Збігнеў Пашкевіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Збігнеў Пашкевіч
Род дзейнасці сябра антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху
Дата нараджэння 12 кастрычніка 1928(1928-10-12) (95 гадоў)
Месца нараджэння
Жонка Галіна (Гелена) Вікенцеўна

Збігнеў Пашкевіч (нар. 12 кастрычніка 1928) — сябра мядзельска-смаргонскага антыкамуністычнага падполля, належаў да смаргонскай групы арганізацыі.[1]

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 12 верасня 1928 года ў вёсцы Крапіўна Віленскага ваяводства ў Польскай Рэспубліцы (цяпер Смаргонскі раён Гродзенскай вобласці) у сялянскай сям’і, якая падчас Другой сусветнай вайны супрацоўнічала з Арміяй Краёвай. Брат Збігнева — Генрык Пашкевіч (псеўданім у АК — «Rąbalski») у складзе IX Брыгады Ашмянскай АК загінуў у ліпені 1944 года пад час баёў за Вільню.

Вучыўся ў Смаргонскай сярэдняй школе. Там быў сябрам мядзельска-смаргонскага антыкамуністычнага падполля, але да актыўных дзеянняў не далучаўся. Арганізацыя Расціслава Лапіцкага ў асноўным займалася распаўсюджваннем антысавецкіх улётак, у будучыні планавала перайсці і да больш актыўных дзеянняў.

У пачатку 1950, калі быў вучнем 9 класа, арыштаваны. Пра допыты ўспамінаў так:

«Следчы ў мяне быў Жыркоў, рабы. Казаў: „Ты сваё жыццё ставіш вышэй за жыццё савецкай улады!“ А я ў адказ: „Я перажыў польскую ўладу, нямецкую ўладу, і камуністаў перажыву!“. Тады ён зайшоў ззаду і моцна выцяў мяне рубам далоні па патыліцы: „Падпісвай!“ Я яму: „Давай, падпішу“. Узяў пратакол і парваў, кінуў ашмоткі на стол. А зараз, кажу, я табе нічога адказваць ня буду і прашу пракурора Волаха».

У Маладзечне ў час допытаў сядзеў у турме непадалёку вакзала, у адной камеры з іншым удзельнікам арганізацыі, Анатолем Карнеем.

Летам 1950 г. ваенным трыбуналам Беларускай Вайсковай Акругі па справе мядзельска-смаргонскай падпольнай арганізацыі асуджаны на 10 гадоў зняволення ў канцлагерах за «неданясенне». Пакаранне адбываў спачатку ў Комі, дзе падвышаў палатно чыгункі, а потым пераважна на Архангельшчыне на лесанарыхтоўках.

Пасля смерці Сталіна вярнуўся на радзіму хворым чалавекам. Жаніўся, працаваў у машынна-трактарнай станцыі, пасля ліквідацыі МТС — у ГСМ мясцовага калгаса. Пераехаў і ўладкаваўся на працу ў Маладзечне, спачатку «Хіммантаж», затым у «Міжкалгасбуд». Выйшаў не пенсію. Мае сына. Удзельнічаў у напісанні ўспамінаў для кнігі Міхася Чарняўскага «Ня бойцеся ахвяраў і пакут».

Жыве ў Маладзечне.

Зноскі

  1. http://www.slounik.org/154872.html Біяграфія Збігнева Пашкевіча

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Мінск, 1999. — ISBN 985-6374-07-3.
  • Чарняўскі Міхась. Ня бойцеся ахвяраў і пакут. — Вільня, 2006. — ISBN 978-9857-0620-58.
  • Чарняўскі М. М. Да гісторыі Мядзельска-Смаргонскага вучнёўскага падполля // Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў ХХ стагоддзі: Матэрыялы нав.-практ. канферэнцыі (Менск, 27—28 лютага 1998 г.). Мн., 1998.