Лія Мацееўна Салавей

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Лія Мацееўна Салавей
Дата нараджэння 1 верасня 1934(1934-09-01) (89 гадоў)
Месца нараджэння
Род дзейнасці фалькларыстка
Месца працы
Навуковая ступень кандыдат філалагічных навук
Альма-матар
Прэміі
Дзяржаўная прэмія БССР

Лія Мацееўна Салавей (нар. 1 верасня 1934, в. Навасёлкі Жаснянскай гміны Пастаўскага павета Польшчы, цяпер у межах Мядзела[1]) — беларуская фалькларыстка. Кандыдат філалагічных навук (1974)

Жыццё і дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзілася ў сялянскай сям'і. Бацька — Мацей Піліпавіч Скурко, маці — Надзея Восіпаўна з Чарняўскіх. Сям'я жыла на хутары. Скончыла педагагічнае вучылішча, затым бібліятэчны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута, захаплялася спортам. Працавала ў аддзеле старых кніг Брэсцкай абласной бібліятэкі, дзе тым часам разгарнуў асветніцкую дзейнасць Уладзімір Калеснік. Семінары У. Калесніка, вандроўкі па Заходнім Палессі абудзілі цікавасць Ліі да беларускай культурнай спадчыны.

У 1968 годзе паступіла ў аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. Тэмай уступнага рэферата былі фальклорныя матывы ў творчасці Максіма Танка. Тэма кандыдацкай дысертацыі (1974) — беларускія народныя балады. У дысертацыі з розных крыніц — архіўных, апублікаваных, экспедыцыйных — Л. Салавей разабрала гэты не вывучаны да таго часу матэрыял, сабрала і сістэматызавала сотні балад побытавага і міфалагічнага зместу, якія склалі 2 тамы «Беларускай народнай творчасці» (1977—1978). Дысертацыя стала асновай капітальнай манаграфіі «Беларуская народная балада» (1978). Наступнай працай была падрыхтоўка матэрыялаў і ўступны артыкул да тома «Валачобныя песні» (1980). Пазней Л. Салавей даследавала яшчэ адзін фальклорны жанр — абрадавае ігрышча пад назвай «Жаніцьба Цярэшкі», адпаведны том «Беларускай народнай творчасці» падрыхтаваны ёю ў суаўтарстве з музыказнаўцам І. Назінай (1993). Таксама зрабіла значны ўклад у вывучэнне вербальнай магіі беларусаў. Супрацоўнічае з выданнямі «Беларускага кнігазбору».

Падчас навуковых экспедыцый, разам з фальклорнымі запісамі Лія Салавей сабрала калекцыю беларускага народнага ткацтва — ручнікоў, абрусаў, посцілак — асновай якой былі вырабы яе маці.

Лія Салавей аўтар нарысаў пра духоўную спадчыну беларусаў у шэрагу кніг з серыі «Памяць» (Мядзельскі, Нясвіжскі, Верхнядзвінскі раёны) і шматлікіх артыкулаў. Таксама Лія Салавей сярод аўтараў кнігі «Міфалогія. Духоўныя вершы» (2003), энцыклапедычнага слоўніка «Беларуская міфалогія» (2004), кнігі «Замовы» (2009, укладанне У. Васілевіч, Л. Салавей, уступны артыкул Л. Салавей), энцыклапедычнага даведніка «Міфалогія беларусаў» (2011).

Разам з У. Васілевічам Лія Салавей пераклала на беларускую каштоўнае этнаграфічнае даследавання Часлава Пяткевіча «Рэчыцкае Палессе. Этнаграфічныя матэрыялы» (Частка 1. Матэрыяльная культура; 2004), а таксама пераклала з польскай працу Казіміра Машынскага «Усходняе Палессе» (выдадзена ў «Беларускім кнігазборы», 2014).

Прызнанне[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. admin. ПАДАРОЖЖА ПА ТВОРЧЫМ КРАІ (руск.). Навіны Мядзельшчыны (19 мая 2016). Праверана 11 красавіка 2024.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. — Т. 14. — Мн., 2002.
  • Беларускі фальклор: энцыклапедыя. В 2 т. Т. 1. — Мн., 2006.