Перайсці да зместу

Лукішкі (Віцебск)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Лукішкі (Кукішкі, Слабада; руск.: Лукишки) — маёнтак, які знаходзіўся на беразе Дзвіны недалёка ўпадзенні ў яе Лучосы (на ўчастку паміж гасцініцай «Ветразь» і Лучосай). У наш час на месцы маёнтка пустка, з пабудоў захаваўся толькі цагляны склеп.

У 1596 годзе маёнтак Лукішкі разам з пяццю сёламі, перавозам на рацэ Лучоса і Пакроўскай царквой (знаходзілася каля вусця Лучосы) быў саступлены мяшчанам Віцебска віцебскім ваяводам Мікалаем Сапегам. 13 сакавіка 1597 года, незадоўга да надання горада магдэбургскага права, вялікі князь літоўскі Жыгімонт III зацвердзіў гэту саступку.

Відавочна пасля пазбаўлення Віцебска магдэбургскага права за забойства ўніяцкага архібіскупа Іасафата Кунцэвіча у час паўстання гараджан 1623 года, Лукішкі таксама былі адабраны ў горада, паколькі ў 1641 годзе вялікім князем літоўскім Уладзіславам IV Лукішкі зноў былі перададзены мяшчанам Віцебска. У дакуменце 1636 года Лукішкі згадваюцца як каралеўскі фальварак.

У інвентары 1641 года сказана, што фальваркам Лукішкі па дагаворы з горадам пажыццёва валодаюць віцебскі ваявода і войт. Гэта пацвярджаецца дакументамі канца XVII — пачатку XVIII стагоддзяў, якія былі даны віцебскімі ваяводамі ў Лукішках. 3 лістапада 1686 года ў Лукішках памёр віцебскі ваявода Ян Антоні Храпавіцкі.

У 1705 годзе ў Лукішках тры дні прабыў рускі цар Пётр I, пасля чаго сплыў па Дзвіне ў Полацк. У 1720 годзе фальварак быў прададзены інфлянцкім стольнікам Міхалам Гутакоўскім харунжаму віцебскаму Казіміру Саковічу за суму 3000 тынфаў.

У 1878 годзе маёнткам Лукішкі памерам 203 дзесяцін зямлі валодаў каталік Фёдар Вацлававіч Косаў[1].

У 1906 годзе маёнтак Лукішкі Шчэрбінскай воласці Віцебскага павета належаў двараніну Пятру Фёдаравічу Косаву, у якога было 195 дзесяцін зямлі[2]. Сядзіба складалася з некалькі пабудоў. У маёнтку быў гадавальнік пладовых дрэў, у якім разводзілася да 60 сартоў фруктовых дрэў (яблынь, груш, сліў і вішань). Штогод у гадавальніку выраблялася 3 тысячы саджанцаў пяцігадовага ўзросту.

У 1920-х гадах у былым маёнтку быў тартак, пры ім знаходзілася адна з падстанцый трамвая[3].

Зноскі

  1. Алфавитный поуездный список землевладельцам Витебской губернии // Памятная книжка Витебской губернии на 1878 г. Витебск, 1878. С. 260—409(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 25 лютага 2022. Праверана 28 красавіка 2020.
  2. Списки лиц, имеющих право участия в городских и уездных съездах избирателей в Государственную Думу І, ІІ, ІІІ и IV созывов по Витебской губернии.
  3. Витебский трамвай в годы революции и гражданской войны — 1917—1922 гг.
  • Сапунов А. П. Витебская старина. Том 1. — Витебск, 1883
  • Список населённых мест Витебской губернии. Под ред. А. П. Сапунова. Витебск, 1906. 450 с.
  • Историко-юридические материалы, извлечённые из актовых книг губерний Витебской и Могилёвской, хранящиеся в Центральном архиве в Витебске, и изданные под редакцией архивариуса сего архива. Выпуск 21. — Витебск: 1891.
  • Историко-юридические материалы, извлечённые из актовых книг губерний Витебской и Могилёвской, хранящиеся в Центральном архиве в Витебске, и изданные под редакцией архивариуса сего архива. Выпуск 24. — Витебск: 1893.
  • Историко-юридические материалы, извлечённые из актовых книг губерний Витебской и Могилёвской, хранящиеся в Центральном архиве в Витебске, и изданные под редакцией архивариуса сего архива. Выпуск 26. — Витебск: 1895.
  • Россия. Полное географическое описание нашего отечества. Том 9. Верхнее Поднепровье и Белоруссия. Под редакцией В. П. Семёнова. — Санкт-Петербург, 1905.