Каджуны

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Каджуны
(фр.: les Cadiens, англ.: Cajuns)
Каджунскія музыкі
Агульная колькасць 57000 (2022 г.)
Рэгіёны пражывання  ЗША — 28000
 Канада — 29000
Мова французская
Рэлігія хрысціянства
Блізкія этнічныя групы французы, франкаканадцы

Каджу́ны (фр.: les Cadiens, англ.: Cajuns) — этнаграфічная група амерыканцаў французскага паходжання на поўдні ЗША. Жывуць таксама ў Канадзе. Агульная колькасць (2022 г.) — 57 000 чал.[1] Размаўляюць на каджунскім дыялекце французскай мовы.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Каджуны з'яўляюцца прамымі нашчадкамі каланістаў з Акадыі, адной з першых французскіх калоніяў у Паўночнай Амерыцы (Новая Шатландыя), заснаванай у 1606 г. У выніку англа-французскіх войнаў XVIII ст. яны былі пераселены брытанцамі ў 1755 - 1763 гг. ў Луізіяну. Гэта перасяленне ўвайшло ў гісторыю пад назвай Вялікага ўзрушэння (Le Grand Dérangement). Сама назва каджунаў паходзіць ад французскага les Acadiens ("акадыянцы"). Рэгіён іх пасялення ў Луізіяне атрымаў назву Акадыяны.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Каджуны пасяляліся пераважна на ўсходнім беразе Місісіпі, у землях, якія ў 1762 - 1800 гг. кантраляваліся іспанцамі. Іспанскія ўлады імкнуліся не ўмешвацца ў справы перасяленцаў. У гады Амерыканскай рэвалюцыі яны змагаліся на баку іспанцаў супраць брытанцаў. У канцы XVIII ст. каля 1500 каджунаў пераехалі ў Новы Арлеан, аднак большасць заставалася жыць у ізаляваным рэгіёне Акадыяны.

У 1800 г. Усходняя Луізіяна перайшла пад кантроль Францыі. У 1803 г. яна была куплена ЗША. Паколькі Акадыяна лічылася не самай прывабнай для ўкладання грошаў тэрыторыяй, то амерыканскія каланісты звычайна грэбвалі перасяляцца сюды. Невялікая колькасць англамоўных і нямецкамоўных перасяленцаў асімілявалася сярод каджунскай большасці. Таму на землях, населеных каджунамі, не адбывалася хуткіх пераўтварэнняў, як гэта здарылася ў астатняй Луізіяне пасля далучэння да ЗША, хаця адносіны паміж амерыканцамі і франкамоўным насельніцтвам Акадыяны заўсёды заставаліся дастаткова напружанымі.

У першай палове XX ст. быў уведзены закон аб абавязковай адукацыі, які пазбавіў каджунаў права наведваць школы з навучаннем на французскай мове. У звычайных школах назіраліся канфлікты паміж англамоўнымі настаўнікамі і франкамоўнымі вучнямі. Толькі ў гады II Сусветнай вайны, калі салдаты-каджуны служылі ў арміі ЗША перакладчыкамі, адносіны да іх палепшыліся. З сярэдзіны 1950-ых гг. назіралася ўзнаўленне сувязяў каджунаў з франкаканадцамі. У 1968 г. была створана Рада па развіццю французскай мовы ў Луізіяне.

У 1980 г. улады ЗША афіцыйна прызналі каджунаў этнічнай групай з адпаведнымі правамі захоўваць мову і культуру.

Традыцыйная культура[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйнымі заняткамі каджунаў былі земляробства, рыбалоўства, паляванне, гандаль. У наш час пераважаюць малыя нуклеарныя сем'і, але да сярэдзіны XX ст. сыны звычайна працягвалі жыць з бацькамі пасля жаніцьбы. Цесныя сямейныя адносіны захоўваюцца і ў наш час.

Значную ролю адыгрываюць кантакты і ўзаемадапамога знутры абшчыны. Стрыжнем абшчыннага ладу выступае каталіцкі касцёл. Тыя з каджунаў, хто прымае пратэстантызм, звычайна пазбягаюцца іншымі абшчыннікамі, лічацца адарванымі ад грамадства. Другім важным стрыжнем, які дапамагае захоўваць супольнасць, з'яўляюцца сумесныя святы (Мардзі-Гра, Вялікдзень, Каляды і інш.) і фестывалі.

У ЗША і за іх межамі добра вядома каджунская музыка, у якой галоўную ролю адыгрываюць музычныя інструменты скрыпка і акардэон. Пад яе ўплывам узнік папулярны музычны стыль зайдэка. Акрамя таго, сама каджунская музыка стала падзяляцца на розныя напрамкі — традыцыйная каджунская, тэхаскі свінг, танцавальная каджунская, каджунскі "рэнесанс" і інш.

Асаблівасцямі таксама адрозніваецца каджунская кухня. Яна заснавана на выкарыстанні мясцовых даступных прадуктаў (рыс, кукуруза, бульба, цукровы трыснёг, мяса, рыба). Значная частка страваў тушыцца ў печы ў чыгунах. Мяса і рыба гатуюцца на пару і смажацца на ражне. Папулярнасцю карыстаюцца запечаныя каджунскія каўбаскі.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]