Кхаджураха

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Група храмаў у Кхаджураха*
Khajuraho Group of Monuments**
Сусветная спадчына ЮНЕСКА

Краіна Індыя
Тып Культурны
Крытэрыі i, iii
Спасылка [1]
Рэгіён*** Азія
Гісторыя ўключэння
Уключэнне 1986  (10 сесія)
* Міжнародная канвенцыя «ЮНЕСКА»
** Назва ў афіцыйным англ. спісе
*** Рэгіён па класіфікацыі ЮНЕСКА

Кхаджураха (хіндзі: खजुराहे) — невялікая турыстычная вёска вакол храмаў у Індыі (шт. Мадх'я-Прадэш). Захавалася каля 20 храмаў, буйнейшы з якіх Кандар'я Махадэва  (руск.). Буйны комплекс храмаў у паўночнаіндыйскім стылі Нагара  (руск.) (асноўныя тры элементы стылю: квадратнае свяцілішча санктум, адзін ці два рады трансептаў і ўвянчаны крывалінейным конусам шыкхарай  (руск.). Паўночны стыль храмавай архітэктуры і скульптуры дасягае тут свайго піка. Усе будынкі былі ўзведзены ў IX—XII стагоддзях нашай эры. З'яўленне храмаў у Кхаджураха было звязана з адраджэннем індуізму ў гэты перыяд гісторыі Індыі.

Горад Кхаджураха быў культурнай і рэлігійнай сталіцай дынастыі Чандэла. Першапачаткова было пабудавана 85 храмаў і шматлікія дадатковыя будынкі. Свецкія пабудовы у Кхаджураха не захаваліся.

Згадванні аб дынастыі Чандэла губляюцца пасля XIII стагоддзя, і Кхаджураха аказаўся згубленым для свету. Толькі ў 1838 годзе брытанскі інжынер прайшоў праз джунглі і зноў адкрыў дзіўную мясціну пад назвай Каджураха.

Цяпер захавалася толькі 25 храмаў, увесь комплекс займае плошчу 21 км². Кхаджураха — аб'ект Сусветнай спадчыны ЮНЭСКА.

Мастацтва і архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

Кхаджураха з'яўляецца кульмінацыяй развіцця сярэдневяковай архітэктуры ў паўночнай Індыі. Храмы прысвечаны шываізму, вішнуізму і джайнізму.

У большасці храмаў агульная задума і план, адрозненні толькі ў дэталях. Усе храмы сіметрычныя адносна восі ўсход-захад. Тры храмы пабудаваны з граніту: Чаустах-ёгіні, Брахмы і Лалгуані-Махадэві. Усе астатнія храмы Кхаджулаха зроблены з пясчаніку[1], колер каменю вар'іруецца ад цёмна- да светла-жоўтага, сустракаецца ружовы. Матэрыял для будаўніцтва здабывалі ў горадзе Пана на ўсходнім беразе ракі Кен.

Асаблівасці храмаў Кхаджураха[правіць | правіць зыходнік]

Агульны выгляд Храма Кандар'я-Махадэва
  • кампактнасць;
  • выцягнутасць уверх;
  • адсутнасць сцен вакол храмаў;
  • высокія платформы-тэрасы (джагаці);
  • храмы абкружаны адкрытай галерэяй;
  • храмы багата аздоблены скульптурай.

Неад'емныя элементы плана храмаў[правіць | правіць зыходнік]

  1. Архамандапа — уваход-порцік[2], уваходны павільён[3]
  2. Мандапам  (англ.) — вестыбюль[4][5] — месца для тых хто моліцца[6], уваходны павільён для тых хто моліцца[3].
  3. Маха-мандапа — цэнтральная зала.
  4. Санктум — свяцілішча.

Знешні выгляд храмаў[правіць | правіць зыходнік]

У вялікіх храмах бакавыя трансепты ўпрыгожаны акном з балконам для вентыляцыі. Над балконамі размешчаны раскошныя скульптурныя групы, якія паказваюць сцэны з жыцця багоў. Святло з акон асвятляе ўнутраны цэнтральны зал.

