Канцэпцыя дамаштоцаўскай армянскай пісьменнасці

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Канцэпцыя дамаштоцаўскай армянскай пісьменнасці — канцэпцыя аб існаванні пісьменства ў армян да 406 года — часу стварэння сучаснага армянскага алфавіту прапаведнікам хрысціянства і вучоным Месропам Маштоцам. У сучаснай філалогіі праблема ўпершыню была разгледжана ў 1835 годзе Гукасам Інчычанам.

Гістарычныя сведчанні[правіць | правіць зыходнік]

Меркаваная статуя Іпаліта Рымскага.

Аб існаванні армянскага пісьменства да 406 года захаваўся шэраг паведамленняў як у армянскіх, так і ў неармянскіх крыніцах.

Пісьменнік пачатку Ⅰ стагоддзя Філон Александрыйскі паведамляў аб існаванні армянскага перакладу сачынення Метрадора Скепсійскага, які быў прысвечаны пытанню аб розуме ў жывёл. Праца была напісана ў перыяд знаходжання Метрадора пры двары армянскага цара Тыграна Ⅱ.[1]

Старажытнагрэцкі сафіст Філастрат у складанні «Жыццё Апалонія Ціянскага», напісанага каля 220 гады н. э., паведамляў, што падчас падарожжа на Ўсход Апалонія суправаджаў нейкі сірыец з Ніневіі, які выхваляўся веданнем армянскай мовы. У Памфіліі яны натрапілі на леапарда з залатым абручом на шыі з армянскімі надпісамі:[2]

А яшчэ расказваюць, што некалі ў Памфіліі была злоўлена самка барса з залатым абручом на шыі, і на абручы гэтым было напісана армянскімі пісьмёнамі: «Цар Аршак Нісейскаму богу».

У грэчаскім арыгінале «Хронікі» Іпаліта Рымскага, напісанага каля 235 года, сярод 47 народаў, якія вядуць сваё паходжанне ад Яфета, у якасці тых, якія маюць пісьменнасць, згаданыя наступныя сем:

Іберы, лаціны, чыё пісьмо ўжываюць і рымляне, іспанцы, грэкі, мідзяне, армяне.

Сірыйскі біскуп Георгій[en] у 714 годзе распавядаючы пра Рыгора Асветніка, які жыў на мяжы Ⅲ–Ⅳ стагоддзяў, пісаў:[3]

…калі ён быў падлеткам, ён прыехаў на зямлю Арменіі з-за ганенняў Дыяклетыяна супраць хрысціян ці нейкіх невядомых. Калі ён вырас у краіне армян і вывучыў іхнія пісьменнасць і мову, яго імя стала шырока распаўсюджаным і знакамітым, і ён стаў адным з блізкіх слуг цара Трдата, які ў той час валадарыў у зямлі Арменіі.

У 1271 годзе ў сваёй «Усеагульнай Гісторыі» Вардан Арэвелці сцвярджаў:[4][5]

Існаванне армянскіх пісьмёнаў, (якія засталіся) ад старажытнасці, было даказана падчас цара Лявона, калі ў Кілікіі знайшлі манету, на якой армянскімі літарамі было намалявана імя паганскага цара Хайкіда.

Археалагічныя знаходкі[правіць | правіць зыходнік]

Грэцкі надпіс з Гарні з армянскім словам «тэр» — кіраўнік роду, уладар вобласці,[6] Ⅰ стагоддзе н. э.

