Раман Аляксандравіч Скірмунт

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Раман Аляксандравіч Скірмунт
Raman Skirmunt 1868-1939 - foto before 1906 AD.jpg
POL COA Dąb.svg
герб «Дуб»
Старшыня Палескага таварыства сельскай гаспадаркі
1905 — 1911
Папярэднік: князь Геранім Эдвінавіч Друцкі-Любецкі (1868—1919)
Пераемнік: князь Геранім Эдвінавіч Друцкі-Любецкі (1868—1919)
Дэпутат Дзяржаўнай Думы Расійскай імперыі ад Мінскай губерні
1906 — 1906
Віцэ-старшыня Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі
1907 — 1917
Папярэднік: Эдвард Адамавіч Вайніловіч (1847—1928)
Пераемнік:  ?
Старшыня Краёвай партыі Літвы і Беларусі
1908 — 1908
Папярэднік: Эдвард Адамавіч Вайніловіч (1847—1928)
Пераемнік: няма (пасада скасавана)
Дэпутат Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі ад Мінскай губерні
1910 — 1911
Папярэднік: князь Геранім Эдвінавіч Друцкі-Любецкі (1868—1919)
Пераемнік: Караль Канстанцінавіч Незабытоўскі (1865—1952)
Старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта (г. Мінск)
1917 — 1917
Папярэднік: няма (пасада заснавана)
Пераемнік: няма (пасада скасавана)
2-і Прэм'ер-міністр БНР (намінальна)
1918 — 1918
Папярэднік: Язэп Якаўлевіч Варонка (1891—1952)
Пераемнік: Іван Мікітавіч Серада (1879—1943)
Сенатар Польшчы ад Палескага ваяводства
1930 — 1935
Папярэднік: Караль Канстанцінавіч Незабытоўскі (1865—1952)
Пераемнік:  ?
 
Адукацыя: Варшаўскі ўніверсітэт
Венскі ўніверсітэт
Веравызнанне: каталік
Нараджэнне: 25 красавіка 1868(1868-04-25)
вёска Парэчча, Пінскі павет, Мінская губерня, Расійская імперыя
Смерць: 7 кастрычніка 1939(1939-10-07) (71 год)
вёска Парэчча, Пінскі павет, Палескае ваяводства, Польшча (пад кантролем СССР)
Пахаванне: вёска Парэчча, Пінскі павет, Палескае ваяводства, Польшча (пад кантролем СССР)
Род: Скірмунты
Бацька: Аляксандр Аляксандравіч Скірмунт (1830—1909)
Маці: Тэафілія Зянонаўна Любанская (1836/7—1928)
Жонка: халасты
Дзеці: (?) (пазашлюбныя) Аляксандр (Олесь), Раман, Уладзіслаў і Пётр (Петрусь)

Раман Скірмунт (польск.: Roman Skirmunt; руск.: Роман Скирмунт; 25 красавіка 1868 — 7 кастрычніка 1939) — гаспадарчы і палітычны дзеяч Расійскай імперыі, Беларусі і Польшчы.

Мецэнат, значны землеўладальнік, віцэ-старшыня (1907—1917, 1918—?) Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, дэпутат (1906) I Дзяржаўнай Думы Расійскай імперыі, дэпутат (1910—1911) Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі ад Мінскай губерні, прэм'ер-міністр БНР (1918), сенатар Польшчы (1930—1935).

Паходжанне і сям'я[правіць | правіць зыходнік]

Аляксандр Аляксандравіч Скірмунт (1830—1909) — бацька Рамана Скірмунта

Належаў да каталіцкага літоўскага шляхецкага роду Скірмунтаў гербу «Дуб». Пра сваё паходжанне Раман Скірмунт пісаў: «Я сам ураджэнец беларускага Палесся, нашчадак літоўскай сям'і, са старажытных часоў, спакон вякоў аселай у гэтым краі, і мае продкі да XVII ст. карысталіся беларускай мовай як хатняй»[1].

Нарадзіўся ў вёсцы Парэчча Пінскага павета ў сям'і Аляксандра Аляксандравіча-Ізідоравіча Скірмунта (1830—1909), члена кіраўніцтва Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі, і Тэафіліі Зянонаўны Любанскай (1836/7—1928).

