Генрых III (англ.: Henry III; 1 кастрычніка1207, Уінчэстэр — 16 лістапада1272, Вестмінстэр) — кароль Англіі (1216—1272) і герцаг Аквітаніі з дынастыі Плантагенетаў, адзін з самых малавядомых брытанскіх манархаў (пры тым што кіраваў ён даўжэй за ўсіх іншых сярэдневяковых каралёў Англіі — 56 гадоў).
Сын Іаана Беззямельнага з дынастыі Плантагенетаў. Спробы Генрыха III кіраваць краінай, апіраючыся на замежных феадалаў-авантурыстаў і рымскую курыю, выклікалі незадаволенасць баронаў, якіх падтрымалі гараджане, дробнае рыцарства, заможнае сялянства. Гэта процістаянне прывяло да грамадзянскай вайны (1263—1267), у ходзе якой Сімон дэ Манфор у 1264 г. разбіў каралеўскія войскі і ўзяў караля ў палон. Пасля разгрому апазіцыі і гібелі Манфора Генрых III у 1266 г. адноўлены ў правах. Пры ім у Англіі ўпершыню скліканы парламент.