Канклаў
Канкла́ў (з лац.: cum clavis — «пад ключом») — сход Калегіі кардыналаў для выбараў Папы Рымскага. Канклаў адбываецца адпаведна апостальскай канстытуцыі Universi Dominici gregis («Уся паства Гасподняя»), выдадзенай пантыфікам Янам Паўлам ІІ 22 лютага 1996 года.
Паводле гэтага дакумента (артыкул 37), тэрмін склікання сходу вызначаецца не раней за 15 і не пазней за 20 дзён пасля смерці Папы.
Агульныя правілы
[правіць | правіць зыходнік]Выбары Папы Рымскага адбываюцца ў адпаведнасці з царкоўнымі законамі і традыцыямі. Актыўнае выбарчае права распаўсюджваецца, пачынаючы з 1059 года, толькі на кардыналаў. Дагэтуль у выбарах Папы Рымскага ўдзельнічалі прадстаўнікі царквы і акламацыйна таксама жыхары Рыма. Права на змену існых правілаў канклава мае толькі Папа Рымскі. У яго кампетэнцыю таксама ўваходзіць наданне кардынальскага тытулу, і таму Папа мае пэўны ўплыў на выбар свайго паслядоўніка. Права самому вызначаць свайго паслядоўніка Папа Рымскі не мае.
Да канца існавання Папскай вобласці ў 1870 г. канклаў адбываўся ў рымскім палацы Квірынталь, а пасля гэтага быў перанесены ў Сіксцінскую капэлу ў Ватыкан. Да выбараў новага Папы Рымскага ў 1978 г. кардыналы не мелі права адлучацца з памяшкання ўвесь час правядзення канлаву, таму ў Сіксцінскай капэле і прылягаючых да яе памяшканнях для кардыналаў неабходна было ўсталёўваць невялікія спальныя келлі. Згодна новаму рэгламенту, які быў прыняты Папам Янам Паўлам II, кардыналы маюць цяпер права жыць у новым гасцінным доме Домус Санктэ Мартэ (Domus Sanctae Marthae) у час правядзення канклаву. Але і сёння кардыналы не маюць права на якія-небудзь кантакты з вонкавым светам. Усе астатнія жыхары гасціннага дома павінны на гэты час яго пакінуць. Тэлефонам, тэлебачаннем, радыё, поштай, газетамі і іншымі друкаванымі сродкамі масавай інфармацыі нельга карыстацца. Гэты рэгламент быў упершыню ўжыты ў 2005 г. пасля смерці Папы Яна Паўла II.
Жорсткі рэгламент абмежавання кардыналаў ад вонкавага свету раней меў за мэту вымусіць кардыналаў да прыняцця рашэння ў найкарацейшы тэрмін. Сённяшняя мэта такіх абмежаванняў — максімальнае адлучэнне выбаршчыкаў ад усялякага вонкавага ўплыву.
Выбарчы працэс
[правіць | правіць зыходнік]Канклаў пачынаецца не раней чым на 15-ы і не пазней чым на 20-ы дзень сэдысвакансіі з месы ў Саборы Святога Пятра і наступным пераходам кардыналаў з правам выбару ў Сіксцінскую капэлу. Пасля прысягі кардыналаў, папскі цэрыманіяльны майстар прамовай «Extra omnes» («усе наружу») прымушае ўсіх тых, хто не належыць да капэлы, пакінуць памяшканне, Сіксцінскую капэлу пасля гэтага зачыняюць.
Туры выбараў праходзяць у адпаведнасці з дэтальна выпрацаваным цэрыманіялам: у першы дзень адбываецца толькі адзін тур выбару, у наступныя дні — звычайна два туры да палудня і два пасля. Спісаў кандыдатаў пры гэтым не існуе. Кожны кардынал павінны максімальна непазнавальным почыркам, але дастаткова чытэльнымі літарамі напісаць не невялікім аркушы паперы імя таго кандыдата, якому ён аддае перавагу. Згорнутыя напалову, цыдулкі кардыналаў маюць велічыню не большую за 2х2 сантыметры. На кожным выбарчым «бюлетэні» напісана «Eligo in Summum Pontificem» (Я выбіраю найвышэйшага пантыфіка/біскупа, гэта значыць Папу). Кожны кардынал узыходзіць да алтару ў паслядоўнасці рангавага парадку, уздымае выбарчы бюлетэнь над сабой так, каб ён быў бачны ўсім, становіцца на калены для кароткай малітвы і клянецца: «Я прашу Хрыста, які будзе маім суддзём, быць сведкам таго, што той, каго я абраў, — гэта той, каго я лічу вартым быць абраным па волі Божай.» Пасля апускання выбарчага бюлетэня ў скрыню (велічыня праёму практычна выключае магчымасць праціснуць туды дзве паперкі адразу), скрынку з галасамі зачыняе адзін з трох выбарчых памочнікаў і трасе, каб змяшаць бюлетэні. Кожны з трох выбарчых памочнікаў запісвае імя выбранага кандыдата пры падліку галасоў на асобных аркушы паперы. Выбары прызнаюцца легітымнымі толькі ў тым выпадку, калі колькасць аркушаў з галасамі адпавядае колькасці кардыналаў, якія ўдзельнічаюць у выбарах, пры гэтым неабходнай умовай з’яўляюцца таксама аднолькавыя вынікі індывідуальнага падліку кожнага з трох выбарчых памочнікаў.
