Людвісарня

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Людвісарня — майстэрня па адліву буйных рэчаў з каляровых металаў, у асноўным гармат і званоў. Складалася з печы для плаўкі металаў (медзі, волава, бронзы, жалеза), формы з зямлі і гліны для адліўкі вырабаў, інструментаў для канчатковай апрацоўкі паверхні званоў і гармат, станкоў для свідравання адтулін у гарматах (прыводзіліся ў дзеянне з дапамогай млыновых колаў).

Адліўка званоў існавала яшчэ ў Старажытнай Русі, потым яе традыцыі перайшлі ў Вялікае Княства Літоўскае. Вядомы званы канца XIV — пачатку XV стагоддзяў з надпісамі на старабеларускай мове, зробленыя для цэркваў Вільні, Новагародка і Падляшша. У сярэдзіне XVI стагоддзя быў адліты царкоўны звон у Мсцібаве[1].

Паводле дакументаў, віленскія людвісарні вядомы з 2-й чвэрці XVI ст. Вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст уладкаваў у Вільні каля Дольнага замка людвісарню па вырабе гармат (Віленская пушкарня). Яна працавала да 1630-х г., адліваючы палявыя і фартыфікацыйныя гарматы.

У Нясвіжскім замку Мікалай Крыштоф Радзівіл Сіротка заклаў Нясвіжскую людвісарню. У 1598 годзе ў ёй былі адліты 2 ажурныя званы для гадзінніка Нясвіжскага замка. Яшчэ адзін невялікі звон быў адліты для Міра. Пасля выгнання шведаў з Нясвіжа ў час Паўночнай вайны каля 1713 года ў Нясвіжскай людвісарні быў зроблены новы печ па адліўцы званоў. У 1719—21 гадах з людвісарні былі пасланы 3 званы ў Белую на Падляшшы (адзін з іх важыў каля 350 кг, другі — каля 620 кг). У 1721 годзе ўладальніца Белай Ганна Радзівіл запрашала туды для працы нясвіжскага людвісара Патона, аднак той адмовіўся праз хваробу[2].

Людвісар Герман Мольцфельд у канцы XVI — пач. XVII ст. адліў у ёй прынамсі 3 ажурныя званы для гадзіннікаў і шмат багата ўпрыгожаных гармат. У канцы XVI ст. трымаў людвісарню ў Коўне і Вільні майстар Марцін Гофман. Відаць, з канца XVI ст. мелі ў Вільні людвісарні і іншыя майстры. У XVII ст. тут адліваў званы і гарматы Іаган Бротэльт, у 2-й палове XVII ст. выраблялі званы Ян Дэлямарс, Ганс Ульрых Бадэр і Фёдар Фёдаравіч Пярвец. Людвісар Габрыель Дарафеевіч адліваў званы ў Полацку (1644) і Пінску (1648). У сярэдзіне XVII ст. была людвісарня па адліўцы званоў у Магілёве. Багуслаў Радзівіл у сярэдзіне XVII ст. меў людвісарню для адліўкі гармат у Слуцку, у канцы 17 ст. тут працаваў людвісар Казімір Легер. У пачатку XVIII ст. часовыя людвісарні па адліўцы званоў дзейнічалі ў Крожах і Датнаве ў Ковенскім павеце. У 1-й палове XVIII ст. мелі людвісарню ў Вільні майстры Бенжамін Фінгерлінг, Іаган Піль, Крысціян, Кароль Готліб Шпар, Тамаш Гапановіч, у 2-й палове XVIII ст. — Антоній Гапановіч, Густаў Мёрк, Ян Самуэль Вагнер. У Нясвіжы ў 1-й палове XVIII ст. працавала радзівілаўская людвісарня па адліўцы званоў, у 2-й палове XVIII ст. — па вырабе гармат. Каля 1747 года Геранім Фларыян Радзівіл заснаваў Урэцкую людвісарню па адліўцы гармат і званоў, якая спыніла дзейнасць задоўга да 1774 г. У час паўстання 1794 людвісарня па адліўцы гармат была арганізавана ў Вільні (людвісар Ян Самуэль Вегнер)[1].

Зноскі

  1. а б Валерый Пазднякоў. Людвісарня . Электронная энцыклапедыя «Вялікае Княства Літоўскае» (19 красавіка 2010). Праверана 18.06.2019.
  2. Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Сагановіч Г. М. Войска Вялікага княства Літоўскага ў XVI—XVII стст. Мн., 1994. С. 29—32.
  • Brensztejn M. Zarys dziejów ludwisarstwa na ziemiach b. Wielkiego Księstwa Litewskiego. Wilno, 1924.
  • Karkucińska W. Anna z Sanguszków Radziwiłłowa (1676—1746): Działalność gospodarcza i mecenat. Warszawa, 2000.
  • Martinaitienė G.M. «IOANNES BREUTELT NOBIS FECIT…» // Menotyra. 2001. № 2.