Кічаі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Кічаі
K'itsäsh
Жанчына, інтэграваная ў племя вічыта. Фота 1898 г.
Агульная колькасць
Рэгіёны пражывання  ЗША
Мова кічаі
Рэлігія політэізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы вічыта, паўні

Кічаі, або кіцаі (саманазва: K'itsäsh) індзейскі народ на тэрыторыі ЗША ў XVIIXIX стст. Нашчадкі кічаі жывуць сярод народа вічыта.

Кічаі з'яўляліся носьбітамі Кадаанскай культуры, па мове былі блізкімі да паўні. У пачатку XVIII ст., калі ўзніклі ўзаемаадносіны з французскімі гандлярамі, яны насялялі рачныя даліны на паўднёвым захадзе Тэхаса і Луізіяны і займаліся ручным земляробствам. Кічаі пакутвалі ад войн з апачы. К канцу XVIII ст. іх колькасць значна скарацілася з-за войн і эпідэмічных захворванняў. Узгадваліся толькі 2 вёскі кічаі. Імі кіравала рада дарослых воінаў. Адну вёску ўзначальваў вярхоўны правадыр. Другую — яго намеснік. Вядомыя рэлігійныя цырымоніі былі прысвечаны шанаванню сонца, зорак, першародных багоў.

У 1855 г. рэшткі кічаі былі пераселены амерыканцамі ў рэзервацыю Бразаз у Тэхасе. Пасля яе ліквідацыі ў 1859 г. — на індзейскія тэрыторыі ў Аклахоме, дзе кічаі далучыліся да блізкіх па мове і культуры вічыта. У 1950 г. на поўдні Аклахомы жылі 47 чалавек, якіх вызначылі як кічаі. К канцу XX ст. налічвалася толькі 4 чалавекі, вызначаныя як кічаі. У нашы дні нашчадкі кічаі асіміляваны астатнімі вічыта.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]