Збароў
Вёска
Збароў
|
Збаро́ў[1] (трансліт.: Zbaroŭ, руск.: Зборов) — вёска ў Рагачоўскім раёне Гомельскай вобласці. Уваходзіць у склад Збароўскага сельсавета.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Выяўленыя археолагамі гарадзішча ранняга жалезнага веку, эпохі бронзы і Кіеўскай Русі (за 1 кіламетр на ўсход ад вёскі) і курганны могільнік (5 насыпаў, за 2,5 — 3 кіламеры на ўсход ад вёскі) сведчаць аб засяленні гэтых мясцін з глыбокай старажытнасці. У 1968 годзе ў час сельскагаспадарчых работ каля вёскі знойдзены каралі, якія складаюцца за падвесак, падобныя сустракаюцца ў старажытна-рускіх курганах XI стагоддзя. Па пісьмовых крыніцах вядома з XVI стагоддзя. У 1682 годзе маёнтак Збароў належаў Радзівілам. У 1696 годзе сяленне ў прыходзе Рагачоўскай замкавай царквы. У 1749 годзе пабудавана драўляная царква. Згадваецца ў 1756 годзе як вёска Збарова ў Задняпроўскім войтаўстве Рагачоўскага староства[2].
Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) у складзе Расійскай імперыі. З 1880 года дзейнічаў хлебазапасны магазін. У 1881 годзе 114 двароў, 634 жыхары. Паводле перапісу 1897 года 156 двароў, 1083 жыхары, царква, школа граматы, хлебазапасны магазін, 2 ветракі, піцейны дом. У 1905 годзе адкрыта народнае вучылішча (у 1907 годзе — 47 вучняў), якое размяшчалася ў наёмнай сялянскай хаце, а ў 1912 годзе для яго пабудавана памяшканне. У 1909 годзе 170 двароў, 1322 жыхары, 2148 дзесяцін зямлі, у Кісцянёўскай воласці Рагачоўская павета. У выніку пажару 1910 года згарэлі 84 двары. У 1925 годзе 200 двароў.
З 20 жніўня 1924 года цэнтр Збароўскага сельсавета Рагачоўскага раёна Бабруйскай (да 26 ліпеня 1930 года) акругі, з 20 лютага 1938 года Гомельскай вобласці. У 1930 годзе арганізаваны калгас. У савецка-фінляндскую вайну загінулі 2 вяскоўцы. У Вялікую Айчанную вайну ў баях за вёску і наваколле загінулі 69 воінаў (пахаваны ў брацкай магіле каля школы). На франтах і ў партызанскай барацьбе загінуў 161 жыхар з вёсак Збарўскага сельсавета, памяць аб якіх увекавечвае абеліск, пастаўлены ў 1965 годзе ў цэнтры вёскі. Вызвалена 24 лютага 1944 года, 77 вяскоўцаў загінулі на фронце. Паводле перапісу 1959 года 944 жыхары. Цэнтр калгаса «Новы шлях». Размешчаны механізацыйная майстэрня, 9-гадовая школа, Дом культуры, бібліятэка, дзіцячы сад, фельчарска-акушэрскі пункт, магазін, аддзяленне сувязі.
Планіровачна складаеца з дугападобнай вуліцы, блізкай да шыротнай арыентацыі, да якой з палудня далучаюцца 3 і з поўначы — 2 завулкі. Забудова двухбаковая, няшчыльная, пераважна драўляная, сядзібавага тыпу[3].
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]- Гарадзішча перыяду ранняга жалезнага веку (2-е тысячагоддзе да н.э. — 1-е тысячагоддзе н.э.), за 1 км на ўсход ад вёскі —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 313В000624 - Курганны могільнік перыяду ранняга сярэднявечча (X — XIII стагоддзі), за 2,5 — 3 км на ўсход ад вёскі, у лесе —
Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 313В000625 - Агаленне «Збарова», за 1,9 км на паўночны захад ад вёскі — геалагічны помнік прыроды рэспубліканскага значэня.
Вядомыя асобы
[правіць | правіць зыходнік]- Кірыл Нікіфаравіч Осіпаў (1907—1975), Герой Савецкага Саюза (1941)[4].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4 (DJVU).
- ↑ LVIA, f. 525, ap. 8, b. 745, l. 12.
- ↑ Збароў // Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 2, кн. 2. Гомельская вобласць / С. В. Марцэлеў; рэдкал.: Г. П. Пашкоў (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2005. — С. 251. — 4 000 экз. — ISBN 985-11-0330-6.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 11: Мугір — Паліклініка / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2000. — Т. 11. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11). — С. 453.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх