Кормчая кніга

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Ко́рмчыя кні́гі (ад ст.-слав: кръмьчии — стырнавы, рулявы) — зборнікі царкоўных і свецкіх законаў, якія выкарыстоўваліся пры кіраванні царквой і ў духоўных судах паўднёва- і ўсходнеславянскіх краін. Аб’ядноўвалі царкоўныя правілы, пастановы ўсяленскіх і памесных сабораў, імператарскія пастановы адносна царквы, вытрымкі з заканадаўчых зборнікаў.

Гісторыя і рэдакцыі[правіць | правіць зыходнік]

Т. зв. Кормчая 14 тытулаў без тлумачэнняў (Старажытнаславянская кормчая) — пераклад з грэчаскай мовы, зроблены ў Балгарыі ў пачатку 10 ст. На Русь трапіла ў 11 ст. Найбольш ранні яе спіс — наўгародская Яфрэмаўская кормчая пачатку 12 ст. Гістарыяграфічныя матэрыялы Кормчай кнігі выкарыстоўваліся пры напісанні рускіх летапісаў, некаторыя іх палажэнні ўключаны ў мясцовыя помнікі царкоўнага права.

У канцы 12 ст. ў Грэцыі складзена асобая рэдакцыя Кормчай кнігі, перакладзеная ў Сербіі ў 1-й палавіне 13 ст. на стараславянскую мову і атрымала назву Сербскай рэдакцыі. Яна змяшчала і новыя заканадаўчыя палажэнні. У 15—16 ст. найбольшае пашырэнне мела на землях ВКЛ і разглядалася як кодэкс права. Мела некалькі спісаў, у т.л. Румянцаўскі (апошняя трэць 15 ст.), Пінскі спіс 1634. З ВКЛ Сербская рэдакцыя трапіла ў Маскоўскую Русь. Апошняе яе выданне ў 1816.

У 1260—1270-я гады на Русі ўзнікла Руская рэдакцыя Кормчай кнігі на аснове больш ранніх рэдакцый з дапаўненнем мясцовых тэкстаў («Закон судны людзям», іншыя юрыдычныя помнікі, манаскія статуты і правілы, гістарычныя і біяграфічныя творы і іншае). Кормчыя кнігі Рускай рэдакцыі былі пашыраны на ўсёй Русі.

Спісаў Сербскай рэдакцыі Кормчай кнігі на землях Украіны і Беларусі (захавалася больш як 10) было больш, чым спісаў Рускай рэдакцыі (3 экз.), што тлумачыцца яе больш раннім распаўсюджваннем.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]