Баніфацый Урбанавіч Крупскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Баніфацый Урбанавіч Крупскі
герб «Корчак»
герб «Корчак»
Паўстанцкі начальнік Ігуменскага павета
1863 — 1863

Нараджэнне 15 ліпеня 1822(1822-07-15)
вёска Ігнатава, Мінскі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя
Смерць 12 студзеня 1903(1903-01-12) (80 гадоў)
вёска Мяцявічы, Слуцкі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя
Род Крупскія (гербу Корчак)
Бацька Урбан Крупскі
Маці Кацярына Антаневіч
Жонка Стэфанія Фларыянаўна Свіда (1841—1896)
Дзеці Урбан Баніфацевіч Крупскі і Зыгмунт Баніфацевіч Крупскі
Веравызнанне каталік
Член у
Адукацыя
Бітвы
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Баніфацый Урбанавіч Крупскі (руск.: Бонифатий Урбанович Крупский, польск.: Bonifacy Krupski; 15 ліпеня 1822, Ігнатава, Мінскі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя — 12 студзеня 1903, Мяцявічы, Слуцкі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя) — беларускі палітычны, культурны і гаспадарчы дзеяч часоў Расійскай імперыі, дваранін-землеўласнік. Міравы пасрэднік Ігуменскага павета (1861). Удзельнік Паўстання 1863 года — паўстанцкі начальнік Ігуменскага павета. Член Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (1883).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 15 ліпеня 1822 года ў маёнтку Ігнатаў (Ігнатава) Мінскага павета Мінскай губерні Расійскай імперыі ў сям’і сярэднезаможнага беларускага двараніна-католіка Урбана Крупскага і яго жонкі Кацярыны Антаневіч і пазней быў хрышчаны ў каталіцтва. Належаў да сярэднезаможнага каталіцкага шляхецкага (дваранскага) роду Крупскіх гербу «Корчак».

Скончыў гімназію у Слуцку і Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт (фізіка-матэматычны факультэт). Ва ўніверсітэце паводле распараджэння графа А. Ф. Арлова за ім у 1848 годзе быў учынены нагляд[1].

Пасля атрымання адукацыі пераехаў з бацькамі ў Бабруйскі павет, дзе жыў у маёнтках князя Вітгенштэйна і дапамагаў бацьку па кіраванні маёнткам, пакуль бацька Урбан Крупскі не купіў ад Корсакаў маёнтак Мяцявічы ў Пагосцкай воласці Слуцкага павета. У 1861 годзе Урбан Крупскі купіў у Ратынскага яшчэ маёнтак Навасёлкі ў Ігуменскім павеце.

Баніфацый Крупскі рэалізоўваў сялянскую рэформу 1861 года ў Расійскай імперыі: быў абраны міравым пасрэднікам Ігуменскага павета і за годныя меркаванні і ўрэгуляванне спраў на карысць сялян атрымаў прызнанне і павагу апошніх. У бацькавым маёнтку Навасёлкі заснаваў народнае вучылішча (народную школу).

Актыўна дзейнічаў у 1859 годзе ў Мінску ў распрацоўцы статута планаванага Літоўскага таварыства сельскай гаспадаркі (Litewskie Towarzystwo Rolnicze), якое б тэрытарыяльна ахоплівала ўсе літоўска-беларускія губерні Расійскай імперыі, быў адным з аўтараў яго статуту — разам з Казімірам Скірмунтам і Юліянам Карповічам[2][3]. Аўтары арыентаваліся на статуты Варшаўскага таварыства сельскай гаспадаркі і Галіцыйскага таварыства сельскай гаспадаркі, прадстаўленыя ім ад Антона Паўлавіча Яленскага, які таксама здолеў схіліць віленскага губернскага маршалка (1855—1878) Аляксандра Дамейку (1804—1878) да распрацоўкі статута Літоўскага таварыства сельскай гаспадаркі[4]. Выпрацоўка канчатковага варыянта статута адбывалася ў красавіку 1860 года ў Вільні падчас сустрэчы дэлегаваных літоўска-беларускіх дваран-землеўласнікаў з Віленскай (Рудольф Ясенскі, Юзаф Шышка, Караль Фалевіч), Ковенскай (Якуб Гейштар, Эдвард Ромер, граф Марыян Чапскі) і Мінскай губерняў (Юліян Карповіч, Баніфацый Крупскі)[5]. Падрыхтаваны праект статуту Літоўскага таварыства сельскай гаспадаркі быў падпісаны 18 (30) мая 1860 года ў Вільні 61 дваранінам-заснавальнікам. Віленскі ваенны генерал-губернатар (1855—1863) Уладзімір Іванавіч Назімаў перадаў статус на зацвярджэнне расійскаму імператару, які не даў свайго дазволу на тое, нягледзячы на забегі прадстаўнікоў літоўска-беларускіх дваран-землеўласнікаў[6].

