Кірыла Цярлецкі
Кірыла Цярлецкі | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||
|
|||||||
Пераемнік | Іона (Гогаль)[d] | ||||||
|
|||||||
Дыяцэзія | Луцкая і Астрожская епархія[d] | ||||||
|
|||||||
Дыяцэзія | Q3726765? | ||||||
|
|||||||
Дзейнасць | каталіцкі святар, каталіцкі біскуп | ||||||
Нараджэнне |
1540 |
||||||
Смерць | 21 мая 1607 | ||||||
Пахаванне | |||||||
Дынастыя | Цярлецкія | ||||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Кірыла Цярлецкі (Тарлецкі), свецкае імя невядома, імя па бацьку Сямёнавіч (?, Піншчына — май 1607) — вялікалітоўскі царкоўны і дзяржаўны дзеяч.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Паходзіў з праваслаўнага шляхецкага роду. У пачатку 1570-х гадоў пратапоп Пінскай царквы Св. Дзмітрыя.
У міжкаралеўе (1574—1575) прызначаны Радай ВКЛ епіскапам пінскім і тураўскім, што пацвердзіў прывілеем у 1576 годзе кароль Стэфан Баторый. Шмат намаганняў прыклаў да маёмаснага ўпарадкавання епархіі, збіраў дакументы, выдадзеныя на карысць праваслаўнай царквы. У 1585 годзе кароль прызначыў яго епіскапам луцкім і астрожскім, што зрабіла Кірылу Цярлецкага ўплывовай асобай (Луцкая епархія мела каля 40 царкоўных маёнткаў, у т.л. 4 мястэчкі). Шмат клапаціўся пра павелічэнне царкоўных даходаў, вяртанне царкоўных маёнткаў, якія аказаліся ў прыватным трыманні. У час вяртання з Масквы канстанцінопальскага патрыярха Іераміі ў 1589 годзе атрымаў ад яго ганаровы сан патрыяршага экзарха (фармальна намесніка), што было ўпершыню ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай.
У 1590-я гады Кірыла Цярлецкі стаў адным з ініцыятараў уніі праваслаўнай і каталіцкай цэркваў у Рэчы Паспалітай. У чэрвені 1591 года на саборы ў Брэсце разам з іншымі епіскапамі падпісаў грамату пра намер заключыць унію на пэўных умовах. Яму было даручана весці перагаворы з мітрапалітам Міхаілам Рагозам, папскім нунцыем і каралём пра заключэнне ўніі. Удзельнічаў у выпрацоўцы ў 1594—1595 гадах «Артыкулаў» пра ўмовы уніі. Кароль і вял.кн. Жыгімонт Ваза пагадзіўся з патрабаваннямі епіскапаў, адзначаў вялікія намаганні Кірылы Цярлецкага ў падрыхтоўцы аб’яднання цэркваў. Вераснем 1595 года Кірыла Цярлецкі і епіскап уладзімірскі Іпацій Пацей выехалі да рымскага папы Клімента VIII і 23.12.1595 прысягнулі яму. Кірыла Цярлецкі садзейнічаў паспяховаму правядзенню кастрычнікам 1596 года сабора ў Брэсце, дзе прынялі Брэсцкую ўнію. Праціўнікі ўніі абвясцілі пра пазбаўленне Кірылы Цярлецкага сану, але Жыгімонт Ваза ўзяў яго пад сваю апеку.
30.5.1596 года кароль даў Кірылу Цярлецкаму ў кіраванне Кобрынскі Спаскі манастыр, а снежнем 1597 года прывілей на ўладанне багатым Жыдзічынскім манастыром каля Луцка (аднак Кірыла Цярлецкі не завалодаў ім з-за процідзеяння іншых прэтэндэнтаў).
У апошнія гады жыцця Кірыла Цярлецкі адышоў ад палітычнай дзейнасці.
Памёр Кірыла Цярлецкі ў Луцку, дзе ў тастаментах і прасіў сябе пахаваць, але з-за маёмаснага канфлікту з Луцкай кафедрай брат епіскапа — Яраш, перавёз яго цела і пахаваў у драўлянай царкве ў Пярковічах (цяпер Драгічынскі р-н)[1]. У 1805 годзе мясцовыя землеўласнікі Віславухі замест драўлянай царквы пабудавалі мураваную (цяпер Свята-Успенская), дзе былі прадугледжаны асобныя крыпты для роду Віславухаў і для Цярлецкага. Рэшткі епіскапа захоўваліся ў крыпце да 1970-х гадоў, надмагілле станам на 2018 год знаходзіцца ў Мінску.
Вядома яшчэ адно надмагілле Кірылы Цярлецкага, якое як і захаванае ён заказаў загадзя, напэўна яшчэ ў 1570-1580-я гады. Паводле «Гісторыка-статыстычнага апісання Мінскай епархіі» (1864) архімандрыта Мікалая (Трускоўскага), надмагілле знаходзілася на адкрытай мясцовасці ў полі паміж вёскамі Высокае, Купяцічы і Пачапава (родавы маёнтак Цярлецкіх) Пінскага павета і мела кірылічны надпіс «Преставися рабъ Божій Кириллъ Семеновичъ Терлецкій … епископъ Пинскій и Туровскій, а положенъ бысть здѣ лѣта Божія 15… мѣсяца мая». Напэўна надмагілле не захавалася, бо ў 1884 годзе праз поле пракладзена адгалінаванне Лунінец—Пінск Пінскай чыгункі (з 1886 года Палескіх чыгунак).
Зноскі
- ↑ Гродненский православно-церковный календарь или Православие в Брестско-Гродненской земле в конце ХІХ века. Издание 2-е. Том І. — Воронеж, 1899. — С. 181.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Цярлецкі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2003. — 616 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8.