Казімірова (Асіповіцкі раён)
Вёска
Казімірова
| ||||||||||||||||||||
Казіміро́ва[1], таксама сустракаецца варыянт Казімі́рава[1] (трансліт.: Kazimirova, руск.: Казимирово) — вёска ў Асіповіцкім раёне Магілёўскай вобласці. Уваходзіць у склад Градзянскага сельсавета.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
У XIX ст. маёнтак дваран Нямчынавічаў. У 1897 годзе фальварак Пагарэльскай воласці Ігуменскага павету.
У 1907 годзе засценак Пагарэльскай воласці Ігуменскага павета Мінскай губерні. Школа адкрыта ў 1912 годзе.
15 чэрвеня 1923 года ў вёсцы створана сельскагаспадарчае таварыства «Працаўнік». У 1925 годзе ў мясцовай школе (4-гадовая беларускамоўная) навучалася ўжо 39 вучняў. У 1930 годзе створаны калгас «Кастрычнік»; акрамя таго, была свая кузня.
У 2-й палове 1930-х гадоў Казімірова закранулі рэпрэсіі. Былі арыштаваныя тры браты Шпілеўскія, адзін з якіх быў калгаснікам, другі служыў кавалерыстам у Бердзічаве, а трэці працаваў на мінскім заводзе «Цепи Галля». Акрамя іх арыштавалі чытырох Сухоцкіх — трое працавалі на зямлі, а чацвёрты электракранаўшчыком на Уралвагонзаводзе. Быў арыштаваны і лесаруб Бернард Пятровіч.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў Казімірава партызаны размясцілі заставу. Па ўспамінах старажылаў, каля тыдня ў вёсцы месцілася нямецкае падраздзяленне, пасля немцы спалілі вёску (згарэла 28 двароў). Засталося толькі некалькі хат. Многіх мужчын сагналі ў калгасную стайню і ўгналі на працы. Некаторыя здолелі ўцячы ў Асіповічах, пры перасадцы. Іншыя даехалі да хутара пад Мірам і ўжо адтуль дабіраліся назад да дому.
На фронце загінула 10 жыхароў.
Да 13 лютага 2002 года вёска ўваходзіла ў склад Каменіцкага сельсавета.
Планіроўка вёскі — лінейная, у адну вуліцу з двухбаковай драўлянай забудовай сядзібнага тыпу.
Насельніцтва[правіць | правіць зыходнік]
На старых каталіцкіх могілках у асноўным пахаваны Аляхновічы, Алешкевічы, Шабуні, Багуцкія, Сакалоўскія, Сухоцкія, Пракаповічы, Шпілеўскія, Жаўрыды. Частка з іх — жыхары суседніх Каменіч і іншых населеных пунктаў (Вернікоўскія, Аляшкевічы, Суднікі).
Надпісы на надмагіллях у асноўным пачынаюцца з S.P. ці D.O.M., заканчваюцца Prosi o Anielski Pozdrowenie (P.A.P., P. о А. Р. і інш. варыяцыі) ці kto Przeczyta Prosze Zmuwic Trzy Zdrowas Marya.
З савецкага часу мова помнікаў пачынае мяняцца на рускую, з’яўляюцца пахаванні з ўсходнеславянскімі імёнамі (раней толькі польскія), хоць часцяком прозвішчы адны і тыя ж, што на польскамоўных надмагіллях. Агулам на могілках каля 60 дарэвалюцыйных надмагілляў. Найстарэйшае знаходзіцца над магілай Яна Аляшкевіча, які памёр у 1837 годзе.
Мова надпісаў польская, бо асноўнае насельніцтва вёскі складалі шляхцічы-каталікі, якія самі сябе называлі палякамі. Мова помнікаў мае мясцовыя асаблівасці, якія з’явіліся праз тое, што мясцовая каталіцкая засцянковая шляхта добра не ведала літаратурнай польскай мовы, у асноўным размаўляла па-беларуску.
На могілках знаходзіцца драўляны касцёл Св. Юзафа. У пасляваенны час людзі збіраліся і маліліся ў адной з хат, дзе быў «каталіцкі гурток».
Жылі ў вёсцы і праваслаўныя.
У паваенны час у вёсцы жылі: Сіпачы, Мізгаі, Маліцкія, Аляхновічы, Пятровічы, Трабушэўскія, Навіцкія, Каладзінскія, Віткоўскія, Беразоўскія, Галіцкія, Кудзелькі, Шпілеўскія, Сухоцкія.
Дынаміка[правіць | правіць зыходнік]
- 1897 год — 62 жыхары (11 двароў)
- пачатку XX ст. — 37 жыхароў (10 двароў)
- 1917 г. — 116 жыхароў (18 двароў)
- 1926 г. — 122 жыхары (21 двор).
- 1940 г. — (33 двары).
- 1959 г. — 109 жыхароў,
- 1970 г. — 56 жыхароў,
- 1986 г. — 19 жыхароў (12 гаспадарак),
- 2002 г. — 4 жыхары (4 гаспадаркі).
Славутасці[правіць | правіць зыходнік]
- Касцёл Святога Юзафа (1905—1906, драўляны) на могілках.
- Старыя каталіцкія могілкі
Страчаная спадчына[правіць | правіць зыходнік]
- Паводле А. М. Кулагіна была ў Казіміраве і ўніяцкая царква (не захавалася), пабудаваная ў XVIII ст. на месцы храма фундаванага Юдзіцкімі ў канцы XVII ст.
Мемарыялы[правіць | правіць зыходнік]
- Магіла Васіля Ціхановіча Шумілава, партызана 210-га асобнага атрада Клічаўскага аператыўнага цэнтра, загінулага ў жніўні 1942 года ў баі з акупантамі. Знаходзіцца на каталіцкіх могілках, у 1970 годзе пастаўлены абеліск.
Зноскі
- ↑ а б Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Магілёўская вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2007. — 406 с. ISBN 978-985-458-159-0. (DJVU). Сустракаецца таксама варыянт Казімі́рава
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Казімірова (Асіповіцкі раён)
- часопіс «Наша гісторыя»: артыкулы Ю.Тамковіча «Як беларуская гаворка ўплывала на пахавальны правапіс» (№ 2(19)-2020); «Надбярэзінская шляхта» (№ 1(30)(19)-2021)