Часлаў Пяткевіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Часлаў Пяткевіч
Дата нараджэння 20 ліпеня 1856(1856-07-20)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 10 кастрычніка 1936(1936-10-10)[1] (80 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Бацька Генрык Пяткевіч[d]
Род дзейнасці фалькларыст, этнолаг, тэхнік, этнограф
Навуковая сфера тэхніка[2] і этнаграфія[2]

Часлаў Пяткевіч (20 ліпеня 1856, в. Бабчын, Хойніцкі раён — 10 кастрычніка 1936) — беларускі і польскі этнограф, фалькларыст. Брат Зянона Пяткевіча.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Працаваў на Палессі, Кіеўшчыне, Смаленшчыне, у Лодзі. Дзякуючы знаёмству з Казімірам Машынскім, з 1923 года ў Варшаве, супрацоўнічаў у аддзеле этналогіі Інстытута антрапалагічных і этналагічных навук Варшаўскага навуковага таварыства. З 1928 у этнаграфічнай камісіі АН у Кракаве.

Даследаваў матэрыяльную і духоўную культуру насельніцтва Палесся, пераважна беларусаў, іх заняткі і павер’і. У часопісе «Ziemia» («Зямля») змясціў артыкулы і нарысы «Дарогі на Рэчыцкім Палессі ў другой палове XIX стагоддзя» (1926), «Хойнікі» і «Палессе ў канцы XIX стагоддзя. Пажары ў барах і на балотах» (1927), «Душа і смерць у вераваннях беларусаў» (1930), «Вялікдзень на Беларусі» (1932); у часопісе «Pamietnik Warszawskiі» («Варшаўскі дзённік») — «Мёртвыя ў вераваннях беларусаў» (1931); у часопісе «Wiadomosci ludoznawcze» («Этнаграфічныя звесткі») — «Земляробчыя боствы ў вераваннях беларусаў» (1933). У першай грунтоўнай манаграфіі «Рэчыцкае Палессе: Этнаграфічныя матэрыялы. Ч. 1. Матэрыяльная культура» (Кракаў, 1928) падрабязна расказаў пра розныя заняткі палескіх сялян: збіральніцтва, бортніцтва, пастухоўства і жывёлагадоўлю, земляробства і агародніцтва, нарыхтоўку прадуктаў харчавання; даў дэталёвае апісанне рамёстваў і шматлікіх прафесійных прылад працы, ілюструючы ўласнымі малюнкамі: бондарства, стальмахоўства, будаўніцтва, апрацоўка валакна, скуры, воску, металаапрацоўка.

У манаграфіі «Духоўная культура Рэчыцкага Палесся: Этнаграфічныя матэрыялы» (Варшава, 1938) з вычарпальнай паўнатой паказаў разнастайныя сферы духоўнага жыцця палешукоў: іх арыентацыю ў прасторы і часе, народныя веды пра нябесныя свяцілы, прадказанні надвор’я паводле разнастайных аб’ектаў навакольнай прыроды, старажытныя ўяўленні пра прыродныя стыхіі, раслінны і жывёльны свет; даў звесткі па нар. медыцыне і ветэрынарыі; раскрыў свет хрысціянскіх і язычніцкіх вераванняў; даў характарыстыку нар. музыцы і нар. інструментам і інш. Тэкст кнігі насычаны шматлікімі нар. апавяданнямі, легендамі, трапнымі выразамі. Асобны раздзел складаюць прыказкі і інш. вобразныя гутарковыя звароты (выслоўі, пажаданні, тосты, вітанні, падзяка, просьбы, адмовы, нараканні, выклічнікі, лаянка, каламбуры, праклёны, мянушкі, гукаперайманні і інш.), а таксама загадкі. Ад рукапісу 3-й кнігі «Грамадская культура Рэчыцкага Палесся», якая загінула ў час 2-й сусветнай вайны, захаваліся толькі апошнія раздзелы, дзе расказваецца пра кірмашы, карчму, этычныя аспекты жыцця палешукоў. Падрыхтаваў да друку і дапоўніў уласнымі матэрыяламі і каментарыямі 4-ы том «Люду беларускага» М. Федароўскага (Варшава, 1935). Яго працам характэрны дакладнасць, вычарпальная інфарматыўнасць у галіне народнага побыту і культуры Палесся, дасканалае адчуванне і перадача гутарковай мовы, жывасць выкладання матэрыялу. Скіраваў на вывучэнне Палесся К. Машынскага, дапамагаў у выданні яго кнігі «Усходняе Палессе: Этнаграфічныя матэрыялы…» (1928), узбагаціў яе сваімі этнаграфічнымі і фальклорнымі матэрыяламі.

Зноскі

  1. а б Internetowy Polski Słownik Biograficzny Праверана 15 сакавіка 2023.
  2. а б Czech National Authority Database Праверана 27 лютага 2023.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]