Баніфацый Крупскі не падтрымліваў узброеную барацьбу супраць расійскай улады, але ў Паўстанні 1863 года ўдзельнічаў — у 1863 годзе прыняў пасаду паўстанчага камісара Ігуменскага павета. З прычыны непрыхільнай рэляцыі праваслаўнага святара (што Крупскі шкодна ўплывае на сялян) быў вымушаны пераехаць з Навасёлак у Ігумен. Падчас паўстання прыняў ад Баляслава Свертаржэцкага дакументы з «рэвалюцыйнымі распараджэннямі», рабіў з іх копіі і перадаваў іншым асобам, у тым ліку Антонію Асоўскаму. Неўзабаве быў арыштаваны, змешчаны ў Мінскую вязніцу і з 2 мая 1863 года знаходзіўся пад следствам за распаўсюджанне папяровых распараджэнняў паўстанцаў[7]. 15 ліпеня 1863 года нарадзілася яго другое дзіця — Урбан Баніфацевіч Крупскі (1863—1915). Стэфанія Крупская спецыяльна прынесла немаўля Урбана ў мінскі турэмны замак, каб Баніфацый Крупскі змог пабачыць свайго сына[8].

Пастановай суду, пацверджанай рашэннем віленскага ваеннага генерал-губернатара Міхаіла Мікалаевіча Мураўёва ад 2 верасня 1863 года, Баніфацый Крупскі быў прысуджаны да пазбаўлення правоў дваранства, канфіскацыі маёмасці (маёнтка Навасёлкі з фальваркамі Ніўкі і Вялень і маёнтка Мар’іна Горка ў Ігуменскім павеце) рашэннем ад 31 снежня 1863 года і высылкі на катаргу на цяжкія работы на заводы на 8 гадоў. Крупскі быў адпраўлены ва Усолле-Сібірскае, куды за ім па ўласнай волі адправілася яго жонка Стэфанія, пакінуўшы дома дваіх дзяцей (у тым ліку Урбана Баніфацевіча Крупскага) — яны былі аддадзены пад апеку Леакадзіі Урбанаўны Арачэўскай (сястры Баніфацыя Крупскага), уласніцы маёнтка Васільчыцы ў Слуцкім павеце[9]. Ва Усоле ў сям’і Крупскіх нарадзіліся яшчэ дзве дачкі. Праз пяць гадоў сям’я Крупскіх пасялілася ў Табольску, а затым у Царове, у Астраханскай губерні.

Баніфацый Крупскі, фота каля 1870-х гг.

У жніўні 1874 года Баніфацый Крупскі атрымаў ад расійскіх улад дазвол вярнуцца на радзіму. Адразу пасля вызвалення Баніфацый і Стэфанія Крупскія паехалі ў Варшаву. Верагодна, у Варшаве ў тыя часы былі намаляваны партрэты Баніфацыя Крупскага і Стэфаніі Крупскай, якія цяпер знаходзяцца ў Варшаўскай галерэі.

А праз год Крупскія пераехалі ў Мінскую губерню. У 1876—1880 гадах Баніфацый Крупскі жыў у маёнтку Мяцявічы Слуцкага павета, які належаў яго сёстрам. Тут толькі бацькі змаглі добра пазнаць свайго сына — Урбана Баніфацевіча Крупскага[10]. У 1880 г. Баніфацый Крупскі быў адноўлены ў правах — яму было вернута дваранства Расійскай імперыі.

