Лудчыцы (археалагічныя помнікі)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Лудчыцы — археалагічныя помнікі: стаянкі і курганны могільнік каля аграгарадка Лудчыцы (Быхаўскі раён, Магілёўская вобласць).

Стаянка—1[правіць | правіць зыходнік]

Стаянка ранняга этапу грэнскай культуры, якая знаходзіцца за 2 км на паўднёвы ўсход ад аграгарадка, на правым беразе р. Дняпро, на мысе тэрасападобнай пляцоўкі, утворанай 2 ярамі, вышынёй 11—12 м над узроўнем р. Рдзіца (правы прыток Дняпра). Выявіў у 1972 годзе і даследаваў 330 м² у 1972—1973, 1988 гадах В. Ф. Капыцін. Культурны пласт 0,3 м, залягаў пад пластом пяску на глыбіні 0,5—0,8 м. Выяўлены рэшткі жытла авальнай формы дыяметрам да 2,5 м, паглыбленага ў мацярык на 0,1—0,2 м. У цэнтры пабудовы зафіксаваны вялікая колькасць дробнага вуголля, попельныя плямы і прылады працы. За 2 м ад яго знойдзены рэшткі лінзападобнага ў сячэнні агнішча, дыяметрам да 0,6 м, таўшчыня попельнага пласта да 0,1 м.

Сярод знаходак крамянёвыя пласціны, адшчэпы, нуклеусы, дробныя асколкі і лускавінкі крэменю, тронкавыя наканечнікі стрэл з пяром, скошаным крутой рэтушшу, двухгранныя разцы, канцавыя скрабкі, вастрыі, пласціны са скошаным рэтушаваным канцом. Стаянка была сезонным паляўнічым лагерам з часовым жытлом драўлянай канструкцыі накшталт чума або ярангі.

Стаянка—2[правіць | правіць зыходнік]

Стаянка эпохі мезаліту за 2 км на паўночным усходзе ад аграгарадка, на 1-й надпоймавай тэрасе правага берага р. Рдзіца. Выявіў і абследаваў у 1977 годзе В. Ф. Капыцін.

У агаленнях сабраны крамянёвыя канцавыя і круглаватыя скрабкі, бакавыя і вуглаватыя разцы, вастрыі, праколкі, прылады з выемкамі, пласціны і адшчэпы з рэтушшу.

Курганны могільнік[правіць | правіць зыходнік]

Датуецца XI ст. Знаходзіцца за 2 км на поўнач ад аграгарадка, на правым беразе р. Рдзіца, у лесе.

79 насыпаў вышынёй 0,5—3 м, дыяметрам 5—15 м. Адкрыў і даследаваў 3 курганы ў 1892 годзе С. Ю. Чалоўскі, абследаваў і раскапаў адзін насып у 1973 годзе Я. Р. Рыер.

Пахавальны абрад — трупапалажэнне на мацерыку галавою на захад і пахаванне ў становішчы «седзячы на дошцы», якое, мусіць належала 25—30-гадовай жанчыне. Пахавальны інвентар: пацеркі, скроневыя кольцы, пярсцёнкі, бранзалеты, бронзавая літая выява чалавека і інш.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Капыцін, В. Ф. Лудчыцы // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя. У 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2011. — Т. 2: Л—Я. — С. 25—26. — 464 с. — ISBN 978-985-11-0549-2.
  • Капыцін, В. Ф., Рыер, Я. Р. Лудчыцы / В. Ф. Капыцін, Я. Р. Рыер // Археалогія і нумізматыка Беларусі: Энцыклапедыя / Беларуская энцыклапедыя; [Рэдкал.: В. В. Гетаў і інш.]. — Мн.: БелЭн, 1993. — С. 374—375. — 702 с.: іл., каляр. іл. — ISBN 5-85700-077-7.
  • Копытин, В. Ф. Исследования в Могилевской области / В. Ф. Копытин // Археологические открытия 1983 года / Академия наук СССР, Институт археологии; [отв. ред. Р. М. Мунчаев]. — М.: Наука, 1985. — 599 с.: ил. — С. 395.
  • Лудчыцы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1997. — С. 395—396. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
  • Риер, Я. Г. Изучение курганов в Могилевском Поднепровье // Советская археология. — 1976. — № 2. — С. 179—191: ил.
  • Штыхов, Г. В. Археологическая карта Белоруссии / Г. В. Штыхов; Белорусское добровольное общество охраны памятников истории и культуры, Сектор археологии Института истории Академии наук Белорусской ССР; Под редакцией Ф. В. Борисевича. Выпуск 2: Памятники железного века и эпохи феодализма. — Мн.: «Полымя», 1971. — С. 214. — 275 с., 1 л. карт. — 1 100 экз.