Кадвалан ап Кадван

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Кадвалан ап Кадван
вал.: Cadwallon ap Cadfan
Кадвалан ап Кадван
сцяг
Кароль Гвінеда
625 — каля 634
Папярэднік: Кадван ап Іяга
Пераемнік: Кадавайл ап Кінведу
 
Дзейнасць: суверэн
Веравызнанне: хрысціянства
Нараджэнне: каля 600
Каралеўства Гвінед
Смерць: каля 634
Battle of Heavenfield[d], Нартумбрыя, Вялікабрытанія
Дынастыя: Каралеўства Гвінед
Бацька: Кадван ап Іяга
Маці: Авандрэг Чорная
Жонка: Эльфрыт Мерсійская
Дзеці: Кадваладр ап Кадвалан

Кадвалан ап Кадван (вал.: Cadwallon ap Cadfan, лац.: Catuvellaunus, англ.: Catwald; каля 600634) — кароль Гвінеда з 625 года. Кадвалан з'яўляецца, мабыць, адзіным валійскім кіраўніком, якому ўдалося ў выніку шэрагу ваенных перамог захапіць на невялікі перыяд часу значныя англасаксонскія тэрыторыі.

Кадвалан стаў каралём Гвінеда пасля смерці бацькі Кадвана ап Іяга. Большая частка перыяду яго кіравання праходзіла ў ваенным супрацьстаянні з каралеўствамі Нартумбрыі. Прычынай гэтаму паслужыла экспансія караля Дэйры і Берніцыі — Эдвіна на захад. Прэтэнзіі гэтага ўладара на дамінаванне сярод англасаксонскіх каралёў і падтрымка кіраўніка Усходняй Англіі Рэдвальда дазволілі Эдвіну далучыць да сваіх уладанняў брыцкае каралеўства Элмет і англасаксонскае — Ліндсі. Затым, паводле слоў Беды Вялебнага, «ён падпарадкаваў нават астравы Меваніі»[1] — гэта значыць астравы Мэн і Англсі, былы гвінедскім уладаннем.

Першая згадка Кадвалана ў крыніцах звязана з завяршальным этапам уварвання Эдвіна на тэрыторыю Уэльса — «Аналы Камбрыі» ўтрымліваюць запіс за 629 год: «Аблога караля Кадвалана на востраве Гланайк»[2]. У выніку паражэння на гэтым невялікім востраве на захад ад Англсі кароль Гвінеда вымушаны быў бегчы.

Звесткі пра дзейнасць Кадвалана ў выгнанні маюцца толькі ў «Гісторыі брытаў» Гальфрыда Монмуцкага і яе валійскім варыянце «Хроніцы ранніх брытаў». Паводле іх версіі Кадвалан спачатку хаваўся ў Ірландыі, затым праз востраў Гернсі прыбыў у Брэтань да двара караля Арморыкі — Саламона. Атрымаўшы ваенную падтрымку армарыканскіх брытаў, Кадвалан высаджваецца ў Брытаніі і, здымаючы аблогу мерсійцаў з Эсконіі (вал.: Caer-Uisc, суч. Эксетэр), вымушае караля Мерсіі Пенду далучыцца да яго. Пазней ён змацоўвае саюз з мерсійскім кіраўніком шлюбам з сястрой Пенды — Элкфрытай.

Незалежна ад ступені дакладнасці звестак «Гісторыі брытаў» сапраўды фарміруецца альянс Пенды і Кадвалана. Іх аб'яднаныя сілы разбіваюць войскі Эдвіна ў бітве пры Мейсене (лац.: Meicen), якая паводле англійскай традыцыі завецца бітвай пры Хэтфілдзе (англ.: Hatfield Chase), 14 кастрычніка 633 года, у якой гіне кароль Нартумбрыі і яго сын Осфрыд, а другі сын Эдфрыд трапляе ў закладнікі да Пенды (паводле звестак «Аналаў Камбрыі» ў бітве загінулі два сыны)[3].