У 1982 годзе Ігнас Гельб адзначаў, што «протаармянскія надпісы, адкрытыя нядаўна ў вялікай колькасці ў Арменіі, занадта мала вывучаны, каб імі можна было скарыстацца для колькі-небудзь пэўных высноў».[7] Аналізуючы надпісы Ⅱ стагоддзі да н. э. цара Вялікай Арменіі Арташэса Ⅰ, А. Барысаў лічыў магчымым, што армянскія цары ўжывалі або спрабавалі ўжываць арамейскае пісьмо для запісу армянскай мовы.[8] У грэчаскім надпісе сярэдзіны Ⅰ стагоддзі н. э. з Гарні высечана армянскае слова «тэр» — кіраўнік роду, уладар вобласці.[6] Для іншага слова ў тым жа надпісе К. Трэвер прапаноўвала версію чытання «агарак» — загарадны маёнтак, сядзіба.[9]

У артыкуле «Пра магчымы армянскі характар уводных формул урартскіх надпісаў» у 2000 годзе Геворк Джаўкян прапанаваў прачытаць шаблонныя формулы пачатку некаторых урартскіх надпісаў на аснове індаеўрапейскіх праформ. Па словах даследніка, «іх можна лічыць першымі пісьмовымі тэкстамі армянскай мовы». Паводле Г. Джаўкяна, у сказе «dHaldini kuruni dHaldini GIŠsurii(i) kuruni(e)…» («Халдзі магутны, зброя (меч) Халдзі — магутная») словы kuruni і suri могуць быць далейшымі арм. կուռն («рука») і սուր («меч»).[10] У армянскай мове абодва словы маюць спрадвечна індаеўрапейскае паходжанне.[11] Разглядаючы формулу «dHaldini uštabi masinie GIŠsure», Г. Джаўкян перакладае слова masini як «моцны» на аснове індаеўрапейска-армянскага magh-ti — «моц». У армянскай мове корань magh-ti захаваўся ў слове մարթանք — «сродак», «спосаб» Даследчык лічыць, што індаеўрапейска-расейскае слова «мощный» таксама з'яўляецца паралеллю урартскаму masini.[12]

Даніілавы пісьмёны[правіць | правіць зыходнік]

Агульнапрынята, што да стварэння Маштоцам каля 406 года армянскага алфавіту ў Арменію былі прывезены даніілавы пісьмёны. Пісьмёны атрымалі такую назву па імені сірыйскага біскупа Данііла, які, па розных меркаваннях, знайшоў[13] альбо стварыў[14] гэтую пісьменнасць. Дыскусійным з'яўляецца таксама пытанне генезісу і зместу гэтага алфавіту. Паводле звестак гістарычных крыніц, ён ужываўся ўсяго два гады (некаторыя сучасныя навукоўцы прапаноўвалі выправіць на «два месяцы») або «некаторы час», пасля чаго выйшаў з ужытку з-за неадпаведнасці фанетыцы армянскай мовы.[15] Ёзэф Маркварт прапаноўваў ідэнтыфікаваць Данііла з біскупам Арзона, які згадваўся ў ліку ўдзельнікаў сінода 410-га і 424 гадоў, скліканых Дадзіша Ⅰ і Мар Ісаакам.[16] Па здагадцы У. Брусава, біскуп Данііл толькі ўдасканаліў алфавіт, які быў створаны да яго.[17] Брусаў лічыў, што на гэтым пісьме раней маглі быць створаны літаратурныя помнікі, якія не дайшлі да нашых дзён.[18] На думку Роберта Томсана, алфавіт быў семіцкага паходжання. Даніілавы пісьмёны, верагодна, складаліся з 22 літар і перадавалі толькі зычныя фанемы, тым самым не былі здольныя перадаваць галосныя і багатую зычную структуру армянскай мовы.[14] Вернер Зайбт лічыў, што даніілавы пісьмёны грунтаваліся ў асноўным на сірыйскім пісьме, магчыма з даданнем некаторых асаблівых знакаў.[15] Джэймс Расэл называў іх «загадкавымі літарамі». Па яго здагадцы, даніілавы пісьмёны маглі мець дачыненне да сірыйскага алфавіту, які быў прыстасаваны для армянскай мовы, або быць рэшткамі старажытнаарамейскай гетэраграфічнай сістэмы пісьма.[19] Ад гэтага пісьменства нічога не захавалася.[14]

Іерагліфічныя знакі ў сярэднявечных рукапісах[правіць | правіць зыходнік]