Храм з двума парамі трансептаў уздоўж восі падобны на лацінскі крыж. Асобныя з вялікіх храмаў маюць дадатковыя свяцілішчы па чатырох вуглах платформы.

У храмаў падкрэслена высокі падмурак — платформа-тэраса. Па яе перыметру размешчаны серыі цудоўных арнаментаў. Пышныя рэльефы змяняюць адзін аднаго, як кадры з фільма аб дынастыі Чандэла.

Сцены храмаў пакрытыя двума і больш шэрагамі вытанчанай скульптуры. Дасканалая прыгажосць праяўляецца ў кожнай статуі з яе вытанчанасцю, культам элегантнасці і дасканаласці. Храмавая скульптура — самая прыцягальная асаблівасць Кхаджураха.

Над сценамі ўзвышаюцца скляпенні, якія складаюцца з серыі пікаў. Старажытныя апісанні параўноўваюць іх з горнай градой гары Кайлас ці Меру  (руск.). Вышыня скляпенняў паступова павялічваецца ад самага нізкага ўзроўня (знаходзіцца над уваходным порцікам) да самага высокага — сікхары  (руск.) (знаходзіцца над свяцілішчам). Скляпенні пабудаваныя па адной восі, кожнае з іх мае пірамідальную форму.

Унутраная канструкцыя храма[правіць | правіць зыходнік]

Элемент сцяны цэнтральнай залы

Уваход-порцік — падоўжаны праход у вестыбюль (мандапу). Ён багата аздоблены кругавой каменнай гірляндай. Арнамент складаецца з любоўных пар, прыгожых кветак і міфічных жывёл. У мандапе прастора пашыраецца. Вестыбюль упрыгожаны балюстрадай (какшасанай), разной столлю, калонамі і пілястрамі.

Цэнтральная зала (маха — мандапа) — закрытае памяшканне ўнутры бакавых трансептаў. У вялікіх храмах у цэнтры залы размешчана квадратнае ўзвышэнне (антарала  (руск.)), з калонамі па вуглах, якое перагароджвае прамы ўваход у свяцілішча. Унутры храма знаходзіцца статуя ці лінгам бога, якому прысвечаны храм.

Інтэр'ер храмаў надзвычайна багата дэкарыраваны дэталямі, вялікай колькасцю скульптур. Скляпенні ўпрыгожаны майстэрскім геаметрычным малюнкам. Самы знакаміты элемент унутранага аздаблення — падтрымныя фігуры апсар  (руск.) — цудоўных німф. Апсары, якія з'яўляюцца шэдэўрамі сярэдневяковай скульптуры, адлюстраваны ў пажадлівых позах і ідэальна адпаліраваны. На фасадзе свяцілішча часцей за ўсё размяшчаюць дзве ці тры групы статуй — дакладныя копіі са знешняга фасада храма.

Скульптура[правіць | правіць зыходнік]

Вялікі рэльеф Храма Лакшмана

Скульптура Кхаджураха бярэ свае вытокі з сярэдневяковай школы Арысы і пераўзыходзіць яе ў вытанчанасці выяў.

Усю скульптуру Кхаджураха можна падзяліць на пяць асноўных катэгорый.

