Перайсці да зместу

Касцёл Узвышэння Святога Крыжа (Ахрэмаўцы)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Каталіцкі храм
Касцёл Узвышэння Святога Крыжа
55°34′56″ пн. ш. 27°06′31″ у. д.HGЯO
Краіна  Беларусь
Аграгарадок Ахрэмаўцы
Канфесія Каталіцызм
Епархія Віцебская дыяцэзія
Браслаўскі дэканат
Будаўніцтва 19882003 гады
Стан дзейнічае
Map

Касцёл Узвышэння Святога Крыжа — мураваны каталіцкі храм у аграгарадоку Ахрэмаўцы Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці. Знаходзіцца на вул. Паркавая, 11-б.

Праца Напалеона Орды, в. Ахрэмаўцы.

Касцёл пад тытулам Узвышэння Святога Крыжа быў пабудаваны ў 1768 г. фундатарам Юзафам Гілзенам. У 30-я гады ХІХ ст. касцёл быў знішчаныя падчас пажару.

У 1938 г. распачалася падрыхтоўка да будаўніцтва новага касцёла, але ў 1939 г., у сувязі з ваеннымі дзеяннямі яго будаўніцтва не было завершана. У 1947 г. касцёл зачынілі, а пасля і цалкам зруйнаваны.

Новы касцёл пабудаваны ў 1988—2003 гг. з цэглы на месцы старога касцёла.

Твор сучаснай сакральнай архітэктуры постмадэрнізму. Вырашаны перакрыжаванымі прамавугольнымі ў плане аб’ёмамі нефа і трансепта; з тыльнага боку далучана прамавугольная апсіда з папярочнай нізкай сакрысціяй. Фасад завершаны двухгранным шчытом, па восі сіметрыі прарэзаны прамавугольным уваходным праёмам і паўкруглай люкарнай над ім, акаймаванымі агульнай рэльефнай аркай. Бакавыя фасады расчлянёны высокаўзнятымі арачнымі аконнымі праёмамі.

Інтэр’ер малітоўнай залы атрымаў суровую трактоўку ў стылі раманскага сярэднявечча: адкрытая цагляная муроўка пазбаўленых архітэктурнага дэкору сцен і адкрытая канструкцыя корабавага скляпення з драўлянымі фермамі. На плоскай алтарнай сцяне навешаны высокі крыж са скульптурай «Укрыжаванне». Уздоўж бакавых сцен навешаны гіпсавыя пано на сюжэты «Крыжовага шляху». Над уваходам антрэсоль хораў[1].

Зноскі

  • Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін.