Перайсці да зместу

Ланды

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ланды
англ. Lundy, вал. Ynys Wair
Заходняе ўзбярэжжа
Заходняе ўзбярэжжа
Характарыстыкі
Плошча6,29 км²
Найвышэйшы пункт142 м
Насельніцтва28 чал. (2007)
Шчыльнасць насельніцтва4,45 чал./км²
Размяшчэнне
51°09′56,50″ пн. ш. 4°40′08,10″ з. д.HGЯO
АрхіпелагБрытанскія астравы
АкваторыяБрыстальскі заліў
Краіна
РэгіёнДэваншыр
Ланды (Вялікабрытанія)
Ланды
Ланды
Мапа
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ла́нды (англ.: Lundy, вал.: Ynys Wair) — найбуйнейшы востраў Брыстальскага заліва. Уваходзіць у склад графства Дэваншыр (Вялікабрытанія). Агульная плошча — 4,45 км². Насельніцтва (2007 г.) - 28 чал.

Востраў Ланды месціцца ў заходняй частцы Брыстальскага заліва за 17,9 км ад паўночна-заходняга ўзбярэжжа Дэваншыра, за 47 км ад паўднёвага ўзбярэжжа Уэльса. Выцягнуты з поўначы на поўдзень на 4,89 км. Найбольшая шырыня на поўдні — 1,66 км.

Суша складзена гранітамі эацэнавага перыяда. На поўдні вылучаецца вобласць, пакрытая сланцамі. Берагі высокія, скалістыя. На паўднёва-ўсходнім беразе вылучаецца невялікая гавань з пляжам. Адметная рыса паверхні — шырокая расколіна[1]. Згодна сведчанняў мясцовых жыхароў, яна ўзнікла ў 1755 г. падчас Лісабонскага землятруса.

Клімат мяккі, вельмі вільготны[2]. У лютым, найбольш прахалодным месяцы, сярэдняя дзённая тэмпература трымаецца каля +6,3 °C, хаця былі вядомы паніжэнні да −4,5 °C. У жніўні сярэдняя тэмпература — каля +16 °C. Сталыя вятры рухаюць паветраныя масы і перашкаджаюць хуткаму ахаладжэнню або награванню паверхні.

Сярод голых скал вылучаюцца невялікія прагаліны пашаў. На Ланды зарэгістравана каля 300 відаў раслін, пераважна травяністых, і 350 відаў лішайнікаў[3]. На востраве гняздуе шмат марскіх птушак. Адзіны абарыгенны від сысуноў — землярыйка. Ланды таксама насяляюць завезеныя сюды алені, здзічэлыя авечкі і козы. Каля ўзбярэжжа вострава сустракаюцца кіты, марскія свінні, акулы, цюлені[4].

Чалавечыя паселішчы з'явіліся на Ланды каля 3 000 гадоў таму[5]. Згодна паданням, у 878 г. на востраве спыняўся правадыр вікінгаў Хуба Дан. Сцвярджалася, што тут быў знойдзены яго шкілет[6]. Лічыцца, што сучасная назва вострава паходзіць ад стараскандынаўскіх слоў lundi («тупікі») і ey («востраў»).

У сярэдзіне XII ст. Ланды апынуўся ў маёмасці нарманскай сям'і Марыска, што займалася пірацтвам. Спроба Генрыха II перадаць востраў тампліерам прывяла да канфлікта паміж уладальнікамі і каронай. У 1238 г. Вільям дэ Марыска быў абвінавачаны ў змове супраць караля. У 1242 г. ён разам з 16 паплечнікамі быў захоплены на востраве, перавезены ў Лондан і пасля допытаў закатаваны. У 1244 г. па загаду Генрыха III на Ланды быў пабудаваны каралеўскі замак. Аднак у 1281 г. Вільям Марыска, сваяк пакаранага, упэўніў Эдуарда I, што мае законныя правы на востраў[7]. Сям'я Марыска працягвала валодаць Ланды да 1321 г.

Піраты працягвалі спыняцца на востраве да XVII ст., хаця гэта часам выклікала супраціўленне мясцовых жыхароў. У 1620 г. Ланды стаў апошнім прыбежышчам для Льюіса Стаклі, сябры, а потым асабістага ворага знакамітага пірата Уолтэра Рэйлі[8]. У 1627 г. востраў быў на 5 гадоў захоплены берберскімі карсарамі.

Пасля Англійскай рэвалюцыі Ланды належаў розным прыватным уладальнікам. Асабліва спрыяльным для яго развіцця стаў час уладання сям'ёй Хэйван (1834 — 1918 гг.), калі адбывалася ўзвядзенне найбольш славутых гістарычных будынкаў. Уладальнік Марцін Коўлс Харман (1925 — 1954 гг.) абвясціў сябе каралём вострава, нават стварыў асобную пошту і адчаканіў манеты. У 1969 г. Ланды быў выкуплены Нацыянальным фондам і перададзены ў арэнду дабрачыннай арганізацыі Landmark Trust.

Інфраструктура

[правіць | правіць зыходнік]

Насельніцтва складае меней за 30 чалавек, якія заняты маніторынгам навакольнага асяроддзя і ў сферы абслугоўвання. Востраў штогод наведваюць каля 20 000 турыстаў[4]. На Ланды няма вадаправода, адчуваецца недахоп электрычнасці.

Дзейнічае паромная пераправа ў Ілфрэкум і Бідэфорд.

Зноскі

  1. ↑ Lundy - The Geological Society
  2. ↑ THE CLIMATE OF LUNDY
  3. ↑ Wild plants - Plantlife(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 13 ліпеня 2019. Праверана 23 кастрычніка 2022.
  4. 1 2 Caring for Lundy's wildlife
  5. ↑ Lundy Island, Devon
  6. ↑ 8'2" Giant grave on Lundy island
  7. ↑ The Marisco Years
  8. ↑ Sir Lewis Stukley