Карная аперацыя «Nixe»

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

«Nixe», «Русалка» — кодавая назва карнай аперацыі нямецкіх акупацыйных улад супраць партызан і насельніцтва каля возера Чырвонае на мяжы Мінскай і Палескай абласцей (Жыткавіцкі, Петрыкаўскі, Капаткевіцкі, Любанскі, Старобінскі раёны) 24 лютага — 1 сакавіка 1943 г. З'яўляецца працягам карнай аперацыі «Горнунг».

Аперацыя праводзілася па загаду Гімлера сіламі вышэйшых начальнікаў СС і паліцыі «Цэнтр» і «Поўдзень». У аперацыі прымалі ўдзел каля 20 ахоўных батальёнаў, падраздзяленні вермахта і дапаможныя сілы паліцыі.

Карнікам не ўдалося дасягнуць поспеху ў барацьбе з партызанамі. Але яны жорстка расправіліся з мясцовым цывільным насельніцтвам. Былі спалены вёскі, у тым ліку ў Старобінскім раёне — Даманавічы (загублена 267 чалавек), Пісаравічы (загублена 220 чал.), Пузічы (загублена 770 чал.), у Петрыкаўскім раёне — Людзвіноў (125 чалавек) і іншыя. Больш за 1000 чалавек было вывезена на прымусовыя работы ў Германію.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Пасэ У. С. «Русалка» // Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941-1945: Энцыклапедыя / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., 1990. — 680 с. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-012-2.