Казанская царква (Мінск, драўляная)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Казанская царква
53°53′40″ пн. ш. 27°32′32″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Месцазнаходжанне
Канфесія РПЦ
Дата пабудовы 1890
Дата скасавання 1960-я
Map

Царква Казанскай іконы Божай Маці (чыгуначная) — колішні драўляны праваслаўны храм у Мінску, які размяшчаўся на цяперашняй плошчы Мяснікова.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Гісторыя царквы звязана з будаўніцтвам Лібава-Роменскай і Маскоўска-Брэсцкай чыгунак, якія прайшлі праз Мінск у 1870-х гадах. Пуці праляглі за мяжой Мінска, на захад ад гістарычнага цэнтра, і гэта частка горада пачала інтэнсіўна развівацца і забудоўвацца. Узніклі невялікія, кампактныя пасёлкі, дзе, галоўным чынам, пражывалі службоўцы і рабочыя чыгунак. Жыхары гэтых пасёлкаў галоўным чынам былі праваслаўнага веравызнання, і хутка ўзнікла пытанне аб стварэнні самастойнага прыходу і аб будаўніцтве новага праваслаўнага храма для гараджан[1].

У 1889 годзе быў выдадзены ўказ Сінода, паводле якога быў атрыманы дазвол на будаўніцтва першапачаткова невялікай драўлянай царквы. Адначасова мінскія гарадскія ўлады выдзелілі пляц на скрыжаванні вуліц Захар’еўскай і Нова-Маскоўскай[1].

Царква ў 1902 годзе. На пярэднім плане мураваная капліца ў памяць цудоўнага выратавання Імператарскага сямейства

Драўляная Казанская прывакзальная чыгуначная царква пабудавана ў 1890 на месцы старой капліцы і ўчастка Г. А. Шапіры. Плошча храма складала 540 кв. аршынаў. Пры храме працавала аддзяленне епархіяльнага вучылішчнага савета, старшынёй якога быў настаяцель царквы[2].

Царква некалькі разоў рэканструявалася. Спачатку яна была невялікага памеру і была прамавугольнай у плане[1], але ўжо да 1898 г. на дабрачынныя ахвяраванні была пашырана[3] і атрымала крыжападобны план з невялікім драўляным купалам па цэнтры[1].

У 1914 годзе, пасля пабудовы па суседстве новага мураванага храма, частка драўлянай царквы выкарыстоўвалася пад склад царкоўных рэчаў. У другой частцы жыў калежскі сакратар, сакратар крымінальнага аддзела Мінскага акруговага суда Васіль Сцяпанавіч Траццякоў. Побач знаходзілася стаянка для легкавых і ламавых рамізнікаў. Царква мела 1-павярховыя драўляныя прычтавы дом (пл. 312 кв. арш.) і флігель (пабудаваны ў 1890; трыв.; пл. 234 кв. арш.), а таксама адрыну (пл. 96 кв. арш.), пабудаваныя ў 1890 годзе, і 700 кв. саж. уласнай зямлі[2].

Царква ў 1942 годзе

Пасля закрыцця храма ў яго будынку ў 1935—1939 гадах размяшчаўся філіял № 3 імя Л. Талстога бібліятэкі імя А. Пушкіна, у 1939—1940 — Клуб глуханямых (пераехаў з суседняга будынка — Савецкая, д. 3)[2].

Царква зноў адкрыта ў другой палове 1941 года. 11 ліпеня 1943 епіскапам Магілёўскім і Мсціслаўскім Філафеем (Нарко) у Казанскую чыгуначную царкву пераведзены Мікалай Драгун. Драгун арыштаваны 22.7.1944 і асуджаны 4.7.1945 за «супрацоўніцтва з нямецкімі акупацыйнымі ўладамі і антысавецкую дзейнасць» дa 10 гадоў ППК[2].

Пасля вайны стала Крыжовай (архірэйскай). Да 1949 г. рамантавалася[3]. Царква разбурана ў час хрушчоўскай антырэлігійнай кампаніі ў першай палове 1960-х гг. Сёння на месцы храма знаходзіцца частка пл. Мяснікова перад д. 41 па вул. Мяснікова[2].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Твор народнага дойлідства. Была вырашаны простым прамавугольным зрубам са званіцай. Над бляшаным дахам узвышалася макаўка. Фасады чляніліся 12 аконнымі праёмамі. Мела 3 уваходы[3].

Настаяцелі[правіць | правіць зыходнік]

  • 1900—1901 — Пётр Перабіла;
  • 1901 −1907 — Іпаліт Квачэўскі, благачынны цэркваў Мінска. Пражываў з сям’ёй у прычтавым доме.

Зноскі

  1. а б в г «Медные колокола были слышны за несколько километров от современной площади Мясникова»: история Казанской церкви 15.03.2018 Архівавана 19 лютага 2022.
  2. а б в г д Галоўная вуліца Мінска, 1880—1940 гг. / Леанід Маракоў. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2012. — Т. Кн. 1. — 259 с. — ISBN 978-985-02-1426-3.
  3. а б в Царква ў гонар Казанскай і іконы Маці Божай (Чыгуначная) // Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; маст.: З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — С. 541—542. — 653 с. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0389-4.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]