Тэарэтычна кожны каталік, які па царкоўным праве можа стаць біскупам, г.зн. ва ўзросце не менш 35 гадоў і нежанаты мужчына, таксама мае права быць Папам. Каб выбары былі прызнаныя сапраўднымі, кандыдат павінны набраць дзве траціны галасоў. Пасля трыццаці беспаспяховых тураў кардыналы могуць прыняць пагадненне аб тым, што пачынаючы з гэтага моманту большасці галасоў хапае, каб абраць Папу. Таксама магчымым з’яўляецца ў гэтым выпадку выбар аднаго з двух кандыдатаў-пераможцаў па турах. У XX ст. больш чым 15 тураў па выбары Папы не было.
Выбарчыя лісты беспаспяховага туру выбараў па даўняй традыцыі спальваюць, дадаўшы пэўную колькасць вільготнай саломы і алею, якія надаюць дыму чорны колер і з’яўляюцца для назіральнікаў за працэсам галасавання завонку знакам таго, што канчатковага выніку пакуль няма. Пры паспяховым туры выбараў выбарчыя лісты паляць з сухой саломай, над Сіксцінскай капэлай уздымаецца белы дым і сігналізуе людзям аб тым, што новы Папа нарэшце абраны. Але з-за таго што дым не заўсёды быў такога колеру, які адпавядаў бы адпаведнаму выніку туру, сёння ў салому дадаюць хімікаліі, якія надаюць дыму адпаведна чорны ці белы колеры. Пасля гэтага Сіксцінсую капэлу адчыняюць, а ў Саборы Святога Пятра пачынаецца калакольны звон. Затым фразай «Annuntio vobis gaudium magnum, habemus Papam!» («Я абвяшчаю вам з вялікай радасцю: у нас ёсць новы Папа!») найстарэйшы па рангу першы кардынал-д’якан святочна называе імя абранага. Галасы і імёны кандыдатаў не абвяшчаюцца і застаюцца патаемнымі.
Права выбіраць у канклаве мае кожны кардынал рымска-каталіцкай царквы, узрост якога на дзень наступлення седысвакансіі не перавышае 80 гадоў. Колькасць кардыналаў не павінна быць большай за 120 чалавек. Кожны з кардыналаў павінны прымаць удзел у выбарах, прычынай няўдзелу можа стаць хвароба альбо іншая важная прычына. Але і ў тым выпадку, калі кардынал не з’яўляецца на цэрымонію, канклаў адбываецца без яго.
Традыцыйна існуюць тры розныя варыянты выбарчага працэсу Папы:
- Выбары per scrutinium — тайнае галасаванне пры дапамозе выбарчых лістоў, практыкуецца да сённяшняга дня
- Выбары per compromissum адбываюцца тады, калі кардынальны калегіум не можа дасягнуць згоды ў выбары адзінага кандыдата пасля шматлікіх тураў. У гэтым выпадку вынікі апошняга легітымнага туру дэлегіруюць невялікай групе кардыналаў.
- Выбары quasi ex inspiratione/per acclamationem seu inspirationem адбываюцца ў тым выпадку, калі кардынал прапанаваў імя аднаго кандыдата, а астатнія спантанна падтрымалі яго ў акламацыйным парадку.
Месца правядзення канклаву
[правіць | правіць зыходнік]Месцам, дзе, пачынаючы з XIV ст., праходзілі канклавы, быў, за невялікімі выключэннямі, Рым. Але толькі пасля дакумента Яна Паўла II з назвай «Universi dominici gregis» у 1996 Ватыкан быў канчаткова вызначаны месцам правядзення канклаву. Канклаў павінны заўсёды і нязменна адбывацца ў Сіксцінскай капэле.