Анатоль Карней

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Анатоль Карней
Род дзейнасці: удзельнік антыкамуністычнага падпольнага вучнёўскага руху
Дата нараджэння: 7 жніўня 1928(1928-08-07)
Месца нараджэння:
Дата смерці: 5 ліпеня 2004(2004-07-05) (75 гадоў)
Месца смерці:
Месца пахавання:
Бацька: Мартын
Жонка: Аляксандра Іванаўна Карней

Анатоль Карней (7 жніўня 1928 — 15 ліпеня 2004) — сябра мядзельска-смаргонскага антыкамуністычнага падполля, належаў да смаргонскай групы арганізацыі.[1]

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 7 жніўня 1928 г. у в. Міцкевічы Ашмянскага павета Віленскага ваяводства ў Польскай Рэспубліцы (цяпер Смаргонскі раён, Гродзенская вобласць) у сям’і каваля Мартына, якая мела трое дзяцей. У 1936 годзе пайшоў у 1-ы клас польскай школы. Пасля пачатку савецкай акупацыі ў 1939 г. вучыўся ў савецкай школе, але па прыходзе немцаў партызаны спалілі школу, таму не вучыўся і дапамагаў бацькам па гаспадарцы. Пасля Другой сусветнай вайны у 1947 г. скончыў 7 класаў сямігодкі ў в. Забалацце. У 1948 г. пайшоў вучыцца ў 8-ы клас Смаргонскай школы. Там, будучы ўжо ў 9-м класе, пазнаёміўся з Расціславам Лапіцкім, праз якога далучыўся да мядзельска-смаргонскага антыкамуністычнага падполля. Удзельнічаў у распаўсюдзе ўлётак, агітаваў знаёмых далучыцца. Моладзевая арганізацыя, кіраўніком якой быў Расціслаў Лапіцкі, у асноўным займалася распаўсюджваннем антысавецкіх улётак, але планавала перайсці і да больш актыўных дзеянняў.

У лютым 1950 г., Анатоля Карнея, вучня 9-а класа, арыштавалі за ўдзел у антысавецкім падполлі. Па арышце спачатку быў трыманы ў Вялейскай турме. Пра допыты ўспамінаў так:

«Допыты вялі следчыя Пахомаў (лютаваў) і Зырын (усходняга выгляду, мякчэйшы на допытах). Асабліва не катавалі, але вымучвалі вечаровымі і начнымі допытамі. Садзілі на прымацаваную дападлогі табурэтку з рукамі на каленях, і нельга было задрамаць, бо адразу следчы біў пад сківіцы: „Не спаць!“. У камеры сачылі праз вочка, таксама каб не спаў. Інакш урываліся і білі».

У ліпені 1950 г. засуджаны па справе мядзельска-смаргонскага падзем’я на 25 гадоў зняволення ў канцлагерах. У лютым 1951 г. рушыў этапам у Караганду, дзе быў памешчаны ў канцлагер замест вызваленых японскіх ваеннапалонных. Там напачатку быў разам з Чаславам Цыбоўскім, працаваў на будаўнічых работах. Увосені 1951 г. быў перавезены ў Кемераўскую вобласць на ўрочышча Мыскі, дзе працаваў на будаўнічых работах пры шахце, якія толькі распачаліся. У лютым 1953 г. перавезены на Варкуту. Пад восень 1955 г. перавезены ў Мардовію, дзе працаваў на сельгасработах і было значна лягчэй.

У 1956 г. выйшаў з няволі з падарваным здароўем. Вярнуўся ў Міцкевічы. У 1958 г. жаніўся, нарадзілася два сыны. Працаваў у калгасе на розных работах, у тым ліку кладаўшчыком. Потым пераважна працаваў кавалём. Атрымаў другую групу інваліднасці, насіў акуляры бо дрэнна бачыў і зусім не мог чытаць. Выйшаў на пенсію, удзельнічаў у напісанні ўспамінаў для кнігі Міхася Чарняўскага «Ня бойцеся ахвяраў і пакут». Жыў у в. Забалацце.

Памёр 15 ліпеня 2004 г., пахаваны ў роднай вёсцы Міцкевічы.

Зноскі

  1. http://www.slounik.org/154813.html Біяграфія Анатоля Карнея

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Мінск, 1999. — ISBN 985-6374-07-3.
  • Чарняўскі Міхась. Ня бойцеся ахвяраў і пакут. — Вільня, 2006. — ISBN 978-9857-0620-58.
  • Чарняўскі М. М. Да гісторыі Мядзельска-Смаргонскага вучнёўскага падполля // Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі ў ХХ стагоддзі: Матэрыялы нав.-практ. канферэнцыі (Менск, 27—28 лютага 1998 г.). Мн., 1998.