнай рэканструкцыі ў стылі неаготыкі. У якасці ўзору для перабудовы замка паслужыў Віндзарскі замак, архітэктарам праекта рэканструкцыі з'яўляецца венскі архітэктар Францішак Бера. Ідэя стварэння «Чэшскага Віндзара», як неафіцыйна завецца замак[1], належала адной з уладальніц замка — герцагіні Элеаноры Шварцэнберг. Шварцэнбергі валодалі замкам аж да 1945 года.
У 1947 годзе замак Глубака быў нацыяналізаваны і з тых часоў з'яўляецца дзяржаўным музеем.
Замак сёння
[правіць | правіць зыходнік]
Комплекс замка ўключае 140 пакояў, 11 вежаў, 2 унутраныя двары, зашклёную аранжарэю, стайні. Сцены замка і ўнутры, і знадворку ўпрыгожаны паляўнічымі трафеямі яго ранейшых уладальнікаў. Акрамя таго, у пакоях замка можна ўбачыць рыцарскія даспехі сям'і Шварцэнбергаў. У замку прадстаўлена мэбля XVIII—XIX стагоддзяў, калекцыя галандскага жывапісу XVI—XVII стагоддзяў, гістарычнай зброі, фарфору, фаянсу і шкла (пачынаючы з 1604 года), а таксама старадаўніх габеленаў. Інтэр'еры замка абстаўлены ў стылі позняга перыяду англійскага рэнесансу. Столі ў памяшканнях замка, дзверы, рамы для карцін упрыгожаны майстэрскай разьбой па дрэве.
Вакол замка разбіты англійскі парк плошчай 190 гектараў з рэдкімі відамі дрэў і сістэмай сажалак.
Зноскі
- ↑ а б Глубака над Влтавай — Паўднёвая Чэхія Архівавана 25 сакавіка 2010.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Замак Глубака
- Афіцыйны сайт замка Глубака
- Фотагалерэя замка Архівавана 13 студзеня 2016.