Яго бацька быў сынам значнага маянткоўца Пінскага павета, вядомага прадпрымальніка-фабрыканта і пінскага павятовага маршалка (1829—1835) Аляксандра Шыманавіча Скірмунта (1798—1870), а маці — дачкой Зянона Янавіча Любанскага (каля 1807—1854), вілейскага павятовага маршалка (1835—1841, 1844—1847), ад яго жонкі Марты Ляўковіч.

Адукацыя[правіць | правіць зыходнік]

Атрымаў толькі хатнюю і пачатковую адукацыю. Ніякіх гімназій і ўніверсітэтаў не скончыў[2].

Службовая і гаспадарчая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Быў членам Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі (МТСГ), а ў 1904 г. быў выбраны ў члены Рады гэтага таварыства. Раман Скірмунт стаў верным сябрам, паплечнікам і, паводле слоў графа Іпаліта Корвін-Мілеўскага, «любімым вучнем» Эдварда Вайніловіча па гаспадарчай працы ў МТСГ і палітычнай дзейнасці[3][4].

У 19051911 гг. быў старшынёй Аддзела па справам сельскай гаспадаркі і патрэб Мінскага Палесся (Палескага таварыства сельскай гаспадаркі), што быў структурным аддзяленнем Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. Быў віцэ-старшынёй (1907—1917, 1918—?) Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі і адным з яго лідараў.

Палітычная дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Раман Скірмунт

Раман Скірмунт выступаў як адзін з ідэолагаў краёўцаў. У 1904 г. выдаў невялічкую брашурку «Голас мінуўшчыны і патрэба моманту. Становішча шляхты на Літве і Русі», дзе адзначаў кроўныя сувязі і адзінства паходжання шляхты ВКЛ і мясцовага сялянства[5].

Лідары Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі на чале з Эдвардам Вайніловічам даручылі Раману Скірмунту стварыць «краёвую партыю». У лістападзе 1905 г. Рамам надрукаваў у газеце «Kurier Litewski» зварот «Краёвай партыі Літвы і Русі» — фактычна праграму партыі, якая патрабавала ўвядзення ўсіх дэмакратычных свабод і найперш свабоды нацыянальнага жыцця і роўнасці нацыянальнасцей Заходняга края, краёвага самакіравання, падкрэслівала прынцып недатыкальнасці прыватнай уласнасці. Аднак працэс стварэння «краёвай партыі» зацягнуўся.

Раман Скірмунт у кнізе біяграфій дэпутатаў Першай Дзяржаўнай Думы Расійскай Імперыі, 1906 г.[6]

У 1906 г. Раман Скірмунт па пратэкцыі Эдварда Вайніловіча быў абраны дэпутатам (ад Мінскай губерні) у I Дзяржаўную Думы Расійскай Імперыі. У афіцыйных думскіх анкетных дадзеных Раман Скірмунт запісаў сябе як «паляк»[7]. У дзяржаўнай Думе Скірмунт увайшоў у склад дэпутатацкай групоўкі «Краёвае кола Літвы і Русі» (ці «Дэпутацкае кола Літвы і Русі», «Група заходніх ускраін»), якая аб'ядналася з дэпутатамі ад польскіх губерняў (г.зв. «Польскім колам з Каралеўства Польскага») і склалі ядро парламенцкай групы «Саюза аўтанамістаў». Газета «Nowy Kurier Litewski» (№104, 1917 г.)[8] надрукавала, што ў 1906 г. у адной з кулуарных размоў у Думе Раман Скірмунт назваў сябе адзін раз «беларусам»[8].

У I Дзяржаўнай Думе (1906) Раман Скірмунт, як і іншыя члены «Краёвага кола Літвы і Русі», выступаў у абарону права прыватнай уласнасці на зямлю і супраць адчужэння часткі прыватнаўласніцкіх зямель: ён выказаўся, што стварэнне (па прапанове расійскіх кадэтаў) дзяржаўнага фонда зямель не вырашыць справу павелічэння (ці ўмацавання) сялянскага землеўладання, бо фонд будзе толькі прапаноўваць сялянам карыстанне зямлёй, а не валоданне, і ў Заходнім краі, дзе пануе падворнае сялянскае землеўладанне, выкліча толькі непаразуменне і жах; выступіў за продаж фонда дзяржаўных зямель сялянам[9].

У 1906 г. Скірмунт паўтарыў зварот аб стварэнні «краёвай партыі», змяніўшы толькі назву партыі — «Краёвая партыя Белай Русі і Літвы». Ён спланаваў праект «краёвай партыі» як міжнацыянальны блок польскай, беларускай і літоўскай палітычных арганізацый.