У сярэднявечных армянскіх рукапісах захаваліся адмысловыя абрэвіятуры і іерагліфічныя знакі, званыя nšanagirk‘, arajnoc‘ gir - пісьменнасць першых, ці проста karčabanut‘iwn — абрэвіятура.[20] Найраннейшы знойдзены рукапіс, які змяшчае падобныя знакі, адносіцца да 1564 года.[21] Упершыню 46 такіх знакаў былі апублікаваны ў Венецыі ў 1730 годзе.[22] Да канца ⅩⅩ стагоддзя былі выдадзены ўжо 505–551 такіх сімвалаў.[20] У 1858 годзе ў даследаванні «Аб армянскім алфавіце» (другое, перапрацаванае выданне — 1896 год) Н. Эмін упершыню высунуў дапушчэнне аб тым, што асаблівыя знакі, якія захаваліся ў сярэднявечных армянскіх рукапісах, могуць быць рэшткамі дамаштоцаўскай пісьменнасці.[23][24] У якасці доказу дакладнасці сваёй гіпотэзы Эмін спасылаўся на Агатангеласа аб ужыванні ў Арменіі нейкіх пісьмёнаў у пачатку Ⅳ стагоддзя.[25] Эмін высунуў здагадку, што «знакі згадваныя Агафангелам, былі род умоўных, калі можна сказаць, іерагліфічных знакаў». Даследчык таксама меркаваў, што знакі не былі запазычанымі і мелі мясцовае паходжанне.[24] У 1863 годзе гіпотэзу Эміна падтрымаў Віктар Ланглуа. У адрозненне ад яго, аднак, Ланглуа меркаваў, што дадзеныя сімвалы могуць быць стэнаграфіяй тоесна рымскім тыронавым значкам.[26] Аналізуючы некалькі сотняў такіх іерогліфаў з армянскіх рукапісаў Храчыя Ачар'ян прыйшоў да высновы, што пераважная іхняя большасць створана на аснове маштоцеўскага алфавіту, верагодна, не раней за ⅩⅣ стагоддзе.[27] Паводле Харут'юна Марцірасяна[hy], армянскія сярэднявечныя іерогліфы маюць тоесныя паралелі ў петрагліфах Арменіі Ⅲ тыс. да н. э., а таксама ў культава-рэлігійным арнаменце керамікі і металічных прадметах Ⅲ–Ⅰ тыс. да н. э.[28] Гэты пункт гледжання быў раскрытыкаваны А. Фармозавым. Паводле апошняга, узрост прыведзеных наскальных знакаў з'яўляецца дыскусійным, неправамернымі з'яўляюцца таксама супастаўленне знакаў розных эпох і атаясамліванне сістэмы знакаў з іерагліфічным пісьмом.[29] Джэймс Расэл адзначаў, што некаторыя з сімвалаў у сярэднявечных рукапісах з'яўляюцца алхімічнымі знакамі або маюць позняе паходжанне, іншыя ж, верагодна, вельмі старажытныя. Расэл праводзіць паралель паміж армянскім іерогліфам са значэннем «цар» і вельмі падобным на яго хецкім іерогліфам аналагічнага значэння.[20]

У іншай групе рукапісаў, званых «хмаіл»[hy] (հմայիլ), захаваліся адмысловыя іерогліфападобныя заклінальныя знакі. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што яны могуць праліць святло на праблему дамаштоцаўскай пісьменнасці.[30] Армянскія хмаілы ствараліся не ў форме кодэкса, а ў асноўным у форме скруткаў, што прадстаўляе раннейшы тып у гісторыі кнігі.[31] Рукапісы, якія цяпер захаваліся, адносяцца галоўным чынам да ⅩⅤ–ⅩⅧ стагоддзяў.[32] Па здагадцы Левона Хачыкяна, пэўныя звесткі раннесярэднявечных аўтараў Егішэ, Іаана Майраванеці і некаторых іншых могуць мець дачыненне да знакаў у хмаілах.[33] Адпрэчваючы здагадкі аб наяўнасці развітой пісьменнасці і літаратуры да пачатку Ⅴ стагоддзі, Л. Хачыкян дапушчаў, што да гэтага перыяду ў армян магла існаваць простая іерагліфічная сістэма, якая мела вельмі абмежаванае ўжыванне.[34] Будучы спадчынай дахрысціянскай эпохі, пазней яна захавалася ў колах рознага роду ведзьмакоў, варажбітак, лекараў ды іншых.[35] У шэрагу тэкстаў хмаілаў назіраюцца відавочныя сляды дахрысціянскай міфалогіі.[32]