Пасля перамогі над Эдвінам Кадвалан і Пенда акупавалі практычна ўсю тэрыторыю Нартумбрыі. Беда, як чалавек, які нарадзіўся ў Нартумбрыі і быў у значнай ступені прадузятым, апісвае падзеі наступным чынам:

" … Тады пачалося вялікае ганенне на царкву і народ Нартумбрыі, прычым адзін з ганіцеляў быў язычнікам, а іншы — яшчэ больш жорсткім варварам. Бо Пенда і ўвесь народ мерсійцаў былі ідалапаклоннікамі і не ведалі імя Хрыста, але Кэдвала, хоць і хрысціянін паводле імя і спавядання, быў сапраўдным варварам паводле прыроды і не мілаваў ні жанчын, ні нявінных дзяцей. Са звярынай жорсткасцю ён аддаваў іх смерці і пакутам і доўга спусташаў іх зямлю, жадаючы сцерці з твару Брытаніі ўвесь народ англаў[4] "

Нартумбрыя зноў распалася на свае гістарычныя складнікі: Дэйра — уласны дамен Эдвіна, перайшла па спадчыне да яго стрыечнага брата Осрыка, а Берніцыя — да сына Этэльфрыта, папярэдніка Эдвіна, — Энфрыда. Осрык распачаў спробу вызваліць свае землі і аблажыў у пачатку 634 года Кадвалана ў Ёрку[5] Аднак гвінедскі кароль, здзейсніўшы нечаканую вылазку, разбіў войска Осрыка і забіў яго сябе. Пасля гэтага Кадвалан на працягу года кіраваў каралеўствам Осрыка і паводле слоў Беды Вялебнага «…валодаў Нартумбрыяй не як пераможны кароль, але як жорсткі тыран, які раздзірае з жахлівай крыважэрнасцю сваіх ахвяр на кавалкі»[6]. Кароль Берніцыі Энфрыд таксама быў неўзабаве забіты Кадваланам, калі прыйшоў да таго са світай усяго з 12 чалавек для правядзення мірных перамоў.

Пасля забойства Энфрыда прэтэндаваць на прастол Берніцыі стаў яго брат — Освальд. Вярнуўшыся са ссылкі ў Дал Рыядзе з невялікай войскам Освальд разбіў валійскага караля ў 634 годзе ў бітве пры Кад-іс-Гуале («Бітва ля сцяны», вал.: Cad-ys-gual, лац.: Cantscaul) або, паводле англасаксонскай назвы, пры Хэвенфілдзе (англ.: Heavenfield). Кадвалан загінуў у гэтай бітве ў месцы званым «Ручай Дзіянісія».

Ад шлюбу з Элкфрытай Мерсійскай у Кадвалана застаўся адзіны сын Кадваладр Фендыгайд ап Кадвалан, якому на момант гібелі бацькі быў толькі год. Пасля Кадвалана насуперак правам Кадваладра прастол атрымаў Кадавайл Кадомед ап Кінведу.

Кадвалан быў пахаваны ў Кайр-Лондэйне пад брамай Лудгейт.[7][8]


Зноскі

  1. Беда, «Царкоўная гісторыя англаў», кніга 2, глава IX
  2. Аналы Камбрыі, 629 год: Obsessio catguollaun regis in insula glannauc
  3. Аналы Камбрыі, 633 год: Kalendis ianuariis gueith meicen et ibi interfectus est Etguin cum duobus filiis suis. Catguollaun autem uictor fuit.
  4. Бяда, «Царкоўная гісторыя англаў», кніга 2, глава XX
  5. Беда называе месца аблогі «oppido municipio» — паводле рымскай тэрміналогіі горад акружаны сцяной. У гэты перыяд гэтаму апісанню адпавядае толькі Ёрк.
  6. Беда, «Царкоўная гісторыя англаў», кніга 3, глава I
  7. Усе манархіі свету
  8. EBK: King Cadwallon of Gwynedd

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]


Папярэднік:
Кадван ап Іяга
Кароль Гвінеда
625634
Пераемнік:
Кадавайл Кадомед