Ліцейная форма
Ліцейная форма — форма, у якую заліваюць расплаўлены матэрыял, каб атрымаць пасля яго зацвердзявання фасонную адліўку. Складаецца звычайна з дзвюх паўформ, якія з дапамогай ліцейнай мадэлі ўтвараюць замкнёную поласць з канфігурацыяй і памерамі патрэбнай адліўкі.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У старажытнасці ліцейная форма выкарыстоўвалася для адліўкі падвесак, скроневых кольцаў, пярсцёнкаў, бранзалетаў, крыжыкаў, гузікаў і іншых вырабаў ліццём.
На тэрыторыі Беларусі знойдзены гліняныя ліцейныя формы на паселішчах мілаградскай культуры (Гарошкаў, Мохаў, Падгор’е і інш.). У сярэдзіне I тысячагоддзя н.э. карысталіся і каменнымі формамі (Пруднікі). У IX—XI стагоддзях пераважаюць гліняныя формы, выкананыя па васковых мадэлях, з аднабаковай нрафілёўкай. У XI стагоддзі ўжывалі таксама пляскатыя двухбаковыя гліняныя формы. У познафеадальны перыяд для атрымання арнаментаваных званоў, гармат выкарыстоўвалі формы складаных канструкцый. Выраблялі ліцейныя формы з розных парод каменю, вогнетрывалай гліны, зрэдку з дрэва і бронзы. Высокага майстэрства рэзчыка патрабаваў выраб форм з каменю, асабліва дапасаванне плоскасцей двухбаковых форм. Для адліўкі вырабаў са складанай рэльефнай арнаментацыяй ужывалі 3- і 4-баковыя ліцейныя формы. Для сумяшчэння частак у формах рабіліся адтуліны, у якія ўстаўлялі штыфты. Каменныя формы выкарыстоўвалі для ліцця тэхнікай «навыплеск» (незастылая маса лілася вонкі), што дазваляла атрымаць аблегчаныя пустацелыя выявы звяроў, птушак, імітацыі зерні, скані і інш. Ліцейныя формы знойдзены пры раскопках у Ваўкавыску, Гродне, Мінску, Навагрудку, Полацку (больш за 20), Тураве і іншых гарадах.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Гурын, М. Ф. Ліцейныя формы // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя. У 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2011. — Т. 2: Л—Я. — С. 22—23. — 464 с. — ISBN 978-985-11-0549-2.
- Ліцейная форма // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 9. — С. 324. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9).
- Литейная форма // Большая советская энциклопедия : ([в 30 т.]) / гл. ред. А. М. Прохоров. — 3-е изд.. — М. : Советская энциклопедия, 1969—1978. (руск.)