У 1883 годзе Баніфацый Крупскі ўступіў у Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі[11]. А яго сын Урбан Баніфацевіч Крупскі ўступіў у Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі ў 1889 г.[12]

Баніфацый Крупскі добра гаспадараваў у Мяцявічах. У 1890 годзе суседнія сяляне зрабілі заход з карыснымі намерамі на землі маёнтка Мяцявічы, таму Баніфацый Крупскі падаў у суд на злачынныя дзеянні сялян і тую судовую справу выйграў. Аднак пасля выроку суда аб належнасці выплаты значных грошай сялянамі на карысць Крупскага, Баніфацый Крупскі дараваў сялянам тыя грошы і шчодра ўрэгуляваў сервітуты на карысць сялян. Нягледзячы на гэта сяляне падпалілі ноччу кароўнік у маёнтку Мяцявічы ў знак помсты за суд[13]. Паведамленне пра гэта ў часопісе «Kraj» (№ 40, 1890 г., стр. 1 у дадатку) напісаў журналіст Аляксандр Ельскі (1834—1916)[14].

Памёр 12 студзеня 1903 года ў маёнтку Мяцявічы, абкружаны вялікай павагай сваякоў і суседзяў.

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Жонка — Стэфанія Фларыянаўна Свіда (1841—1896), дваранка, дачка Фларыяна Свіды і Канстанцыі Непакайчыцкай.

Меў шэсць дзяцей:

  1. Урбан Баніфацевіч Крупскі (1863—1915), удзельнік беларускай народніцкай групы «Гоман» (1884), старшыня Мінскага таварыства ўзаемнага крэдыту (1909—1915), уласнік маёнтк Засулле, член Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (1889). Жонка: Гелена Свіда (?—1901). Шлюб у 1889 г.
  2. Зыгмунт Баніфацевіч Крупскі (1883—1940), уласнік маёнтка Мяцявічы, бурмістр Нясвіжа (упамінаецца ў 1926 г.). Жонка: Аліна Янаўна Відацкая (1889—1978). Шлюб у 1907 г.
  3. Канстанцыя Баніфацеўна Крупская. Муж: Адам Аколаў-Падгорскі.
  4. Ядвіга Баніфацеўна Крупская (?-1915—1917-?), выконвала абавязкі лекара лекарскай часткі ў слуцкім павятовым земстве (?-1915—1917-?).
  5. Станіслаў Баніфацевіч Крупскі (08.10.1877,Слуцк—1915-?), уласнік маёнтка Мяцявічы, Прудок[15]. Жонка: Адэля-Канстанцыя-Альдона Густаваўна Гружэўская (11.03.1877—?).
  6. Тэрэза Баніфацеўна Крупская (1880—1962). Муж: Уладзімір Дрыжынскі (1874—?).

Сястра — Леакадзія Урбанаўна Крупская (у замустве Арачэўская).