Меркаванні гісторыкаў[правіць | правіць зыходнік]

Прыхільнікі канцэпцыі[правіць | правіць зыходнік]

В. Брусаў

Па сцвярджэнні В. Брусава, на працягу першых чатырох стагоддзяў нашай эры ў армян ужо існавала пісьменнасць.[18] Паводле М. Мара, пісьменнасць на армянскай мове існавала яшчэ за некалькі стагоддзяў да н. э.[36] Спасылаючыся на паведамленне Маўсеса Харэнацы аб ужыванні ў Арменіі да Ⅴ стагоддзя грэчаскага і персідскага алфавітаў, К. Трэвер не выключала, што яны маглі быць скарыстаны таксама для перадачы армянскай мовы.[37] К. Трэвер пісала аб існаванні ў Ⅰ стагоддзі н. э. армянскага перакладу дыялогу аб жывёлах старажытнагрэцкага аўтара Метрадора Скепсійскага.[38] На яе думку, наяўнасць такога перакладу можна растлумачыць не толькі тым, што ён быў напісаны ў бытнасць аўтара пры двары армянскага цара, але і тым, што «ў пачатку Ⅰ ст. н. э., гэта значыць праз паўстагоддзя пасля Метрадора, армянскае грамадства працягвала цікавіцца гэтай, па сутнасці, навуковай працай».[1] Па сцвярджэнні М. Дзьяканава і А. Кудраўцава, у Ⅲ–Ⅰ ст. да н. э. армянскія жрацы «вынайшлі асаблівага роду тайнапіс і пісалі з яго дапамогай храмавыя кнігі і летапісы».[39]

Некаторыя навукоўцы лічылі верагодным, што дамаштоцаўская пісьменнасць была знішчана ў сувязі з хрысціянізацыяй. Так, па здагадцы В. Істрына да Маштоца ў армян верагодна была пісьменнасць (магчыма на арамейскай аснове), аднак пасля яна была знішчана як паганская.[40] Паводле М. Паўленкі, здагадкі аб дамаштоцаўскай пісьменнасці на армянскай мове пацвярджаюцца некаторымі фактамі. Гэтая пісьменнасць, аднак, была прызнана паганскай і знішчана пасля прыняцця хрысціянства.[41] У. Луконін, наадварот, лічыў, што ў Ⅳ стагоддзі, пасля прыняцця хрысціянства як дзяржаўную рэлігію, маглі быць зроблены спробы пісаць па-армянску грэцкімі або арамейскімі літарамі «аднак ні той, ні іншы алфавіт зусім не падыходзілі да гукаў армянскай мовы».[42]

Праціўнікі канцэпцыі[правіць | правіць зыходнік]

