Касрае (народ)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Касрае
(Kosrae)
US Navy 070820-N-1467K-048 Micronesian children wave American flags during a medical civic action program at the Lelu town government building during Pacific Partnership.jpg
Агульная колькасць 8400
Рэгіёны пражывання ФШМ
Мова касрае
Рэлігія культ продкаў, пратэстантызм
Блізкія этнічныя групы чуўк, рэфалуваш, панапеанцы, маршальцы

Касрае (саманазва: Kosrae) — мікранезійскі народ, карэнныя насельнікі вострава Касрае ў складзе Федэратыўных Штатаў Мікранезіі. Жывуць таксама ў ЗША і Науру. Агульная колькасць (2013 г.) - 8 400 чал.[1]

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Касрае з'яўляюцца нашчадкамі перасяленцаў 1 тысячагоддзя н. э. з суседняй Меланезіі. У першай палове 2 тысячагоддзя н. э. яны стварылі развітую неалітычную культуру, цэнтрам якой, відавочна, быў горад на востраве Лелу[2][3], які займаў плошчу 27 га. Воіны касрае здзяйснялі паходы на іншыя астравы Мікранезіі.

Хаця востраў Касрае быў адкрыты іспанцамі ў XVI ст. і фармальна залежыў ад Іспаніі з канца XVII ст., вывучэнне народа касрае еўрапейцамі пачалося толькі ў 1824 г., калі на востраве спынілася французская экспедыцыя. З 1852 г. на Касрае дзейнічалі амерыканскія місіянеры. У выніку ваенных дзеянняў паміж астравіцянамі, а таксама эпідэмій насельніцтва скарацілася з 1500 чал. у 1824 г. да 748 чал. у 1859 г.[4] Акрамя таго, пачалося хуткае разбурэнне традыцыйнай культуры. Генетыкі выявілі, што ў фарміраванні сучаснага насельніцтва Касрае актыўны ўдзел прымалі еўрапейскія мужчыны[5], якія наведвалі востраў у другой палове XIX ст.

У 1885 - 1914 гг. востраў Касрае быў захоплены Германіяй. У 1914 - 1945 гг. знаходзіўся пад кантролем Японіі. У 1945 - 1986 гг. — пад кантролем ЗША. У 1986 г. увайшоў у склад Федэратыўных Штатаў Мікранезіі як асобны штат, што мае свае кіраўніцтва і Канстытуцыю.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Асноўнымі заняткамі касрае здаўна былі земляробства і рыбалоўства. Галоўнай сельскагаспадарчай культурай з'яўлялася тара. Уладальнікам какосавых пальм і ўраджаяў какосаў лічыліся правадыры. Былі таксама распаўсюджаны бананы, хлебнае дрэва, кава і інш. Рыбу лавілі ў лагунах з дапамогай плеценых сетак. Ужо да прыходу еўрапейцаў мелася прафесійная спецыялізацыя. Вылучыліся майстры — будаўнікі лодак, рыбакі, кухары і г. д.[6] Апрацоўка зямлі, выраб прылад працы, рыбалоўства былі абавязкам мужчын. Жанчыны сачылі за пасевамі, клапаціліся пра хатнюю гаспадарку.

У XIX ст. еўрапейцы засталі на Касрае грамадства з даволі складанай структурай. Яно падзялялася на роды, якія ў сваю чаргу ўтрымоўвыалі самастойныя сваяцкія лініі[7]. Адлік сваяцтва вёўся па маці, хаця сацыяльнае становішча жанчын было невысокім. Некаторыя сваяцкія лініі лічыліся высакароднымі. У адносінах да іх прадстаўнікоў быў распрацаваны пэўны этыкет, які падкрэсліваў прыніжанае становішча простых абшчыннікаў[8]. Востравам кіравалі вярхоўныя правадыры такосра, якія паходзілі з вышэйшага саслоўя і звычайна захоплівалі ўладу сілай. Такосра раздаваў найболей важныя пасады і тытулы прадстаўнікам сваякоў па лініях маці і жонкі. Іншыя правадыры былі вымушаны даказваць ім сваю лаяльнасць з дапамогай шчодрых падарункаў. Правадыры жылі адасоблена ад іншых абшчыннікаў, сувязь з падначаленымі падтрымлівалі з дапамогай пасрэднікаў-наглядчыкаў.

Хрысціянізацыя, а таксама смерць многіх высакародных падчас ваенных сутычак і эпідэмій XIX ст. прывяла да заняпаду традыцыйнага кіравання. З 1880-ых гг. такосра выбіраліся або прызначаліся пры ўдзеле місіянераў. Распаўсюджанне грашовых адносін у гады нямецкага і японскага кантролю канчаткова падарвала іх аўтарытэт сярод суайчыннікаў. У сучасным грамадстве істотнага сацыяльнага размежавання нават па эканамічнай прыкмеце не назіраецца. Дамінуюць малыя нуклеарныя сем'і[9]. Спадчына часцей перадаецца па мужчынскай лініі.

Касрае здолелі адносна добра захаваць сваю родную мову і традыцыйныя формы гаспадарання, бяспечныя для мясцовай прыроды[10].

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Родная мова касрае належыць да ўсходнемікранезійскай галіны малайска-палінезійскай групы аўстранезійскіх моў. Пісьменная з XIX ст. У наш час з'яўляецца дзяржаўнай у штаце Касрае.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Традыцыйныя вераванні былі заснаваны на кульце продкаў высакародных астравіцян. Захаваліся толькі імёны некаторых мясцовых бажаствоў. З 1852 г. на Касрае пачалася актыўная дзейнасць місіянераў-пратэстантаў з ЗША. У пачатку XX ст. мясцоовыя рэлігійныя абшчыны аб'ядналіся і стварылі незалежную царкоўную арганізацыю. Царква і ў нашы дні з'яўляецца найбольш уплывовым інстытутам грамадства.

Зноскі