  • Першая катэгорыя ўключае рэлігійныя выявы. Яны зроблены толькі ўздоўж фасадаў, у строгім узгадненні з кананічнай формулай і прадпісаннямі.
  • Другая катэгорыя складаецца з багоў, іх слуг і атачэння. Сустракаецца ў нішах на сценах, а таксама ў вялікіх і сярэдніх рэльефах на фасадах храмаў, ва ўнутраным аздабленні. Скульптуры ў нішах выкананы строга і кананічна. Позы астатніх багоў і багінь больш свабодныя. Вызначыць багоў можна толькі па асобых прыкметах: галаўному ўбору, свяшчэннай рэчы ў руках, упрыгожваннях па ўсяму целу, ездавой жывёле і брыльянтах на грудзях.
  • Да трэцяй катэгорыі адносяць апсар і сура-сундарыс. Гэта самая вядомая і шматлікая частка скульптуры Кхаджураха. Сустракаецца ў вялікіх і сярэдніх рэльефах на фасадах храмаў, на ўнутраных сценах, калонах і столі. Сура-сундарыс — зграбная німфа ў прыгожых строях і ўпрыгожаннях. Ёй уласцівыя чалавечыя эмоцыі ў звычайных жаночых справах. Яна можа распранацца, пазяхаць, пачухваць бок, выцягваць стрэмку з нагі, мацаць грудзі, песціць дзіця, гуляць з дамашнім гадаванцам, пісаць ліст, іграць на флейце. Апсара адлюстравана ў час танца ў розных позах. Як служка багоў, яна можа трымаць у руках кветку лотаса, люстэрка, пасудзіну з вадой, араматычныя рэчывы, арнаменты і іншае. Статуі сура-сундарыс і апсар выконваюць у адпаведнасці са строгімі канонамі: галава нахілена ў адзін бок, цела ў другі, а ногі ў трэці; вельмі выразна вылучаны позірк.
  • Чацвёртая катэгорыя — свецкая скульптура: валадары і іх сем'і, настаўнікі і вучні, дамашнія сцэны, танцоры і музыкі, эратычныя пары і групы.
  • У пятую катэгорыю ўваходзяць скульптуры жывёл, уключаючы міфалагічных. У асноўным гэта вярблюды, коні, кабаны, малпы, сабакі, папугаі і іншае.

Эратычная скульптура Кхаджураха[правіць | правіць зыходнік]

Дэталь фасада Кандар'я-Махадэва

Ва ўсім свеце эратычная скульптура з'яўляецца сімвалам Кхаджураха. Пры ўсёй сваёй разнастайнасці форм і вытанчанасці выканання яна, натуральна, прыцягвае ўвагу. Сустракаецца на фрызах платформ, а таксама ў вялікіх, сярэдніх і малых рэльефах на фасадах храмаў. Часта любоўныя пары памешчаны ў месцах архітэктурных злучэнняў паміж асобнымі часткамі храмаў на фасадзе будынка (напрыклад, злучэнне свяцілішча з цэнтральным залам), чаму вельмі часта надаюць сімвалічнае значэнне касмічнага адзінства. Дакладна невядомы адносіны да эратычнай скульптуры ў часы правіцеляў Чандэла.

  • Згодна з першай версіяй, секс быў даступнай тэмай у дадзеным грамадстве ў той перыяд часу.
  • Другая версія сцвярджае, што статуі ілюструюць старажытныя тэксты Кама Сутры. Сцэны паказваюць эратычную практыку ў цэнтральнай сярэдневяковай Індыі ў сектах, якія ўключалі ў сексуальны акт рытуальны сімвалізм. У спалучэнні ёгі (духоўных ведаў) і бхогі (фізічнага задавальнення) бачылі альтэрнатыўны шлях да дасягнення вызвалення. Кантроль задавальнення — як шлях да выратавання.
  • Трэцяя версія мяркуе, што размяшчэнне эратычнай скульптуры мела мэтай навучанне. Скульптары падавалі прыклад новаму пакаленню ў натуральных адносінах да сексу, як да неад'емнай часткі жыцця.
  • Паводле чацвёртай версіі, размяшчэнне эратычнай скульптуры на ніжніх узроўнях храмаў мела мэтай паказаць рэальнае месца палавых зносін у іерархіі сапраўдных каштоўнасцей чалавека.

У старажытных трактатах па архітэктуры пішуць аб любоўных парах птушак, жывёл, людзей, як аб сімвале шчасця і дабрабыту.