Зноскі

  1. РГИА. Ф. 1286. Оп. 11 1848 г. Д. 847. Заголовок: Дело по отношению господина генерал-адъютанта графа Орлова об учреждении надзора за студентом Бонифацием Крупским 20 ноября 1848 г.
  2. Szpoper, D. Edward Woyniłłowicz i Mińskie Towarzystwo Rolnicze — przyczynek do dziejów polskiej myśli politycznej w Cesarstwie Rosyjskim do 1914 roku / D. Szpoper // Эдвард Вайніловіч — зямянін, грамадзянін, каталік : матэрыялы беларус.-пол. навук. канф., Мінск, 14 лют. 2009 г. / Гіст.-культур. установа «Палоніка-Літуаніка», Ін-т Пол. у Мінску. — Мінск, 2009. — С. 28—42.
  3. Szpoper, D. Gente Lithuana, Natione Lithuana. Myśl polityczna i działalność Konstancji Skirmuntt (1851—1934)… С. 35.
  4. Szpoper, D. Gente Lithuana, Natione Lithuana. Myśl polityczna i działalność Konstancji Skirmuntt (1851—1934)… С. 35.
  5. Szpoper, D. Gente Lithuana, Natione Lithuana. Myśl polityczna i działalność Konstancji Skirmuntt (1851—1934)… С. 35.
  6. Szpoper, D. Gente Lithuana, Natione Lithuana. Myśl polityczna i działalność Konstancji Skirmuntt (1851—1934)… С. 36.
  7. СПИСОК лицам, состоявшим и состоящим под следствием в комиссии, Высочайше учрежденной в городе Минске по политическим делам. С 15 Мая по 15 Августа 1863 года.
  8. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 341.
  9. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 341.
  10. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 341.
  11. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 341.
  12. Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара. — Минск, 2023. — С. 342.
  13. Kraj № 40, 1890 г., стр.1 у дадатку
  14. Kraj № 40, 1890 г., стр.1 у дадатку
  15. Прудок у Пагосцкай воласці ў Слуцкім павеце.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Восстание в Литве и Белоруссии 1863—1864 гг.: материалы и документы / гл. ред. : С. Кеневич. — М. : Наука, 1965. — 586 с.
  • Раюк, А. Р. Урбан Крупскі (1863—1915): ад беларускага народніка да краёўца-кансерватара / А. Р. Раюк // Научные труды Респ. ин-та высш. школы. Истор. и псих.-пед. науки : сб. науч. ст.: в 3 ч. / РИВШ ; редкол. : В. А. Гайсёнок [и др.]. — Минск : РИВШ, 2023. — Вып. 23. — Ч. 1. — С. 339—346.
  • Революционный подъем в Литве и Белоруссии в 1861—1862 гг.: материалы и документы / гл. ред. : С. Кеневич. — М. : Наука, 1964. — 707 с.
  • Удзельнікі паўстання 1863—1864 гадоў : біяграфічны слоўнік : (паводле матэрыялаў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі) / Дзмітрый Матвейчык ; Дэпартамент па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Республікі Беларусь, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. — Мінск: Беларусь, 2016. — 734 с. — 400 экз. — ISBN 978-985-01-1159-3.
  • Федорук, А. Т. Старинные усадьбы Минского края / А. Т. Федорук ; [Под общ. рук. и предисл. Е.Будинаса]. — Мн.: ООО "Полифакт" : ООО "Лекция", 2000. — 415 с. — (Старинные усадьбы Беларуси). — 500 экз. — ISBN 985-6107-24-5.
  • Gieysztor, J. Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857—1865 : w 2 t. / J. Gieysztor; przedmowa i przypisy prof. T. Korzona. — Wilno : Nakładem Tow. Udz. «Kurjer Litewski», 1913. — T. 1. — 422 s.
  • Gieysztor, J. Pamiętniki Jakóba Gieysztora z lat 1857—1865 : w 2 t. / J. Gieysztor; przedmowa i przypisy prof. T. Korzona. — Wilno : Nakładem Tow. Udz. «Kurjer Litewski», 1913. — T. 2. — 384 s.
  • Ramotowska, F. Tajemnie państwo polskie w powstaniu styczniowym 1863—1864: struktura organizacyjna : w 2 cz. / F. Ramotowska. — Warzsawa : DiG, 1999—2000. — Cz. 1. — 1999. — 727 s.
  • Szpoper, D. Edward Woyniłłowicz i Mińskie Towarzystwo Rolnicze — przyczynek do dziejów polskiej myśli politycznej w Cesarstwie Rosyjskim do 1914 roku / D. Szpoper // Эдвард Вайніловіч — зямянін, грамадзянін, каталік : матэрыялы беларус.-пол. навук. канф., Мінск, 14 лют. 2009 г. / Гіст.-культур. установа «Палоніка-Літуаніка», Ін-т Пол. у Мінску. — Мінск, 2009. — С. 28—42.
  • Szpoper, D. Gente Lithuana, Natione Lithuana. Myśl polityczna i działalność Konstancji Skirmuntt (1851—1934) / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 2009. — 487 s.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]