Зыгмунт Баніфацевіч Крупскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Зыгмунт Баніфацевіч Крупскі
герб «Корчак»
герб «Корчак»
Бурмістр Нясвіжа
Папярэднік Юзаф Гадыцкі-Цвірка
Пераемнік Рудольф Галавецкі (1887—1940)

Нараджэнне 2 мая 1883(1883-05-02)
вёска Мяцявічы, Слуцкі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя
Смерць каля 1940
(?) Мінск, Мінская губерня, Расійская імперыя
Род Крупскія (гербу Корчак)
Бацька Баніфацый Урбанавіч Крупскі (1822—1903)
Маці Стэфанія Фларыянаўна Свіда (1841—1896)
Жонка Аліна Янаўна Відацкая[d]
Веравызнанне каталік

Зыгмунт Баніфацевіч Крупскі (руск.: Зыгмунт Бонифатьевич Крупский, польск.: Zygmunt Krupski; 2 мая 1883 — каля 1940) — дваранін-землеўласнік, культурны, гаспадарчы і дзяржаўны дзеяч Расійскай імперыі і Польшчы. Бурмістр Нясвіжа (упамінаецца ў 1926 г.)[1]. Апошні прыватны ўласнік маёнтка Мяцявічы.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 2 мая 1883 года ў фамільным маёнтку Мяцявічы Пагосцкай воласці Слуцкага павета Мінскай губерні ў сям’і сярэднезаможнага беларускага двараніна-католіка Баніфацыя Урбанавіча Крупскага (1822—1903) і яго жонкі Стэфаніі Фларыянаўны Свіды (1841—1896) і пазней быў хрышчаны ў каталіцтва. Належаў да сярэднезаможнага каталіцкага шляхецкага (дваранскага) роду Крупскіх гербу «Корчак».

Сядзіба Крупскіх у маёнтку Мяцявічы. Фота раней 1917 г.

Па ўспамінах старажылаў, Зыгмунт Крупскі жыў вельмі багата ў маёнтку Мяцявічы, які ён атрымаў у спадчыну ад бацькі. У другой палове XIX ст. памер маёнтка складаў каля 120 валок, а станам на 1914 год — 734 дзесяціны[2]. У яго была пышная стайня, більярдная. Да яго часта прыязджала шмат гасцей. Пры маёнтку знаходзіўся выдатна абсталяваны спіртзавод.

Пасля таго як у 1920 годзе Рабоча-сялянская Чырвоная армія разбіла польскае войска ў Мінскай губерні, Зыгмунт Крупскі з’ехаў у Польшчу. Пасля Рыжскага мірнага дагавору (1921) маёнтак Мяцявічы апынуўся ў БССР і быў нацыяналізаваны савецкай уладай (уся гаспадарка засталася ў спраўным выглядзе). Сядзібны дом і гаспадарчыя пабудовы ў Мяцявічах не захаваліся да нашага часу. Будынак спіртзавода быў разабраны ў 1990-2000-х гг. Адзіным напамінам аб сядзібе цяпер з’яўляюцца рэшткі сядзібнага парку.

У Польшчы Зыгмунт Крупскі ўладкаваўся на дзяржаўную службу. Жыў у Нясвіжы. У 1926 годзе ўпамінаецца як бурмістр Нясвіжа[3].

Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР арыштаваны НКУС БССР у красавіку 1940 года у Нясвіжы, а 9 мая 1940 года быў адпраўлены з Нясвіжа ў Мінск, дзе, верагодна, і быў расстраляны.

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Жонка з 1907 года — Аліна Янаўна Відацкая (07.12.1889, Янопаль — 09.06.1978, Ольштын), дачка Яна Янавіча Відацкага (1861—1892) і Сафіі-Марыі Марцінаўны Карказовіч (1864—1841).

Дзеці:

  1. Яніна Зыгмунтаўна Крупская (1908—1974). Муж: Альгерд Пашкевіч (1909—2004). Шлюб у 1920 г.
  2. Стэфанія Зыгмунтаўна Крупская (03.10.1909, Мяцявічы — 24.03.1999, Ольштын). Муж: Уладзімір Мадэставіч Сумоўскі (24.12.1893, Жытомір — 09.10.1951, Ольштын). Шлюб у 1934 г.
  3. Раман Зыгмунтавіч Крупскі (1911—1982). Жонка: Яніна Вансоўская (1918—1996). Шлюб у 1953 г.

Пляменнік — Чэслаў Урбанавіч Крупскі (1889—1939/1940), член палітычнай групоўкі «віленскіх кансерватараў» і соймавы пасол V кадэнцыі (1938—1939) Польшчы ад баранавіцкай выбарчай акругі.

Зноскі

  1. Taurogiński, B. Z dziejów Nieświeża / B. Taurogiński. — Warszawa, 1937. — S. 260.
  2. Nad Świsłoczą — kalendarz miński informacyjny na 1914 rok, стр.77.
  3. Taurogiński, B. Z dziejów Nieświeża / B. Taurogiński. — Warszawa, 1937. — S. 260.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • «Nad Świsłoczą»: kalendarz miński informacyjny na rok 1914 / pod redakcją W. Dworzaczka. — Wilno : Znicz, 1914. — 130 s.
  • Taurogiński, B. Z dziejów Nieświeża / B. Taurogiński. — Warszawa : Archiwum Ordynacji Nieświeżskiej, Drukarnia Bagatela, 1937. — 420 s.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]