Мар’ян Богуш-Шышка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Мар’ян Богуш-Шышка
Фатаграфія
Дата нараджэння 2 лютага 1901(1901-02-02)
Месца нараджэння
Дата смерці 28 студзеня 1995(1995-01-28)[1] (93 гады)
Месца смерці
Грамадзянства
Жонка Cicely Saunders[d]
Род дзейнасці мастак
Вучоба
Мастацкі кірунак экспрэсіянізм
Член у
Узнагароды
Крыж Храбрых камандор ордэна Адраджэння Польшчы афіцэр ордэна Адраджэння Польшчы Army of Central Lithuania Cross of Merit
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Мар’ян Богуш-Шышка (15 лютага 1901, Трокенікі — 28 студзеня 1995, Лондан) — беларуска-польскі мастак, мастацтвазнавец, пісьменнік у эміграцыі, экспрэсіяніст, мастацкі крытык.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Мар’ян Богуш-Шышка нарадзіўся ў Трокеніках у сядзібе бацькоў Антона Богуша-Шышкі і Станіславы Козел-Паклеўскай. У кнізе ўспамінаў Яўгеніі Масальскай-Сурыны «Гісторыя з геаграфіяй» апісвалася падарожжа ў 1909 годзе ў маёнтак Верачата дзядоў Маряна Богуша-Шышкі — Канстанціна і Філіпіны Козел-Паклеўскіх. Іх дачка Станіслава кінула свайго мужа і хацела выехаць за мяжу з сынам Мар’янам за грошы, атрыманыя з продажу маёнтка Верачата. Аднак муж, Антон Богуш-Шышка, быў катэгарычна супраць выезду сына за мяжу, і ў доме было бязладдзе. Вось як Яўгенія Масальская-Сурына апісвала драму ў сям’і будучага мастака Мар’яна:

«Актерка истерично рыдала, актер утешал ее, мамаша с заплаканными глазами бегала по дому, старик Поклевский заперся у себя в кабинете, и я одна с Берновичем в гостиной занимала это яблоко раздора, семилетнего сына, очень миленького и живого мальчика.»[3]

Пасля разводу бацькоў Мар’ян жыў з маці і айчымам Адамам Вісланскім у маёнтку Верачата над возерам Мядзел. Тут нарадзіліся сястра Ганна і сястра Мар’яна.

У 1915 годзе, у сувязі з прыбліжэннем фронту, сям’я вымушана пакінула маёнтак і пераехала ў Вільню. У Вільні, пасля трох гадоў навучання ў школе, Мар’ян вучыўся ў рускай гімназіі. У 1917 годзе ў Вільні была адкрыта польская дзяржаўная гімназія імя караля Зыгмунда Аўгуста, у якой вучыўся Мар’ян Богуш-Шышка. Пасля заканчэння гімназіі ён тры гады вучыўся выяўленчаму мастацтву ў Віленскім універсітэце, асабліва плённа пад кіраўніцтвам прафесара Фердынанда Рушчыца. З 1923 па 1927 год Мар’ян Богуш-Шышка вучыўся ў Кракаўскай акадэміі мастацтваў.

Пасля заканчэння вучобы малады мастак у 1927 годзе прыехаў у Кобрын, дзе выкладаў матэматыку і жывапіс у мясцовай школе. Мастак успамінаў: «Калі прыехаў у Кобрын і ўбачыў, як дзеці ўмеюць маляваць, пераканаўся, што не я буду іх вучыць, а тыя дзеці будуць маімі настаўнікамі».

У 1939 годзе Мар’ян Богуш-Шышка быў мабілізаваны ў польскую армію, удзельнічаў у баях, трапіў у палон і да канца вайны знаходзіўся ў канцэнтрацыйных лагерах. У час знаходжання ў няволі Мар’ян Богуш-Шышка правёў каля 1700 урокаў па матэматыцы для палонных слухачоў. Тут мастак-матэматык напісаў свой падручнік па матэматычнаму аналізу. Як мастак ён вычытаў каля 200 дакладаў па гісторыі і тэорыі мастацтва, а таксама стварыў каля 400 партрэтаў (пераважна алоўкам) сваіх палонных сяброў.

Пасля вызвалення яго выклікаў у Італію стрыечны брат, генерал Зыгмунт Богуш-Шышка. Сярод польскіх салдат і афіцэраў, якія там апынуліся, Мар’ян Богуш-Шышка арганізаваў курсы па гісторыі мастацтва. 11 лістапада 1946 года Богуш-Шышка прыехаў у Англію, дзе кіраваў школай мальбертнага жывапісу, якую скончылі многія славутыя майстры.

У 1979 годзе за ўклад, які ён унес у справу развіцця мастацтва, Мар’ян Богуш-Шышка атрымаў ганаровае званне прэзідэнта Саюза польскіх мастакоў у Вялікабрытаніі. Акрамя індывідуальных выстаў мастака ў Лондане, Богуш-Шышка прымаў удзел у выставах у Рыме, Фларэнцыі, Парыжы, Гамбургу і іншых гарадах Еўропы.

7 лютага 1973 года адбылася юбілейная выстава з нагоды 50-годдзя творчай дзейнасці Мар’яна Богуша-Шышкі. За заслугі ў справе развіцця мастацтва Богуш-Шышка неаднаразова атрымоўваў шматлікія ўзнагароды. У 1982 годзе ў Лондане была выдадзена кніга Богуша-Шышкі «Пра мастацтва». Памер Мар’ян Богуш-Шышка 28 студзеня 1995 года ў Лонданскім хоспісе Святога Крыстафера ва ўзросце 94 гадоў.

Зноскі

  1. Bibliothèque nationale de France Marian Bohusz-Szyszko // data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011.
  2. Bibliothèque nationale de France BnF catalogue généralParis: BnF. Праверана 27 сакавіка 2017.
  3. Масальская-Сурина Е. История с географией. — Москва, «Издательство Сабашниковых», 2019. С. 128—129.