Літаратурны музей імя Юзафа Чаховіча
| Літаратурны музей імя Юзафа Чаховіча | |
|---|---|
| Muzeum Literackie im. Józefa Czechowicza | |
| | |
| Заснаваны | XVI стагоддзе |
| Краіна | |
| Месцазнаходжанне | г. Люблін, Злота вуліца, 3 |
| Адрас | ul. Złota 3, 20-400 Lublin |
Літаратурны музей імя Юзафа Чаховіча (польск.: Muzeum Literackie im. Józefa Czechowicza) размешчаны ў Любліне і з'яўляецца падраздзяленнем Люблінскага музея[1]. Мэтай працы музея з'яўляецца збіранне, захоўванне, даследаванне і папулярызацыя рукапісаў, друкаваных выданняў, матэрыялаў навуковых даследаванняў, а таксама рэчаў, звязаных з Юзафам Чаховічам і іншымі люблінскімі літаратарамі[2].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У 1957 годзе ў артыкуле «Захавайце памяць пра вялікіх» (часопіс «Культура і жыццё») Станіслаў Фіта і Лех Людароўскі заклікалі стварыць музеі Баляслава Пруса, Генрыка Сянкевіча і Юзафа Чаховіча. Сябры Чаховіча, Фелікс Арашкевіч, Конрад Бельскі, Вацлаў Гралеўскі і Казімеж Анджэй Яворскі, віталі ідэю і перадалі для фондаў будучага музея рэчы і кнігі, звязаныя з паэтам. Люблінскія ўлады таксама падтрымалі ідэю, і 9 верасня 1968 года — у 29-ю гадавіну гібелі паэта — Літаратурны музей імя Юзафа Чаховіча быў адкрыты, у доме 10 па вуліцы Нарутовіча[1][3].
У 1999 годзе музей выехаў з будынка, у якім працаваў больш за 30 гадоў, і на працягу трох гадоў часова размяшчаўся ў сядзібе Вінцэнта Поля. 9 верасня 2002 года музей адчыніў дзверы ўжо па сваім сучасным адрасе — Злота вуліца, дом 3, які быў падораны гораду сям'ёй мецэнатаў Рабінінавых[1].
Калекцыя
[правіць | правіць зыходнік]Першы дырэктар музея, Юзаф Земба, пачаў пашыраць калекцыі музея матэрыяламі і пра іншых пісьменнікаў, у тым ліку Конрада Бельскага, Вацлава Гралеўскага, Казімежа Анджэя Яворскага, Ганну Каменскую і Яна Спевака[3]. На сённяшні дзень тут таксама прадстаўлены экспанаты, прысвечаныя такім люблінскім літаратарам, як Францішка Арнштайнова, Антоній Мадай, Вацлаў Мразоўскі, Юзаф Нікодам Класоўскі, Юзаф Лабадоўскі, Станіслаў Баярчук, Ян Поцак, і іншым. Апроч гэтага, у музеі захоўваюцца рукапісы іншых польскіх пісьменнікаў: Чэслава Мілаша, Збігнева Гэрбарта, Ежы Загурскага, Юліяна Тувіма, Канстанты Ільдэфонса Галчынскага[2] і іншых.
Зноскі
- ↑ а б в Oddział Literacki im. Józefa Czechowicza (польск.). Muzeum Lubelskie. Праверана 12 красавіка 2016.
- ↑ а б Zbiory muzeum (польск.). Muzeum Lubelskie. Праверана 12 красавіка 2016.
- ↑ а б Ewa Łoś. Grzegorz Żuk, Ewa Łoś: Muzea literackie. Historia, edukacja, perspektywy. „Jest nad Lublinem jeden wiersz” – historia i współczesność... Muzeum Literackiego im. Józefa Czechowicza (польск.) (PDF). CeON Repository (21 студзеня 2012). Праверана 12 красавіка 2016.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]
На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Літаратурны музей імя Юзафа Чаховіча- Афіцыйны сайт Літаратурнага музея імя Юзафа Чаховіча. (польск.)