Леў Аляксеевіч Вінаградаў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Леў Аляксеевіч Вінаградаў
Дата нараджэння 1877
Месца нараджэння
Дата смерці 4 мая 1938(1938-05-04)
Месца смерці
Род дзейнасці юрыст, гісторык-аматар

Леў Аляксеевіч Вінаградаў (1877, г. Гомель, Магілёўская губерня або г. Масква — 4 мая 1938, г. Мінусінск) — юрыст, гісторык-аматар, аўтар аднаго з першых нарысаў гісторыі Гомеля (1900).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Месцам яго нараджэння ў сціслых дакументальных паведамленнях аб лёсах рэпрэсаваных у сталінскія часы падаецца Масква[1]. У той жа час сам сябе Л. Вінаградаў вызначаў як «гамялянін»[2], а ў краязнаўчай літаратуры згадваецца, што ён вырас у Гомелі на вуліцы, якая сёння носіць імя Песіна, а ў Маскву пераехаў пазней, каб атрымаць юрыдычную адукацыю[3][4].

З 1903 па 1916 г. ён значыўся ў спісах памочнікаў прысяжных павераных. У 1903 г. быў прысяжным страпчым пры Маскоўскім камерцыйным судзе[5]. Пражываў у розных месцах дарэвалюцыйнай Масквы — вуліцы Ялохаўская (1903 г.)[5], Садовая-Чарнагразская (1906 г.)[6], Добрая слабодка (1916 г.)[7]. Кватэра на Добрай слабодцы была абсталявана тэлефонам і служыла кабінетам для прыёму кліентаў[7].

Пасля 1917 г. служыў у адным з наркаматаў[3]. У 1930-я гг. стаў ахвярай сталінскіх рэпрэсій[3] — высланы ў Мінусінск, дзе 13 лютага 1938 г. быў арыштаваны, па ўсім відаць, паўторна  і 11 красавіка 1938 г. асуджаны тройкай УНКУС Краснаярскага края на расстрэл па артыкуле за контррэвалюцыйную агітацыю. Расстраляны ў Мінусінску 4 мая 1938 г. Рэабілітаваны 7 снежня 1989 г. пракуратурай Краснаярскага края[1].

Краязнаўчая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Л. Вінаградаў з’яўляецца аўтарам невялікай кнігі «Гомель. Его прошлое и настоящее. 1142—1900 гг.», якую ў 1900 г. выдала маскоўская друкарня М. Шарапава. Кніга стала першай спробай мэтанакіраванага вывучэння гісторыі Гомеля з прыцягненнем вялікай колькасці дакументальных крыніц, расцярушаных па архівах, зборах і розных выданнях[4]. За вынік працы даследчык атрымаў у наш час эпітэты першапраходзец гомельскай гісторыі[4] і патрыярх нашага (г.зн., гомельскага) краязнаўства[8].

Мяркуецца, што працаваць над будучай кнігай Л. Вінаградаў пачаў яшчэ ў юнацтве, знайшоўшы падтрымку ў асобе Ф. Паскевіча, які даў таму магчымасць працаваць у багатым кнігазборы гомельскага палаца. Пазней росшукі працягнуліся ў маскоўскіх архівах[3]. Нягледзячы на свой сціплы аб’ём, кніга ўтрымлівае вялікі факталагічны матэрыял, застаецца і сёння своеасаблівым адпраўным пунктам для вывучэння гісторыі Гомеля азначанага перыяду. Разам з тым, варта заўважыць, што шэраг звестак і высноў кнігі патрабуюць удакладненняў і верыфікацыі з прыцягненнем шырэйшага кола крыніц. Нельга пры знаёмстве з кнігай Л. Вінаградава скідваць з рахункаў і яе канцэптуальнае вырашэнне ў духу памяркоўнага заходнерусізму.

Цікавыя факты[правіць | правіць зыходнік]

  • У скарочаным выглядзе матэрыялы з кнігі Л. Вінаградава друкаваліся пад назвай «Исторический очерк города Гомеля» на старонках газеты «Полесский телеграф» у 1917 г.[9][10] Публікацыя ажыццяўлялася, «ідучы насустрач жаданням гамяльчан», якія цікавіліся «паходжаннем свайго роднага горада і развіццём яго»[9].
  • Не будучы забароненай у савецкі час, кніга ўяўляла сабой бібліяграфічную рэдкасць[4]. Яе перавыданне ўпершыню было зроблена ў 1992 г. выдавецка-паліграфічным прадпрыемствам «Сож» праз факсімільнае аднаўленне арыгінальнага выдання з фондаў Гомельскага абласнога краязнаўчага музея[11].

Зноскі

  1. а б Виноградов Лев Алексеевич // Книга памяти жертв политических репрессий Красноярского края. — Красноярск : Книж. изд. «Издательские проекты», 2005. — Т. 2.
  2. Виноградов, Л. Гомель. Его прошлое и настоящее. 1142—1900 гг. / Л. Виноградов [Репринт. изд.]. — Гомель: КИПУП «Сож», 2005. — С. 4.
  3. а б в г Рогалев, А. Ф. От Гомиюка до Гомеля. Городская старина в фактах, именах, лицах. / А. Ф. Рогалев — 2-е изд., перераб. и доп. — Гомель: Барк, 2006. — С. 137—138.
  4. а б в г Макушников О. Средневековый Гомель: состояние проблемы и перспективы изучения Архівавана 13 мая 2021. // Гомель: старонкі гісторыі (да 870-годдзя першай згадкі ў летапісе) [Тэкст] : зб. навук. арт. / рэдкал.: В. А. Міхедзька (адказны рэд.) [і інш.], М-ва адукацыі РБ, Гомельскі дзярж. ун-т імя Ф. Скарыны. — Гомель : ГДУ імя Ф. Скарыны, 2012. — С. 5—10.
  5. а б Вся Москва [Текст] : адресная и справочная книга…на 1903 год — Москва : Изд. Суворина, 1903. — Стб. 1043.
  6. Вся Москва [Текст] : адресная и справочная книга… на 1906 год. — Москва : Суворин «Новое время», 1906. — Стб. 596.
  7. а б Вся Москва : адресная и справочная книга … на 1916 год — Москва : Т-во А. С. Суворина «Новое время», 1916. — Стб. 775.
  8. Макушников, О. А. Гомель с древнейших времён до конца XVIII в. Историко-краеведческий очерк / О. А. Макушников. — Гомель : РУП «Центр научно-технической и деловой информации», 2002. — С. 5.
  9. а б Полесский телеграф. — 1917. — 18 января. — С. 3.
  10. Полесский телеграф. — 1917. — 19 января. — С. 3.
  11. Гомель. Его прошлое и настоящее, 1142―1900 г. / Л. Виноградов. — Факсимильное воспроизведение издания 1900 г. из фондов Гомельского областного краеведческого музея. — Гомель : ИПП "Сож", 1992.