З 25 сакавіка 1907 г. Раман Скірмунт уваходзіў у склад Нагляднай рады Польскага таварыства «Асвета» ў Мінску[10].

Артыкул «Земствы на Літве» пра мінскае, віцебскае і магілёўскае губернскія земствы ў варшаўскай газеце «Świat» (№11, 1912 г.) — з фатаграфіямі Эдварда Вайніловіча, Рамана Скірмунта, Юзафа Свянціцкага, Станіслава Хржанстоўскага, мінскага губернскага маршалка Аляксандра Далгаво-Сабурава і іншых членаў мінскага земства

17 чэрвеня 1907 г. у Вільні адбыўся з'езд землеўладальнікаў шасці беларуска-літоўскіх губерняў, які прыняў нарэшце рашэнне пра стварэнне даўно аб'яўленай у прэсе «Краёвай партыі Літвы і Беларусі». Аднак сам Скірмунт не ўвайшоў у партыю, яго не задавальняла тое, што «краёвая партыя» ўзнікала як выключна «польская», а Скірмунт імкнуўся стварыць партыю, якая мела б тры фракцыі — польскую, літоўскую і беларускую. У выніку Краёвую партыю Літвы і Беларусі ўзначаліў сам галоўны лідар краёўцаў-кансерватараў Эдвард Вайніловіч.

З кастрычніка 1910 да студзеня 1911 г. быў сенатарам — дэпутатам Дзяржаўнага Савета Расійскай Імперыі, куды Скірмунт быў выбраны тэрмінам на тры гады ад Мінскай губерні па пратэкцыі Эдварда Вайніловіча. У афіцыйных анкетных дадзеных Раман Скірмунт запісаў сябе як «паляк» і ўказаў, што скончыў гімназію ў Рызе[11]. Аднак пры праверцы Раман Скірмунт не змог дакументальна пацвердзіць сваю заяву, што атрымаў гімназічную адукацыю[12]. А для заняцця пасады дэпутата Дзяржаўнага Савета Расійскай Імперыі трэба было паводле заканадаўства адпавядаць маёмаснаму і адукацыйнаму цэнзу — мінімум мець гімназічную адукацыю. У выніку ў студзені 1911 г. Скірмунт быў вымушаны пакінуць пасаду дэпутата Дзяржаўнага Савета Расійскай імперыі ад Мінскай губерні, а замест Рамана Скірмунта ў 1911 г. у Санкт-Пецярбург даслужыць у 1911—1912 гг. трохгадовую кадэнцыю (1910—1912) паехаў Караль Незабытоўскі, які ў 1910 г. на выбарах дэпутатаў ад Мінскай губерні атрымаў другое месца пасля Рамана Скірмунта[13][14].

Уваходзіў у склад праўлення Віленскага зямельнага банка. З 1911 г. быў гласным Мінскага губернскага земства. З 1914 г. быў членам Мінскага губернскага камітэта Усерасійскага земскага саюза, у 1917 г. — загадчыкам Мінскага губернскага харчовага камітэта.

У студзені 1917 г. узначаліў Мінскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны.

З 27 сакавіка па 10 ліпеня 1917 г. — старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта ў Мінску. У красавіку 1917 г. узначаліў беларускую дэлегацыю да Часовага ўрада Расіі (які кантраляваў цэнтральную і ўсходнюю тэрыторыі Беларусі разам з Мінскам) з патрабаваннем аўтаноміі Беларусі.

Калі ў сувязі з выбарамі ва Устаноўчы сход Расіі быў створаны ў Мінску 8 кастрычніка 1917 г. Галоўны польскі выбарчы камітэт Мінскай акругі, Раман Скірмунт увайшоў у склад гэтага камітэта[10]. Удзельнічаў у Мінску ў выбарах дэпутатаў (ад Мінскай губерні) ва Устаноўчы сход Расіі як першы кандыдат ад спіса «Блок землеўласнікаў» Мінскай губерні (спіс №3 — куды ўваходзілі разам землеўласнікі-беларусы, палякі і рускія) на мандат дэпутата, але мандата не атрымаў[10].

