Шварцэнбергі
Шварцэнбергі | |
---|---|
Перыяд | XII-XXI стст. |
Тытул: | імперскія князі і графы, герцагі Крумлаўскія |
Маёнткі | Крумлаў, Клетгау |
Палацы | Орлік, Крумлаўскі замак, Шварцэнбергскі палац, замак Фраўэнбург |
Шварцэнбергі на Вікісховішчы |
Шварцэнбергі (ням.: Schwarzenberg, чэшск.: Schwarzenbergové) — вядомы з XII стагоддзя франконскі дваранскі род з Зайнсгайма, які пазней уступіў у аўстрыйскае падданства і ў XVIII—XX стст. стаў найбуйнейшым землеўладальнікам Багеміі. Пры роспуску Свяшчэннай Рымскай імперыі ўладанні дому Шварцэнбергаў былі медыятызаваныя па акце Рэйнскага саюза.
Прадстаўнікі
[правіць | правіць зыходнік]Эркінгер фон Зайнсгайм (пам. 1437) набыў ва ўладанне замак Шварцэнберг у Шайнфельдзе і быў узведзены ў імперскія бароны. З нашчадкаў яго вядомыя:
- Іаган фон Шварцэнберг (1463—1528) — яго ўнук, кіраўнік дваром архібіскупа Бамберга, блізкі па поглядах да Лютэра.
- Адольф фон Шварцэнберг (1547—1600) — камандаваў палком імперскіх войскаў супраць туркаў і ў 1599 г. атрымаў тытул імперскага графа.
- Граф Адам фон Шварцэнберг (1583—1641) — сын папярэдняга, саветнік апошняга герцага Клеўскага, Іагана-Вільгельма (памёр 1609 г.). Пасля вайны за клеўскую спадчыну перайшоў на брандэнбургскую службу і аказваў значны ўплыў на слабога курфюрста Георга Вільгельма. Стаўшы штатгальтарам Брандэнбурга, у гады Трыццацігадовай вайны кіраваў курфюрствам у інтарэсах Габсбургаў.
- Князь Іаган Адольф I цу Шварцэнберг (1615—1683) — сын папярэдняга, першы князь цу Шварцэнберг, які атрымаў у спадчыну ад сваёй маці ландграфства Клетгау ў Швабіі.
- Князь Адам Франц цу Шварцэнберг (1680—1732) — унук папярэдняга, трэці князь цу Шварцэнберг, які атрымаў ад караля ў 1723 годзе герцагства Крумлаўскае на поўдні Чэхіі і далучыў да свайго княжацкага звання тытул герцага Крумлаўскага.
- Князь Карл Філіп цу Шварцэнберг, герцаг Крумлаўскі (1771—1820) — аўстрыйскі фельдмаршал і генералісімус часоў Напалеонаўскіх войнаў, прэзідэнт гофкрыгсрата. Вёў перамовы пра шлюб Напалеона I з эрцгерцагіняй Марыяй-Луізай. Скончыў вайну ўзяццем Парыжа. Яго імя носіць венская плошча Шварцэнбергплац.
- Князь Эдмунд цу Шварцэнберг (1803 — 1873) — малодшы сын папярэдняга, аўстрыйскі фельдмаршал.
- Князь Фелікс цу Шварцэнберг (1800—1852) — пляменнік генералісімуса, аўстрыйскі пасланец пры розных еўрапейскіх дварах, пратэжэ Метэрніха, які змяніў яго на пасадзе міністра замежных спраў. Адзін з архітэктараў палітычнай сістэмы Аўстра-Венгрыі.
- Князь Карал Шварцэнберг, герцаг Крумлаўскі, ландграф Клетгау, граф Зульц (1937–2023) — старшыня Хельсінкскага праваабарончага камітэта (1984—1990), міністр замежных спраў Чэхіі са студзеня 2007 года па май 2009 года і з ліпеня 2010 года па 2013 год.
Рэзідэнцыі і пахавальні
[правіць | правіць зыходнік]Апроч радавога замка ў Франконіі, Шварцэнбергі пабудавалі змрочны замак Гімбарн каля Марыенхайдэ ў графстве Марк. Свае ўладанні ў Багеміі яны прымножылі за кошт шлюбаў са спадчынніцамі Розенбергаў і іншых валадарных родаў, набыўшы старадаўнія замкі Крумлаў, Вімперк, Орлік, Тршэбань, Звікаў, Цімеліц і іншыя. У Празе іх імя носіць былы палац Лобкавіцаў (1545—1567) — адзін з найбольш вытанчаных помнікаў Рэнесансу на поўнач ад Альпаў. Венскі палац Шварцэнбергаў, пабудаваны ў 1697—1728 гадах імператарскімі архітэктарамі Фішэрам фон Эрлахам і Гільдэбрантам, лічыцца эталонам аўстрыйскага барока.
Месцам пахавання Шварцэнбергаў служыць фамільная капэла ў пражскім саборы Святога Віта, акрамя таго вядомыя неагатычныя пахавальні Шварцэнбергаў у Доманіне каля Тршэбаня і ў гарадку Орлік-над-Влтавау.
-
Шварцэнбергскі палац у Празе
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Шварценберг, дворянский род // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
- Ottův slovník naučný/ze Schwarzenberka
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Шварцэнбергі
- Радаводнае дрэва Шварцэнбергаў Архівавана 29 мая 2015.
- www.schwarzenberg.cz