У 1896 годзе Г. Гельцэр[en], кажучы аб Ⅱ–Ⅲ стагоддзях, выказваў меркаванне, што ў Арменіі тады не існавала ні пісьменства, ні літаратуры.[43] У 1904 годзе армянскі гісторык Леа лічыў, што гіпотэзу існавання армянскага пісьменства да Маштоца «не прызнае сур'ёзная частка нашай філалогіі».[44] На думку М. Акіняна «няма ніякага доказу, што пацвердзіла б наяўнасць уласнага пісьменства на армянскай мове да 406 года».[45] Х. Ачар'ян адпрэчваў гіпотэзы існавання дамаштоцаўскай пісьмовай літаратуры на армянскай мове.[46] Такога ж меркавання прытрымліваўся Э. Півазян[hy].[47] Л. Хачыкян крытыкаваў прыхільнікаў гіпотэзы, а звесткі з першакрыніц назваў цьмянымі.[48] Сен Арэўшацян пісаў, што аналіз гістарычных умоў у якім знаходзілася Арменія напярэдадні стварэння Маштоцам алфавіту, а таксама існуючы фактычны матэрыял адхіляюць здагадкі аб магчымым існаванні дамаштоцаўскай пісьменнасці.[49] Каментуючы паведамленне Філастрата аб армянскім пісьме ў пачатку Ⅲ стагоддзя, Джэймс Расэл лічыў, што гравіроўка, верагодна, была на арамейскай мове і пісьме.[2] На думку Роберта Томсана[en], хоць палітычная і сацыяльная індывідуальнасць Арменіі і армян узыходзіць да Ⅵ–Ⅳ стагоддзяў да н. э., эпосе Старажытнаперсідскай імперыі, літаратура на армянскай мове з'явілася даволі позна, толькі пасля прыняцця хрысціянства.[50]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. а б Трэвар 1953, с. 11.
  2. а б Russell 1987, p. 132—133.
  3. Movsisyan 2006, p. 12.
  4. Movsisyan 2006, p. 11.
  5. Усеагульная гісторыя Вардана Вялікага 1861, с. 63.
  6. а б Трэвар 1953, с. 182, 211.
  7. Гельб 1982, с. 67.
  8. Барысаў 1946, с. 97—104.
  9. Трэвар 1953, с. 179—180.
  10. Джаўкян 2000, с. 124.
  11. Джаўкян 2000, с. 125.
  12. Джаўкян 2000, с. 127.
  13. Russell 1987, p. 133.
  14. а б в Thomson 1997, p. 201—202.
  15. а б Seibt 2011.
  16. Маркварт 1913, с. 44—45.
  17. Брусаў 1940, с. 53.
  18. а б Брусаў 1940, с. 54.
  19. Russell 2021, p. 157.
  20. а б в Russell 1987, p. 20.
  21. Ачар'ян 1984, с. 429.
  22. Ачар'ян 1984, с. 411—412.
  23. Ачар'ян 1984, с. 409.
  24. а б Эмін 1896, с. 209.
  25. Эмін 1896, с. 208.
  26. Langlois 1869, с. 4.
  27. Ачар'ян 1984, с. 427—429.
  28. Марцірасян 1971, с. 64—65.
  29. Фармозаў 1978, с. 270—271.
  30. Рагожына 2021, с. 100.
  31. Хачыкян 1963, с. 150.
  32. а б Хачыкян 1963, с. 151.
  33. Хачыкян 1963, с. 147—148.
  34. Хачыкян 1963, с. 146.
  35. Хачыкян 1963, с. 149.
  36. Мар 1934, с. 5.
  37. Трэвар 1953, с. 102.
  38. Трэвар 1953, с. 11, 15.
  39. Дзяканаў, Кудраўцаў 1956, с. 423.
  40. Істрын 1961, с. 316.
  41. Паўленка 1987, с. 162.
  42. Луконін 1983, с. 210.
  43. Трэвар 1953, с. 81.
  44. Леа 1904, с. 174.
  45. Акінян 1938, с. 289.
  46. Ачар'ян 1951, с. 98.
  47. Півазян 1962, с. 169.
  48. Хачыкян 1963, с. 145.
  49. Арэвшат'ян 1977, p. 112.
  50. Thomson 1997, p. 199.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

на армянскай мове
на расейскай мове
на ангельскай мове
на французскай мове
на грэцкай мове
  • Hippolytus Werke. Die Chronik / Durchgesehen und herausgegeben im auftrage der kirchenväter-kommission der preussischen akademie der wissenschaften von R. Helm nebst einem Beitrag von J. Markwart. — 1929. — Vol. Ⅳ.