У другой палове кастрычніка 1917 г. Раман Скірмунт прыняў удзел у шэрагу нарад па справе каардынацыі дзеянняў і кансалідацыі розных беларускіх палітычных арганізацый і груп[15]. Вынікам нарад было стварэнне Вялікай беларускай рады, куды Раман Скірмунт увайшоў як член кіраўніцтва рады[15]. У лістападзе 1917 г. як член Вялікай Беларускай рады прыняў удзел у Беларускім з'ездзе павятовых рад Мінскай губерні[15].

Пасля Кастрычніцкага перавароту (1917) у Петраградзе, Раман Скірмунт быў сярод ініцыятараў рэзалюцыі Вялікай беларускай рады ў справе заключэння міру Расіі з Германіяй і злучэння разам усіх беларускіх зямель пад уладай Расіі[15]. Удзельчаў у Першым Усебеларускім з'ездзе, які праходзіў 7-18 снежня (ст.ст.) 1917 г. у Мінску і быў выбраны ў склад рады з'езда, а таксама на з'ездзе быў своеасаблівым неафіцыйным прадстаўніком інтарэсаў мясцовых польскіх, беларускіх і рускіх палітычных арганізацый, прадстаўленых галоўным чынам землеўласнікамі і інтэлігенцыяй[15]. Вядома, што Скірмунт не ўвайшоў у склад выканаўчага камітэта рады Першага Усебеларускага з'езда[15].

Падчас германскай акупацыі Беларусі ў лютым 1918 г., узначальваў «Менскае беларускае прадстаўніцтва», ад якога ў красавіку 1918 г. увайшоў у Раду Беларускай Народнай Рэспублікі, у маі 1918 г. яму даручана фарміраванне новага складу Народнага сакратарыяту Беларусі, з 9 ліпеня 1918 г. — прэм'ер ураду БНР і сакратар міжнародных спраў. Выказваўся за набыццё дзяржаўнымі органамі БНР рэальнай улады, збіранне вакол яе ўсёй этнічнай тэрыторыі беларусаў, памяркоўную аграрную рэформу. 20 ліпеня 1918 г. пайшоў у адстаўку з пасады старшыні ўрада.

Працаваў у міжнароднай камісіі Рады БНР, у лістападзе 1918 г. у складзе надзвычайнай беларускай дэлегацыі быў у Германіі і Швейцарыі з мэтай прызнання незалежнасці Беларусі. У польска-савецкую вайну 1920 г. імкнуўся не дапусціць падзелу Беларусі паміж процілеглымі бакамі.

Адзін з заснавальнікаў Польска-беларускага таварыства ў Варшаве (1919). Выказваўся, як і Эдвард Вайніловіч, за стварэнне польска-беларускай федэрацыі.

У міжваеннай Польшчы (1921—1939)[правіць | правіць зыходнік]

Пасля няўдачы ўмацаваць дзяржаўнасць БНР ці стварыць польска-беларускую федэрацыю, прыняў польскае грамадзянства, адышоў, як і Эдвард Вайніловіч, ад палітыкі, займаўся гаспадаркай ва ўласным маёнтку ПарэччаПалескім ваяводстве). Прысвяціў сябе літаратуразнаўству і займаў у 19231928 гг. выбарную пасаду суддзі Пінскага акруговага суда. У 19231927 гг. таксама быў старшынёй Палескага акруговага таварыства сельскай гаспадаркі (Пінск). Прымаў актыўны ўдзел у грамадскім і культурным жыцці Палескага ваяводства. Займаўся краязнаўствам Палесся, прымаў удзел у стварэнні Палескага музея ў Пінску. Усяляк (у тым ліку ў друку) падтрымліваў ідэю міжнацыянальнай і міжканфесійнай талерантнасці ў краі.

Толькі пасля «майскага пераварота» (1926) у яго вярнулася цікавасць да палітыкі на агульнадзяржаўным узроўні: у 1929 г. Раман Скірмунт увайшоў у склад Рады Кансерватыўнай арганізацыі дзяржаўнай працы — грамадскага аб'яднання палітычнай групоўкі «віленскіх кансерватараў», а ў 1930 г. быў выбраны сенатарам (1930—1935) ад Палескага ваяводства, далучыўшыся да Беспартыйнага блока супрацоўнiцтва з урадам, які падтрымліваў палітыку Юзафа Пілсудскага. Скірмунт выступаў супраць паланізацыі беларускага насельніцтва.

