Камаровіцкае падняцце

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Камаро́віцкае падняцце (ад назвы вёскі Камаровічы ў Петрыкаўскім раёне) — тэктанічная структура ў Петрыкаўскім і Калінкавіцкім раёнах Гомельскай вобласці, на захадзе Зарэчанскай зоны падняццяў Прыпяцкага прагіну. Выяўлена эектраразведкай у 1959 годзе па паверхні верхнефаменскай саляноснай тоўшчы, у 1969 годзе сейсмаразведкай па падсалявых дэвонскіх адкладах.

Выдзяляецца па паверхні фундамента, падсалявых, міжсалявых і верхнесаляносных дэвонскіх адкладах. Па паверхні фундамента і падсалявых адкладах Камаровіцкае падняцце — паўантыкліналь субшыротнага распасцірання, ускладненая на поўдні і захадзе малаамплітуднымі (да 100 м) разрывамі. Памеры 5×1,5 км. Амплітуда 100 м. Па міжсалявых адкладах Камаровіцкае падняцце — брахіантыкліналь субшыротнага распасцірання, заходняя перыкліналь і паўднёвае крыло якой ускладнены малаамплітуднымі разрывамі. Памеры 5×2,5 км. Амплітуда каля 100 м. Па паверхні солі падняцце — брахіантыкліналь субмерыдыянальнага распасцірання. Памеры 4,5×3 км. Амплітуда 200 м. Па паверхні солі скляпенне Камаровіцкага падняцця ссунута на 0,5 км на захад. Па надсалявых адкладах невыразнае. Залажылася Камаровіцкае падняцце ў сярэднім дэвоне. Рост яго перарываўся ў сямілуцка-яўланаўскі час. Найбольш інтэнсіўна пачало развівацца з лівенскага часу. Сучасны структурны план сфарміраваны пераважна ў лебядзянскі час (позні дэвон) і каменнавугальны.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]