Перайсці да зместу

Кадо

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Кадо
Caddo
Танец індыка
Агульная колькасць 5 290
Рэгіёны пражывання  ЗША
Мова кадо (мова)
Рэлігія політэізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы паўні, арыкара, кічаі, вічыта

Кадо (саманазва: Caddo) — канфедэрацыя блізкіх па мове і культуры індзейскіх народаў, якія ў нашы дні жывуць пераважна ў Аклахоме. У ЗША вызначаюцца як асобная нацыя. Агульная колькасць (2010 г.) — 5 290 чал.[1]

Кадо з’яўляюцца нашчадкамі носьбітаў Кадаанскай археалагічнай культуры, якая сфарміравалася ў IX ст. н. э. на паўднёвым усходзе Тэхаса і ў перыяд росквіту ахоплівала ўсход Тэхаса, поўдзень Аклахомы, захад Луізіяны, паўднёвы захад Арканзаса. У 1541 г. у землях кадаанцаў апынулася іспанская экспедыцыя на чале з Эрнанда дэ Сота. Яе чальцы ўзгадвалі буйныя паселішчы, спадчынных правадыроў і агульных духоўных лідараў.

У другой палове XVI — пачатку XVIII стст. носьбіты Кадаанскай культуры фактычна падзяліліся на паўночную і паўднёвую плыні. Паўднёвыя кадаанцы стварылі некалькі племянных канфедэрацый:

  • Кадахадача ў Аклахоме і Арканзасе
  • Хасінаі на ўсходзе Тэхасе
  • Начыточэс у Луізіяне

У 1700 г. кадахадача пацярпелі паражэнне ад чыкаса. Рэшткі канфедэрацыі спачатку далучыліся да насоні, а потым — да начыточэс. Хасінаі і начыточэс таксама былі вымушаны ваяваць з сіўанскімі народамі, апачы і каманчамі. Аднак найбольшую шкоду ім наносілі эпідэмічныя захворванні. Так, французы паведамлялі ў пачатку XVIII ст., што канфедэрацыя начыточэс налічвала 400—450 дарослых воінаў, а ў 1805 г. амерыканцы налічылі 52 воіны. Сярод начыточэс сяліліся каджуны і негры. Да сярэдзіны XIX ст. значную частку прадстаўнікоў канфедэрацыі склалі метысы. У 1835 г. правадыры начыточэс падпісалі мірнае пагадненне з ЗША, згодна з якім саступалі большасць сваіх тэрыторый (у рэчаіснасці яны былі ненаселены або выкарыстоўваліся іншымі плямёнамі). Кадахадача падпісалі сепаратны дагавор, атрымалі кампенсацыю і перасяліліся ў Тэхас, у той час частку Мексікі.

Пасля далучэння Тэхаса да ЗША кадахадача далі згоду на новае перасяленне на індзейскія тэрыторыі ў Аклахоме. Хасінаі, з мовы якіх пайшла назва Тэхаса, былі засяроджаны тэхаскімі ўладамі ў рэзервацыі Бразаз. У 1858 г. група паляўнічых-хасінаі стала ахвярай амерыканскіх злачынцаў, што стала прычынай ліквідацыі рэзервацыі і перасялення яе насельнікаў у Аклахому. У 1859 г. на індзейскія тэрыторыі былі таксама пераселены начыточэс, хаця пасля грамадзянскай вайны некалькі дзясяткаў чальцоў канфедэрацыі вярнуліся ў Луізіяну, дзе ў 2012 г. іх нашчадкі былі прызнаны ў якасці племені.

У 1936 г. у Аклахоме прадстаўнікі паўднёвых кадаанцаў аб’ядналіся ў адзіную канфедэрацыю кадо са сваім урадам і агульнай Канстытуцыяй.

Зноскі