Віленскія кансерватары (князь Яўстах Сапега і Станіслаў Мацкевіч (1896—1966)) таксама прынялі актыўны ўдзел у распрацоўцы новай канстытуцыі Другой Рэчы Паспалітай (прынятай 23 красавіка 1935 г.). 28 жніўня 1933 г. у Вільні ў будынку Віленскага зямельнага банка адбыўся сход, скліканы Кансерватыўнай арганізацыяй дзяржаўнай працы, на якім князь Яўстах Сапега (1881—1963), які яшчэ ў 1930 г. напісаў трактат «Канстытуцыя дзяржаўных інтарэсаў» («Konstytucja racji stanu»), зачытаў даклад аб юрыдычных рашэннях, прапануемых у новую канстытуцыю. Узначальваў і кіраваў сходам сенатар Раман Скірмунт.

Маёнткі і маёмасць[правіць | правіць зыходнік]

У 1876 г. бацька Рамана Скірмунта Аляксандр Скірмунт валодаў маёнткам Парэчча ў Пінскім павеце Мінскай губерні, дзе мелася 5193 дзесяціны зямлі, цукровая фабрыка, суконная фабрыка і дзве карчмы. Пасля смерці Аляксандра Скірмунта маёнтак Парэчча (з фабрыкамі і вінакурнямі) перайшоў у валоданне яго сына Рамана і ў 1911 г. налічваў 6030 дзесяцін зямлі[16]. Раман Скірмунт валодаў таксама нерухомасцю ў Мінску і Маскве.

У ходзе Першай сусветнай вайны палац у Парэччы і яго зборы ацалелі, але будынкі фабрык і фальваркі, абрабаваныя немцамі, былі зруйнаваны ваеннымі дзеяннямі. У міжваеннай Польшчы матэрыяльнае становішча Рамана Скірмунта (разам з якім у палацы жылі яго сястра Гелена і яе муж Баляслаў Скірмунт) было цяжкім, таму Скірмунту не ўдалося аднавіць былую эканамічную магутнасць маёнтка і аднавіць многія пабудовы. Некаторыя ацалелыя будынкі былі ім перароблены для гаспадарчых мэт. Аднак пры гэтым Раман Скірмунт рэгулярна дапамагаў парэцкім сялянам, у тым ліку перадачай ім кавалкаў зямлі ў падарунак. Паводле апытання гісторыка Аляксандра Смалянчука, успаміны сялян малююць станоўчы вобраз маянткоўца, які добра ставіўся да сялян: «З сваёй абслугай і сялянамі Раман гутарыў толькі па-беларуску. Сяляне казалі: "Ён наш пан, ён навет па-нашаму гаворыць". … Апрача ўсяго ён быў людзяным. Ён быў добрым для сваёй абслугі й не адной пажылай сялянскай асобе памог тым, што сваёй абслугай прывёз, парэзаў і парубаў дровы зімою, або вясной падсыпаў зярна ў іхнюю засеку. Не толькі абслуга маёнтку, але й навакольныя сяляне спаміналі Рамана Скірмунта адно добрым словам»[17].

Сям'я[правіць | правіць зыходнік]

За сваё жыццё ніколі не жаніўся і не меў афіцыйных дзяцей.

Паводле апытання мясцовых жыхароў, зробленага гісторыкам Аляксандрам Смалянчуком, Раман Скірмунт (яшчэ да 1912 г.) меў каханку з ліку сельскіх работніц свайго маёнтка, якую звалі Кацярына Цярэшка (Цярэшчанка). Кацярына, якая была ўдавой, з пачатку 1920-х гг. пастаянна пражывала ў палацы ў маёнтку Парэчча. Па сведчанням вяскоўцаў, Раман Скірмунт меў ад Кацярыны чатырох пазашлюбных дзяцей: Аляксандр (Олесь), Раман, Уладзіслаў і Пётр (Петрусь). Усе дзеці атрымалі адукацыю, жылі і працавалі ў маёнтку Рамана Скірмунта. Вядома, што Олесь памёр яшчэ ў 1930-ыя, Раман быў арыштаваны НКВД і загінуў у Сібіры, Петрусь з'ехаў у Польшчу, а лёс Уладзіслава невядомы[18].

Смерць і пахаванне[правіць | правіць зыходнік]

Месца пахавання Рамана Скірмунта, парк «Парэчча» ў былым маёнтку Скірмунтаў у Парэччы. Фота 2013 г.

