Перайсці да зместу

Краёвая партыя Літвы і Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Краёвая партыя Літвы і Беларусі, КПЛіБ — палітычная партыя «краёвага» накірунку ў Беларусі і Літве на пачатку ХХ ст., асноўнымі прыхільнікамі якога было каталіцкае і польскамоўнае сярэднезаможнае і заможнае дваранства шасці губерняў Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі. Партыя сумяшчала ў сваёй праграме ліберальныя і нацыянальныя лозунгі.

З прапановай стварэння партыі ўпершыню выступіў адзін з ідэолагаў «краёвасці» Раман Скірмунт (1868—1939). У лістападзе 1905 ён надрукаваў у газеце «Kurier Litewski» («Літоўскі кур'ер», N65, 1905 г.) зварот «Краёвай партыі Літвы і Русі» — фактычна праграму партыі, якая патрабавала ўвядзення ўсіх дэмакратычных свабод (свабода сумлення, свабода слова, сходаў, друку, недатыкальнасць жылля і асобы, роўнасць усіх перад законам) і найперш свабоды нацыянальнага жыцця і палітычнай роўнасці нацыянальнасцей, краёвага самакіравання для Літвы і Беларусі. Пры гэтым асабліва падкрэслівалася недатыкальнасць прынцыпа прыватнай уласнасці. Скірмунт таксама выступаў за пашырэнне выбарчых правоў, дзяржаўную дапамогу беззямельным і малазямельным сялянам у набыцці зямлі.

У звароце Скірмунта таксама адзначалася, што «Краёвая партыя Літвы і Русі» будзе стаяць на падмурку расійскай дзяржаўнасці, спадзяючыся на яе паступовае рэфармаванне ў кірунку пашырэння палітычных свабод; будзе выступаць за ператварэнне Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі ў выбарны орган кіравання. Лозунгам партыі абвяшчаліся словы «Справядлівасць для ўсіх». Заяўлялася, што партыйны клопат пра развіццё «краю» не будзе супярэчыць культурна-нацыянальнай працы асобных народаў. Раман Скірмунт выступіў таксама за ўтварэнне ў Дзяржаўнай Думе Расійскай імперыі асобнай фракцыі дэпутатаў ад «Літвы і Русі». У заключэнне выказвалася надзея на захаванне добрых адносін паміж дваранствам і сялянствам.

Публікацыя ў прэсе праекта праграмы «Краёвай партыі» сведчыла пра пашырэнне сярод краёўцаў разумення неабходнасці ўласнай палітычнай арганізацыі. Рух краёўцаў даволі хутка арганізацыйна аформіўся, чаму спрыяў арганізацыйны вопыт сярэднезаможных і заможных дваран у рамках мясцовых таварыстваў сельскай гаспадаркі, найбуйнейшым і наймацнейшым з якіх у «краі» было і заставалася Мінскае таварыства сельскай гаспадаркі (1876—1921) на чале з неафіцыйным лідарам — віцэ-страшынём (1888—1907) Эдвардам Вайніловічам (1847—1928). Палажэнні палітычнага і сацыяльна-эканамічнага раздзелаў, прапанаванай Раманам Скірмунтам праграмы, вельмі нагадвалі задачы дзейнасці таварыства.

У пачатку 1906 Скірмунт паўтарыў зварот у газеце «Kurier Litewski» («Літоўскі кур'ер», N78), змяніўшы толькі назву партыі — «Краёвая партыя Белай Русі і Літвы». Назва «Русь», якая выкарыстоўвалася шляхтай ВКЛ у абазначэнні ваяводстваў Падзвіння і Падняпроўя і працягвала выкарыстоўвацца мясцовым дваранствам у адносінах да Віцебскай і Магілёўскай губерні ў XIX ст., станавілася ўжо архаізмам, асабліва пасля публікацыі тамоў «Уводзіны да вывучэння мовы і народнай славеснасці» (1903) і «Уводзіны да вывучэння мовы і народнай славеснасці» (1908) даследавання «Беларусы» Яўхіма Карскага, які канчаткова распаўсюджваў тэрмін «Беларусь» на ўвесь абшар ужывання насельніцтвам беларускай мовы. З таго часу тэрмін «Русь» паступова знікнуў у публіцыстыцы «краёўцаў». Прыкладна ў гэты самы час ідэю стварэння Краёвай партыі выказаў Эдвард Вайніловіч («Kurier Litewski», N78, 1906 г.).

17 чэрвеня 1907 па ініцыятыве Скірмунта ў Вільні адбыўся з'езд землеўладальнікаў шасці «паўночна-заходніх» (беларуска-літоўскіх) губерняў, які прыняў рашэнне пра стварэнне «Краёвай партыі Літвы і Беларусі», зацвердзіў яе праграму (падпісала 23 дэлегаты з 30). Праграма заклікала да самакіравання краю, роўнасці ўсіх нацый, увядзення адукацыі на роднай мове, лічыла недапушчальным адчужэнне памешчыцкай зямлі. Старшынём рады партыі абраны Эдвард Адамавіч Вайніловіч, намеснікам — Ю. Талочка. Друкаваным органам партыі стала газета «Glos Polski» («Польскі голас», 1907). Прадстаўнікі Ковенскай губерні і Скірмунт не ўвайшлі ў КПЛіБ, іх не задавальняла тое, што партыя ўзнікала як выключна «польская», а Скірмунт імкнуўся стварыць партыю, якая мела б тры фракцыі — польскую, літоўскую і беларускую.

У 1908 партыя знікла з палітычнай арэны. У публіцыстычных выступленнях лідараў партыі сацыяльныя вярхі (маёмаснае дваранства) успрымаліся ў якасці галоўнага суб'екта грамадска-палітычнага жыцця. Сцвярджэнне, што аблічча краю вызначае просты люд, а не дваранства (Раман Скірмунт), мела досыць дэкларатыўны характар і было разлічана на ўсведамленне маёмаснымі дваранамі неабходнасці ўлічваць інтарэсы сацыяльных нізоў грамадскасці Беларусі і Літвы.

Партыя зноў актывізавалася падчас Першай сусветнай вайны. Па меры стварэння пасля канца вайны некалькіх дзяржаў (Польшчы, Літвы і савецкай Беларусі ў складзе СССР) на тэрыторыі былых паўночна-заходніх губерняў Расійскай імперыі краёвасць перастала быць накірункам грамадска-палітычнага жыцця.

Літаратура

  • Смалянчук, А. Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864 — люты 1917 г. / А. Ф. Смалянчук. — СПб. : Неўскі прасцяг, 2004. — 406 с.
  • Смалянчук, А. Беларускае пытанне і польскі рух / А. Смалянчук // Полымя. — 1994. — № 6.
  • ЭГБ, Т. 4. — С. 246.