Таксама ў мастацтве Індыі сустракаюцца больш раннія выявы закаханых пар, напрыклад скульптуры з тэракоты перыяду Шунга і таксама мастацтве скульптуры больш позняга перыяду ў гарадах Амараваці і Матхура.

Храналагічная шкала[правіць | правіць зыходнік]

Храм Джагадамбі
Храм Дуладэа

Параўнальны аналіз скульптуры, архітэктуры і дэкаратыўных уласцівасцей храмаў Кхаджураха паказаў, што згодна з часавым крытэрыем усе храмы можна падзяліць на дзве групы. Больш ранняя група з менш раскошнымі храмамі: Чаустах-ёгіні, Брахмы, Лалгуані-Махадэві і Вараха. Яны пабудаваны з граніту і пясчаніку.

Другая група ўключае храмы толькі з пясчаніку. Будуюцца храмы Лакшмана, Чатурбхуджа і Дуладэа. Пасля храма Лакшмана з'яўляюцца храмы Пашванатха, Вісвнатха, Джагадамбі і Чытрагупта. Увасабленнем піка архітэктуры і росквіту скульптуры з'яўляецца храм Кандар'я—Махадэва  (руск.). Самы позні перыяд будаўніцтва ўвасабляюць храмы Вамана, Адзінатха і Джавары, больш скромныя па памерах, але не менш вытанчаныя.

Заходняя група храмаў[правіць | правіць зыходнік]

Храмы размешчаны ўздоўж галоўнай дарогі на захадзе ад турыстычнай вёскі Кхаджураха. Храмы заходняй групы найчасцей наведваюць турысты. Першым ад увахода знаходзіцца храм Лакшмана. Побач з ім знаходзяцца два меншыя храмы: Вараха і Лакшмі. Адразу за імі на адной платформе ўзвышаюцца храмы Кандарыя-Махадэві і Джагадамбі. Направа ад іх адзіны ў Кхаджураха храм бога Сонца — Чытрагупта. За ім бліжэй да выхаду знаходзіцца храм Вісванатха са свяцілішчам Нандзі. Злева — храм Лакшмана.

Усходняя група храмаў[правіць | правіць зыходнік]

Усходняя група храмаў знаходзіцца побач з вёскай Кхаджураха. Уключае ў сабе тры брахманскія храмы: Брахмы, Ваманы і Джавары, тры джайнісцкія храмы: Гханай, Адзінатха і Паршванатха. Брахманскія храмы размешчаны бліжэй да возера.

Паўднёвая група храмаў[правіць | правіць зыходнік]

Паўднёвая група храмаў уключае два храмы: Дуладэа і Чатурбхуджа. Вялікая статуя Ханумана (бога малпаў) знаходзіцца на сярэдзіне шляху паміж заходняй групай храмаў і вёскай Кхаджураха.

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. Жуковский, Копцева 2005, с. 319.
  2. Архитектура: терминологический словарь Архівавана 20 лістапада 2016. / составитель Ф. Р. Хаялина. — Оренбург: ИПК ГОУ ОГУ. 2008/ — C/ 14.
  3. а б Жуковский, Копцева 2005, с. 298.
  4. Thapar, Binda. Introduktion to Indian Architecture. — Singapoure: Periplus Editions, 2004. — P. 143. ISBN 0-471-28451-3.
  5. Ching, Francis D.K.. A Visual Dictionary of architecture. — P. 253. ISBN 0-471-28451-3.
  6. Архитектура: терминологический словарь Архівавана 20 лістапада 2016. / составитель Ф. Р. Хаялина. — Оренбург: ИПК ГОУ ОГУ, 2008. — С. 68

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • World Heritage Series:KHAJURAHO. Based on the text Krishna Deva, Published by ASI, New Delhi, 2002. — 98 c.
  • Жуковский, В. И., Копцева, Н. П. Искусство Востока. Индия: Учеб. пособие.. — Красноярск: Краснояр. гос. ун-т, 2005. — 402 с. — ISBN 5-7638-2575-5.