Загінуў у сваім маёнтку.

Мемарыяльны камень Раману Скірмунту ў Парэччы. Фота 2013 г.

Забіты мясцовымі жыхарамі (верагодна, па ўказцы савецкіх органаў) пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР.

Творы[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Рудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта... С. 14.
  2. Jurkowski, R. Sukcesy i porażki... С. 481, 489.
  3. Woyniłłowicz, E. Wspomnienia… С. 47.
  4. Korwin-Milewski, H. Siedemdziesiąt… С. 241.
  5. Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 127.
  6. Інфармацыя пра тое, што Раман Скірмунт скончыў Рыжскую гімназію, з'яўляецца несапраўднай. Гл.: Jurkowski, R. Sukcesy i porażki... С. 481.
  7. Бородин, А.П. Скирмунт Роман Александрович; Jurkowski, R. Sukcesy i porażki... С. 466, 480, 481.
  8. 8,0 8,1 Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю... С. 287.
  9. Бусько, В.Н. Экономическая мысль Белоруссии середины XIX — начала XX в... С. 104.
  10. 10,0 10,1 10,2 Brzoza, Cz. Skirmunt Roman / Cz. Brzoza, K. Stepan // Polski Słownik Biograficzny. — Warszawa, 1998. — С. 185.
  11. Jurkowski, R. Sukcesy i porażki... С. 466, 480, 481.
  12. Jurkowski, R. Sukcesy i porażki... С. 481.
  13. Jurkowski, R. Sukcesy i porażki... С. 480, 481.
  14. Piber, A. Niezabytowski Karol Stanisław... S. 105.
  15. 15,0 15,1 15,2 15,3 15,4 15,5 Brzoza, Cz. Skirmunt Roman / Cz. Brzoza, K. Stepan // Polski Słownik Biograficzny. — Warszawa, 1998. — С. 186.
  16. Список землевладельцев Минской губернии за 1876 год... С. 148; Списки лиц, владеющих в Минской губернии... Пинский уезд.
  17. Смалянчук, А. Парэчча Скірмунтаў: лёс сядзібы і ўладальнікаў.
  18. «Добры быў пан...» Раман Скірмунт у вусных успамінах жыхароў в.Парэчча Пінскага раёну

