Перайсці да зместу

Зацірка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Зацірка
Уваходзіць у нацыянальныя кухні
беларуская
Кампаненты
Асноўныя мука, вада ці малако
Магчымыя яйка, крухмал, сала, алей
Падача
Тып стравы суп

Заці́рка — у беларусаў традыцыйная рэдкая страва (суп) з мукі. Жытнюю, пшанічную або грэцкую муку крута замешваюць або пераціраюць з яйкам (часам з крухмалам) і вараць на вадзе або малацэ. Зацірку, прыгатаваную на вадзе, заскварваюць, запраўляюць алеем, забельваюць малаком[1].

Гісторыя і роля ў культуры

[правіць | правіць зыходнік]

Назва супу паходзіць ад яго галоўнага інгрэдыента — невялікіх камякоў цеста, якія называюцца «заціркі» або «зацеркі», бо іх атрымліваюць шляхам перацірання мукі з вадой ці яйкам[2].

У сярэдзіне XIX стагоддзя зацірка фіксуецца як адна з самых распаўсюджаных штодзённых страў. Этнограф Адам Ганоры Кіркор у 1857 годзе адзначаў яе сярод звычайнай паўсядзённай ежы віленскіх сялян, разам з кашай і халадніком[3].

Гісторык беларускай кухні Алесь Белы адзначае, што сімвалізм заціркі даволі супярэчлівы. З аднаго боку, яна лічылася таннай ежай беднякоў і жабракоў - гэты матыў, у прыватнасці, яскрава адлюстраваны ў вядомым апавяданні Змітрака Бядулі «Пяць лыжак заціркі». Зацірка ратавала ад голаду і ў пазнейшыя часы, напрыклад, яе часта варылі вязні Мінскага гета, калі ўдавалася здабыць трохі мукі. З іншага боку, у заможных дамах такія клёцкі-заціркі часта нарыхтоўвалі ў запас і сушылі ў палатняных мяшэчках, якія падвешвалі да бэлькі, што якраз сведчыла пра дабрабыт і дастатак у сям'і[2].

Сёння ў Польшчы заціркі (польск.: zacierki) масава выпускаюцца харчовай прамысловасцю як звычайны макаронны выраб, таму адпала неабходнасць заціраць іх рукамі[2].

  1. Зацірка // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — С. 25. — 604 с. 10 000 экз. ISBN 985-11-0035-8. ISBN 985-11-0130-3 (т. 7).
  2. 1 2 3 Алесь Белы. З чаго вараць і як называюць традыцыйныя беларускія супы . Наша Ніва (21 мая 2023). Праверана 20 мая 2026.
  3. Киркор 1857, с. 255.
  • Зацірка // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — С. 25. — 604 с. 10 000 экз. ISBN 985-11-0035-8. ISBN 985-11-0130-3 (т. 7).
  • Киркор А. Этнографическій взглядъ на Виленскую губернію (Статья первая) // Вѣстникъ Императорскаго Русскаго Географическаго Общества. — 1857. — Т. 20. — С. 236—343.