Кола

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Выявы месапатамскіх калясніц з коламі, 2400—2600 год да н.э., Брытанскі музей, Лондан

Кола — прыстасаванне ў выглядзе дыска ці вобада са спіцамі, насаджанага на вось; адзін з асноўных элементаў наземных транспартных сродкаў (аўтамабіляў, вагонаў, матацыклаў, веласіпедаў і інш.), многіх тэхнічных механізмаў і машын. Кола разам з вінтом і рычагом — адна з найвялікшых вынаходак чалавецтва.[1]

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Егіпецкая калясніца
Старажытнае кола, 2000 год да н.э., Нацыянальны музей Ірана, Тэгеран

Дата вынаходніцтва невядомая. Большасць даследчыкаў лічаць, што кола адна з самых старых і найбольш важных тэхнічных вынаходак ў чалавечай гісторыі. Найстарэйшыя даныя аб выкарыстанні колаў прыйшлі з Месапатаміі ў 5 тысячагоддзі да н.э. — спачатку ў якасці ганчарнага кругу. Мяркуецца, што продкам колаў транспартных сродкаў было ацыліндраванае бервяно, якое змяшчалі пад грузам для зручнасці перамяшчэння.

Колы распаўсюджваюцца на Блізкім Усходзе і ў Еўропе у чацвёртым тысячагоддзі да нашай эры і дасягаюць Індыі ў 3 тысячагоддзі да н.э. У другім тысячагоддзі да н.э. з'яўляюцца калясніцы са спіцавымі коламі, якія сталі прычынай рэвалюцыі ў ваеннай справе на Блізкім Усходзе. Каля 1200 г. да н.э. яны ўжо выкарыстоўваліся ў Кітаі, што сведчыць аб распаўсюджванні кола ў гэтай частцы Старога Свету ў той час.[2]

Выкарыстанне[правіць | правіць зыходнік]

Паводле роду дзеяння ў машынах і прыладах колы падзяляюцца на перадатачныя, прызначаныя для перадачы намаганняў (зубчастае кола, шкіў), антыфрыкцыйныя — памяншаюць трэнне паміж целамі, што рухаюцца (блокі, накіравальныя ролікі), транспартныя — ператвараюць вярчальны рух, што ствараецца рухавіком, у паступальны рух машыны.

Колы шырока выкарыстоўваецца ў розных галінах тэхнікі. Звычайны прыклад выкарыстання колаў — транспартныя сродкі, у якіх колы выкарыстоўваюцца, каб паменшыць трэнне паміж транспартным сродкам і паверхняй, на якой яно працуе.

Са старажытнасці кола — найважнейшы элемент большасці рабочых машын (калёсы, ганчарны круг, жорны, млыны, калаўрот). Вялікую ролю яно адыграла як вадзяны (вадзяное кола) і паветраны рухавік (ветрарухавік). Спецыяльныя канструкцыі кола выкарыстоўваюцца ў сучасных турбінах (гідраўлічных, газавых, паравых) як асноўная рабочая частка. Кола стала асноўным тыпам рухача ў транспартных, сельскагаспадарчых (колавых трактарах, камбайнах, прычэпах і інш.) і ваенных машынах (колавых цягачах, бронетранспарцёрах і да т.п.). Прынцып перамяшчэння з дапамогай кола выбраны для першых транспартных машын, прызначаных для выкарыстання на іншых планетах (напр., у «месяцаходзе»).

Кола аўтамабіля

Колы сучаснага аўтамабіля маюць складаную будову. Колы чыгуначных вагонаў — стальныя, звычайна суцэльныя, нерухома замацаваныя на восі, разам з якою рухаюцца ў буксах. Набываюць пашырэнне (пераважна ў вагонах метрапалітэна) пругкія металічныя колы.

Механіка[правіць | правіць зыходнік]

Кола значна змяншае выдаткі энергіі на перасоўванне грузу па адносна роўнай паверхні. Пры ўжыванні кола работа ажыццяўляецца супраць сілы трэння качэння, якая ў штучных умовах дарог значна менш, чым сiла трэння слізгання.

Колы бываюць суцэльныя(напрыклад, колавая пара чыгуначнага вагона), а могуць складацца з даволі вялікай колькасці дэталяў, напрыклад у склад аўтамабільнага кола ўваходзіць дыск, вобад, покрыўка, камера, крапёжныя балты. Знос покрывак аўтамабіляў з'яўляецца амаль вырашанай праблемай (пры правільна выстаўленых вуглах калёс). Сучасныя покрыўкі праязджаюць звыш 100 000 км. Нявырашанай праблемай з'яўляецца знос покрывак колаў самалётаў. Пры крананні нерухомага кола з бетонным пакрыццём пасадачнай паласы на хуткасці ў некалькі соцень кіламетраў у гадзіну знос покрывак вялізарны.

Зноскі

  1. БЭ, т. 8 (1999)
  2. Dyer, Gwynne, War: the new edition, p. 159: Vintage Canada Edition, Randomhouse of Canada, Toronto, ON

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Сацута У. Кола // БЭ ў 18 т. Т. 8. Мн., 1999.
Commons