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Богданович, Е.Г. Концепция автономии в общественно-политическом движении Беларуси (март-октябрь 1917 г.) / Е.Г. Богданович // Гуманітарна-эканамічны веснік. — 1996. — №1. — С. 9—15.
  • Бородин, А.П. Скирмунт Роман Александрович / А.П. Бородин, Н.Д. Постников // Государственная Дума России: Энциклопедия: в 2-х т. — Москва : РОССПЭН, 2006. — Т.1. Государственная Дума Российской империи (1906—1917 гг.).
  • Бусько, В.Н. Экономическая мысль Белоруссии середины XIX — начала XX в. : Очерки / В.Н. Бусько ; науч. ред. М.В. Научитель ; АН БССР, Ин-т экономики. — Минск : Навука і тэхніка, 1990. — 144 с.
  • Іллін, А. Раман Скірмунт у грамадска-палітычным і культурным жыцці Піншчыны ў 20-30-ыя гг. XX ст. / А. Іллін // Гістарычны альманах / пад. рэд. А.К. Краўцэвіча. — Гродна: Беларускае Гістарычнае Таварыства, 2003. — Т. 8. — С. 98—106.
  • Ладысеў, У.Ф. На пераломе эпох: станаўленне беларускай дзяржаўнасці (1917—1920 гг.) / У.Ф. Ладысеў, П.І. Брыгадзін. — Мінск : БДУ, 1999. — 128 с.
  • Міхалюк, Д. Беларуская Народная Рэспубліка ў 1918—1920 гг. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці / Нав. рэд. С. Рудовіч; пер. з польск. А. Пілецкі. — Смаленск : Інбелкульт, 2015. — 496 с.
  • Смалянчук, А. Раман Скірмунт: шлях да Беларусі // Спадчына. — 1994. — № 6.
  • Грыцкевіч, А. Беларуская шляхта / А. Грыцкевіч // Спадчына. — 1993. № 1. — С. 11—16.
  • Смалянчук, А.Ф. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864 — люты 1917 г. / А.Ф. Смалянчук. — СПб. : Неўскі прасцяг, 2004. — 406 с.
  • Списки лиц, владеющих в Минской губернии имуществом и имеющих право участвовать в земских избирательных собраниях для выбора гласных на трехлетие с 1911 г. — Минск: Минская губ. типография, 1911.
  • Список землевладельцев Минской губернии за 1876 год / Изд. Минск. губернск. статист. комитета. — Минск: Тип. губ. правления, 1877. — 187 с.
  • Сяменчык, М.Я. Грамадска-палітычнае жыцце ў Мінску (сакавік-красавік 1917 г.) : Вучэб. дапам. па курсу «Гісторыя Беларусі» / М.Я. Сяменчык; Беларус. дзярж. пед. ун-т. — Мінск, 1994. — 112 с.
  • Рудовіч, С. «…Беларускі дзеяч з вялікіх паноў»: Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта / С. Рудовіч // Гістарычны альманах. — Гродна, 1999. — Т. 2. — С. 14—37. [1]
  • Brzoza, Cz. Skirmunt Roman / Cz. Brzoza, K. Stepan // Polski Słownik Biograficzny. — Warszawa etc.: Ossolineum, 1998. — T. XXXVIII/2. — Zesz. 157: Skimbrowicz Hipolit — Skowroński Ignacy. — S. 184—187.
  • Chmielewska, G. Cierń Kresowy. Opowieść o Edwardzie Woyniłłowiczu i jego rodzinie / G. Chmielewska. — Łomianki : LTW, 2011. — 369 s.
  • Czapska, M. Florian Czarnyszewicz // Ostatnie odwiedziny i inne szkice / M. Czapska. — Warszawa : Więź, 2006. — S. 164—171.
  • Gierowska-Kałłaur, J. Zarząd cywilny Ziem Wschodnich (19 lutego 1919 — 9 września 1920) / J. Gierowska-Kałłaur. — Warszawa : Neriton, 2003. — 455 s.
  • Jankowski, Cz. W ciągu dwóch lat... : Przyczynek do dziejów prasy polskiej na Litwie / Cz. Jankowski. — Warszawa-Kraków : Druk. W.L. Anczyca, 1908. — 201 s.
  • Jurkowski, R. Sukcesy i porażki. Ziemiaństwo polskie Ziem Zabranych w wyborach do Dumy Państwowej i Rady Państwa 1906—1913 / R. Jurkowski. — Olsztyn: WUWM Olsztyn, 2009. — 550 s.
  • Jurkowski, R. Ziemiaństwo polskie Kresów Północno-Wschodnich 1864—1904. Działalność społeczno-gospodarcza / R. Jurkowski. — Warszawa : Przegląd Wschodni, 2001. — 606 s.
  • Korwin-Milewski, H. Siedemdziesiąt lat wspomnień (1855—1925) / H. Korwin-Milewski. — Poznań : 1930, Jan Jachowski. — 600 s.
  • Łatyszonek, O. Białoruskie formacje wojskowe 1917—1923 / O. Łatyszonek. — Białystok : Białoruskie Towarzystwo Historyczne, 1995. — 273 s.
  • Piber, A. Niezabytowski Karol Stanisław / A. Piber // Polski Słownik Biograficzny. — Wrocław etc. : Ossolineum, 1978. — Tom XXIII : Niemirycz Władysław — Olszak Wacław. — S. 105—107.
  • Szpoper, D. Gente Lithuana, Natione Lithuana. Myśl polityczna i działalność Konstancji Skirmuntt (1851—1934) / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 2009. — 487 s.
  • Szpoper, D. Sukcesorzy Wielkiego Księstwa. Myśl polityczna i działalność konserwatystów polskich na ziemiach litewsko-białoruskich w latach 1904—1939 / D. Szpoper. — Gdańsk : Arche, 1999. — 357 s.
  • Tarasiuk, D. Między nadzieją a niepokojem. Działalność społeczno-kulturalna i polityczna Polaków na wschodniej Białorusi w latach 1905—1918 / D. Tarasiuk. — Lublin : Wydawnictwo Uniwersytetu Marii Curie-Skłodowskiej, 2007. — 211 s.
  • Woyniłłowicz, E. Wspomnienia. 1847—1928 / E. Woyniłłowicz. — Wilno : Józef Zawadzki, 1931. — cz. 1. — 368 s.

Знешнія спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]