Папамабіль

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Папамабіль — неафіцыйная назва адмыслова распрацаванага аўтамабіля для публічных паездак Папы Рымскага. Слова ўтворана кантамінацыяй слоў «папа» і «аўтамабіль».

Пасля замаху 13 мая 1981 года Папа карыстаецца толькі адмыслова падрыхтаванымі браніраванымі машынамі.

Кожны аўтамабіль пантыфіка адрозніваецца ўласным нумарным знакам: на таблічках нанесеная абрэвіятура SCV (Stato della Citta del Vaticano - дзяржава і горад Ватыкан) і нумар машыны па парадку. Але па традыцыі, на час публічных паездак на машыну, дзе знаходзіцца Папа, заўсёды прымацоўваецца таблічка SCV 1.[1]

Папамабілі[правіць | правіць зыходнік]

У 1909 годзе біскуп Нью-Ёрку кардынал Фарлен зрабіў падарунак Папе рымскаму Пію X (ўзначальваў Рымска-каталіцкую царкву з 1903 па 1914 год) - аўтамабіль Itala 20/30. Ад падарунка кіраўнік Святога пасаду не адмовіўся, але набыццём не карыстаўся. Прабег раскошнай машыны за час яго пантыфікату склаў усяго 12 кіламетраў.

Наступны вярхоўны пантыфік паўсюднага Касцёла — Бенедыкт XV таксама ігнараваў аўтамабілі, аддаючы перавагу карэце і паланкіне.

Затое наступны Папа — Пій XI (гады праўлення - 1922-1939) скарыўся тэхнічнаму прагрэсу і не толькі праславіўся вялікім аматарам аўтамабіляў, але і стаў першым Папам рымскім, які самастойна кіраваў машынай. У гаражы пантыфіка знаходзілася шаснаццаць аўтамабіляў розных італьянскіх марак: Bianchi, Fiat, Isotta Fraschini.

У 1929 годзе кампанія Citroen падарыла Папе Рымскаму ў гонар дазволу пакідаць межы Ватыкана Citroen CE6 Lictoria цёмна-бардовага колеру. Папамабіль наездзіў ўсяго 155 км і быў адпраўлены ў музей Museo delle Carrozze.

Mercedes-Benz Typ Nürburg 460

Першы папамабіль з'явіўся ў 1930 годзе і называўся лімузін Nürburg 460 Pullman Popemobile (W08) ад кампаніі Mercedes-Benz. Машына была спецыяльна распрацавана для Папы Пія XI. Гэты Mercedes будавалі амаль два гады, грунтоўна перарабіўшы базавую мадэль 1928 года. 7 чэрвеня 1930 года Пій XI асабіста апрабаваў падарунак, на працягу гадзіны катаючыся па дарожках вакол свайго палаца.

Пій XII, які заняў прастол у 1939 годзе, атрымаў ад свайго папярэдніка вельмі салідны аўтапарк. Асабліва захапляў новага Папу кабрыялет Mercedes-Benz 320, які з'явіўся ў гаражы Ватыкана ў тым жа 1939 годзе і стаў адной з самых любімых машын пантыфіка.

Mercedes-Benz 300 d Landaulet

Пасля вайны Папа Ян XXIII часам выкарыстоўваў лімузін Chrysler Crown Imperial. Для кароткіх паездак у летнюю рэзідэнцыю да яго паслугаў была адкрытая чатырохдзвярная Lancia Flaminia і ландоле Mercedes-Benz 300 d.

Mercedes-Benz 600 Pullman Landaulet

У верасні 1965 года кампанія Daimler-Benz падарыла Папе Паўлу VI Mercedes-Benz S600 Pullman Landaulet.

Пры Паўле VI ў 1975 годзе ў гаражы Ватыкана з'явіўся і першы пазадарожнік, Toyota Land Cruiser.

Ян Павел II часта карыстаўся адкрытымі пазадарожнікамі - напрыклад, у момант замаху 13 мая 1981 года ён знаходзіўся ў аўтамабілі Fiat Campagnola. У Мехмета Алі Агджа атрымалася параніць пантыфіка, і з гэтых часоў Папа карыстаўся толькі адмыслова падрыхтаванымі машынамі: браніраванымі папамабілямі.

Першым стаў Land Rover 109, пабудаваны ў 1982 годзе, - з адмысловым куленепрабівальным празрыстым каўпаком, які закрывае ўсю заднюю частку машыны. Па такім жа прынцыпе пазней быў пабудаваны папамабіль Range Rover, які ў 1982 годзе выкарыстоўваўся Папам падчас свайго візіту ў Англію.

Seat Panda 1980-1985 Papamobil Madrid 1982

У час візіту ў Іспанію ў 1982 годзе Ян Павел II выкарыстаў аўтамабіль, у аснове якога ляжаў SEAT Marbella. Аўтамабіль быў унікальным і выкарыстоўваўся толькі адзін раз.

Mercedes-Benz 230 G

Але самым вядомым быў Mercedes-Benz G-класа, які аб'ездзіў са сваім гаспадаром практычна ўвесь свет. Такіх машын, знешне практычна ідэнтычных, было дзве. Першы Mercedes-Benz 230 G (серыя 460) пабудавалі ў 1980 годзе, спецыяльна да візіту Яна Паўла II ў Германію. Але пасля замаху патрабаванні да бяспекі прыйшлося пераглядаць настолькі сур'ёзна, што другая машына, якая з'явілася ў 1982 годзе, была адпраўлена на дапрацоўку ў нямецкі горад Брэмерхафен, дзе сіламі невялікай фірмы Thiele Fahrzeugbau GmbH была ўзмоцнена бранёй і спецыяльным куленепрабівальным шклом.

Mercedes-Benz ML 430

У 2002 годзе для публічных выездаў кіраўніка каталіцкай царквы Папы рымскага Яна Паўла II быў распрацаваны новы папамабіль на базе пазадарожніка Mercedes-Benz M-клас. Так як Папа ў апошнія гады жыцця моцна хварэў і перасоўваўся ў інвалідным крэсле, то ў задняй частцы ML-папамабіля меліся адмысловыя апарэлі, па якіх крэсла Папы заязджалі прама ў салон.

З 2007 года Папа Бенедыкт XVI карыстаецца нямецкім 296-моцным кабрыялетам Mercedes-Benz G-klasse. Таксама ў Бенедыкта XVI ёсць яшчэ два папамабіля ад Mercedes-Benz: M- і S-класа.[2]

Цікавыя факты[правіць | правіць зыходнік]

У маі 2005 года VW Golf, які некалі належаў кардыналу Ёзэфу Ратцынгеру (Josef Ratzinger), цяперашняму Папу рымскаму Бенедыкту XVI, быў прададзены на электронным аўкцыёне eBay за 190 тысяч еўра.[3]

Зноскі

  1. http://auto.km.ru/content/istoriya-papamobilya-ot-karety-do-elektromobilya Архівавана 9 снежня 2010. Гісторыя «папамабіля»: ад карэты да электрамабіля (руск.)
  2. http://autozine.info/archives/94 Архівавана 5 красавіка 2012. Аўта журнал: Папамабіль для Папы Рымскага (руск.)
  3. http://www.vokrugsveta.ru/telegraph/technics/512/ (руск.)

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]